52-і спецыялізаваны пошукавы батальён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
52-і спецыялізаваны пошукавы батальён
Гады існавання з 1 сакавіка 1995 года
Краіна Беларусь
Падпарадкаванне Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
Уваходзіць у Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь
Тып пошукавая вайсковая часць
Функцыя палявыя пошукі загінулых на вайне
Колькасць 200 чалавек (2018)
Дыслакацыя вёска Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласць)

52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён (52 аспб) — воінская часць Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, створаная ў сакавіку 1995 года.

Воінская часць 28443 размяшчаецца ў вёсцы Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласць)[1]. Задачамі 52-га батальёна ёсць: 1) пошук загінулых і зніклых без вестак у гады войнаў ваенных і грамадзянскіх ахвяр войнаў; 2) узаеміны са службовымі асобамі мясцовых органаў улады і ваенных камісарыятаў у раёнах правядзення пошуку; 3) усталяванне зносін са службовымі асобамі архіваў і музеяў, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзянамі дзеля выяўлення месцаў няўлічаных ваенных пахаванняў; 4) вызначэнне імёнаў загінулых ваенных і грамадзянскіх ахвяр войнаў[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

30 лістапада 1994 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 231 «Аб паляпшэнні працы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў у Рэспубліцы Беларусь», паводле 2-га пункту якога даручыў: «Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь у месячны тэрмін... за кошт колькасці войскаў сфарміраваць спецыялізаванае воінскае фарміраванне (батальён да 200 чалавек) для правядзення пошукавай працы, звязанай з увекавечаннем памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, і арганізаваць яго дзейнасць»[3]. 16 студзеня 1995 года начальнік Галоўнага штаба Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь падпісаў Дырэктыву № 5/03, паводле якой 1 сакавіка 1995 года быў створаны 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён. Першы пошукавы перыяд правялі з 23 сакавіка па 30 кастрычніка 1995 года. Да 2002 года 3 спецыялізаваныя пошукавыя роты 52-га батальёна размяшчаліся ў Гродне, Віцебску і Мінску. У 2002 годзе склад скарацілі да 2 рот. У 2003 годзе 52-і батальён размясцілі ў вёсцы Заслонава (Лепельскі раён, Віцебская вобласць)[4]. У 2004 годзе ў склад 52-га батальёна дадалі 2 рэкагнасцавальныя пошукавыя групы.

5 мая 2004 года міністр абароны Беларусі Леанід Мальцаў падпісаў Пастанову Мінабароны № 21 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку аказання платных паслуг ваеннымі часткамі па пошуку няўлічаных пахаванняў замежных ваенных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Паводле 17-га пункту Інструкцыі, прыбытак ад аказання платных паслуг выкарыстоўваецца: «40% — на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы воінскай часці; 30% — на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы кіраўніцтва ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных сіл; 30% — на матэрыяльнае заахвочванне і сацыяльную падтрымку ваенных і грамадзянскага персаналу воінскай часці і кіраўніцтва ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных сіл»[5]. 4 красавіка 2005 года міністр абароны Леанід Мальцаў падпісаў Загад Мінабароны № 12 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб асобнай спецыяльнай пошукавай ваеннай частцы», прызначэннем якой паводле 3-га пункту ёсць «пошук няўлічаных ваенных пахаванняў з мэтай увекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў». Паводле 6-га пункту Палажэння, «Пошукавая воінская часць складаецца з: кіраўніцтва; спецыялізаваных пошукавых рот (спецыялізаваныя пошукавыя ўзводы, узводу забеспячэння); рэкагнасцавальных пошукавых груп»[6]. У жніўні 2005 года 52-і пошукавы батальён знайшоў каля вёскі Селішча (Вілейскі раён, Мінская вобласць) рэшткі 224 французскіх салдат Напалеона (Вайна 1812 года). У лістападзе 2006 года рэшткі аднаго з іх пахавалі каля помніка Бакура на Брылёўскім полі (Барысаўскі раён, Мінская вобласць). У лістападзе 2007 года рэшткі астатніх 223 французскіх салдат перапахавалі на могілках вёскі Студзёнка (Барысаўскі раён)[7].

