Латвійская музычная акадэмія імя Язэпа Вітола

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Латвійская музычная акадэмія імя Язэпа Вітола
лат.: Jāzepa Vītola Latvijas Mūzikas akadēmija
Арыгінальная назва лат.: Jāzepa Vītola Latvijas Mūzikas akadēmija
Міжнародная назва англ.: Jāzeps Vītols Latvian Academy of Music
Заснаваны 1919
Студэнты 600
Прафесары 22
Размяшчэнне Рыга
Сайт jvlma.lv
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Латвійская музычная акадэмія імя Язэпа Вітола (лат.: Jāzepa Vītola Latvijas Mūzikas akadēmija) — латвійская дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова, якая знаходзіцца ў Рызе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Будынак Аляксандроўскай мужчынскай гімназіі, у якім сёння знаходзіцца акадэмія, быў пабудаваны ў 18701875 гадах архітэктарам Янісам Баўманісам ў стылі неакласіцызму.

Латвійская музычная акадэмія (на той момант яшчэ Латвійская кансерваторыя) была заснавана ў якасці музычнай навучальнай установы класічнага тыпу ў 1919 годзе кампазітарамі Язэпам Вітолам, Мікалаем Алунанам, Паўлам Юр’янам і скрыпачом Янісам Лаздіньшам. За аснову была ўзятая мадэль Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, прафесарам якой да 1918 года быў Язэп Вітол. Афіцыйнае адкрыццё адбылося 11 студзеня 1920 года.

Структурна кансерваторыя была падзелена на два курсы — малодшы, куды прымалі з 13 гадоў, і старэйшы, выпускнікі якога атрымлівалі, у залежнасці ад поспехаў, атэстат або дыплом аб заканчэнні і званне вольнага мастака. Пазней, у 1940-я гады, на базе малодшага курсу, былі створаны Сярэдняя спецыяльная музычная школа імя Эміля Дарзіня і музычнае вучылішча імя Язэпа Медыня. На момант адкрыцця кансерваторыі ў ёй было пяць факультэтаў: тэорыі кампазіцыі і аргана, спеваў, фартэпіяна, струнных інструментаў, духавых інструментаў.

Пасля Другой сусветнай вайны ў кансерваторыі былі адкрыты новыя аддзяленні — харавога дырыжыравання (1944), музыказнаўства (1947), музычна-педагагічнае (1960), культпрасветработнікаў (1967), харэаграфічнае (1977). Пасля рэарганізацыі Дзяржаўнага тэатральнага інстытута Латвійскай ССР быў створаны тэатральны факультэт з акцёрскім і рэжысёрскім аддзяленнямі (1951). Адкрываліся аддзяленні, якія рыхтавалі спецыялістаў іншых творчых прафесій — кіраўнікоў самадзейных калектываў, кіраўнікоў эстрадных аркестраў, рэжысёраў тэлебачання; таксама быў створаны клас дырыжораў вайсковых аркестраў.

У канцы 1980-х гадоў у кансерваторыі дзейнічалі тры факультэты: фартэпіяна і аркестравых інструментаў, дырыжыравання і вакальнага мастацтва, культуры і мастацтвазнаўства; 11 аддзяленняў: фартэпіяна, струнных інструментаў, духавых інструментаў, ударных інструментаў, харавога дырыжыравання, музычна-педагагічнае, вакальнае, дырыжыравання сімфанічным і оперным аркестрам, кампазіцыі, музыказнаўства, тэатральнага мастацтва, культпрасветработнікаў.

На сённяшні дзень у акадэміі навучаецца каля 600 студэнтаў, выкладаюць 22 прафесара, 25 асацыятыўных прафесара, 35 дацэнтаў. Заняткі праходзяць на кафедрах джазавай музыкі, харавых дырыжораў, аркестравых дырыжораў, клавішных інструментаў, фартэпіяна, камернай музыкі, канцэртмайстраў, струнных інструментаў, духавых інструментаў, вакала, оперных спеваў, музычна-педагагічнай, кампазіцыі, музыказнання, старадаўняй музыкі, харэаграфічнай, гуманітарнай.

Струкура[правіць | правіць зыходнік]

У склад музычнай акадэміі ўваходзяць акадэмічныя калектывы, якія дазваляюць студэнтам з першых дзён навучання атрымліваць неабходную прафесійную практыку:

  • Сімфанічны аркестр (дырыжор Андрыс Вецумніекс)
  • Барочны аркестр Collegium Musicum Riga (дырыжор Марыс Купчс)
  • Оперная студыя Figaro (кіраўнік Віестурс Гайліс)
  • Змешаны хор (мастацкі кіраўнік Марціньш Клішанс)
  • Жаночы хор музычна-педагагічнага аддзялення (мастацкі кіраўнік Арвідс Платперс)
  • Вакальны ансамбль Luar (кіраўнік Ліенэ Батня)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]