Венгры ва Украіне
Венгры ва Украі́не (укр.: угорці в Україні) — адна з нацыянальных меншасцей Украіны, жыхары краіны венгерскага паходжання. Паводле звестак перапісу насельніцтва Украіны 2001 года колькасць асоб, якія пазначылі сваю нацыянальную прыналежнасць да венграў, складала 156 600 чалавек. Асноўная частка венграў Украіны сканцэнтраваная ў Закарпацкай вобласці краіны, асабліва ў яе раёнах пры мяжы з Венгрыяй. Дзеля венгерскамоўнага насельніцтва ад усяго насельніцтва вобласці складае каля 12,7%, венграў — 12,1%.
Вялікая частка венграў Украіны пражывае ля мяжы з уласнай нацыянальнай дзяржавай, што, такім чынам, дазваляе разглядаць венграў Украіны не як дыяспару, а як ірэдэнту.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да прыходу продкаў венграў з земляў Заходняй Сібіры на тэрыторыі Еўропы практычна ўсё Закарпацце было населенае тагачаснымі славянскімі плямёнамі. Прыкладна на мяжы першага і другога тысячагоддзяў частка продкаў венграў асела ў раёнах, што складаюць цяперашнюю ўкраінска-венгерскую мяжу, астатняя частка прасунулася далей на паўднёвы ўсход і ўтварыла венгерскую дзяржаўнасць у Еўропе. Па заснаванні Каралеўства Венгрыя ў 1000 годзе Закарпацце выходзіць з пад кантролю Кіеўскай Русі і трапляе ў склад венгерскай дзяржавы.
З канца XVII ст. усе землі тагачаснай Венгрыі апыняюцца пад уладаю Аўстрыі. У 1867 годзе Аўстрыя рэарганізоўваецца ў федэрацыйную Аўстра-Венгрыю, пры гэтым Закарпацце, у адрозненне ад астатніх заходнеўкраінскіх зямель застаецца ў складзе Венгрыі. Па распадзе Аўстра-Венгрыі ў 1918 годзе ў Закарпаці арганізоўваюцца ўкраінскія рухі, што ставяць на мэце аб'яднанне з дзяржавай іншых украінскіх зямель Аўстра-Венгрыі, але ўрэшце пад канец гэтага ж года рэгіён становіцца акупаваным Румыніяй. Улетку 1919 года Закарпацце захапляецца камуністычнай Венгрыяй (Венгерская Савецкая Рэспубліка), але неўзабаве венгерскія сілы атрымліваюць паражэнне, а краіны Антанты падпісваюць з новым, дэмакратычным урадам Венгрыі Трыянонскі дагавор, паводле якога Венгрыя пазбавілася памежных тэрыторый былога Каралеўства Венгрыя, а Закарпацце, у прыватнасці, трапіла ў склад Чэхаславачыны пад назвай Карпацкая Русь, стаўшы адным з адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэгіёнаў краіны разам з Багеміяй, Маравіяй і Славакіяй[1].
Падчас акупацыі Чэхаславакіі Германіяй паўднёвая частка Закарпацця, дзе на той час венгры складалі большасць насельніцтва, была перададзена Венгрыі паводле Першага Венскага арбітражу ў 1938 годзе, астатняя частка атрымала аўтаномію ў г.зв. Другой чэхаславацкай рэспубліцы. Пасля акупацыі Чэхіі і абвяшчэння незалежнасці Славакіі ўкраінскія арганізацыі Закарпацця абвясцілі ўласную незалежнасць, але ўжо на наступны дзень гэтая тэрыторыя была занятая, а потым анексаваная Венгрыяй[1].
Па пераходзе савецкай арміяй межаў Чэхаславакіі 1938 года СССР адмовіўся ад перадачы Закарпацця краіне, у выніку чаго ў чэрвені 1945 года прэзідэнт Чэхаславакіі Бенеш афіцыйна саступіў рэгіён Савецкаму Саюзу, пасля чаго Закарпацце трапіла ў склад УССР. Па аднаўленні незалежнасці Украіны рэгіён захоўвае савецкую адміністрацыйную назву Закарпацкая вобласць[1].