Улетку 2007 года 52-і пошукавы батальён правёў паўторныя раскопкі даваенных пахаванняў у Шчакатоўскім лесе (Гомельскі раён)[8]. У 1930-я гады атрады Народнага камісарыяту ўнутраных спраў БССР расстрэльвалі там асуджаных, ва ўрочышчы Тры Слупы і Баркі (Рэпрэсіі ў БССР)[9]. У 2010 годзе 52-і пошукавы батальён раскапаў і перадаў мясцовым органам улады для перапахавання рэшткі 1302 загінулых, устанавіў імёны 133 загінулых ваенных і грамадзянскіх ахвяр войнаў, знайшоў 464 выбухованебяспечныя прадметы, 329 патронаў, 6 адзінак стралковай зброі, 4 узнагароды, 47 медальёнаў і 763 рэліквіі, абазначыў межы пахаванняў 213 загінулых у Вялікай Айчыннай вайне. Таксама 52-і батальён рэкагнасцаваў 53 будучых месцы пошуку і правёў палявы пошук на 71 няўлічаным ваенным пахаванні. Агулам пошук правялі ў 112 мясцінах ва ўсіх абласцях Беларусі і ў 2 мясцінах у Падляскім ваяводстве Польшчы. На Падляшшы знайшлі рэшткі 15 чырвонаармейцаў, загінулых у чэрвені 1941 года (Беластоцкая вобласць, Беларуская ССР). За 15 гадоў 52-і батальён правёў пошук у 1887 мясцінах у 109 са 118 раёнаў Беларусі, знайшоў і перадаў для перапахавання рэшткі 16 770 загінулых ваенных і грамадзянскіх ахвяр войнаў. За гэты ж час вызначылі імёны 1878 загінулых падчас войнаў, знайшлі 266 медальёнаў і 39 узнагародаў, абясшкодзілі 3696 выбухованебяспечных прадметаў[10]. Пры пошуку выкарыстоўвалі металадэтэктары, спадарожнікавыя навігатары і лічбавыя фотакамеры[11].

На 2012 год, за 17 гадоў, 52-і спецыялізаваны пошукавы батальён у супрацы з мясцовымі ўладамі правёў пошук у 1907 мясцінах на землях 110 са 118 раёнаў Беларусі. Адмыслоўцы батальёну знайшлі і перадалі для перапахавання рэшткі 19 682 загінулых ваенных, абазначылі межы пахаванняў 312 973 загінулых, пацверджаныя архіўнымі звесткамі. У выніку палявых пошукаў удалося вярнуць імёны 2262 загінулых падчас войнаў і абясшкодзіць 4175 выбухованебяспечных прадметаў. У выніку архіўна-даследчай працы ўстанавілі 79 893 імені загінулых ваенных. На 2012 год на дзяржаўным уліку стаяла 7233 ваенныя пахаванні, што склала ўдвая больш за паказчык 2003 года[12]. У 2014 годзе 52-і пошукавы батальён правёў пошук у 127 мясцінах у 40 са 118 раёнаў усіх абласцей Беларусі, раскапаў і перадаў уладам для перапахавання рэшткі 3041 загінулага, вызначыў імёны 53 з іх. Таксама 52-і батальён выявіў 8 адзінак стралковай зброі 4859 патронаў, 542 выбухованебяспечныя прадметы і 2 узнагароды. За 20 гадоў 52-і пошукавы батальён абазначыў межы пахаванняў 313 025 асоб, выявіў рэшткі звыш 69 000 чалавек, правялі пошукі ў амаль 2000 мясцінах, абясшкодзілі звыш 5000 выбухованебяспечных прадметаў, выявілі 186 адзінак стралковай зброі, звыш 25 000 патронаў, 560 медальёнаў, 58 узнагародаў і звыш 13 500 рэліквіяў[2].

