Айдаха

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Штат Айдаха)
Айдаха
англ.: State of Idaho
Сцяг
Сцяг
Краіна
Гімн Here We Have Idaho[d]
Уваходзіць у
Адміністрацыйны цэнтр
Дата ўтварэння 3 ліпеня 1890
Кіраўнік Брэд Літл[d]
Насельніцтва
  • 1 839 106 чал. (1 красавіка 2020)[2]
Плошча
  • 216 699 км²
Вышыня
над узроўнем мора
1 524 м
Айдаха на карце
Часавы пояс UTC-7, UTC-8 і Амерыка/Дэнвер[d]
Код ISO 3166-2 US-ID
Тэлефонны код 208
Афіцыйны сайт (англ.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Айдаха (англ.: Idaho, [ˈaɪdəhoʊ]) — штат ЗША на ціхаакіянскім Паўночным захадзе ЗША[en] ў групе горных штатаў. Айдаха мяжуе з шасцю штатамі ЗША і канадскай правінцыяй Брытанская Калумбія на поўначы. Па даных перапісу насельніцтва ЗША 2020 года, у штаце жыло 1 841 377 чалавек. Па колькасці насельніцтва ён займае 39-е месца сярод штатаў ЗША. Плошча Айдаха складае 216 632 км², што робіць яго 14-м па велічыні штатам ЗША. Самы буйны горад штата і яго сталіца — Бойсэ. У ім жа размешчаны асноўныя ўрадавыя ўстановы штата, у тым ліку легіслатура Айдаха[en]. Каля паловы насельніцтва жыве ў гарадах. Этнічны склад: немцы — 18,9 %, англічане — 18,1 %, ірландцы — 10 %, «амерыканцы» — 8,4 %, нарвежцы — 3,6 %, шведы — 3,5 % [3].

Тапаніміка[правіць | правіць зыходнік]

Світанак над Нацыянальным запаведнікам драпежных птушак ракі Снэйк.

Сярод гісторыкаў няма адзінай думкі адносна паходжання назвы штата. Паводле аднаго тлумачэння, у 1860 годзе лабіст ад шахцёраў Джордж Уілінг[en] прапанаваў кангрэсу даць новай тэрыторыі, якая зараз з’яўляецца штатам Каларада, назву «Айдаха». Паводле яго слоў, на мове племя шашонаў гэтае слова азначала «горны самацвет» (англ.: gem of the mountains). Аднак у кангрэсе засумняваліся ў довадах Уілінга адносна паходжання слова, а новай тэрыторыі надалі імя «Каларада». Пры гэтым адзін з гарадоў Каларада яшчэ ў 1859 годзе[4] названы Айдаха (з 1866 года — Айдаха-Спрынгс)[5]. Пазней Уілінг нібы прызнаўся ў тым, што гэтае слова з’яўляецца выдумкай[6][7]. Паводле іншага тлумачэння, слова «айдаха» (у перадачы англ.: ee-dáh-how — «і-да́-хоў») на мове шашонаў значыла «ўзыходзіць Сонца»; слова можа таксама паходзіць з мовы племя арапаха[4]. Па трэцяй версіі, слова «айдаха» (ídaahę́) азначае «вораг»; яно ўжывалася племем атабаскаў для абазначэння племя каманчаў[8].

9 чэрвеня 1860 года па рацэ Калумбія быў пушчаны параход, названы «Айдаха» (англ.: Idaho(e))[4][9]. У яго гонар у 1861 годзе была названа новаствораная акруга Айдаха. У 1863 годзе ад тэрыторыі Вашынгтон аддзялілася новая тэрыторыя, названая ў гонар акругі[10]. І ў 1890 годзе тэрыторыя Айдаха атрымала статус штата[11].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Горная здабыча развіта ў Айдаха і дагэтуль
(сярэбраная шахта Лакі-Фрайдэй каля Кер-д’Алена)

Артэфакты з познепалеалітычнай стаянкі Куперс-Феры (Cooper's Ferry) на рацэ Салмон (вадазбор Калумбіі) у штаце Айдаха (фрагменты костак млекакормячых, рэшткі спаленага вугалю[ru]) датуюцца перыядам 15,28-16,56 тыс. гадоў таму. Каменныя прылады з Айдаха маюць падабенства з індустрыяй познеплейстацэнавай стаянкі Камісіратакі 2 (Kamishirataki 2) на востраве Хакайда (Японія). Гэта сведчыць аб тым, што людзі першапачаткова мігравалі ў Амерыку ўздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа, але не выключае наступных міграцый чалавека ў больш позні час праз вольны ад лёду калідор ад Берынгіі да цяперашняй Дакоты, які адкрыўся паміж Кардыльерскім і Лаўрэнційскім кантынентальнымі ледавіковымі шчытамі ў канцы плейстацэну, як мяркуе палеагенаміка[12]. Па некаторых ацэнках, палеаіндзейцы, з’явіліся на прасторах Айдаха ў XIII тысячагоддзі да н. э., бо ў пячоры Уілсан-Б’ют каля горада Туін-Фолс былі выяўленыя адны з найболей старажытных на тэрыторыі ЗША наканечнікі стрэл[13]. Плямёны індзейцаў былі геаграфічна падзелены на некалькі культурных абласцей. Сярод найбуйнейшых можна вылучыць плямёны не-персе і паютаў[14][15]. Усяго на момант прыходу еўрапейцаў у Айдаха насяляла каля 8000 індзейцаў[16].