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Доўгае гістарычнае суседства ўкраінцаў-русінаў і мясцовых венграў што стала прычынай узаемнага моўнага і культурнага ўплываў. У перыяд г.зв. мад'ярызацыі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. асабліва моцны венгерскі ўплыў зазналі мова, быт, фальклор, музыка Закарпацця. Пазней венгры рэгіёна зведвалі ўплыў украінскай, расійскай і савецкай культур у рамках СССР.
-
Рэфармацкая царква, м. Хуст.
-
Традыцыйны венгерскі будынак 1879 года з сяла Вышкава, Ужгарадскі скансен.
Венгры ў незалежнай Украіне
[правіць | правіць зыходнік]Венгрыя стала першай краінай, што прызнала незалежнасць Украіны. Тагачасны прэзідэнт Венгрыі Арпад Гёнц быў запрошаны ў Закарпацце, пасля чаго ў снежні 1991 года прызнаў за ўкраінскімі венграмі калектыўныя і індывідуальныя правы як этнічнай меншасці. Была падпісана дамова, якая прадугледжвала захаванне этнічнай, культурнай, моўнай і рэлігійнай самабытнасці, усеўзроўневую адукацыю па-венгерску і ўдзел венграў у працы органаў мясцовага самакіравання[2].
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Ва Украіне існуе сістэма культурных і адукацыйных венгерскіх устаноў, выдавецтваў, СМІ і грамадскіх аб'яднанняў. У чатырох вышэйшых навучальных установах Закарпацкай вобласці адчыненыя групы з венгерскаю моваю выкладання (Ужгарадскі нацыянальны ўніверсітэт, Мукачаўскі гуманітарна-педагагічны інстытут, Ужгарадскае вучылішча культуры, Берагаўскае медыцынскае вучылішча). Пры УжНУ дзейнічае цэнтр гунгаралогіі — навукі па вывучэнні венгерскай культуры, мовы і гісторыі. Таксама ў Закарпацкай вобласці дзейнічае Цэнтр каардынацыі дзейнасці нвучальных устаноў этнічных мешнасцей. На чатырох факультэтах УжНУ, філалагічным, матэматычным, фізічным і медыцынскім, выпускнікі венгерскіх школаў навучаюцца па мэтавых накірунках. У 2005 годзе на гістарычным факультэце УжНУ была адчынена кафедра гісторыі Венгрыі і еўрапейскай інтэграцыі, у 2008 годзе — гуманітарна-натуральны факультэт з венгерскаю моваю вывучэння навуковых дысцыплін. У Берагаве з 1996 года дзейнічае венгерскамоўны інстытут, у якім вучыцца больш за 1200 студэнтаў. Інстытут рыхтуе настаўнікаў па дашкольным выхаванні, пачатковых школах, па спецыялізацыях украінскай, англійскай і венгерскай моў, геаграфіі, біялогіі, матэматыкі-інфарматыкі, гісторыі, аўдыту і крэдыту[3].
Статыстыка венгерскай адукацыі паводле саслоўя на 2008/2009 навучальныя гады:
Колькасць устаноў з навучаннем па-венгерску | Навучальны працэс па-венгерску, вучняў | Як прадмет | Як факультатыў або гурток | Дзеля ад агульнай колькасці вучняў (4 438 383) | Дзеля венграў паводле перапісу-2001 |
---|---|---|---|---|---|
66 | 16407 | 1337 | 278 | 0,41% | 0,32% |
Арганізацыі
[правіць | правіць зыходнік]Правы венгерскай меншасці ва Украіне прадстаўляе Венгерская Дэмакратычная Федэрацыя ва Украіне, заснаваная ў 1991 годзе Федэрацыяй Венгерскай Культуры Закарпацця, Культурнай Федэрацыяй венграў Львова і Асацыяцыяй венграў Кіева. У сваю чаргу, Федэрацыя Венгерскай Культуры Закарпацця мае зносіны з украінскай Венгерскай Партыяй, створанай у лютым 2005 года. У сакавіку 2005 года міністэрства юстыцыі Украіны з ініцыятывы Венгерскай Дэмакратычнай Федэрацыі зарэгістравала Венгерскую Дэмакратычную Партыю. 1 снежня 2008 года гарадскім кіраўніком Мукачава быў абраны Золтан Лэндэл, акрамя гэтага Венгерская Дэмакратычная Федэрацыя мела поспехі на выбарах у Берагавым, Вінаградаве і Цячаве.
