Чорная металургія Беларусі
Чорная металургія Беларусі — асноўная з падгалін металургічнай галіны прамысловасці Беларусі. Найбуйнейшае прадпрыемства чорнай металургіі ў рэспубліцы — Беларускі металургічны завод (БМЗ). Беларусь не мае уласнай сыравіннай базы для чорнай металургіі, таму сыравінай для БМЗ служыць металалом, які збіраецца па ўсёй краіне, а таксама імпартуецца.
Беларускія прадпрыемствы чорнай металургіі вырабляюць сталь, пракат, стальныя трубы (у тым ліку бясшоўныя), ферасплавы, металакорд, сталёвы дрот розных гатункаў, металічны вырабы прамысловага прызначэння. Ліцейныя цэхі прадпрыемстваў ажыццяўляюць чыгуннае і стальное ліццё (каля 30 % ад усёй металургіі). Таксама на машынабудаўнічых прадпрыемствах развіта парашковая металургія. Прадукцыя чорнай металургіі Беларусі экспартуецца ў Расію, ЗША, Германію, Вялікабрытанію, Кітай і інш.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]На Беларусі прамысловы выпуск чыгуна і жалеза пачаўся з канца XVIII ст. на заводах Тызенгаўза ў Брэсцкім павеце, Вішнеўскім і Налібоцкім заводах Ашмянскім павеце, Уладзіміраўскім заводзе Чэрыкаўскім павеце, якія была абсталяваны вадзянымі і паравымі рухавікамі і выкарыстоўвалі мясцовыя балотныя руды і драўняны вугаль.
Развіццё ў 2-й палове XIX стагоддзя чорнай металургіі ва Украіне і Расіі на базе мінеральнага паліва прывяло да спынення металургічай вытворчасці на Беларусі. Адраджэнне пачалося ў 1920-я гады, калі ў Магілёве быў пабудаваны трубаліцейны завод, які з 1937 пачаў выпускаць і ліставую сталь. У 1940 годзе вытворчасць сталі ў рэспубліцы складала 5,2 тыс. т, пракату — 4,1 тыс. т. У Барані да 1941 г. функцыянаваў буйны драцяна-цвіковы завод.
У пасляваенны перыяд металургічная вытворчасць на Беларусі была прадстаўлена ліцейнымі цахамі машынабудаўнічых гігантаў. Хуткае развіццё машынабудавання ўвесь час павялічвала запатрабаванне ў метале, адначасова расла і колькасць металаадходаў. У 1984 у Жлобіне пачало працу спецыялізаванае металургічнае прадпрыемства — Беларускі металургічны завод (дакладней, яго першая чарга).
У структуры прамысловасці Беларусі доля металургіі ў савецкі перыяд складала менш за 1 %, але з 1995 года гэты паказчык пачаў расці і дасягнуў у 2010 годзе 3,7 %. У 2013 годзе працавала 15 прадпрыемстваў, на якіх было занята 17 тыс. чал., з іх амаль тры чацвёртых прыходзілася на БМЗ. У другой палове 2010-х гадоў галіна апынулася ў крызісе ў выніку антыдэмпінгавых законаў, прынятых на захадзе ў дачыненні да беларускай прадукцыі.
Сыравіна
[правіць | правіць зыходнік]Патрэбных для развіцця галіны сыравіны і паліва ў Беларусі або няма (каксуючыся вугаль), або паклады не распрацоўваюцца (Аколаўскае і Навасёлкаўскае радовішчы жалезных руд). Зроблена стаўка на другасную металургію — на выкарыстанне металічнага лому. Прамысловае аб’яднанне «Белдругчармет» нарыхтоўвае штогод 1,2 млн т лому і адходаў чорных металаў. У пасёлку Гатава каля Мінска створана прадпрыемства «Другчармет», якое збірае і часткова перапрацоўвае металалом. Рэшта металалому (55 %) імпартуецца. У 2017 прэзідэнт Беларусі падпісаў дэкрэт, накіраваны на стымуляванне збору лому ў насельніцтва. Ліцейныя цэхі выкарыстоўваюць імпартныя чыгунныя і сталёвыя загатоўкі.
Прадпрыемствы
[правіць | правіць зыходнік]Беларускі металургічны завод
[правіць | правіць зыходнік]На БМЗ вырабляюць вырабляюць сталь, пракат, металакорд, сталёвы дрот розных гатункаў. Па праграме імпартазамяшчэння Беларускі Беларускі металургічны завод наладзіў вытворчасць бясшоўных труб. 80 % прадукцыі БМЗ ідзе на экспарт.[1]
Іншыя металургічныя прадпрыемствы
[правіць | правіць зыходнік]- Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт» — спецыялізуецца на адліўках з чыгуну.
- Магілёўскі металургічны завод — на ім вырабляюцца чыгунныя і стальныя трубы, тэхнічны шрот.
- Маладзечанскі завод парашковай металургіі — ён выпускае з жалезнага, меднага і іншага металічнага парашку і керамікі розныя металічныя вырабы спецыяльнага прызначэння, галоўным чынам для аўтамабілебудавання.
- Рэчыцкі метызны завод — асноўны ў Беларусі вытворца цвікоў, крапежных дэталяў, дроту. 80 % прадукцыі РМЗ накіроўваецца на экспарт.
Статыстыка
[правіць | правіць зыходнік]У 2017 годзе выраблена чыгуннага ліцця 225 тыс. т, сталі 2432 тыс. т, гатовага пракату 2201 тыс. т, стальных труб 236 тыс. т, металакорду 95 тыс. т., 422 тыс.тон сталёвага дроту.
| Прадукцыя | 1990 | 1995 | 2000 | 2002 | 2003 | 2009 | 2010 | 2011 | 2012 | 2013 | 2015 | 2017 |
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Сталь (тыс. т.) | 1112 | 744 | 1624 | 1607 | 1694 | 2499 | 2672 | 2779 | 2869 | 2394 | 2577 | 2432 |
| Гатовы пракат чорных металаў (тыс. т.) | 686 | 614 | 1397 | 1458 | 1451 | 2298 | 2458 | 2457 | 2599 | 2159 | 2392 | 2201 |
| Стальныя трубы тыс. т. |
90 | 5732 | 12,3 | 37,9 | 95,9 | 107,4 | 183,7 | 224,5 | 245,7 | 242,5 | 212 | 236 |
| Стальныя трубы тыс. м. |
33 115 | 5732 | 18 979 | 33 805 | 42 212 | 832 | 707 | |||||
| Металакорд (тыс. т.) | 20,1 | 25,6 | 49,2 | 48,8 | 66,3 | 68,9 | 92,9 | 94,1 | 87,9 | 71,8 | 88 | 95 |
| Чыгуннае ліццё (тыс. т.) | 859 | 193 | 213 | 221 | 225 | 225 |
Зноскі
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2022. Праверана 6 сакавіка 2019.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2. — С. 315. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0310-1. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 2).
- Геаграфія Беларусі : вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / М. М. Брылеўскі, Г. С. Смалякоў; пер. з рус. мовы Н. М. Брылеўскай,В. Л. Смаляковай. — 3-е выд., перапрац. — Мінск : Нар. асвета, 2012. — 303 с. : іл. ISBN 978-985-03-1787-2..