Габрыэля Пузына
Габрыэля Гюнтэр (Пузына) | |
---|---|
княгіня Габрыэля Альбіна Пузына з роду Гюнтэраў | |
Нараджэнне |
24 верасня 1815[1][2] |
Смерць |
16 жніўня 1869[2] (53 гады) |
Род | Гюнтэры (Гінтэры) |
Бацька | граф Адам Міхалавіч Гюнтэр (1782—1854) |
Маці | графіня Аляксандра Тызенгаўз (каля 1790—1843) |
Дзеці | няма |
Веравызнанне | каталіцызм |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Габрыэля Альбіна Гюнтэр, замужам — княгіня Габрыэля Пузына, Габрыэля Пузыня (польск.: Gabriela Puzynina; 24 верасня 1815, Вільня — 16 жніўня 1869) — польскамоўная паэтэса, пісьменніца і мемуарыстка з Віленскай губерні (Расійская Імперыя).
Карысталася псеўданімам і крыптанімам «G.G.» (г.зн. «Габрыэля Гюнтэр»).
Паходжанне і сям'я
[правіць | правіць зыходнік]Габрыэля Альбіна Гюнтэр нарадзілася ў Вільні ў каталіцкай сям'і графа Адама Гюнтэра (1782—1854) (з Ігуменскага павета Мінскай губерні) і графіні Аляксандры Тызенгаўз (каля 1790—1843) (з Літоўска-Віленскай губерні). Род графаў Гюнтэраў паходзіў з Германіі (з палатыната Ніжняга Рэйна), прадстаўнік якога Зыгмунт Гюнтэр фон Гейдэльсхайм асеў у 1518 г. у ВКЛ і асіміляваўся ў мясцовым шляхецкім асяроддзі[3], а ў XVIII ст. род ужо адносіўся да карэннай сярэднезаможнай шляхты Новагародскага ваяводства ВКЛ[3]. Прозвішча «Гюнтэр» (Günter) у польскай і рускай транскрыпцыі пісалася і чыталася як «Гінтэр» (Ginter/Гинтер).
Габрыэля была малодшай з трох дачок сваіх бацькоў.
У 1851 г. выйшла замуж за князя Тадэвуша Юзафавіча Пузыну, шлюб з якім быў бездзетным.
Выхаванне і адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]Да шлюбу жыла ў набытым яе бацькам маёнтку Дабраўляны[4] Свянцянскага павета Літоўска-Віленскай губерні. У Дабраўлянах бывалі Ігнат Ходзька (пазней ён адрэдагаваў і давёў да друку першы паэтычны зборнік Габрыэлі Пузыны) і Антоні Эдвард Адынец (пазней літаратурны радца і сябра паэтэсы), Ян Дамель, Юліян Корсак, Ян Рустэм, Андрэй Снядэцкі, Марыя Шыманоўская, Тамаш Зан.
Культурная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Трымала літаратурны салон у маёнтку мужа Гарадзілава (цяпер Маладзечанскі раён), збірала мастацкую калекцыю, бібліятэку. У 1850-я г. гасцямі літаратурнага салону Габрыэлі Пузыні былі Уладзіслаў Сыракомля, Станіслаў Манюшка, Эдвард Жалігоўскі, Уладзіслаў Міцкевіч (сын паэта Адама Міцкевіча)[5].
Разам з мужам падарожнічала па Заходняй Еўропе — наведала Германію і Францыю, у Парыжы завязала цеснае знаёмства з вядомымі польскамоўнымі пісьменнікамі-эмігрантамі — Антоніям Гарэцкім і Багданам Залескім[6].
Як паэтэса вядомая з 12-гадовага ўзросту. Пісала толькі на польскай мове. Дэбютавала вершам у 1828 г. у варшаўскім часопісе «Motyl» пад крыптанімам «G. G.» Выдала некалькі зборнікаў лірычных і маралізатарскіх вершаў, пісала апавяданні, фельетоны, камедыі. У 1830−1840-х склалася як адмысловая паэтэса, у Вільні з друку выйшлі некалькі яе паэтычных зборнікаў: у 1843 г. «W imie Boże» («У імя Божае») і ў 1845 г. «Dalej w świat!» («Далей у свет!»). Другое выданне гэтых яе вершаў, дапоўненае новымі творамі, пад назвай «W imie Boże — Dalej w świat!» («У імя Божае — далей у свет!») выйшла ў Вільнюсе ў 1959 г.[5] У 1857 годзе ў Вільне была выдадзена яе кніга «Małe a prawdziwe opowiadania» («Малыя ды праўдзівыя апавяданні»).
