Пырнік паўзучы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Elytrigia repens)
Пырнік паўзучы
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Elymus hispidus

Сінонімы
Elymus repens

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  512839
NCBI  52152
EOL  1115777
IPNI  90320-2
TPL  kew-411505

Пы́рнік паўзучы[3][4] (Elymus hispidus) — шматгадовая травяністая расліна, від роду пырнічнік (Elymus) сямейства метлюжковыя (Poaceae), раней уключаўся ў род пырнік (Elytrigia) сямейства метлюжковыя (Poaceae).

Назвы[правіць | правіць зыходнік]

Пырнік паўзучы, пыр'як[5], пырый, пыр'я, жытвіц, ніўка, пырнікавая барана[6][7][8][9].

Батанічнае апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

Шматгадовая расліна[4] з валасніковістай каранёвай сістэмай даўжынёй да 100 см. Карэнішчы доўгія, паўзучыя гарызантальныя[4], залягаюць на глыбіні ад 5 да 15 см, пераважна на глыбіні 10—12 см.

Сцябло гладкае, вышынёй ад 40 да 150 см, галінастае ад вузла кушчэння.

Лісце вузкалінейнае, шурпатае, шэра-зялёнае[4], 15-40 см даўжынёй, шырынёй 3-10 мм ля аснавання расліны і 2-8,5 мм вышэй па сцябле.

Кветкі (ад 3 да 8) дробныя, сабраны ў каласкі даўжынёй 1-2 см, шырынёй 5-7 мм і таўшчынёй 3 мм. Каласкі сабраны ў рэдкі прамы[4] рыхлы колас даўжынёй ад 10 да 30 см. Каласковая і ніжняя кветкавая луска[4] паступова звужваюцца да верхавіны і пераходзяць у осць. Формула кветкі:. Квітнее ў чэрвені-ліпені[4].

Плод — зярняўка. Размнажаецца вегетатыўна карэнішчамі[4] і насеннем (да 350 з расліны). Расце на друзлых глебах[4].

Распаўсюджанне[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіць з Еўропы, Паўночнай Афрыкі і Азіі. У Беларусі[4] расце паўсюдна.

Значэнне і ўжыванне[правіць | правіць зыходнік]

Натуралізаваны па ўсім свеце, у многіх месцах лічыцца злосным пустазеллем. Засмечвае пасевы ўсіх сельскагаспадарчых культур, сады, агароды, лугі, пашы[4]. Для знішчэння ва ўмовах агарода ўжываюць перакопванне глебы з выдаленнем карэнішчаў уручную, мульчаванне  (руск.). Па-за глебай карэнішчы пырніка хутка высыхаюць і гінуць.

Лісце служаць кормам для многіх траваедных. Насенне ядуць некаторыя птушкі, напрыклад пуначка. З'яўляецца кармавою раслінай вусеняў розных матылёў, у тым ліку віду Thymelicus lineola.

У навуковай медыцыне траву і карэнішчы ўжываюць як мачагонны, патагонны, адхарквальны і слабы слабільны сродак.

Сок ​​свежага лісця выкарыстоўваюць для лячэння прастуды, бранхіта, запалення лёгкіх, жоўцева- і мачакаменнай хваробы, астэахандроза, фурункулёза.

Высушаныя карэнішчы пырніка паўзучага (Rhizoma graminis) утрымліваюць малавывучаныя гліказіды, слізь і іншыя поліцукрыды, галоўным з якіх з'яўляецца трытыцін[4]. Акрамя гэтага ў складзе знойдзены фруктоза, маніт  (руск.), іназіт, аграпірэн, глюкаванілін, тлусты алей, сляды эфірнага алею, аскарбінавая кіслата, карацін, сапанін[4].

Ужываюць у выглядзе адвару як супрацьзапаленчы сродак пры рэўматызме, падагры, запаленні мачавога пузыра, нырачнакаменнай хваробе, скурных высыпаннях[4][10].

Ужываецца ў ежу (свежыя і высушаныя карэнішчы). Размолатыя карэнішчы даюць муку, з якой можна рыхтаваць напоі, піва.

Каштоўная кармавая расліна. Лугавое і пераложнае сена, скошанае да цвіцення, адрозніваецца высокімі пажыўнымі ўласцівасцямі. На пашах пырнік есца усімі відамі жывёлы, лічыцца малакагонным сродкам для кароў. У фазе цвіцення змяшчае 9 % бялка, 2,7 тлушчу, 31 абалоніны, 47 % безазоцістых экстрактыўных рэчываў. Ураджай сена на пакладах вагаецца ад 6 да 15 (26) ц/га, на заліўных лугах — 20-60 ц/га.

Збор, перапрацоўка і захоўванне[правіць | правіць зыходнік]

Нарыхтоўваюць карэнішчы ранняй вясной ці восенню[4] пры ўзворванні пакладаў, здабываючы іх баронамі або выкопваючы рыдлёўкамі. Затым абразаюць надземныя часткі і карані, а карэнішчы мыюць у халоднай вадзе. Сушаць на гарышчах ці пад навесамі, рассцілаючы тонкім пластом на паперы або тканіны і перыядычна змешваюць[4]. Сыравіну пакуюць ў мяшкі па 40 кг. Захоўваюць у сухіх, добра ветраных памяшканнях. Гатовая сыравіна складаецца з карэнішчаў ці іх кавалкаў таўшчынёй 2 мм, водар адсутнічае, смак злёгку салодкі[4].

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісванай у гэтым артыкуле групы раслін да класа аднадольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Аднадольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 10. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Пырей ползучий // Лекарственные растения и их применение. — 5-е, перераб. и. доп.. — Мн.: «Наука и техника», 1974. — С. 78-79. — 592 с. — 120 000 экз.
  5. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  6. Анненков Н.  (руск.) Ботанический словарь, Спб, 1878
  7. Васількоў І. Г. Матэрыялы да флоры Горацкага раёна. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. III. Горы-Горкі, 1927
  8. Рытов М. В.  (руск.) Русские лекарственные растения. т. I. Петроград, 1918
  9. Чоловский К. Опыт описания Могилевской губернии. По программе и под редакцией А. С. Дембовецкого, кн. I. Могілев.
  10. Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь : Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — м: Высш. шк., 1990. — С. 229. — ISBN 5-06-000085-0. Архівавана 20 красавіка 2014.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993. ISBN 5-857
  • Губанов И. А., Киселёва К. В., Новиков В. С., Тихомиров В. Н. Иллюстрированный определитель растений Средней России. В 3-х томах. — М.: Т-во науч. изд. КМК, Ин-т технолог. иссл, 2002. — Т. 1. Папоротники, хвощи, плауны, голосеменные, покрытосеменные (однодольные). — С. 236. — ISBN 8-87317-091-6.
  • Лекарственные растения луга. — М.: Изобразительное искусство, 1993. — С. 46—47.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Пырей средний: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)
  • Пырнік паўзучы (як Elymus repens (L.) Gould) на сайце USDA NRCS