Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Куранец)
Славутасць | |
Свята-Раства-Багародзіцкая царква | |
---|---|
![]() | |
54°33′23″ пн. ш. 26°58′07″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Вёска | Куранец |
Канфесія | Беларуская Праваслаўная Царква |
Епархія | Маладзечанская епархія |
Архітэктурны стыль | Рэтраспектыўна-рускі стыль |
Архітэктар | Аляксей Уладзіміравіч Полазаў |
Будаўніцтва | 1 кастрычніка 1866 года — 25 верасня 1870 |
![]() |
Свята-Раства-Багародзіцкая царква — праваслаўны храм у в. Куранец Вілейскага раёна Мінскай вобласці. Адна з найбольшых праваслаўных цэркваў у Вілейскім раёне: яе вышыня да крыжа складае 37 метраў, вышыня ўнутры храма да столі купала — 16 метраў, плошча ўнутраных памяшканняў храма — 270 метраў квадратных, унутраны аб’ём храма — больш за 2000 метраў кубічных.
Афіцыйны адрас: вул. Савецкая, 4, аг. Куранец, Вілейскі раён, Мінскай вобласць. Настаяцель: протаіерэй Аляксандр Завадскі
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы дакумент, у якім згадваецца куранецкая царква Раства Божай Маці — яе фундуш, датуецца 1355 годам, але вядомы ён толькі ў «выпісе» 1586 года. У 1503—1506 гадах пасля смерці святара царквы Св. Мікалая ў Вільні, кіеўскі мітрапаліт Іона Глезна прызначыў на гэтую пасаду «куранецкага папа» Фаму. Пад 1558 годам згаданы Прачысценскі поп Багдан Малевіч «Куренецкий» або «Куренский», які ставіў на Попісаў 1565 года з царкоўнага маёнтка (1565) і з гаспадарскай даніны (1567) па 1 "кані". З XVI ст. у Куранцы вядомы дзве царквы — «Святой Прачыстай» або Нараджэння Багародзіцы і «Святога Спаса» або Ператварэння Божага. Магчыма, другая царква была прыпісной, бо ў тагачасных дакументах усе храмы (парафіяльныя, філіяльныя, капліцы і інш.) універсальна называліся «цэрквамі». У 1576 годзе Лаўрын Война даў новы пацвярджальны фундуш на дзве куранецкія царквы. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654—1667 гг. абедзве куранецкія царквы прыйшлі ў заняпад. У 1665 годзе адбылося размежаванне іх зямельных надзелаў. Але праз некаторы час Спаская царква зусім заняпала, станам на 1682 год, у яе будынку не было ніякага начыння. Прачысценская царква была адной з найбагацейшых на Вілейшчыне. Ёй належала 6 валок зямлі (яшчэ 2 валокі засталіся ў спадчыну па Спаскай). Яна мела 8 прыгонных дымоў і 4 пляцы ў самім мястэчку. У будынку царквы знаходзіўся цудатворны абраз Багародзіцы, на які багамольцы ахвяравалі сярэбраную воту.
Вядома пэўна, што ў 1805 г. ад пакінутай паслугачом лямпы ў царкве здарыўся пажар, які знішчыў драўляны, пабудаваны на ўзор старажытнай Свята-Ільінскай кіеўскай царквы, храм. Тагачасны ўладар Куранца, пан Сулістроўскі, ахвяраваў на пабудову новай царквы сваё сенасховішча. Пабудаваная з гэтага сенасховішча царква прастаяла ў Куранцы да 1866 года. 1 кастрычніка 1866 года драўляную царкву знеслі і 14 кастрычніка на яе месцы заклалі новую мураваную царкву. Тагачасны ўрад асігнаваў на будаўніцтва гэтай царквы 17 030 рублёў. Аўтарам праекту храма быў архітэктар А. У. Полазаў.



Новазбудаваная царква была асвечана ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы 16 кастрычніка па н.ст. (3 кастрычніка па ст.ст.) 1870 года. Захаваліся 3 фатаграфіі храма, знятыя у 1902 г. протаіерэем Паўлам Валынцэвіч. Ёсць звесткі пра пажар 1925 г., у якім атрымаў расколіну царкоўны звон, гук якога быў чутны ў радыусе 8-10 км. У 1960-я гады па загадзе дзяржаўнай улады храм быў зачынены і апаганены: былі сарваныя крыжы і купалы, іконы і царкоўныя рэчы вывезены ў вёску Касута, званы знятыя і адпраўленыя на пераплаўку, а сам храм быў аддадзены пад сховішча для збожжа, мукі і угнаенняў. Пазней у канцы 1970-х гг. зноўку здарыўся пажар, які значна пашкодзіў сцены храма і знішчыў астатні дах. У такім стане прастаяў храм, пакуль у сакавіку 1990 г. не пачаліся аднаўленчыя работы пад кіраўніцтвам святара Іаана Крупко. Працы былі скончаны да 26 чэрвеня 1993 г., калі мітрапаліт Філарэт здзейсніў чын асвячэння храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Складаецца з прытвора-званіцы, трапезнай, малітоўнай залы, пяціграннай апсіды. Над асноўным кубападобным аб’ёмам узведзены магутны васьмігранны светлавы барабан з арачнымі аконнымі праёмамі. Шацёр васьміграннай званіцы і пакрыццё светлавога барабана былі завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі. Галоўны і бакавыя ўваходы вырашаны арачнымі парталамі. Рызаліты бакавых фасадаў завершаны 2-граннымі шчытамі з аркатурнымі паясамі. Фасады расчлянёны вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, дэкарыраваны прафіляванымі паясамі, цягамі, шматслойнымі карнізамі, вуглавымі лапаткамі.

Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]У інтэр'еры малітоўнай залы паруснае скляпенне, 4 слупы падтрымліваюць светлавы барабан, у трапезнай — цыліндрычнае драўдянае скляпенне.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.

Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Куранец)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Куранец) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Куранец) на сайце Radzima.org
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Куранец) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Куранец) Архівавана 27 верасня 2018. (руск.) на сайце Маладзечанскай епархіі
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Куранец) на старонцы Bялейскай суполкі ТАП імя Аляксея Лужынскага «У Кантакце»