Шоу Трумана

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Шоу ТруманаM:
англ.: The Truman Show
Постар фільма
Жанр навукова-фантастычны фільм[d], кінакамедыя, драматычны фільм, трагікамедыя, антыўтапічны фільм[d] і антыўтопія[d]
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Paramount Pictures
Працягласць 99 хв.
Бюджэт 60 000 000 $
Зборы 264 118 201 $
Краіна
Мова англійская
Год 1 чэрвеня 1998[1], 12 лістапада 1998[2] і 1998
IMDb ID 0120382
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Шоу Трумана» (англ.: The Truman Show) — амерыканскі псіхалагічны камедыйна-драматычны фільм 1998 года рэжысёра Пітэра Уіра па сцэнарыі Эндру Нікала[en]. Прадзюсіравалі карціну Скот Рудзін[en], Эндру Нікал[en], Эдвард С. Фельдман[en], Адам Шрэдэр[en]. Галоўныя ролі ў фільме выканалі Джым Керы, Лора Ліні[en], Эд Харыс, Ноа Эмерых[en], Наташа Мак-Элхоўн[en], Холанд Тэйлар[en], Пол Джамаці, Браян Дзілейт[en][13].

Труман Бёрбанк жыве ў невялікім амерыканскім мястэчку, ездзіць на працу, сустракаецца з дзяўчынай, адпачывае з сябрамі, глядзіць навіны і не заўважае нічога падазронага. Тым часам, усе свае трыццаць гадоў добрапрыстойны грамадзянін знаходзіцца пад прыцэлам схаваных тэлекамер, якія транслююць яго жыццё «ў прамым эфіры без купюр 24 гадзіны ў суткі, 7 дзён у тыдзень для тэлегледачоў усёй Зямлі». Яго свет — вялізны павільён, населены акцёрамі. Ён сам — толькі марыянетка ў руках стваральніка-тэлемагната. Але аднойчы герой самага рэйтынгавага ў свеце рэаліці-шоу пачынае падазраваць нядобрае.

Першапачатковы сцэнарый Нікала быў больш падобным на навукова-фантастычны трылер, падзеі якога разгортваліся ў Нью-Ёрку. Скот Рудзін набыў сцэнарый і арганізаваў вытворчасць у «Paramount Pictures». На пасаду рэжысёра разглядаўся Браян Дэ Пальма, аднак пазней рэжысёрскае крэсла было аддадзена Пітэру Уіру. Нікалу давялося шматразова перапісваць сцэнарый, пакуль рэжысёр не палічыў фільм гатовым да здымкаў. Дзеля ўдзелу Джыма Кэры, абранага на галоўную ролю ў фільме, пачатак здымкаў давялося перанесці на год. Большая частка здымак праходзіла ў Сісайдзе[en], штат Фларыда. Па папярэдняй ацэнцы «Paramount Pictures» фільм павінен быў каштаваць 80 млн долараў, але рэжысёру ўдалося скараціць бюджэт карціны да 60 млн.

Сусветная прэм’ера «Шоу Трумана» адбылася 1 чэрвеня 1998 года ў Лос-Анджэлесе, 5 чэрвеня фільм быў выпушчаны ў пракат па ўсёй Паўночнай Амерыцы. Кінастужка мела фінансавы поспех, сабраўшы ў сусветным пракаце 264 млн долараў. Фільм атрымаў прызнанне сярод крытыкаў і быў удастоены шматлікіх узнагарод, сярод якіх 3 прэміі «BAFTA», 3 прэміі «Залаты глобус» і 3 намінацыі на прэмію «Оскар».

«Шоу Трумана» разглядаюць, як даследаванне сімуляванай рэальнасці[en], экзістэнцыялізму, тайнага нагляду[en], рэлігіі, метафіласофіі[en], недатыкальнасці прыватнага жыцця[en] і рэаліці-шоу[en]. Фільм апісваюць, як сумесь жанраў[en], што змяшчае элементы антыўтапічнага апавядання[en], метаапавядання[en], псіхалагічнай драмы[en], рамантычнай камедыі[en], сатыры і сацыяльнай фантастыкі[en].

