Чайка (арганізацыя)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Чайка, арганізацыя)

«Чайка» — канспірацыйная назва падпольнай антысавецкай беларускай арганізацыі, якая існавала на тэрыторыі Слонімскага раёна, Баранавічаў, Брэсту, Ганцавіч ды Ільянскага раёна БССР ў 19461947 гадах і кіравалася Цэнтрам Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР).[1]

Гісторыя і дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Напачатку 1946 г. у асяродку настаўніцтва і моладзі Слонімшчыны ўзнікла ідэя арганізаванага супраціву камуністычнаму руху і гвалтоўнай русіфікацыі Беларусі. З гэтай мэтай на пачатку мая 1946 г. у Слоніме быў праведзены ўстаноўчы сход, на якім было прынятае рашэнне стварыць падпольную беларускую арганізацыю з канспірацыйнай назвай «Чайка», якая ставіла б сваёй мэтай змаганне за нацыянальныя правы і годнасць сваяго народа, яго культуры, мовы, гісторыі і, урэшце, за свабоду і незалежнасць Беларусі[2]. Арганізацыя не планавала займацца тэрорам, а індывідуальнай працай будзіць свядомасьць беларусаў. Была прынятая праграма дзейнасці, асновы канспірацыі і абранае кіраўніцтва. Паводле словаў Леакадзіі Кавальчук, арганізацыю так назвалі, бо падчас устаноўчага сходу, які адбываўся на беразе ракі, над галовамі арганізатараў праляцела чайка.[3] У сходзе ўдзельнічалі Васіль Супрун (які быў абраны кіраўніком), Міхась Ракевіч з вёскі Ваўчкі, Міхась Чыгрын, Алесь Гардзейка, Леакадзія Кавальчук і Ніна Карач (сакратар). У сувязі з няяўкай Карач на пазнейшыя нарады і парушэннем канспірацыі, яна была адхіленая ад удзелу ў падполлі, змененыя яўкі.

З агульнай згоды сяброў Васілю Супруну заснаваць патрыятычнае падполле ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, Міхасю Ракевічу — у Брэсцкім чыгуначным тэхнікуме, дзе ён навучаўся, Міхасю Чыгрыну — у Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, дзе ён у той час вучыўся, і Алесю Гардзейку — сярод моладзі Слонімшчыны. У хуткім часе патрыятычныя групы падполля былі створаныя і ў Баранавічах (з дапамогай Уладзіміра Салаўя — студэнта настаўніцкага інстытуту), у Брэсце і ў Жыровічах.

Пасьля аб’яднаньня слонімскіх, баранавіцкіх і брэсцкіх груповак летам 1946 г. быў створаны аб’яднаны кіруючы ЦБВР, кіраўніком якога стаў Васіль Супрун, ягонымі намеснікамі: па арганізацыйнай рабоце Аляксандр Барэйка і па вайсковай справе Міхась Ракевіч. Дарадцамі Цэнтру былі прызначаныя Міхась Агейка, Уладзімір Салавей і Мікалай Макарэвіч. Цэнтрам была распрацаваная пашыраная праграма дзеяння і прапанаваная так званая «колавая» сістэма кіравання. Ад Цэнтру мелася адыходзіць першае кола — абласныя структуры на чале з кіраўнікамі падполля вобласці; вакол абласных структураў павінны былі групавацца раённыя групоўкі (другое кола), а вакол апошніх — пэрыферыйныя групы (трэцяе кола). Пры гэтым распрацоўваліся і іншыя прыёмы, у тым ліку і схемы кансервацыі структураў на адпаведным этапе, сістэма справаздачаў, выкарыстоўваючы шыфроўку і афіцыйную пошту, узгадняліся інструкцыі.

Увосень 1946 г. Цэнтру стала вядома, што ў Наваградку існуе асобная падпольная арганізацыя Саюз вызвалення Беларусі (СВБ), якой кіруе Генадзь Казак, але арганізацыя недастаткова заканспіраваная: ад аб’яднаньня з ёй было вырашана ўстрымацца, але трымаць у полі зроку. Тым не менш, удзельнікі баранавіцкага падпольля, ураджэнцы Наваградчыны, увайшлі ў кантакт з СВБ і магчыма выдалі таямніцу «Чайкі», пра што Цэнтру стала вядома ўжо на пачатку 1947 г. і што было расцэненае як магчымы правал.

У канцы 1946 г. і пачатку 1947 г. рух праз Ганцавіцкую педнавучальню Пінскай вобласці перакінуўся на гэтую вобласць і Ільянскі раён Маладзечанскай вобласці. Там Цэнтрам былі прызначаныя кіраўнікамі патрыятычных падполляў адпаведна Мікалай Лескавец і Сяргей Яноўскі, якім былі перададзеныя Загад і Інструкцыя Цэнтру за подпісам Пагромаўца (Васіля Супруна). Таксама арганізацыя спрабавала заснаваць патрыятычнае падполле ў Мінску і Гродне, але магчымасці і сродкаў было недастаткова. Міжнародная сытуацыя, на якую рабіла стаўку падполле, таксама не спрыяла.

Разгром арганізацыі і рэпрэсіі[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне 1947 г. падполле было разгромленае карнымі савецкімі органамі ў выніку арыштаў сябраў іншай арганізацыі — Саюза вызвалення Беларусі, з якім памылкова ўтрымлівалася сувязь некаторымі ўдзельнікамі «Чайкі» і які быў выдадзены правакатарам Алесем Бажко. Арышты працягваліся з чэрвеня да паловы жніўня 1947. У першую чаргу быў разгромлены ЦБВР. Нераскрытымі і неарыштаванымі засталіся толькі асобныя групы трэцяга кола, у тым ліку на Слонімшчыне — настаўніцкая (кіраўнік Іван Хомчык), якія без агульнага кіраўніцтва спынілі дзейнасць.

Усіх арыштаваных абвінавацілі ў здрадзе СССР і антысавецкай агітацыі, у падрыхтоўцы ўзброенага паўстання супроць Савецкага Саюзу з мэтай аддзяленьня Беларусі ад СССР. Хоць ні пры арыштах, ні ў працэсе следcтва зброі не было выяўлена, удзельнікаў падполля судзілі ваенныя трыбуналы войскаў МУС 16-18 кастрычніка 1947 г. у Баранавічах — 18 асобаў, а 21 лістапада 1947 г. у Мінску — 4 асобы. Усе 22 удзельнікі працэсу праходзілі па артыкулах 63-I і 76 Крымінальнага кодэксу БССР і былі асуджаныя да 25 і 10 гадоў савецкіх канцлагераў з пазнейшым пазбаўленьнем праваў на 5 і 3 гадоў (Смяротная кара па гэтых артыкулах была адмененая ў 1947 г.). Яшчэ некалькі чалавек з «Чайкі» (Уладзіміра Салаўя, Мікалая Лескаўца, Уладзіміра Разумовіча і Ніну Карач) судзілі асобна.

Вядомыя сябры арганізацыі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. http://slounik.org/154987.html Гісторыя «Чайкі»
  2. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 лютага 2012. Праверана 17 сакавіка 2019.
  3. https://novychas.by/poviaz/jak-u-sssr-padmanam-arysztouvali-belaruskih-patryj Новы Час. Як у СССР падманам арыштоўвалі беларускіх патрыётак

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]