Рассяленне
[правіць | правіць зыходнік]Паводле звестак перапісу насельніцтва Украіны ў 2001 годзе ў краіне налічвалася 156 600 венграў. Параўнальна з перапісам 1989 года ў СССР колькасць венграў скарацілася на 4%, што тлумачыцца ніжэйшым узроўнем фертыльнасці ў венграў у параўнанні з украінцамі і, адпаведна, большым нарастаннем натуральнага змяншэння насельніцтва.
Амаль 95% венграў Украіны лічаць роднай мовай венгерскую (149 431 чал.), 5 367 чал. — украінскую (3,4%) і 1513 чал. — рускую (1,6%). Пераважная большасць украінскіх венграў — венгры Закарпацкай вобласці (151,5 тыс. з 156,6 тыс.), дзе яны складаюць 12,1% працэнт ад насельніцтва (2001 год). Паводле звестак перапісу насельніцтва 2001 года венгры складаюць абсалютную большасць насельніцтва ў Берагаўскім раёне (блізу 3/4 ад насельніцтва раёна), прыкметную частку ад насельніцтва складаюць ва Ужгарадскім (1/3), Вінаградаўскім (1/4) і Мукачаўскім (1/8) раёнах. Асіміляцыя венграў у славянскім асяроддзі традыцыйна была невялікай, але за апошнім часам у некаторай ступені яе тэмпы павялічыліся. Таксама прадухіляюць асіміляцыю кампактнае рассяленне ў межах некалькіх раёнаў на мяжы з Венгрыяй.
Места | Насельніцтва | Венгры | Дзеля ад насельніцтва |
---|---|---|---|
Ужгарад | 115,6 | 8,0 | 6,9 |
Берагава | 26,6 | 12,8 | 48,1 |
Мукачава | 81,6 | 7,0 | 8,6 |
Хуст | 31,9 | 1,7 | 5,4 |
Размеркаванне паводле раёнаў Закарпацкай вобласці (тысяч, перапіс 2001 года)[4] | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Культура
[правіць | правіць зыходнік]У населеных пунктах, дзе кампактна пражываюць украінскія венгры, дзейнічаюць 87 бібліятэк, у фондах якіх размяшчаецца 408,3 тыс. асобнікаў венгерскамоўных кніг (пры абласной цэнтралізаванай навуковай, Мукачаўскай гарадскай і Вінаградаўскай раённай бібліятках працуюць сектары венгерскай літаратуры); 76 клубных устаноў, 395 калектываў мастацкай самадзейнасці, прафесійны венгерскі драматычны тэатр імя Д. Іеша ў Берагаве.
Ва Украіне зарэгістравана 88 перыядычных выданняў па-венгерску, з іх у Закарпацкай вобласці — 20. Газета «Карпаці ігаз со» падтрымліваецца з абласнога бюджэту, з мясцовых бюдэтаў фінансуюцца такія выданні, як «Унгвары відэкі гірэк», «Берэгсаз», «Нодзьсэўлаш відэкі гірэк», «Берэгі гірлап». У закарпацкай абласной дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі працуе венгерскамоўная рэдакцыя. З 1 лістапада 2005 года на базе абласной дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі заснаваны канал «Тиса-1», на якім, у тым ліку, транслююцца і венгерскамоўныя перадачы. З 1 верасня 2006 года праграмы транслююцца праз спадарожнік[3].
Палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Венгерская этнічная меншасць ва Украіне параўнальна актыўная ў палітычным жыцці краіны і, у прыватнасці, Закарпацкай вобласці.
У сакавіку 1990 года венгры бралі ўдзел у выбарах рэспубліканскага і гарадскіх саветаў народных дэпутатаў. У тагачасны Вярхоўны Савет УССР не быў абраны ніводны з венграў, тады як у абласны савет Закарпацкай вобласці з 120 чалавек было абрана 14 венграў (11,6 %), з іх 11 сяброў Таварыства венгерскай культуры Закарпацця (9,1 %)[6]. У 1994 годзе ў выніку парламенцкіх выбараў дэпутатам ад Берагаўскай выбарчай акругі быў абраны кіраўнік Дэмакратычнай грамады венграў Украіны, М. Тоўт, які на момант абрання займаў пасаду прадстаўніка прэзідэнта ў Берагаскім раёне. Да 1998 Тоўт прадстаўляў у Вярхоўным Савеце Украіны інтарэсы венгерскай меншасці.