У 2015 годзк 52-пошукавы батальён правёў палявыя працы ў 119 мясцінах часоў абедзвюх сусветных войнаў і вайны 1812 года, перадаў у мясцовы органы ўлады для перапахавання рэшткі звыш 2000 чалавек[13]. У кастрычніку 2015 года 52-і пошукавы батальён правёў раскопкі ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле (Мазалаўскі сельсавет, Віцебскі раён), дзе знайшоў некалькі пластоў рэшткаў мужчын і жанчын, расстраляных у 1930-я гады[14]. У большасці раскапаных рэшткаў каля 200 чалавек былі адтуліны ад куляў у патылічнай і цемянной частках чарапоў. Іх перапахавалі ў брацкай магіле на станцыі «Лужасна»[15].

У канцы 2017 года 52-і асобны пошукавы батальён быў размешчаны ў вёсцы Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласць)[16].

Камандзіры[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён (руск.)(недаступная спасылка). Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь (25 красавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2018. Праверана 15 сакавіка 2018.
  2. а б 52 асобнаму спецыялізаванаму пошукаваму батальёну — 20 гадоў. Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь (25 лютага 2015). Праверана 20 сакавіка 2018.(недаступная спасылка)
  3. А.Лукашэнка. Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 1994 года № 231 «Аб паляпшэнні працы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў у Рэспубліцы Беларусь» (руск.). Юрыдычная бібліятэка «Навіны Беларусі» (1 кастрычніка 2008). Праверана 15 сакавіка 2018.
  4. а б Н. Міхайлава. На Дзятлаўшчыне вяліся палявыя пошукавыя работы // Перамога : газета. — Дзятлава: жнівень 2013. — № 62.(недаступная спасылка)
  5. Раздзел 8-ы. Пастановы Нацбанка, міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання (с. 38) (руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (26 мая 2004). Праверана 20 сакавіка 2018.(недаступная спасылка)
  6. Леанід Мальцаў. Загад Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь ад 4 красавіка 2005 г. № 12 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб асобнай спецыяльнай пошукавай ваеннай частцы» (руск.). Прававы партал Валерыя Леванеўскага (28 сакавіка 2007). Праверана 20 сакавіка 2018.
  7. На Барысаўшчыне пройдзе жалобная цырымонія па жаўнерах Напалеона. Еўрарадыё (23 лістапада 2008). Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2022. Праверана 20 сакавіка 2018.
  8. Таццяна Уласенка. Гомельскія Курапаты // Новы час : газета. — 21 студзеня 2011. — № 3 (226). — С. 15. — ISSN 2218-2244.
  9. Фотафакт: кадры з дакументальнага фільма «Лес смерці», які расказвае пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій. БелаПАН (4 студзеня 2008). Праверана 20 сакавіка 2018.(недаступная спасылка)
  10. Вячаслаў Будкевіч. У 2010 годзе ваеннаслужачыя 52-га пошукавага батальёна знайшлі астанкі больш чым 1.300 загінулых падчас войнаў на тэрыторыі Беларусі. БелаПАН (30 лістапада 2010). Праверана 20 сакавіка 2018.(недаступная спасылка)
  11. Канстанцін Антановіч. Батальён і медальёны // Культура : газета. — 18 чэрвеня 2011. — № 25 (996). — С. 15. — ISSN 2218-2244.
  12. Алена Дзядзюля. Невядомым салдатам вяртаюцца імёны // Звязда : газета. — 22 чэрвеня 2012. — № 119 (27234). — С. 2. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  13. Тэлеканал «Беларусь 1». Пошукавы батальён узброеных сіл пачынай новы сезон. Белтэлерадыёкампанія (1 сакавіка 2016). Праверана 20 сакавіка 2018.(недаступная спасылка)
  14. 15 фактаў пра «віцебскія Курапаты», адкрытыя 3 гады таму. Радыё «Свабода» (13 лістапада 2017). Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2020. Праверана 20 сакавіка 2018.
  15. Ігар Мацвееў. Грэка-каталіцкі святар адслужыў паніхіду па невядомых ахвярах, расстраляных пад Віцебскам. Газета «Царква» (29 красавіка 2017). Праверана 20 сакавіка 2018.(недаступная спасылка)
  16. Васіль Матырка. Прысяга на вернасць «Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Газета «Лепельскі край» (28 снежня 2017). Праверана 20 сакавіка 2018.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]