Новая Мільча (Гомель)
Вёска
Новая Мільча
|
Но́вая Мі́льча[1] (трансліт.: Novaja Miĺča, руск.: Новая Мильча) — былая вёска ў Гомельскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Красненскага сельсавета. З 1983 года ў Чыгуначным раёне Гомеля.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Назва вёскі, верагодна, звязана з назвай рэчкі Мільча (Случ-Мільча), якая працякала на поўдзень у кірунку да в. Давыдаўка і брала пачатак у непраходным балоце (цяпер асушана), якое было натуральнай мяжой паміж Новай Мільчай і вёскай Старая Мільча. Удакладненне «Новая» звязана з больш познім узнікненнем слабады ў параўнанні з вёскай[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Узнікла ў першай чвэрці XVIII стагоддзя як стараверская слабада, заснаваная рускімі перасяленцамі, якія беглі з Расіі ў Вялікае Княства Літоўскае ў пошуку магчымасці свабодна спраўляць свае богаслужэнні[2].
У 1886 годзе ў Новай Мільчы было 140 двароў, 588 жыхароў, крама і ветраны млын. Насельніцтва слабады вяло замкнёны лад жыцця, строга прытрымліваючыся сваіх звычаяў, адрознівалася ад суседзяў своеасаблівым светаўспрыманнем і мовай (перавага рускай мовы захоўваецца ў Новай Мільчы дагэтуль)[2].
У 1926—1927 гадах вёска — цэнтр Новамільчанскага сельсавета, у 1927—1931 гадах у складзе Мільчанскага (Старамільчанскага), у 1931—1954 цэнтр Мільчанскага, у 1954—1983 гадах у складзе Красненскага сельсаветаў Гомельскага раёна[2].
23 лютага 1983 года ў склад Гомеля была ўключана большая частка вёскі (вуліцы Інтэрнацыянальная, Фабрычная, Зялёная, Камсамольская, Чыгуначная, завулкі Чыгуначны, Першамайскі і дамы № 1—153 і 2—190 вуліцы Першамайскай)[3]. У склад Гомеля не была ўключана птушкафабрыка, якая дагэтуль існуе як асобная вёска Новая Мільча ў складзе Гомельскага раёна.
Забудова
[правіць | правіць зыходнік]Размешчана на заходняй ускраіне горада. Тэрыторыя вёскі прымыкае да заходняга прамысловага вузла горада. Асноўныя вуліцы Баравая, Вясенняя, Дружбы, Аршанская, Прамысловая, Прасёлачная, Стральца, Ягадная, Ясная. Забудавана індывідуальнымі дамамі сядзібнага тыпу[2].
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]Станам на 1990 год у Новай Мільчы размяшчаліся сярэдняя школа, птушкафабрыка, павільён камбіната бытавога абслугоўвання, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, сталовая, 2 магазіны[2].
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ а б в г д е Новая Мильча // Гомель. Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1991. — 528 с. — ISBN 5-85700-054-8.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Гомеля пасёлка Спадарожнік Міру, вёскі Старая Мільча і часткі вёскі Новая Мільча Красненскага сельсавета Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ад 23 лютага 1983 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1983, № 6 (1740).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Новая Мильча // Гомель. Энциклопедический справочник (руск.) / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1991. — 528 с. — ISBN 5-85700-054-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх