Hunter (беспілотны верталёт)
Hunter | |
---|---|
Тып | беспілотны лятальны апарат |
Распрацоўшчык | КБ «Беспілотныя верталёты» |
Статус | на выпрабаваннях |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Hunter (з англ.: «паляўнічы») — беларускі разведвальна‑ўдарны беспілотны верталёт вытворчасці КБ «Беспілотныя верталёты» (былая «Індэла»). Можа прымяняцца ў складзе расійскага беспілотнага авіяцыйнага комплексу БАС-750.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Апарат быў прэзентаваны 23 чэрвеня 2021 года, у першы дзень міжнароднай зброевай выставе «MILEX—2021» у Мінску. Разам з ім дэбют быў і ў браневіка Volat V2. На першым паказе сімвалічную стужачку перарэзалі старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус, галоўны канструктар КБ «Беспілотныя верталёты» Уладзімір Чудакоў і старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў[1].
Выпрабаванні дрона, па стане на чэрвень 2022 года, усё яшчэ працягваліся[2].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Агульнае
[правіць | правіць зыходнік]Беспілотнік прызначаны для работы ў гарадскіх умовах. Асноўнай задачай з’яўляецца знішчэнне агнявых кропак праціўніка ў цяжкадаступных месцах.
Да бартавой абароны адносяцца станцыя абароны ад радыёлакацыйных ракет, станцыя радыяцыйнага папярэджання і бар’ерны радар. Навігацыя ажыццяўляецца оптыка-электроннай інерцыяльнай сістэма, метэаралагічнай радыёлакацыйнай станцыяй і радыёвысотамерам. Кіраванне апарата ажыццяўляецца на наземнай станцыі кіравання (НСК). Яна здольна кіраваць двума беспілотнымі верталётамі адначасова для выканання парных баявых вылетаў, а таксама рэалізаваць ўнікальныя праграмныя сродкі апрацоўкі і прадстаўлення інфармацыі. У станцыю ўваходзяць перасоўны пункт, знешняя крыніца харчавання з бензінавым генератарам і заправачная станцыя на 800 літраў бензіну[3].
Машына цалкам рабатызавана, абсталявана 52 мікракантролерамі, унутры яе арганізавана нейрасеціва. Для выканання задачы ёй трэба толькі задаць мэту і кірунак. Аднак прымяненне зброі дронам магчыма выключна пры кантролі чалавека[1].
Узбраенне
[правіць | правіць зыходнік]«Hunter» абсталяваны 7,62-мм кулямётам Калашнікава танкавай мадыфікацыі з боекамплектам у 550 патронаў, васьмю 57-мм[3] некіравальнымі ракетамі і 16 супрацьтанкавымі бомбамі[1]. Кулямёт здольны весці стральбу да 1,5 км. Ракеты ажыццяўляюць залп на адлегласць 1,8 км[3].
Характарыстыкі
[правіць | правіць зыходнік]Працягласць палёту складае 9 гадзін пры максімальнай хуткасці 180 км/г. Лімітавая маса для ўзлёту — 750 кг, з якіх 200 можа складаць карысны груз. Апаратура дрона, у залежнасці ад тыпу і размяшчэння камеры, распазнае транспарт на адлегласці 7—9,2 км, а чалавека — 4,5—6,2. Далёкасць цэлеўказання складае 3 км[3].
Экспарт
[правіць | правіць зыходнік]У чэрвені 2022 года СМІ паведамілі аб будучым з’яўленні ў расійскай арміі ўдарных верталётных беспілотнікаў. Газета «Московский комсомолец» пісала, што маса апарата складзе 750 кг пры 200 кг карыснай нагрузкі. Як адзначыў галоўны рэдактар выдання «Беспилотная авиация» Дзяніс Фядуцінаў, паколькі ў Расіі такіх дронаў няма, то гаворка можа ісці аб закупцы замежных мадэляў, а менавіта, беспілотнага лятальнага апарата «Hunter», які як раз падыходзіць пад апублікаваныя характарыстыкі. Паводле яго слоў, за апошнія гады беларускія распрацоўшчыкі здолелі істотна развіць свае кампетэнцыі ў галіне беспілотнай тэхнікі, таму для расіян іх вопыт быў бы каштоўны ў развіцці айчыннай прадукцыі. Фядуцінаў згадаў, што раней спецыялісты з Беларусі прыцягваліся да работы над больш лёгкім расійскім верталётным дронам БАС-200[4].
У жніўні на міжнародным ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2022» была прэзентавана ўніверсальная беспілотная авіяцыйная сістэма БАС-750 ад холдынгу «Вертолёты России». Кіраўнік карпарацыі «Ростех» Сяргей Чэмезаў заявіў, што гэта «сумесны праект з нашымі беларускімі партнёрамі»[5].
Зноскі
- ↑ а б в На выставке MILEX-2021 представили уникальный беспилотный вертолет «Hunter» Архівавана 19 ліпеня 2022. // Госвоенпромком : официальный сайт. — 23 июня 2021.
- ↑ Видео на Ютубе
- ↑ а б в г HUNTER scout attack UAV helicopter military 2021 // Официальный Ютуб-канал КБ «Беспилотные вертолёты». — 2 июля 2022.
- ↑ Сергей Вальченко. Белорусы помогут России создать беспилотный ударный вертолет // Московский комсомолец : газета. — 28 июня 2022.
- ↑ На "Армии-2022" представили российско-белорусскую беспилотную систему // РИа Новости, 16 августа 2022