У 1994 годзе ў Вярхоўным Савеце краіны была створана палітычная камісія па пытаннях правоў чалавека, нацыянальных меншасцей, міжнацыянальных зносін. У склад камісіі ўвайшла падкамісія па пытаннях нацыянальных меншасцей, этнічных груп і карэннага насельніцтва, на чале якой стаў М. Тоўт. 5 сакавіка 1996 года ім разам з І. Папэску і іншымі 18 дэпутатамі было створана міжфракцыйнае дэпутацкае аб'яднанне нацыянальных меншасцей у Вярхоўным Савеце, мэтай якога стала прыцягненне ўвагі дэпутатаў да адлюстравання ў новай канстытуцыі краіны асноўных правоў, свабод чалавека і калектыўных правоў нацыянальных меншасцей.
Падчас парламенцкіх выбараў 1998 года была створана венгерская нацыянальная выбарчая акруга. Адпаведна з часткамі 1-2 артыкула 7 закону «Аб выбарах народных дэпутатаў Украіны» (Про вибори народних депутатів України) пры ўтварэнні выбарчай акругі мусіў брацца да ўвагі фактар кампактнасці пражывання нацыянальных меншасцей, мясцовасці падобнага тыпу не павінныя былі выходзіць за межы адной выбарчай акругі. З прычыны таго, што венгры ў Закарпацкай вобласці з'яўляюцца другой паводле колькасці нацыянальнасцю пасля ўкраінцаў, а іх месца пражывання з'яўляецца кампактным, на парламенцкіх выбарах 1998 года Цэнтральная Выбарчая Камісія Украіны стварыла 72 выбарчую акругу з цэнтрам у Берагаве, большасцю выбарцаў у якім сталі этнічныя венгры. Галоўнымі венгерскімі прэтэндэнтамі на атрыманне дэпутацкага мандату сталі кіраўнік Таварыства венгерскай культуры Закарпацця М. Ковач і М. Тоўт. Паводле вынікаў галасавання перамогу атрымаў М. Ковач, набраўшы 29,27% галасоў выбарцаў. Тым не менш, венгры ў Вярхоўным Савеце трэцяга склікання былі прадстаўлены адным дэпутатам.
Паводле вынікаў выбараў у мясцовыя органы ўлады ў 1998 годзе колькасць венграў у радах рознага ўзроўню Закарпацкай вобласці вырасла і склала 13,3% (у Берагаўскім — 75,6%; Вінаградаўскім — 26,9%). У абласной радзе з 60 дэпутатаў шэсць мандатаў атрымалі венгры, у раённых радах — 120 з 320, 49 з 130 кіраўнікоў радаў населеных пунктаў таксама з'яўляліся венграмі. Паводле вынікаў выбараў у Берагаўскай выбарчай акрузе была атрымана другая паводле памеру працэнтнай долі колькасць галасоў супраць усіх, саступіўшы толькі Севастопалю. Падобныя вынікі тлумачацца недастатковай увагай партый да этнічных меншасцей, паколькі пры арыентацыі на іх існуе рызыка страты галасоў этнічнай большасці.
На выбарах у Вярхоўную Раду 2002 года дэпутатам ад Берагаўскай выбарчай акругі быў абраны кіраўнік Дэмакратычнай грамады венграў Украіны І. Гайдаш, які набраў 33,05 галасоў выбарца[7].
Аналітыкі прагназавалі перамогу ў дадзенай акрузе М. Ковачу, сябру групы «Солідарність», прыхільніку ідэй рэгіяналізму і ініцыятару стварэння венгерскай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Тым не менш, Ковач атрымаў толькі 32,72% галасоў. Падлікі галасоў у дадзенай акрузе адбываліся даўжэй за астатнія, галасаванні ў шэрагу ўчасткаў былі прызнаны несапраўднымі. У паразе М. Ковача таксама сваю ролю адыграла балатаванне яго цёзкі М. Ковача, які набраў 8,04% галасоў.