Першымі еўрапеоідамі, якія ўвайшлі на прастору Айдаха, сталі члены экспедыцыі Льюіса і Кларка, якія прайшлі праходам Лемхай 12 жніўня 1805 года[17][18]. У наступныя гады землі Айдаха пачалі актыўна даследавацца траперамі пушных кампаній. Акрамя таго, тэрыторыя Айдаха, тады яшчэ частка Арэгонскай зямлі, стала прадметам тэрытарыяльнай спрэчкі паміж ЗША і Вялікабрытаніяй. Канчатковы дагавор, які замацоўваў Арэгонскую зямлю за ЗША, быў складзены паміж ЗША і Брытаніяй толькі 15 чэрвеня 1846 года[19]. Да таго часу пушныя рэсурсы ў значнай ступені былі вычарпаныя. Але ў 1850-1860-я гады на тэрыторыі Айдаха выявіліся багатыя радовішчы золата, што прывяло да бурнага прытоку старацеляў і падставы першых гарадоў. Як следства, значна вырасла колькасць канфліктаў паміж першапасяленцамі і карэнным насельніцтвам. Адным з найбуйнейшых канфліктаў стала разня на рацэ Бер, падчас якой загінула некалькі сотняў чалавек.

4 сакавіка 1863 года прэзідэнтам Аўраамам Лінкальнам быў падпісаны ўказ аб арганізацыі тэрыторыі Айдаха. Неўзабаве пасля гэтага ў Айдаха ўзрасло палітычнае супрацьстаянне мармонаў і іхніх супернікаў. У сувязі з гэтым у 1886—1887 гадах Айдаха знаходзіўся на мяжы падзелу паміж штатамі Вашынгтон і Невада. Аднак прэзідэнт Кліўленд гэтага не дапусціў. У рамках урэгулявання канфлікту ў Айдаха быў у тым ліку заснаваны першы ўніверсітэт. За час знаходжання Айдаха ў статусе тэрыторыі яго насельніцтва павялічылася ў некалькі разоў: з 17 804 чалавек у 1870 годзе да 88 548 у 1890 годзе. Акрамя гэтага, у Айдаха былі праведзены чыгунка, тэлеграфная і тэлефонная лініі[20].

3 ліпеня 1890 года Айдаха атрымаў статус штата, 43-га па ліку. Першыя гады існавання маладога штата былі азмрочаны шматлікімі забастоўкамі шахцёраў. Губернатару Сцюненбергу давялося звяртацца да федэральных уладаў каб яны ўвялі войскі ў Айдаха. Пазней губернатар быў забіты бомбай на двары ўласнага дома. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя штат праводзіў прагрэсіўную палітыку. Так, у 1896 і 1916 гадах, яшчэ да прыняцця на федэральным узроўні, у Айдаха былі ўведзены выбарчыя правы для жанчын[21] і сухі закон[22] адпаведна. Сельскагаспадарчы сектар эканомікі штата сур’ёзна пацярпеў падчас крызісу 1929 года[en]. «Новы курс Рузвельта» меў у штаце стрыманую падтрымку. Губернатар Чарлз Рос, адказны за яго прасоўванне, быў больш прыхільнікам аграрызму[en], чым курсу Рузвельта[23].

Падчас Другой сусветнай вайны ў штаце былі адкрыты два лагеры для інтэрніраваных грамадзян японскага паходжання. Першы лагер быў размешчаны ў 50 кіламетрах ад горада Кускія[en] і дзейнічаў з сярэдзіны 1943 да сярэдзіны 1945 года. У ім утрымлівалася да 265 грамадзян японскага паходжання з больш за 20 штатаў, а таксама з Мексікі, Панамы і Перу[24]. Іншы лагер, які цяпер прызнаны гістарычнай славутасцю Мінідока, быў размешчаны ў пустыннай мясцовасці ў акрузе Джером[en]. Ён дзейнічаў са жніўня 1942 да кастрычніка 1945 года. Максімальная колькасць насельніцтва лагера складала 9397 чалавек[25].

З сярэдзіны XX стагоддзя прадстаўнікамі ўлады ў Айдаха становяцца пераважна рэспубліканцы[20].

