Тожабеларус

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карыкатура на праваслаўнага святара, «тоже бѣлоруса», які спрабуе маліцца за Беларусь, але ўсё роўна атрымліваецца за «Бѣлую Едіную Недѣлімую Матушку Россію». «Авадзень» № 6, 1925.

Тожабеларус, або тожэ беларус, гістарычна таксама тоже бѣлорусъ (бел.: таксамабеларус) — палітычнае клішэ, якім апісваецца дваістасць пазіцыі беларусаў, якія прылічаюць сябе да гэтай нацыянальнасці па фармальных прыкметах, напрыклад, па месцы нараджэння ці наяўнасці пашпарта, або па сітуацыі, дзеля выгоды, далучаючыся да большасці, але пры гэтым на справе цураюцца ўсяго беларускага, у тым ліку мовы і культуры[1]. «Тожабеларусы» ставяць іншыя народы, іхнія інтарэсы і культуру вышэй за свае, а таму хутка асімілююцца.

Тэрмін звычайна запісваецца трасянкай[1], мешанінай беларускай і рускай моў, каб падкрэсліць мяшаную свядомасць такіх людзей.

«Тожабеларусы» транслююць тэзы пра беднасць беларускай мовы, сялянскую беларускую культуру, аднатыпную беларускую літаратуру, адсутнасць нармальнай музыкі і кіно «на мове»[1]. Гэтым яны апраўдваюць тое, што не могуць прыняць сваю беларускасць[1]. Пазіцыя «тожабеларусаў» блізкая да беларусафобскай.

Сярод «тожабеларусаў» пашырана практыка выпраўлення ў пашпарце транслітарацыі свайго імя з беларускай мовы на транслітарацыю з рускай мовы, або замена транслітарацыі на літаральны пераклад на англійскую мову[1].

Тэрмін «тожабеларус» нятоесны тэрмінам «ватнік» ці «ябацька» — такі чалавек можа быць прыхільнікам вольнай і дэмакратычнай Беларусі, але пры гэтым не бачыць яе беларускай. У той жа час «ябацька» можа быць шчырым беларусам, які ганарыцца сваёй культурай, мовай і хоча захавання самастойнасці краіны, але пры гэтым з нейкіх іншых меркаванняў падтрымлівае рэжым Лукашэнкі[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Адным з першых тэрмін «тоже бѣлорусы» зафіксаваў беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі яшчэ ў 1914 годзе ў сваім эсэ «Развагі і думкі», прысвечаным шырокаму колу тагачасных палітыка-эканамічных, гісторыка-культурных, літаратурна-крытычных і маральна-філасофскіх праблем[1]. У сваіх беларускіх тэкстах тэрмін ён запісвае выключна па-руску ў дарэформеным правапісе, з характэрнымі для рускай і нехарактэрнымі для беларускай мовы літарамі «ѣ» і «ъ».

"А я хачу ведаць, і ці ні варта будзе мне прыслухацца да шчыраго, толькі шчыраго пачуваньня беларусоў і правых, і левых, і сярэдніх, і тых, што «тоже бѣлорусы», і тых, што нясуць крыж са славамі: «Жыве Беларусь?» …

І «тоже бѣлорусы», і младабеларусы, і ўсе яны, усе троху-многа двудушны і рэдка саўсім шчыры ў сваіх справах палітычных…

«Тоже бѣлорусъ», калі толькі ў ім захаваліся чэлавецкіе пачуцьця, вечна змагаецца з голасам свайго сумленьня: «Глядзі не ашукайся! Ці добра ты ўцяміў заветы дзядоў сваіх? Ці па тэй дарозі пайшоў ты? Не станься пракляцьцем роднай зямліцы… Ці не варта ізноў палічыць, ацаніць, зважыць тое-другое? А што, калі праз колькі гадоў „утопія“ младабеларусаў будзіць жыцьцём?»

І дробные душы маюць у сабе драбінкі золата, але так і астаюцца дробнымі. І калі «тоже бѣлорусъ» — сумленны чэлавек, — вяліка драма душы яго, жалобен ён дужа… Калі ж ён толькі «дзелец», — памаўчым аб ём".