І. Гайдаш заняў пасаду Сакратара Камітэта Вярхоўнай Рады Украіны па пытаннях правоў чалавека, нацыянальных меншасцей і міжнацыянальных адносін і стаў кіраўніком прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый нацыянальных меншасцей Украіны пры прэзідэнце Украіны. У 2005 годзе ён стаў кіраўніком Дэмакратычнай партыі венграў Украіны.
На выбарах прэзідэнта Украіны ў 2004 годзе венгерскія арганізацыі падтрымлівалі Віктара Януковіча, таму адну з апошніх перадвыбарчых паездак у трэцім туры выбараў Януковіч здзейсніў у Берагава. У выбарах 2006 года ў абласную раду Закараацкай вобласці з 90 мандатаў 5 атрымалі Партыя венграў Украіны, 4 — Дэмакратычная партыя венграў Украіны. Напярэдадні выбараў прэзідэнта 2010 года Дэмакратычная грамада венграў Украіны падтрымала Віктара Януковіча і накіравала просьбу аб перакладзе тэстаў незалежнага ацэньвання ведаў на венгерскую мову для выпускнікоў школаў на мовах нацыянальных меншасцей.
У сучасных раённых радах Закарпацкай вобласці венгры маюць 18,8% мандатаў у Вінаградаўскім раёне, 76,1% — у Берагаўскім, 24,8% — ва Ужгарадскім, менш за 1% — у Пярэчынскім, Вялікаберазнянскім, Міжгорскім і Валавецкім раёнах, 0,4% — у Сваляўскім, 12,9% — у Мукачаўскім, 0,1% — у Іршаўскім, 5% — у Цячаўскім, 3,8% — у Хусцкім, 2,9% — у Рахаўскім. Некаторымі венгерскімі арганізацыямі, у прыватнасці Дэмакратычнай грамадой венграў Украіны, падтрымліваецца праект г.зв. Прыцісянскай аўтаноміі — мясцовай аўтаноміі паводле венгерскай этнічнай прыкметы[8].
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Венгерская мова належыць да венгерскай групы фіна-ўгорскай галіны ўральскай моўнай сям'і, што рэзка адрознівае яе ад суседніх моў, якія адносяцца да індаеўрапейскай моўнай сям'і. Абсалютная большасць венграў указвае венгерскую мову як родную (паводле звестак 2001 года), мова мае рэгіянальны статус у некалькіх раёнах Закарпацкай вобласці і горадзе Берагава.
Гістарычна венгерская мова з'яўлялася крыніцай цэлага пласту лексічных запазычванняў для мясцовых гаворак украінскай мовы, але разам з гэтым венгерская мова сама ўтрымлівае значную долю лексемаў славянскага паходжання.
Зноскі
- ↑ а б в Subtelny, Orest. Ukraine: A History. — University of Toronto Press, 2000. — С. 448. — ISBN 0-8020-8390-0.
- ↑ Kovrig, Bennett. Partitioned nation: Hungarian minorities in Central Europe / Michael Mandelbaum (ed.). — The new European Diasporas: national minorities and conflict in Eastern Europe. — New York: Council on Foreign Relations Press, 2000. — С. 19-80.
- ↑ а б Тетяна Пилипенко.. Реальний стан забезпечення прав і задоволення потреб угорської спільноти (укр.). Форум націй (9 красавіка 2014).
- ↑ а б Держкомітет статистики України Архівавана 11 верасня 2007.
- ↑ У складзе Хусцкага раёна.
- ↑ Токар П. Національний рух на Закарпатті: 1988-1993 гг.: Соціолого-політологічний аналіз. — Ужгород, 2002. — С. 47.
- ↑ ў33. Закарпаття — багатонаціональний край // Поточний архів управління ў справах національностей та міграції Закарпатської ОДА. — Ужгород, 2003. — c. 4
- ↑ Автономія для ўгорців Закарпаття стоїть на порядку денному, — Товт // zaholovok.com.ua. — 2013.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Культурная федэрацыя венграў Украіны
- Венгерская Дэмакратычная Федэрацыя Архівавана 27 сакавіка 2008. (венг.)