Пангаліны, або яшчары (Pholidota) — атрад плацэнтарных сысуноў, прадстаўнікі якога насяляюць трапічныя раёны Азіі і Афрыкі, усюды іх папуляцыя не вельмі вялікая.
Лічыцца, што слова «пангалін» паходзіць ад малайскага «той, хто зварочваецца» — і гэта тое, чым яны адметныя. Пангалін зварочваецца клубком падчас сну або для аховы[1][2].
Даўжыня цела 30–88 см, хваста 35–80 см, маса 4,5–27,2 кг. Самцы амаль удвая буйнейшыя за самак.
Вонкавы выгляд нехарактэрны для сысуноў: выцягнутае цела, галава і длўгі ўчэпісты хвост пакрытыя буйнай шчыльнай рагавой луской, у асноўным трохвугольнай формы, якая пакрываючы ўсё цела ўтварае падабенства брані. У азіяцкіх відаў пры аснове лускі ёсць кароткія шчацінкападобныя валасы. Луска мацуецца да скуры асновай і свабодна налягае адна на адну.
Галава завостраная, вочы невялікія, вушныя ракавіны адсутнічаюць, рот маленькі, размешчаны з ніжняга боку. Доўгі (да 40 см) тонкі язык служыць для лоўлі насякомых. У пангалінаў адсутнічаюць зубы, зубныя норкі былі выяўлены толькі ў эмбрыёнаў.
Афарбоўка лускі ад цёмна-карычневай да бледна-аліўкавай. На пазбаўленых лускі месцах (падбародак, шчокі, бакі, бруха, унутраныя часткі канцавін) валасяное покрыва белаватага, карычневага або чарнавата-бурага колеру. Канцавіны пяціпальцыя, узброены доўгімі магутнымі кіпцюрамі.
Пашыраны ў Афрыцы (на поўдзень ад Сахары да ПАР), у Паўднёва-Усходняй Азіі (ад Індыі і Шры-Ланкі і Паўднёва-Усходняга Кітая да астравоў Ява, Суматра, Балі, Калімантан і інш.). Пангаліны засяляюць адкрытыя ці лясістыя раўніны. Некаторыя віды жывуць на зямлі, іншыя аддаюць перавагу жыццю на дрэвах.
Актыўныя галоўным чынам уначы. Кормяцца насякомымі, часцей мурашкамі і тэрмітамі, іншымі беспазваночнымі. Наземныя віды дзень праводзяць в норах, дзе ўладкоўваюць гнездавую камеру (да 2 м у дыяметры), дрэўныя — у дуплах. Трымаюцца паасобку. Самец меціць тэрыторыю.
Самка нараджае звычайна адно дзіця (радзей двух ці трох). У нованароджаных скура пакрыта мяккай луской, якая становіцца цвёрдай праз некалькі сутак пасля нараджэння. З самкай дзіцяняты трымаюцца 2 гады, да дасягнення палавой спеласці.
Пангаліны вельмі папулярныя сярод браканьераў у Азіі; у Кітаі ёсць законы, якія абмяжоўваюць іх адлоў. Кітайскія СМІ параўноўваюць кошт лускі пангаліна на чорным рынку з коштам срэбра. Высокія цэны на луску пангаліна звязаны з яе папулярнасцю ў кітайскай народнай медыцыне. Лячыць лускай пангаліна прапануюць мноства захворванняў: ад астмы да артрыту. Мяса пангаліян таксама высока цэніцца, у Кітаі і В’етнаме яно лічыцца далікатэсам[3].