Сёння горная здабыча і сельская гаспадарка, якая ў значнай частцы занята вырошчваннем бульбы, застаюцца немалаважнымі галінамі эканомікі Айдаха[26].

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Айдаха мяжуе з шасцю штатамі і канадскай правінцыяй. На ўсходзе — са штатамі Ваёмінг і Мантана, на захадзе — з Арэгонам і Вашынгтонам, на поўдні — з Ютай і Невадай, і на поўначы з канадскай правінцыяй Брытанская Калумбія.

Вялікую частку Айдаха займае паўднёвая ўскраіна Калумбійскага плато і Скалістыя горы вышынёй да 3857 м. На паўднёвым захадзе — пласкагор’е, даліна ракі Снейк, штат практычна цалкам размешчаны ў басейне ракі Калумбія. Вечназялёныя лясы займаюць каля двух трацін яго тэрыторыі. Па плошчы нацыянальных лясных заказнікаў Айдаха займае 3-е месца ў краіне.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Клімат кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад −2 да −7, ліпеня ад +20 да +25. Ападкаў 300—500 мм на год.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. archINFORM — 1994. Праверана 6 жніўня 2018.
  2. 2020 United States Census / пад рэд. Бюро перапісу насельніцтва ЗША Праверана 20 сакавіка 2022.
  3. Этнічны склад штата Айдаха Архівавана 16 лютага 2011.
  4. а б в John E. Rees. Idaho — its meaning, origin and application. — Portland: The Ivy Press, 1917. — 16 p. — ISBN 1113409312.
  5. Fun Facts and Trivia — Historic Idaho Springs (англ.)(недаступная спасылка). Historical Society of Idaho Springs. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 17 кастрычніка 2010.
  6. Richard W. Etulain, Bert W. Marley. Origins of the Name 'Idaho' // The Idaho heritage: a collection of historical essays. — Idaho State University Press, 1974. — 230 p. Архівавана 20 студзеня 2013 года.
  7. Erl H. Ellis. That Word «Idaho». — Denver: Western Folklore, 1951. — № 4.
  8. Online Etymology Dictionary (англ.). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 17 кастрычніка 2010.
  9. Idaho's Name (англ.). Official Idaho Vacation and Travel Planning Guide. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 17 кастрычніка 2010.
  10. Idaho County (англ.)(недаступная спасылка). Idaho.gov. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 17 кастрычніка 2010.
  11. Idaho becomes 43rd state (англ.). history.com. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2012. Праверана 10 чэрвеня 2012.
  12. Loren G. Davis et al. Late Upper Paleolithic occupation at Cooper’s Ferry, Idaho, USA, ~16,000 years ago Архівавана 5 верасня 2019., 30 Aug 2019
  13. Wilson Butte Cave (англ.)(недаступная спасылка). Bureau of Land Management. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 8 лістапада 2010.
  14. The Peoples of Idaho: Native Settlers (англ.). Idaho Museum of Natural History. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 8 лістапада 2010.
  15. Jill Foran. Idaho. A guide to American states, American States Series. — Weigl Publishers Inc., 2002. — P. 17. — 32 p.
  16. Idaho Culture (англ.). Official Idaho Vacation and Travel Planning Guide. Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2012. Праверана 3 верасня 2011.
  17. Lemhi Pass—Lewis and Clark Expedition (англ.)(недаступная спасылка). A National Register of Historic Places Travel Itinerary. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 10 лістапада 2010.
  18. The Lewis and Clark Back Country Byway and Adventure Road (англ.)(недаступная спасылка). Bureau of Land Management. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 11 лістапада 2010.
  19. Treaty between Her Majesty and the United States of America, for the Settlement of the Oregon Boundary (англ.)(недаступная спасылка). Université de Montréal. Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2003. Праверана 20 лістапада 2010.
  20. а б Idaho Political Periods (англ.)(недаступная спасылка). Idaho State Historical Society. Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2012. Праверана 22 мая 2012.
  21. Kris Kobach.. WOMAN SUFFRAGE AND THE NINETEENTH AMENDMENT (англ.). UMKC School of Law. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2012. Праверана 24 мая 2012.
  22. Wicked Waters Explores Demon Liquor in Idaho (англ.). Boise Weekly[en]. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2012. Праверана 24 мая 2012.
  23. Idaho State Governors (англ.). Genealogy Trails. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2012. Праверана 24 мая 2012.
  24. Asian American Comparative Collection: The Kooskia Internment Camp Project (англ.). University of Idaho. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2012. Праверана 4 чэрвеня 2012.
  25. A Brief History of Japanese American Relocation During World War II (англ.)(недаступная спасылка). nps.gov. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2012. Праверана 4 чэрвеня 2012.
  26. Idaho — Economy (англ.). city-data.com. Архівавана з першакрыніцы 28 красавіка 2014. Праверана 10 чэрвеня 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]