Ягоны малодшы брат Гаўрыла Гарэцкі, будучы навуковец, а тады яшчэ навучэнец Горы-Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча, даваў адлуп свайму выкладчыку Сяргею Цытовічу за ягоны русіфікатарскі артыкул «Беларуская плынь», у якім той дзівіўся, як могуць беларусы прыраўноўваць сябе да «іншых народаў»: палякаў, фінаў, украінцаў. У артыкуле «Беларуская плынь і „тожа беларусы“», які апублікаваў у «Весніку Горацкага павятовага земства» (1917, № 23) з характэрным подпісам «Сын маці Беларусі», Гарэцкі пісаў[1]:

«Беларускі рух, пачаўшыся ў канцы XIX стагоддзя, расце і шырыцца. Да яго прыбываюць усё новыя і новыя сілы. І тым адчайней лямантуюць „тожа беларусы“, якія бачаць у гэтым гібель Расіі».

«Тоже бѣлорусс». Карыктура на Арсена Паўлюкевіча ў часопісе «Маланкі» № 13, 1926.

Звяртаўся да гэтага слова і Янка Купала ў сваёй сатырычнай трагікамедыі «Тутэйшыя», апублікаванай у 1924 годзе. Яго прамаўляе Янка Здольнік, станоўчы персанаж, з якім атаясамліваў сябе пісьменнік. Найбольш выразным прыкладам «тожабеларуса» ёсць персанаж былога вяскоўца Мікіты Зноска, які гатовы прыстасавацца да новай «палітычнай сітуацыі», але пагардліва ставіцца да ўсяго беларускага[1].

Усходні вучоны (паказваючы на іншых): А це тожа белорусы? Янка Здольнік: А так, так! Вы згадалі: яны самдзеле тожа — беларусы, з пароды рэнэгатаў і дэгэнэратаў.

Янка Здольнік: А надта проста: стаць на свой тутэйшы грунт, на той грунт, на якім узраслі вашы бацькі, дзяды.

Мікіта Зносак: Меджду протчым, вы напамыкаеце, сябра беларус, каб я стаў не на свой, а на ваш — беларускі, хэ-хэ-хэ! грунт.

Янка Здольнік: А хоць бы й так.

Мікіта Зносак: Меджду протчым, пане настаўнік, яшчэ я не ўпаў з сваім гонарам так нізка, каб лезці ў вашу, выбачайце, мужыцкую беларускую кампанію. Вы, можа, параіце мне яшчэ і вашага Тарашкевіча граматыку зубрыць?

Янка Здольнік: А чаму ж бы не?

Яшчэ аднаго з «тожабеларусаў» вывеў у сваёй п’есе «Пан міністар», надрукаванай у тым жа 1924 годзе, Францішак Аляхновіч. Ягоны свінабой Філімон Пупкін задумаў здабыць любымі сродкамі пасаду міністра[1]:

І буду я «тоже» беларус,

Бо маю на гэта шмат пакус.

Міністрам фінансаў буду я,

Тру-ля-ля, тру-ля-ля, тру-ля-ля!

Слова падхапіла і тагачасная беларуская прэса, якім яна таўравала як русафілаў, так і паланафілаў[1]. Так, у шостым нумары сатырычнага часопіса «Авадзень» за 1925 год была надрукавана красамоўная карыкатура, на якой укленчаны праваслаўны святар, «тоже бѣлорус», спрабуе памаліцца за Беларусь, але як ён ні стараецца, атрымліваецца за «Бѣлую Едіную Недѣлімую Матушку Россію»[1].

На старонках сатырычнай «Маланкі» за 1926 год маецца таксама карыкатура на яшчэ аднаго «тоже бѣлорусса», Арсена Паўлюкевіча, які спачатку змагаўся за пасаду старшыні Беларускай рады Случчыны і браў удзел у Слуцкім збройным чыне, а пасля на чале паланафільскай Тымчасовай беларускай Рады вітаў майскі пераварот Пілсудскага. Ён жа ездзіў да польскага прэм’ера і за абяцанае фінансаванне праводзіў прапольскую агітацыю сярод беларусаў[1].

Новае жыццё тэрмін набыў пасля пратэстаў 2020 года ў Беларусі і наступнага нацыянальнага абуджэння. Пратэсты аб’ядналі шырокія масы беларусаў супраць фальсіфікацыі выбараў, гвалту і катаванняў, але выявілася, што не ўсе прыхільнікі перамен гатовыя прымаць сваю беларускасць і адмаўляцца ад рускай мовы і культуры[1].

Нават у вымушанай эміграцыі «тожабеларусы» трымаюцца за сваю «рускасць», або развіваюць у сабе мясцовую ідэнтычнасць, напрыклад, «польскасць»[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о Ф. Раўбіч. «Тожабеларусы». Новае жыццё палітычнага клішэ стагадовай даўніны . Наша Ніва (17 чэрвеня 2023). Праверана 4 красавіка 2024.