Ястрамбель
Вёска
Ястрамбель
| ||||||||||||||||||||
Ястрамбе́ль[1] (трансліт.: Jastrambieĺ, руск.: Ястрембель) — вёска ў Беларусі, у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Малахавецкага сельсавета. Размешчана за 15 км на поўдзень ад Баранавіч, пры рацэ Мышанка.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Вядомы з XVI стагоддзя як паселішча Навагрудскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Упамінаецца ў 1507 г. як уладанне Пятра Дарагастайскага, а ў 1567 г. — як уладанне Андрэя Падарэўскага, які са сваіх маёнткаў выстаўляў «12 коней збройна»[2]. Пад 1577 года упамінаецца ў актах Берасцейскага гродскага суда.
У 1663 г. (у дарчым запісу дэрпцкага падкаморыя Яна Гераніма Рдултоўскага і яго жонкі Сусаны) маёнткам Ястрамбель стаў валодаць іх сын Міхал Ян Рдултоўскі, а пазней яго нашчадкі па мужчынскай лініі[2].
Па тэстаменту новагародскага суддзі Антонія Рдултоўскага ад 1768 г. маёнтак перайшоў у валоданне яго сыноў — Яўхіма Рдултоўскага і новагародскага харужага Яна Хрызастома Рдултоўскага (1735—1791)[2]. Неўзабаве 21 красавіка 1768 г. частку маёнтка прадалі Францу Ябланеўскаму[2]. У 1776 г. Ян Хрызастом Рдултоўскі (1735—1791) разам са сваёй жонкай Канстанцыяй запісалі фундуш мясцовай ястрамбельскай царкве[2]. Ад Яна Хрызастома маёнтак перайшоў у валоданне яго сына — Казіміра Рдултоўскага.
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У 1840 г. у Ястрамбелі была пабудавана драўляная царква Святога Мікалая Цудатворца. Маёнтак Ястрамбель (вёскі Ястрамбель, Малахоўцы, Сіворчыцы, вінакурня) і маёнтак Адахоўшчына (Адахоўшчына, Карчы, Селявічы) у 1846 г. супольна налічвалі 226 душ мужчынскага пола, 180 душ жаночага пола, 9374 дзесяціны зямлі (лес і 2388 дзесяціны пашні)[3].
Маёнтак Ястрамбель з палацам Казімір Рдултоўскі прадаў 3 мая 1851 г. двараніну-каталіку Міхалу Катлубаю[3]. Да Міхала ў Ястрамбель частка заязджаў яго родны брат Эдвард Катлубай (1822—1879), які часта працаваў у архіве Радзівілаў у нясвіжскім палацы і выдаў пасля ў 1854 г. у Вільні кнігу «Нясвіжская галерэя Радзівілаўскіх партрэтаў»[3].
У 1864 г. маёнтак і палац перайшлі па спадчыне да сына Міхала Катлубая — адстаўнога паручніка Генрыка Катлубая (1829 г. нар.), які быў жанаты з Ізабелай Антонаўнай Мацкевіч[3]. Пры Генрыку Катлубаю яго зямельныя валоданні ў вёсцы Ястрамбель налічвалі толькі 2763 дзесяціны, бо ў выніку сялянскай рэформы (1861) у Расійскай Імперыі вызваленыя ад прыгону сяляне атрымалі частку зямлі маёнтка Ястрамбель[3]. У 1897 г. у Ястрамбелі Катлубаі пабудавалі шыкоўны палац, знешні выгляд якога застаўся амаль нязменым да нашага часу[4].
З 1878 года працавала школа чаравічнага рамяства. У 1879 годзе праваслаўны прыход налічваў каля 1,5 тыс. вернікаў, царкве належала каля 40 дзесяцін зямлі (у тым ліку 17 дзесяцін ворыва). У 1886 годзе сяло — цэнтр воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні, дзейнічала царква. Побач знаходзіліся сядзіба, дзе працаваў вінакурны завод, пейзажны парк, сад, сажалка.
Паводле перапісу 1897 годзе ў сяле дзейнічалі царква, хлебазапасны магазін, валасное праўленне, пабудавана новая сядзіба. На пачатку XX ст. працавала школа граматы.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]Пасля смерці Генрыка Катлубая маёнткам кіравала яго жонка Ізабела і толькі ў 1911 г. зямля маёнтка была падзелена роўнымі часткамі (па 1184 дзесяціны) паміж дзецьмі Генрыка і Ізабелы — Эдвардам і Міхалам Катлубаямі[3].
Апошнім уласнікам маёнтка Ястрамбель быў Зыгмунт Катлубай (1885—1940), выпускнік Ягелонскага ўніверсітэта і юрыст[3].
З 1921 года вёска ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства.
З 1939 года ў БССР. Зямля і палац Катлубаяў у Ястрамбелі былі нацыяналізаваны[3].
З 15 студзеня 1940 года ў Навамышскім раёне Баранавіцкай, з 8 студзеня 1954 года Брэсцкай абласцей, з 8 красавіка 1957 года ў Баранавіцкім раёне.
У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах вайны загінула 12 вяскоўцаў.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе:
- XX стагоддзе:
- XXI стагоддзе:
- 2005 — 384 жыхары, 155 гаспадарак.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У вёсцы знаходзяцца магазін, школа-інтэрнат, музей Кабушкіна.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Палацава-паркавы комплекс Катлубаяў (канец XIX ст.; уключае мураваны сядзібны дом, парк, сад[5]).
- Вінакурня
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
- ↑ а б в г д Федорук 2006, с. 514.
- ↑ а б в г д е ё ж Федорук 2006, с. 515.
- ↑ Федорук 2006, с. 516.
- ↑ Ястрембельская ўсадьба Архівавана 17 верасня 2016. // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. — 528 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0373-X.
- Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
- Roman Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej (польск.). — drugie przejrzane i uzupełnione. — Wrocław: Ossolineum, 1993. — T. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — 474 s. — ISBN 83-04-03784-X (т. 2), ISBN 83-04-03701-7.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Ястрамбель на Вікісховішчы |
- Ястрамбель на сайце Radzima.org
- Ястрембель на сайце Глобус Беларусі (руск.)