Перайсці да зместу

Польскамоўная літаратура Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Польскамоўная літаратура Беларусі — літаратура на польскай мове, створаная беларусамі або выхадцамі з іншых краін пераважна на беларускіх землях і на мясцовую тэматыку. Вызначала характар літаратурнага працэсу на беларускіх землях і суправаджала фарміраванне новай беларускай літаратуры, выяўляючы ў творах розныя ўзроўні беларуска-польскага ўзаемадзеяння.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Польская мова з часу Люблінскай уніі 1569 года складвалася на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў атмасферы сапраўднай моўнай мазаікі і дзяржаўнасці беларускай мовы, напаўняючыся элементамі мясцовага паходжання і становячыся прадуктам моўнай інтэрферэнцыі, своеасаблівым варыянтам польскай мовы.

Сымон Будны, які выступаў за роўнасць моў у Рэчы Паспалітай, у сваіх перакладах Бібліі (1572), Новага Запавету (1574) на польскую мову і ў сваёй галоўнай польскамоўнай кнізе «Пра свецкую ўладу» (1583) шырока выкарыстоўваў лексіку розных рэгіёнаў Беларусі. Новы размах развіццю літаратуры на польскай мове ў межах Вялікага Княства Літоўскага надало прыняцце Берасцейскай уніі 1596 года, калі палемічныя трактаты, казанні, павучанні, напісаныя прыхільнікамі ці праціўнікамі уніі па-беларуску, перакладаліся на польскую мову і наадварот («Апакрысіс» Хрыстафора Філалета, 1597, «Антыкрызіс» Iпація Пацея, 1599, і інш.) Аднак у палемічнай літаратуры, якая засведчыла набыццё свецкіх рыс у контррэфармацыйны перыяд, пераважалі творы, напісаныя па-польску, незалежна ад таго, хто быў іх аўтарам — уніят, праваслаўны ці католік.

На працягу 17 стагоддзя польская мова замяніла беларускую ў справаводстве і дзяржаўным ужытку на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і заняла пануючае становішча ў літаратурным жыцці побач з лацінскай і стараславянскай мовамі. У эпоху Асветніцтва ў творчасці польскамоўных пісьменнікаў (А. Нарушэвіч, Ю. Нямцэвіч, Ф. Князьнін, Ф. Багамолец) распрацоўвалася беларуская тэматыка і знаходзілася месца для беларускіх рэалій.

Акаталічванне і звязаная з ім паланізацыя насельніцтва Беларусі стварылі прэцэдэнт не толькі польскамоўнага асваення мясцовай рэчаіснасці, але і пераходную літаратурную сітуацыю, псіхалагічна ўраўнаважаную двухадзінствам узаемадзейных моўна-мастацкіх асаблівасцей, калі прыярытэтнасць польскамоўнай творчасці не выключала зварот аўтараў да беларускага гутарковага слова, асабліва калі рамантызм падвёў літаратуру да разнастайнага ўзаемадзеяння з фальклорам.

Адам Міцкевіч на паштовай марцы Беларусі.

Беларуская народная паэзія арганічна ўвайшла ў польскамоўную творчасць Адама Міцкевіча і іншых паэтаў, прыхільнікаў філаматаў (Я. Чачот, Т. Зан, А. Петрашкевіч), пазней — у гутаркі У. Сыракомлі, вершы В. Каратынскага, Я. Лучыны і інш. 3 часам стала магчымым беларуска-польскае моўна-літаратурнае сужыццё пад вокладкамі аднаго выдання («Гапон», «Вечарніцы і Апантаны», 1855, «Цікава? — Прачытай», 1856, «Дудар беларускі», 1857, В. Дуніна-Марцінкевіча).

Старонка выдання «Гапона» В. Дуніна-Марцінкевіча, 1855 г.

Беларуска-польскае двухмоўе было прыкметай развіцця новай беларускай літаратуры. У творчасці Душна-Маршнкевіча і Ф. Багушэвіча беларускай мове надаваўся статус вядучай. Гэта традыцыя працягвалася і на пачатку 20 стагоддзя (польскамоўныя вершы Я. Купалы). Творчасць ураджэнцаў Беларусі, якія, маючы польскую нацыянальна-мастацкую арыентацыю, працягвалі пісаць толькі па-польску, паступова аддалялася ад таго літаратурнага працэсу, з якога вылучалася ўласна беларуская літаратура.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мархель У. І. Прадвесце. Беларуска-польскае літаратурнае ўзаемадзеянне ў першай палавіне XIX ст. Мн., 1991,
  • Мархель У. І. Прысутнасць былога. Мн., 1997
  • Уладзімір Маяхель. Польскамоўная літаратура Беларусі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.