У канцы жыцця на падставе дзённіка, які вяла з юначых гадоў, уласнай перапіскі і дакументаў напісала ўспаміны «Мая памяць», даведзеныя да 1867 г. Рукапіс, багата ілюстраваны малюнкамі, літаграфіямі і фотаздымкамі, уяўляў панараму жыцця ўсіх слаёў грамадства паўночна-заходняй Беларусі і Вільні, змяшчаў каштоўную інфармацыю пра мастацкае жыццё края. У ім шмат звестак пра сем'і Сапегаў, Радзівілаў, Пшаздзецкіх, Тызенгаўзаў, Вайніловічаў, маёнтак Дабраўляны і Дабраўлянскую збраёўню, Паставы, Дзярэчын, Віленскі ўніверсітэт, франка-расійскую вайну 1812 г., Лістападаўскае паўстанне 1830—1831 гг. у літоўска-беларускіх землях. Рукапіс успамінаў загінуў у 1944 г. у Варшаве. Часткова выдадзены А. Чарткоўскім і Г. Масціцкім у 1928 г.
Некаторыя даследчыкі атаясамляюць з Альбінай Габрыэляй Пузынай Адэлю з Устроні[7].
Паасобныя вершы Габрыэлі Пузыны перакладзены Ірынай Багдановіч і іншымі.
Зноскі
- ↑ Gabriela Puzynina // Artists of the World Online, Allgemeines Künstlerlexikon Online, AKL Online / Hrsg.: A. Beyer, B. Savoy — B: K. G. Saur Verlag, Verlag Walter de Gruyter, 2009. — ISSN 2750-6088 — doi:10.1515/AKL
- ↑ а б (Albina) Gabriela Puzynina (z domu Günther) // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
- ↑ а б Puzynina, G. W Wilnie i w dworkach litewskich. Pamiętnik z lat 1815—1843. — Kraków, 1990. — С. 358.
- ↑ Знаходзіцца за 10 міль ад Вільні каля возера Свір; цяпер — Смаргонскі раён Рэспублікі Беларусь.
- ↑ а б Puzynina // PSB…
- ↑ Бурдзялёва І. Габрыэля Пузыня:…
- ↑ Багдановіч І. Загадка…
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Puzynina G. W Wilnie i w dworkach litewskich. Pamiętnik z lat 1815—1843. — Wilno, 1928. (репринт: Kraków : Krajowa Agencja Wydawnicza, 1990. — 400 s).
- Душа лістападу: вершы, пераклады / Багдановіч І.. — Мінск: Кнігазбор, 2012. (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; вып.28) — ISBN 978-985-7007-81-3.
- Пузыня Г. Як бы я хацела жыць // Наша вера (Мінск). — 2011. — № 3 (57).
- Пузыня Г. Хросны бацька // Наша вера (Мінск). — 2011. — № 3 (57).
- Пузыня Г. Незабыўная драбніца // Наша вера (Мінск). — 2011. — № 3 (57).
- Пузыня Г. Помста Літвінкі. Прадмова і пераклад Ірыны Багдановіч // Маладосць (Мінск). — 2011, сакавік. — № 3 (688).
- Пузыня Г. Слоўцы люду. Прадмова і пераклад Ірыны Багдановіч // Маладосць (Мінск). — 2011, сакавік. — № 3 (688).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Puzynina // Polski Słownik Biograficzny. Tom XXIX. Zeszyt 122. Wrocław-Warszawa: Wyd-wo PAN, 1986. S. 503−505.
- Багдановіч І. Загадка Адэлі з Устроні // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта: Навуковы зборнік / Пад агульн. рэд. М. Хаўстовіча. Выпуск сёмы. — Мн.: ВТАА «Права і эканоміка», 2006. —С. 53-63. — ISBN 985-6299-79-9.
- Багдановіч І. «Малыя ды праўдзівыя апавяданні» графіні Габрыелі// Наша вера (Мінск). — 2011. — № 3 (57).
- Бурдзялёва, І. Габрыэля Пузыня: святло шчасця // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта: Навуковы зборнік / Пад агульн. рэд. М. Хаўстовіча. Выпуск сёмы. — Мн.: ВТАА «Права і эканоміка», 2006. — 204 с. ISBN 985-6299-79-9. С. 38-52.
- Пузына Альбіна Габрыеля // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Габрыэля Пузына