Пакроўскі сабор (Баранавічы)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Пакроўскі сабор, Баранавічы)
Jump to navigation Jump to search
Праваслаўны храм
Пакроўскі сабор
Пакроўскі сабор у Баранавічах
Пакроўскі сабор у Баранавічах
53°07′55,77″ пн. ш. 26°00′14,41″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Баранавічы
Канфесія Руская праваслаўная царква
Епархія Пінская епархія
Архітэктурны стыль класіцызм
Аўтар праекта Мікалай Абалонскі
Будаўніцтва 19241931 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000041шыфр 112Г000041

Пакроўскі сабор, Сабор Пакрова Багародзіцы — найстарэйшы існуючы праваслаўны храм у Баранавічах.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пачаткі[правіць | правіць зыходнік]

У 1908 годзе на месцы цяперашняга сабора ў Баранавічах была пабудавана драўляная праваслаўная царква. У 1915 годзе, падчас І сусветнай вайны, калі ў горадзе знаходзілася Стаўка расійскага цара Мікалая II, той храм быў павялічаны прыбудовамі. Гэта драўляная царква праіснавала нядоўга і згарэла ў 1921 годзе ў ноч 2 мая, пасля святочнай вячэрні Першага дня Вялікадня.

Раніцай на папялішчы сабралася ўся праваслаўная паства горада. Прыход пастанавіў узнавіць храм. Быў абраны камітэт па пабудове новай царквы, які ўзначалілі сенатар польскага Сейма Аляксей Назарэўскі, протаіерэй Павел Мацкевіч і царкоўны стараста Яроцкі.

Будаўніцтва новага храма[правіць | правіць зыходнік]

Два гады польскія ўлады Навагрудскага ваяводства не падпісвалі праект на пабудову царквы, якую спачатку хацелі аднавіць з дрэва. Тады камітэт з падтрымкай архіепіскапа Дыянісія вырашыў збудаваць мураваны храм. Новы праект выканаў варшаўскі архітэктар Мікалай Абалонскі. Царква каштавала 147 тысяч злотых.

Урачыстае асвячэнне закладкі храма адбылося 6 жніўня 1924 года. З 1925 па 1928 год жыхары горада сабралі 36 тысяч злотых. Дзякуючы сенатару Назарэўскаму, польскі ўрад на працягу трох год выдзяляў па 58 тысяч. Яшчэ 8 тысяч на пабудову царквы знайшоў Баранавіцкі гарадскі магістрат.

Праз 4 гады ад пачатку будаўніцтва, 20 лістапада 1928 года, на храм былі ўрачыста ўсталяваны купалы. Пасля да 1931 года адбываліся працы ўсярэдзіне царквы, аздабляліся іканастасы, выкладалася мазаіка, прывезеная з Варшавы.

Варшаўскі сабор[правіць | правіць зыходнік]

Варшаўскі сабор А.Неўскага на паштоўцы 1910-х гадоў

Першапачаткова гэта мазаіка знаходзілася ў Варшаўскім саборы Аляксандра Неўскага, які будаваўся 19 год і быў асвечаны ў 1912 годзе. На той час гэты храм з'яўляўся найвялікшым і найвышэйшым будынкам у польскай сталіцы. Яго параўноўвалі з венецыянскім саборам Св. Марка і лічылі найпрыгажэйшым у Еўропе.

Яго муры ўпрыгожвалі мазаікі, створаныя паводле эскізаў Віктара Васняцова, Андрэя Рабушава, Мікалая Бруні. У аздабленні сабора былі выкарыстаныя каштоўныя і паўкаштоўныя камяні, а таксама мармур і граніт. Мазаічныя пано набіраліся ў мазаічнай майстэрні славутага мастака Уладзіміра Фралова.

Пасля атрымання незалежнасці ў 1918 годзе ў Польшчы распачалася дыскусія, што рабіць з праваслаўным храмам у цэнтры сталіцы. Шмат хто лічыў яго сімвалам расійскай акупацыі. Былі прапановы ператварыць сабор у музей. Але на пастанову знішчыць храм паўплывала польска-савецкая вайна 19191920 гадоў. Руйнаванне пачалося ў 1924 годзе і працягвалася да 1926-га. Спатрэбілася 14 800 выбухаў, каб знішчыць сцены. Але праваслаўным вернікам дазволілі зняць мазаікі, забраць іканастасы, абразы і царкоўную маёмасць, якія пасля былі перададзены ў Заходнюю Беларусь. У гэты самы час у самім СССР таксама актыўна руйнаваліся праваслаўныя храмы.

Перавоз у Баранавічы[правіць | правіць зыходнік]

Дзякуючы намаганням Назарэўскага, у 1926 годзе ў Баранавічы ў трох вагонах былі прывезеныя алтары, 10 ківотаў, 20 абразоў на дошках, 9 абразоў на дрэве і палатне, 3 мазаічныя абразы («Маці Божая Замілаванне», «Мітрапаліт Алексій», «Іосіф Волацкі»). Але 5 верасня будынак каля царквы, дзе захоўвалася прывезенае, згарэў, як палічылі тады, ад наўмыснага падпалу. Ацалелі толькі мазаікі, якія захоўваліся ў іншым месцы.

