Спутнік Міра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Спутнік Міра; Спадарожнік Міру
Спутник Мира
Краіна  Беларусь
Горад Гомель
Адміністрацыйны раён горада Савецкі
Ранейшы статус пасёлак
Год уключэння ў межы горада 1983
Ранейшыя назвы Заходні блокпост; Мамаеў блокпост; 30 год Кастрычніка

Спутнік Міра[1][2] (або Спадарожнік Міру[3]) — жылы масіў у Савецкім раёне Гомеля. У межах Гомеля з 1983 г., да гэтага — пасёлак у Красненскім сельсавеце Гомельскага раёна Гомельскай вобласці. Асноўныя вуліцы — Спадарожнік Міру, Васільковая, 30 год Кастрычніка[4]. Складаецца з індывідуальнай забудовы пераважна сядзібнага тыпу.

Пачатак пасёлку на колішняй заходняй ускраіне Гомеля дала невялікая па плошчы забудова (тры дамы), якая ў сярэдзіне 1930-х гг. узнікла пры будцы чыгуначніка так званага Заходняга блокпаста на лініі былых Палескіх чыгунак. У далейшым забудова разрасталася за кошт будаўніцтва дамоў, найперш, для чыгуначных работнікаў[5]. Заселены абшар атрымаў неафіцыйную назву Мамаеў блокпост, у якой адбілася прозвішча (або мянушка) галоўнага «даглядчыка» Заходняга блокпаста ў перадваенны час[5][6]. Пасёлак, які фарміраваўся, працягвалі засяляць выхадцы з розных мясцін, але асноўную долю жыхароў склалі перасяленцы з суседняй Мільчы[5].

Згодна з матэрыяламі Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, падчас нямецкай нацысцкай акупацыі ў 1943 г. на прымусовыя працы ў Германію быў сагнаны адзін жыхар Заходняга блокпаста — Уладзімір Пятровіч Вятошкін[7].

Рост пасёлка паскорыўся ў першыя пасляваенныя гады. Сіламі ваеннапалонных немцаў была ўзведзена вуліца з дамамі для машыністаў. У 1947 г. гэтая вуліца, якую пачаткова называлі вуліцай Машыністаў, атрымала назву 30 год Кастрычніка[5]. Такая ж назва — «30 год Кастрычніка»[8] — замацавалася і за ўсім пасёлкам (па ўсім відаць, у рускамоўнай форме «30 лет Октября» як асноўнай).

Наступнае перайменаванне адбылося пасля запуску Савецкім Саюзам у 1957 г. першага штучнага спадарожніка Зямлі «Спутнік-1». З прапановы старшыні Красненскага сельсавета У. Р. Кулікова гэтая падзея была сімвалічна адлюстравана ў новай назве пасёлка, нададзенай на рускай мове  — «Спутник Мира»[9]. Па-беларуску яна перадавалася, найперш, як «Спутнік Міра»[1][2]. Аднак з улікам бытавання за савецкім часам спецыфічных ўяўленняў аб нарматыўнасці ўжывання таго ці іншага тапоніма ў фармальна дзвюхмоўнай саюзнай рэспубліцы не выключаліся выпадкі перадачы назвы пасёлка па-беларуску праз пераклад — «Спадарожнік Міру»[3].

З 23 лютага 1983 г. пасёлак увайшоў у межы Гомеля[3]. На момант уваходжання складаўся з 57 двароў, дзе пражывала 262 чалавекі[8].

Зноскі

  1. а б Рапановіч, Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці / Я. Н. Рапановіч. — Мінск : Навука і тэхніка, 1986. — С. 158.
  2. а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / [Камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканская тапанімічная камісія пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — Мінск : Тэхналогія, 2006. — С. 135.
  3. а б в Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Гомеля пасёлка Спадарожнік Міру, вёскі Старая Мільча і часткі вёскі Новая Мільча Красненскага сельсавета Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ад 23 лютага 1983 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1983, № 6 (1740).
  4. Гомель. Атлас туриста. / Справоч. изд. Ред. Ю. М. Нестеровская. — Минск : РУП «Белкартография», 2019. — С. 17.
  5. а б в г Спутник Мира // Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 225.
  6. Мамаев Блокпост // Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 147.
  7. Государственный архив Российской Федерации. — Ф. Р-7021. Оп. 85. Д. 37. Л. 33.
  8. а б Спутник Мира // Гомель : Энцикл. справ. / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. — Минск: БелСЭ, 1990. — С. 429.
  9. Спутник Мира // Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 226.