Фрыдрых Вільгельм Ніцшэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фрыдрых Вільгельм Ніцшэ
ням.: Friedrich Nietzsche
Дата нараджэння 15 кастрычніка 1844(1844-10-15)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 25 жніўня 1900(1900-08-25)[1][2][…] (55 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Carl Ludwig Nietzsche[d]
Род дзейнасці філосаф, паэт, пісьменнік, кампазітар, педагог, філолаг-класік, музычны крытык, класіцыст
Навуковая сфера філасофія, эстэтыка, Нігілізм, этыка, псіхалогія, анталогія, паэзія і Філасофія гісторыі
Месца працы
Навуковая ступень доктарская ступень[d][5]
Альма-матар
Вядомыя вучні Рудольф Штэйнер
Член у
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Фрыдрых Вільгельм Ніцшэ (ням.: Friedrich Wilhelm Nietzsche; 15 кастрычніка 1844 — 25 жніўня 1900) — нямецкі філосаф, філолаг і паэт, адзін з заснавальнікаў філасофіі жыцця.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і лютэранскага святара. У 1858-64 вучыўся ў Пфорце — закрытай прывілеяванай школе для адораных дзяцей; тут выявілася яго цікавасць да антычнасці і музыкі. У 1864-65 вывучаў класічную філалогію і пратэстанцкую тэалогію ў Бонскім універсітэце. Пасля знаёмства з працамі Д. Ф. Штраўса, Л. Феербаха і Б. Баўэра пакінуў тэалогію, абраўшы сваёй спецыяльнасцю класічную філалогію. У гэтыя гады ён захапляецца філасофіяй А. Шапенгаўэра і мастацтвам Р. Вагнера, асабістае знаёмства з якім адбылося ў лістападзе 1868 года. З 1869 да 1879 прафесар класічнай філалогіі Базельскага ўніверсітэта. Складае з сябе прускае грамадзянства, але ў 1870 у якасці санітара добраахвотна прымае ўдзел у франка-прускай вайне (1870-71).

Усё жыццё мучыўся ад невыносных галаўных боляў. У 1879 годзе па стане здароўя пакідае службу і вядзе вандроўнае жыццё, спрабуючы знайсці клімат і ландшафт, найбольш спрыяльныя для яго цялеснага і душэўнага самаадчування (Ніца, Генуя, Зільс-Марыя, Турын і інш.). Творчая дзейнасць Фрыдрыха Ніцшэ абарвалася на ру­бяжы 1888-89 гадоў у сувя­зі з ду­шэўнай хваробай, што адолела яго.

Светапогляд[правіць | правіць зыходнік]

Першыя яго творы прысвечаны праблемам класічнай філалогіі, першая значная праца па філасофіі «Нараджэнне трагедыі з духу музыкі» (1872) — пераважна аналізу антычнай культуры. У працяг пошукаў Ф. Шылера і прадстаўнікоў нямецкага рамантызму, развіў ідэі аб існаванні двух супрацьлеглых пачаткаў у быцці культуры: дыянісійскага — жыццесцвярджальнага, аргаістычнага, ірацыянальнага і ў той жа час трагічнага, якому адпавядае хаатычная накіраванасць самога жыцця (канцэпцыя «гераічнага песімізму»), і апалонаўскага — сузіральнага, упарадкаванага, аднабакова разумовага і аптымістычна радаснага. Ідэал мастацтва бачыў у гармоніі гэтых двух тыпаў (напр., у грэчаскай трагедыі, у Сафокла); папярэднікамі мастацтва будучыні лічыў Р. Вагнера, Ф. Шылера, І. Гётэ.

Вокладка першага выдання кнігі «Так казаў Заратустра»

У якасці культурна-этычнага ідэалу новага тыпу чалавека вылучаў эстэтызаваны ім вобраз звышчалавека як магчымага і дасягальнага ў перспектыве рэальнай будучыні ідэалу ўсяго чалавецтва. Характэрнымі рысамі ідэальнага чалавека лічыў уменне ахвяраваць сабой, велікадушнасць і прагу дзейнай любові, сумленнасць, бясстрашнасць, цвёрдасць, гераізм і г.д. («Так казаў Заратустра», т. 1-3, 1883-84). У творах «Ecce Homo», «Антыхрысціянін» (абодва 1888) і інш. на першы план ён ставіў культ моцнай асобы, якая з крайняй жорсткасцю пераадольвае ўсе маральныя нормы грамадства. Паняццем звышчалавека Ніцшэ актыўна карысталіся нацысты, ствараючы ідэалогію пануючай расы, і прыпісвалі арыйскай расе рысы звышчалавека, які ў адносінах да «чужых» свабодны ад маральных абмежаванняў і кіруецца ў сваіх дзеяннях інстынктамі. Сам Ніцшэ быў праціўнікам любых форм панавання масавай свядомасці і расізму. На яго думку, жыццё ёсць праяўленне, аб’ектывізацыя волі, але не абстрактнай сусветнай волі (як у А. Шапенгаўэра), а канкрэтнай волі да ўлады; яе ён разглядаў як аснову «права моцнага», якім павінен кіравацца сапраўдны чалавек ва ўсіх сферах жыццядзейнасці.