23 жніўня 1928 года мітрапаліт Дыянісій перадаў у Баранавічы іканастас з былой дамавой царквы Варшаўскага каралеўскага замка, 4 абразы на цынку, 7 двухстворкавых дубовых дзвярэй, 40 фрагментаў мазаікі і 13 скрыняў роспісаў на гіпсавых пласцінах — усё, што засталося ад Варшаваўскага сабора А. Неўскага. 30 фрагментаў мазаікі былі складзены ў 4 пано і змешчаны на ўнутраных і вонкавых сценах баранавіцкай царквы. Яшчэ 10 фрагментаў дасюль ляжаць у сутарэннях храма, бо з іх немагчыма скласці цэласнага малюнку.

4 кастрычніка 1931 года Баранавіцкі сабор Пакрова Багародзіцы быў асвечаны архіепіскапам Гродзенскім і Наваградскім Алексіем, а з 1949 года доўгі час заставаўся адзіным дзеючым праваслаўным храмам у горадзе. У 1953 годзе царква была ўключана ў спіс помнікаў архітэктуры і ўзята пад ахову дзяржаваю.

Мазаікі[правіць | правіць зыходнік]

Мазаіка "Хрыстос з данатарам" (Кашалёў)
Мазаіка "Сабор Архангела Міхаіла і ўсіх нябесных сіл бесцялесных", Мікалай Бруні
05 Барановичи (14).JPG

Мазаіка, якая знаходзіцца ў баранавіцкім храме, мае звыш за 20000 адценняў смальты. Гэта смальта выраблялася ў майстэрні Фралова. Слой шкла пакрываўся сусальным золатам і зверху тыражаўся яшчэ адзін слой шкла.

З мазаікі Варшаўскага сабора, зробленай па творах Віктара Васняцова, у Баранавічах ёсць толькі адзін фрагмент — «Табе радуецца». Гэта выява Маці Божай з сынам, памерам 4х4 м2, якая размешчана ўверсе горнага месца ў алтары. Некалі яна ўваходзіла ў вялікае пано.

З левага боку алтара, над паўночным уваходам, у храме знаходзіцца мазаічная кампазіцыя «Дэісус», выкананая па эскізе Мікалая Кошалева. На ёй прадстаўлены Хрыстос на белым воблаку ў атачэнні анёлаў. У руках Хрыста — раскрытая Біблія са словамі «Міръ Вамъ».

На вуліцы з паўднёвага боку на тымпане храма змешчана мазаічная кампазіцыя Кошалева «Хрыстос з данатарам» (раней называлася «Слава Аляксандра Неўскага»). На ёй да ног Хрыста схіліўся данатар (з лацінскага — заказчык ці будаўнік храма) — чалавек, у руках якога мадэль сабора падобнага да варшаўскага. Хрыстос трымае карону, якую хоча ўскласці на галаву данатара. Асоба данатара — рускі князь Аляксандр Неўскі, але некаторыя даследчыкі кажуць, што гэта выява архітэктара Варшаўскага сабора — Лявонція Бенуа.

З паўночнага боку тымпан баранавіцкага сабора аздабляе мазаічная кампазіцыя «Сабор Архангела Міхаіла і ўсіх нябесных сіл бесцялесных» па жывапісных малюнках Мікалая Бруні. На ёй архангел Міхаіл узнесены над усімі іншымі персанажамі. Пад ім у цэнтры кампазіцыі малады Хрыстос. Паабапал анёлы і святыя звяртаюцца да іх. На жаль, гэта мазаіка моцна пашкоджана пры разборцы варшаўскага сабора і мае значныя страты.

Яшчэ адна мазаічная кампазіцыя Бруні «Маці Божая з анёльскім чынам» знаходзіцца ў інтэр'еры сабора, над паўднёвым уваходам. На ёй выява Божай Маці, якая ў атачэнні анёлаў сядзіць на троне. Гэтая мазаіка таксама мае значныя страты смальты. Згубленыя дэталі замянілі фрэскамі падчас мантажу ў 1929 годзе.

На ўсходніх слупах баранавіцкага храма змешчаны перавезеныя з Варшавы мазаічныя іконы «мітрапаліта Алексія» і «Найпадобнага Іосіфа Волацкага», складзеныя па малюнках В. Думітрашкі.

Акрамя таго, іканастас у Пакроўскім саборы, прывезены некалі з дамавой царквы Варшаўскага каралеўскага замка, лічыцца адным з найбольшых у Беларусі.[Крыніца?]

Замежныя мастацтвазнаўцы лічаць цудам свету Баранавіцкі Пакроўскі сабор з яго мазаікай.[Крыніца?]

Зноскі

  • А. А. Ярашэвіч, І. Р. Томашава «Баранавіцкі Пакроўскі сабор», Мінск, «Беларусь, 2008»
  • Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Харэўскi, С. В. Культавае дойлiдства Заходняй Беларусi 1915—1940 гг. — Вiльня: ЕГУ, 2008. ISBN 978-9955-77-13-9, с. 36-40.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]