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Труман Бёрбанк (Джым Керы) — трыццацігадовы малады чалавек, які працуе страхавым агентам. Ён жанаты, жыве ва ўтульным гарадку Сіхэвэн[14], ходзіць у офіс, бавіць час з лепшым сябрам і нават не здагадваецца, што на самай справе ён зорка самага папулярнага ў свеце рэаліці-шоу. Усе свае трыццаць гадоў ён знаходзіцца пад прыцэлам схаваных тэлекамер, якія назіраюць за кожным яго рухам і трансліруюць яго жыццё «ў прамым эфіры без купюр 24 гадзіны ў суткі, 7 дзён у тыдзень для тэлегледачоў усёй Зямлі». Яго родны горад — на самай справе вялізарны здымачны павільён, а людзі навокал — нанятыя акцёры. Сам ён — толькі марыянетка ў руках стваральніка-тэлемагната Крыстафа, які імкнецца схапіць шчырыя эмоцыі Трумана і прадставіць гледачам блізкага ім абывацеля.

Труман быў зоркай шоу з самага нараджэння, і студыя афіцыйна ўсынавіла яго. Каб перашкодзіць Труману зразумець, у якім свеце ён жыве, Крыстаф дбайна прапрацоўваў свет Сіхэвэна і прадумваў сцэнарыі, пакліканыя ўтрымаць Трумана ў родным горадзе. Калі падлеткам Труман загарэўся прагай падарожжаў і першаадкрывальніцтва, Крыстаф пайшоў на сюжэтны ход са «смерцю» бацькі Трумана ў моры на вачах у сына. Гэта выклікала ў хлопчыка аквафобію[en]. Фільмы і шоу на тэлебачанні Сіхэвэна таксама перасцерагалі ад падарожжаў і прыгод, апяваючы пры гэтым ціхае правінцыяльнае жыццё. Тым не менш, Крыстаф не мог прадбачыць усе дзеянні Трумана. У студэнцкія гады па сцэнарыі Крыстафа Труман мусіць закахацца ў аднакурсніцу Мэрыл і ажаніцца з ёй, але хлопец з першага позірку ўлюбляецца ў Сільвію, статыстку шоу[en]. Сімпатыя аказваецца ўзаемнай, але Сільвія, ведаючы, што прадзюсары шоу не дапусцяць іх стасункаў, спрабуе адкрыць Труману праўду. У той жа дзень дзяўчыну прыбіраюць з праекта. Неўзабаве Труман пабіраецца шлюбам з Мэрыл, але патаемна ён працягвае марыць аб жыцці з Сільвіяй. З гэтай мэтай ён імкнецца паехаць на Фіджы, куды, як яму сказалі, пераехала сям’я дзяўчыны. Тым часам у рэальным жыцці Сільвія далучаецца да групы актывістаў, якія імкнуцца адмяніць шоу і вызваліць Трумана.

На трыццаты год паказу «Шоу Трумана» яго галоўны герой пачынае нешта падазраваць, звяртаючы ўвагу на дзіўныя інцыдэнты, якія адбываюцца вакол яго. Спярша побач з ім падае сафіт з надпісам «Сірыус». Неўзабаве СМІ Сіхэвэна апавядаюць пра авіяаварыю. Іншым разам, ён сутыкаецца на вуліцы са сваім «бацькам», які насуперак сцэнарыю пранік на здымачную пляцоўку. Труман распавядае пра гэты інцыдэнт маці, але тая тлумачыць гэта смуткам па бацьку і кажа, што гэта яму прымроілася. Затым, па дарозе на працу Труман трапляе на ўнутраную радыёхвалю супрацоўнікаў шоу, дзе дыктар агучвае ўсе яго дзеянні — гэта тут жа тлумачыцца збіўкай на паліцэйскую хвалю. Аднак Труман пачынае падазраваць, што гэта не проста чарада супадзенняў. Ён спрабуе паводзіць сябе непрадказальна і заўважае, што людзі навокал рэагуюць ненатуральна, а забегшы ў адзін з будынкаў — бачыць недабудаваныя дэкарацыі. Ён спрабуе пагаварыць пра свае падазрэнні з найлепшым сябрам, але той тлумачыць, што гэта проста вынік незадаволенасці Трумана жыццём. Ён спрабуе пагаварыць з жонкай, але тая наогул пазбягае гэтай размовы. Тады Труман пачынае разумець, што вакол яго існуе нейкая змова, і вырашае бегчы з Сіхэвэна.

Труман спрабуе трапіць на самалёт да Фіджы, але апынаецца, што ўсе білеты раскуплены на месяц наперад. Спроба сесці на аўтобус да Чыкага сканчваецца паломкай апошняга. Тады, не сказаўшы нічога Мэрыл, Труман замыкае яе ў машыне разам з сабой і выпраўляецца ў падарожжа сваім ходам. Угаворы жонкі вярнуцца не спыняюць яго. Тады на дарогу сінхронна выязджае мноства аўтамабіляў, утвараючы корак. Труман робіць выгляд, што адмовіўся ад свайго намеру, але праз хвіліну вяртаецца і знаходзіць дарогу пустой. Наступнай перашкодай уцёкам становіцца мост праз праліў, аквафобія не дазваляе герою праехаць над вадой. Зачыніўшы вочы, Труман прымушае Мэрыл узяцца за руль, і пара пераадольвае мост. Затым героі праязджаюць праз «лясны пажар», а неўзабаве пасля гэтага Трумана спыняе патруль, які папярэджвае, што далей зона «ядзернай аварыі». Паліцэйскі прагаварваецца, назваўшы Трумана па імені, і той прадпрымае адчайную спробу ўцячы праз лес. Аднак яму гэта не ўдаецца, яго ловяць людзі ў супрацьрадыяцыйных скафандрах.

Труман становіцца прыгнечаным і агрэсіўным, чарговая гутарка з «жонкай» ператвараецца ў сварку. Не ведаючы, як адказаць Труману на яго падазрэнні і спалохаўшыся яго агрэсіі, Мэрыл не вытрымлівае і крычыць у камеру, просячы аб дапамозе. Раптам з’яўляецца лепшы сябар Трумана Марлан. Мэрыл зрываецца і крычыць, што не можа так больш працаваць. Марлан адводзіць Трумана папіць піва і спрабуе яго супакоіць і падтрымаць. Ён тлумачыць, што Труман усё сабе напрыдумляў, аднак у адным быў правы — яго бацька сапраўды жывы. Адбываецца кранальная сцэна ўз’яднання бацькі і сына пасля 22 гадоў расставання.

Тым не менш усё гэта сцэнарый Крыстафа: Марлан гаворыць словы, што яму перадаюць па радыёсувязі, а драматычнае вяртанне бацькі зрэжысіравана да кожнай дробнай дэталі, каб выглядаць максімальна эфектна. Пакуль шчаслівы Труман спіць Крыстаф дае інтэрв’ю, у якім гаворыць, што крызіс у жыцці Трумана завершаны. Доўгая адсутнасць бацькі Трумана будзе патлумачана амнезіяй. Далей па сцэнарыі Мэрыл пакіне Трумана, а на яе месца ўжо падрыхтавана новая гераіня, у якую Труману належыць закахацца. Крыстаф спадзяецца, што яму ўдасца арганізаваць першае ў гісторыі тэлезачацце. Адказваючы на званкі тэлегледачоў, Крыстаф сутыкаецца з Сільвіяй, якая абвінавачвае Крыстафа ў хлусні і крывадушнасці, на што Крыстаф адказвае, што даў Труману ўсё, што можа жадаць чалавек, а было б у таго сапраўднае жаданне дазнацца праўду — ён даўно б гэта зрабіў.

На наступны дзень Труман, здаецца, вяртаецца да звыклага ладу жыцця. Ён займаецца паўсядзённымі справамі і нават прызначае працоўныя сустрэчы на будучыню. Усё гэта, аднак, аказваецца планам для ўсыплення пільнасці назіральнікаў. Уначы Труман збягае з дому, пакінуўшы ў ложку цацку і запіс свайго храпу. Калі пабег выяўляецца, на пошукі Трумана адпраўляецца ўся масоўка, а Крыстаф упершыню за доўгія гады прыпыняе паказ шоу. Вонкавы свет замірае ў чаканні навін. Зразумеўшы, што ў цемры Трумана не знайсці, Крыстаф вырашае «ўключыць» сонца. Аднак і гэта не дапамагае пошукам. Тады Крыстафу прыходзіць думка пашукаць Трумана ў моры. Неўзабаве ўцекача знаходзяць на яхце, якая кіруецца да мяжы здымачнага павільёна, — і трансляцыя аднаўляецца. Каб спыніць Трумана, Крыстаф дае ўказанне зрабіць шторм, але напалохаць Трумана не ўдаецца. У самы разгар буры ён крычыць у нябёсы, што спыніць яго можна толькі забіўшы. Крыстаф загадвае ўзмацніць шторм да максімальнага ўзроўню. Калі яхта амаль перакульваецца, а Труман пачынае захлынацца, Крыстаф спыняе буру. Мора супакойваецца, на небе выходзіць сонца і Труман працягвае плаванне, пакуль бушпрыт лодкі не пратыкае дэкарацыю, афарбаваную ў колер неба. Труман спрабуе прабіцца скрозь сцяну, затым знаходзіць лесвіцу, якая вядзе выхаду з павільёна. Калі Труман адчыняе дзверы, Крыстаф спрабуе спыніць яго: ён уключае гучную сувязь і звяртаецца да Трумана, прапаноўваючы пагаварыць. Ён прадстаўляецца стваральнікам шоу, у якім Труман — галоўная зорка. Рэжысёр тлумачыць герою, што ў вонкавым свеце яго чакаюць толькі крывадушнасць і хлусня, а ў Сіхэвэне ён можа жыць у бяспецы. У адказ Труман толькі карцінна развітваецца з тэлегледачамі і выходзіць з павільёна. Тэлегледачы цешацца перамозе Трумана, а Сільвія спяшаецца на сустрэчу да каханага. Двое паліцэйскіх абмяркоўваюць, што б яшчэ паглядзець па тэлевізары.

Акцёрскі склад[правіць | правіць зыходнік]

   Джым Керы   –   Труман Бёрбанк
   Лора Ліні[en]   –   Мэрыл Бёрбанк, жонка Трумана / актрыса Ханна Джыл
   Эд Харыс   –   Крыстаф, стваральнік «Шоу Трумана»
   Ноа Эмерых[en]   –   Марлан, сябар Трумана / акцёр Луі Колтрэйн
   Наташа Мак-Элхоўн[en]   –   Лорэн / статыстка Сільвія
   Холанд Тэйлар[en]   –   Анжэла Бёрбанк, маці Трумана / актрыса Аланіс Монтклейр
   Пол Джамаці   –   Сайман, аператар «Шоу Трумана»
   Браян Дзілейт[en]   –   Кірк Бёрбанк, бацька Трумана / акцёр Уолтэр Мур
   Пітэр Краўзе[en]   –   шэф Трумана

Вытворчасць[правіць | правіць зыходнік]

Задума і пошук рэжысёра[правіць | правіць зыходнік]

Эндру Нікал[en] завяршыў аднастаронкавае апісанне фільма пад назвай «Шоу Малькальма» ў маі 1991 года[15]. Арыгінальны чарнавік больш нагадваў навукова-фантастычны трылер, а падзеі разгортваліся ў Нью-Ёрку[16]. Нікал заявіў: «Я думаю, што кожны ў пэўны момант сумняваецца ў сапраўднасці свайго жыцця. Гэта як калі дзеці пытаюцца, ці ўсыноўлены яны»[17]. Восенню 1993 года[18] прадзюсар Скот Рудзін набыў сцэнарый за крыху больш чым 1 мільён долараў[19]. Кампанія «Paramount Pictures» пагадзілася займацца дыстрыбуцыяй фільма. Здзелка прадугледжвала, што Нікал дэбютуе ў гэтым праекце ў якасці рэжысёра, хоць кіраўнікі «Paramount» палічылі, што прыблізны бюджэт у 80 мільёнаў долараў будзе для яго занадта высокім[20]. Да таго ж, «Paramount» жадалі запрасіць на пасаду рэжысёра знакамітасць першай велічыні, а Нікалу прапанаваць грошы, каб ён саступіў рэжысёрскае крэсла. Перамовы вяліся з Браянам Дэ Пальмай пакуль у сакавіку 1994 года ён не пакінуў «United Talent Agency»[18]. Сярод рэжысёраў, якія разглядаліся пасля сыходу Дэ Пальмы, былі Цім Бёртан, Сэм Рэймі[en], Тэры Гіліям[en], Дэвід Кроненберг[21], Бары Зоненфельд[en], Стывен Спілберг. Аб сваім жаданні зрэжэсіраваць карціну заяўляў і Браян Сінгер[22], аднак «Paramount» вырашылі на карысць больш дасведчанага рэжысёра Пітэра Уіра, з якім і падпісалі кантракт у пачатку 1995 года.

Праца над сцэнарыем[правіць | правіць зыходнік]

Уір хацеў, каб фільм атрымаўся больш смешным, адчуваючы, што сцэнарый Нікала занадта змрочны. Ён заявіў: «Там, дзе [Нікал] зрабіў яго прыгнятальным, я мог бы зрабіць яго светлым. Гэта дапамагло б пераканаць гледачоў, што яны могуць глядзець падобнае шоу 24/7». Нікал напісаў шаснаццаць чарнавікоў сцэнарыя, перш чым Уір палічыў сцэнарый гатовым да здымак. Пазней у 1995 годзе Джым Кэры пагадзіўся на ролю, але з-за занятасці ў фільмах «Кабельшчык[en]» і «Хлус, хлус[en]» не мог прыступіць да здымкаў раней, чым праз год. Уір палічыў, што Кэры ідэальна падыходзіць для гэтай ролі, і вырашыў пачакаць яшчэ год, а не шукаць іншага акцёра.

Здымачны працэс[правіць | правіць зыходнік]

Падбіраючы месца для здымкаў, Уір даследаваў розныя лакацыі ва Усходняй Фларыдзе, але застаўся незадаволены краявідамі. Ён ужо паспеў зарэзерваваць гукавыя кіназдымачныя павільёны[en] на «Universal Studios» для здымак Сіхэвэна, калі яго жонка Вэндзі Стайтс пазнаёміла яго з планавым горадам[en] Сісайд, штат Фларыда. У Сісайдзе тут жа адкрыліся прэпрадакшн офісы, месца здымак большасці сцэн было перанесена сюды. Сцэны дома Трумана былі зняты ў рэзідэнцыі, якая належала сям’і Гец, у якую ўваходзілі сенатар штата Фларыда Дон Гец[en] і будучы прадстаўнік ЗША Мэт Гец[en]. Іншыя сцэны былі зняты на «Paramount Studios» у Лос-Анджэлесе, Каліфорнія. Карціны Нормана Рокуэла і паштоўкі 1960-х гадоў выкарыстоўваліся ў якасці натхнення для дызайну фільма. Уір, Пітэр Біжу[en] і Дэніс Гаснер[en] спецыяльна для фільма займаліся вывучэннем метадаў тайнага нагляду[en].

Здымкі адбываліся са снежня 1996 года па красавік 1998 года.

Музычнае суправаджэнне[правіць | правіць зыходнік]

Саўндтрэк да фільма «Шоу Трумана» напісаў Буркхард Дальвіц[en], некаторыя кампазіцыі саўндтрэка належаць Філіпу Гласу[23], у тым ліку чатыры кампазіцыі з яго ранейшых прац («Павакацы[en]», «Аніма мундзі[en]», «Місіма: Жыццё ў чатырох главах[en]»). Глас таксама з’яўляецца ў невялікім камэа ў фільме, адыгрываючы ролю адказнага за музыку ў «Шоу Трумана».

Немец па нацыянальнасці, Буркхард Дальвіц з 1979 года жыў і працаваў у Аўстраліі. Пішучы музыку для мясцовага тэлебачання і кіно, ён перыядычна рассылаў свае апошнія саўндтрэкі буйным прадзюсарам. Пасля завяршэння саўндтрэка да аўстралійскага навукова-фантастычнага фільма «Зона 39[en]» ён даслаў адну з копій на офіс вядомага аўстралійскага рэжысёра Пітэра Уіра, які якраз у гэты час вярнуўся на радзіму пасля завяршэння здымак «Шоу Трумана». Падбіраючы музыку для кінастужкі, рэжысёр звярнуў увагу на саўндтрэк Дальвіца і прапанаваў яму працу[24].

Альбом быў выпушчаны 2 чэрвеня 1998 года лэйблам «Milan Records[en]»[25].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Паводле рэсурса «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 40 кінаўзнагародамі і яшчэ 69 намінацыямі[26]. Сярод найбольш значных узнагарод 3 прэміі «BAFTA»[27], 3 прэміі «Залаты глобус»[28] і 3 намінацыі на прэмію «Оскар»[29].

Кінафестываль / Кінапрэмія Дата Прэмія / Катэгорыя Намінант(ы) Вынік Сп.
Залаты глобус 24.01.1999[en] Найлепшы фільм — Драма[en] «Шоу Трумана» Намінацыя [28]
Найлепшы рэжысёр[en] Пітэр Уір Намінацыя
Найлепшая мужчынская роля — Драма[en] Джым Керы Перамога
Найлепшы акцёр другога плана ў кінафільме[en] Эд Харыс Перамога
Найлепшы сцэнарый[en] Эндру Нікал[en] Намінацыя
Найлепшая музыка да фільма[en] Буркхард Дальвіц[en], Філіп Глас Перамога
Асацыяцыя кінакрытыкаў Чыкага[en] 01.03.1999[en] Найлепшы фільм[en] «Шоу Трумана» Намінацыя
Найлепшы рэжысёр[en] Пітэр Уір Намінацыя
Найлепшы акцёр[en] Джым Керы Намінацыя
Найлепшы сцэнарый[en] Эндру Нікал Намінацыя
Найлепшая музыка[en] Буркхард Дальвіц Перамога
Оскар 21.03.1999[en] Найлепшая рэжысура Пітэр Уір Намінацыя [29]
Найлепшы акцёр другога плана[en] Эд Харыс Намінацыя
Найлепшы арыгінальны сцэнарый[en] Эндру Нікал Намінацыя
BAFTA 11.04.1999[en] Найлепшы фільм[en] «Шоу Трумана» Намінацыя [27]
Прэмія Дэвіда Ліна за дасягненні ў рэжысуры[en] Пітэр Уір Перамога
Найлепшы акцёр другога плана[en] Эд Харыс Намінацыя
Найлепшы арыгінальны сцэнарый[en] Эндру Нікал Перамога
Найлепшая аператарская праца[en] Пітэр Біжу[en] Намінацыя
Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка[en] Дэніс Гаснер[en] Перамога
Найлепшыя візуальныя эфекты[en] Майкл Дж. Мак-Алістэр[en], Брэд Куэн, Крэйг Баран[en], Пітэр Чэсні Намінацыя

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. выгрузка даных FreebaseGoogle.
  2. Internet Movie Database — 1990. Праверана 14 красавіка 2017.
  3. а б в г http://www.allocine.fr/film/fichefilm_gen_cfilm=18671.html Праверана 13 ліпеня 2016.
  4. http://www.imdb.com/title/tt0120382/ Праверана 13 ліпеня 2016.
  5. а б http://www.sinemalar.com/film/904/truman-show Праверана 13 ліпеня 2016.
  6. а б в г д е https://web.archive.org/web/20200607193236/https://www.europeanfilmawards.eu/en_EN/film/the-truman-show.5499 Праверана 7 чэрвеня 2020.
  7. а б в г д е ё ж з і к http://www.imdb.com/title/tt0120382/fullcredits Праверана 13 ліпеня 2016.
  8. http://www.rottentomatoes.com/m/truman_show/ Праверана 3 чэрвеня 2015.
  9. http://www.imdb.com/title/tt0120382/ Праверана 3 чэрвеня 2015.
  10. а б в г д е http://www.bbfc.co.uk/releases/truman-show-1970-5 Праверана 13 ліпеня 2016.
  11. а б http://www.filmaffinity.com/es/film504889.html Праверана 13 ліпеня 2016.
  12. а б в г д е ё ж з і к Česko-Slovenská filmová databáze — 2001.
  13. The Truman Show (1998) — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 2 лістапада 2022.
  14. У перакладзе з англійскай мовы «Seahaven» азначае «Марская гавань».
  15. Benedict Carver. ‘Truman’ suit retort (англ.). Сайт «Variety» (22 чэрвеня 1998). Архівавана з першакрыніцы 5 лістапада 2012. Праверана 20 лістапада 2022.
  16. How's It Going to End? The Making of The Truman Show, Part 1 (DVD). Paramount Pictures. 2005.
  17. Sheila Johnston. Interview: The clevering-up of America (англ.). Сайт «The Independent» (20 верасня 1998). Архівавана з першакрыніцы 22 ліпеня 2009. Праверана 20 лістапада 2022.
  18. а б Michael Fleming. ‘SNL’s’ Farley crashes filmdom (англ.). Сайт «Variety» (10 сакавіка 1994). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2007. Праверана 20 лістапада 2022.
  19. Michael Fleming. TriStar acquires female bounty hunter project (англ.). Сайт «Variety» (18 лютага 1994). Архівавана з першакрыніцы 21 ліпеня 2009. Праверана 20 лістапада 2022.
  20. Rob Blackwelder. 'S1M0NE'S SIRE (англ.). Сайт «Spliced Wire» (12 жніўня 2002). Архівавана з першакрыніцы 12 красавіка 2008. Праверана 20 лістапада 2022.
  21. John Clark. The Complexity of Cronenberg (англ.). Сайт «Los Angeles Times» (22 красавіка 1999). Праверана 20 лістапада 2022.
  22. Bernard Weinraub. An Unusual Choice for the Role of Studio Superhero (англ.). Сайт «The New York Times» (9 ліпеня 2000). Праверана 20 лістапада 2022.
  23. Burkhard Dallwitz – The Truman Show (Music From The Motion Picture) (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 2 лістапада 2022.
  24. Rob Walker. Burkhard Dallwitz (англ.)(недаступная спасылка). Сайт «Australian Music» (25 красавіка 1999). Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 1999. Праверана 7 кастрычніка 1999.
  25. The Truman Show (англ.). Сайт «Soundtrack.net». Праверана 5 снежня 2022.
  26. The Truman Show — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 2 лістапада 2022.
  27. а б Film in 1999 (англ.). Сайт прэміі «BAFTA». Праверана 2 лістапада 2022.
  28. а б Winners & Nominees 1999 (англ.)(недаступная спасылка). Сайт прэміі «Залаты глобус». Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2018. Праверана 2 лістапада 2022.
  29. а б The 71st Academy Awards | 1999 (англ.). Сайт прэміі «Оскар». Праверана 2 лістапада 2022.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]