Фрыдрых Ніцшэ сцвярджаў, што на працягу ўсёй гісторыі рабы спрабавалі навязаць сваю мараль пануючым арыстакратам, і пачатак гэтаму працэсу паклалі яўрэі ў Старым запавеце, а вышэйшае развіццё ён атрымаў у хрысціянстве, найперш у Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста. Адсюль вынікае неабходнасць пераадолення вынікаў «паўстання рабоў» у маралі, вяртання чалавека да сапраўднага існавання, да самога сябе.

Ф. Ніцшэ прадказваў распад еўрапейскай духоўнасці і дэвальвацыю яе каштоўнасцей, узнікненне «масавага грамадства» і таталітарызму, панаванне «будучага хама» з яго нівеліроўкай чалавека пад сцягам усеагульнай роўнасці людзей. Барацьба за вызваленне людзей ад улады духоўных і сацыяльных аўтарытэтаў, якая ўвайшла ў гісторыю культуры пад лозунгам «пераацэнкі былых да гэтага часу каштоўнасцей», зрабіла яго адным з найбольш яркіх прадстаўнікоў еўрапейскага нігілізму («Па той бок дабра і зла: прэлюдыя да філасофіі будучыні», 1886, «Да генеалогіі маралі», 1887).

Ён быў агрэсіўным крытыкам традыцыйнай маралі, утылітарызму, тагачаснай філасофіі матэрыялізму, нямецкага ідэалізму, нямецкага рамантызму і сучаснасці таго часу ў цэлым. Фрыдрых Ніцшэ стварыў вялікую колькасць афарызмаў і эксперыментальных формаў пісьма. Хоць яго творчасць была пасля скажоная і асацыяваная то з філасофскім рамантызмам, то з нігілізмам, то з антысемітызмам і нацызмам — сам Ніцшэ горача адмаўляў сваю прыналежнасць да гэтых формаў, якія ўжо існавалі ў яго час, аж да прамога супрацьстаяння ім. Яго часта лічылі натхніцелем філасофскага і літаратурнага экзістэнцыялізму, а пазней і постмадэрнізму. У шматлікіх адносінах яго погляды цяжка зразумець у любых сістэматычных формах. Казаць аб цэласным вучэнні Ніцшэ, мабыць, нельга, а яго творчасць была і застаецца прадметам гарачых спрэчак.

Спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Спадчына Фрыдрыха Ніцшэ паўплывала на развіццё філасофіі, эстэтыкі і літаратуры канца ХІХ — ХХ ст., стала своеасаблівым «ніцшэанскім» пластом еўрапейскай культуры. Ён з’яўляецца адным з самых чытаных мысляроў. Многія яго ідэі ў разнастайнай інтэрпрэтацыі атрымалі развіццё ў філасофіі жыцця і філасофіі культуры, пазітывізме, прагматызме, фенаменалогіі, экзістэнцыялізме.

У вострых дыскусіях аб прыродзе маральнай філасофіі Ніцшэ, яго разуменні сутнасці быцця і звышчалавека, свабоды творчасці, каштоўнасці валявой дзейнасці ўдзельнічалі Г. Зімель, Г. Файгінгер, О. Шпенглер, А. Камю, М. Хайдэгер, У. Салаўёў, Х. Артэга-і-Гасет, М. Бярдзяеў і інш. Ніцшэ прадугадаў ідэі і ўстаноўкі псіхааналізу ў разуменні чалавека як адзінства некалькіх узроўняў і асаблівасцей яго дзеянняў, абумоўленых неўсвядомленымі матывамі. Генетычны падыход да вытлумачэння псіхічных з’яў і ўніверсальнага імкнення асобы да ўвасаблення сваіх магчымасцей і волі да ўлады збліжае яго канцэптуальныя пазіцыі з З. Фрэйдам, Э. Фромам, К. Хорні, А. Адлерам, К. Г. Юнгам і інш. Шэраг ідэй Ніцшэ (два пачаткі культуры, культ жыцця і трагічнасці, адмаўленне маралі, разбурэнне рэлігіі і пафас міфатворчасці) знайшоў адлюстраванне ў творчасці Т. Мана, Б. Шоў, Дж. Лондана, В. Брусава, М. Гумілёва, М. Ікбана і інш.

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

  • Ніцшэ Ф. Так сказаў Заратустра: Кніга ўсім і нікому: Пер. з ням. В. Сёмухі. — Мн.: Зміцер Колас, 2015—280 с. (Серыя «Littera scripta») — ISBN 978-985-6992-78-3.
  • Ніцшэ Ф. Ecce Homo. Як робяцца самім сабою. Пер. з ням. Л. Баршчэўскага, паслясл. В. Акудовіча. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2024. — 140 с. (Серыя «Галерэя чалавечай думкі») — ISBN 978-985-7247-73-8.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Friedrich Nietzsche // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Itaú Cultural Nietzsche // Enciclopédia Itaú CulturalSão Paulo: Itaú Cultural, 2001. — ISBN 978-85-7979-060-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б Ницше Фридрих // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. https://www.e-periodica.ch/digbib/view?pid=bzg-002:1941:40::163#168 Праверана 8 снежня 2020.
  5. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 2 красавіка 2015.
  6. Burschenschafter-Stammrolle: Verzeichnis der Mitglieder der Deutschen Burschenschaft nach dem Stande vom Sommer-Semester 1934B: Willy Nolte, 1934.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996.
  • Альоша А., Шварц Рональд П., Швеппе Вступ до філософії
  • Бугера, В. Е. Социальная сущность и роль философии Ницше. — Москва: КомКнига, 2010. — ISBN 978-5-484-01062-2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]