Перайсці да зместу

Анджэй Снядэцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Андрэй Снядэцкі)
Анджэй Снядэцкі
польск.: Jędrzej Śniadecki
Дата нараджэння 30 лістапада 1768(1768-11-30)
Месца нараджэння
Дата смерці 12 мая 1838(1838-05-12) (69 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Дзеці Юзаф Канстанцін Снядэцкі[d], Людвіка са Снядэцкіх[d] і Зоф’я Снядэцкая[d]
Род дзейнасці хімік, біёлаг, пісьменнік, філосаф, урач
Навуковая сфера літаратура, біялогія, хімія, філасофія і публіцыстыка
Месца працы
Альма-матар
Член у
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Анджэй або Енджэй Снядэцкі (польск.: Jędrzej Śniadecki; псеўданімы ў Таварыстве шубраўцаў — Sotwaros і Bogumił Uważnicki; 30 кастрычніка 1768, мястэчка Жнін, Гнезненскае ваяводства, Рэч Паспалітая — 11 мая 1838) — польскі і літоўскі хімік, лекар, філосаф і асветнік. Брат Яна Снядэцкага.

Нарадзіўся 30 кастрычніка 1768 года ў мястэчку Жнін Гнезненскага ваяводства (цяпер горад у Куяўска-Паморскім ваяводстве Польшчы).

Вывучаў медыцыну ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Удасканальваў веды ў Павіі, Вене, Эдынбургу. У Эдынбургскім універсітэце, навучаючыся ў прафесара Джозэфа Блэка (1728—1799), зацікавіўся хіміяй.

У 1797—1822 гадах — прафесар хіміі, у 1826—1832 гадах — медыцыны ў Віленскім універсітэце, з 1832 года — прафесар Медыка-хірургічнай акадэміі ў Вільні.

У галоўнай працы «Тэорыя арганічных істот» («Teoria jestestw organicznych», т. 1—2, 1804—11) развіў ідэю эпігенезу. Прапагандаваў прынцыпы сацыяльнай гігіены. Аўтар першага падручніка хіміі на польскай мове «Пачаткі хіміі» («Początki chemii») (1800).

У 1805—1806 гадах рэдагаваў часопіс «Dzennik Wileński», у 1816—1822 гадах — «Wiadomości Brukowe». Адзін з актыўных сяброў, а з траўня 1819 да ліпеня 1822 — прэзідэнт Таварыства шубраўцаў (меў псеўданім Sotwaros, паводле адной з версій, бог быдла, паводле іншай — Сонца і дзённага святла, у літоўскай міфалогіі)[1].

У 1806 годзе Снядэцкі набыў маёнтак Болтуп. З жонкай Канстанцыяй Мікулоўскай меў траіх дзяцей. Памёр 11 мая 1838 года. Пахаваны ў Гародніках паблізу Болтупа (цяпер Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці) на сямейных могілках.

Навуковыя дасягненні

[правіць | правіць зыходнік]

Снядэцкі распрацаваў асновы польскай хімічнай тэрміналогіі і напісаў першы польскі падручнік па хіміі («Пачаткі хіміі», таксама пад назвай «Кароткі нарыс хіміі»)[2]. Менавіта ён прыдумаў словы «кісларод» і «вадарод», якія, парадаксальна, хаця і былі замененыя ў польскай мове іншымі словамі, прыжыліся ў рускай мове (а таксама ў беларускай і ўкраінскай).

Сістэматычна аналізуючы плаціну, ён выявіў невядомы раней метал, які назваў вестыем (vestium), ад назвы адкрытай у 1807 годзе малой планеты Весты. У 1808 годзе паведаміў пра гэта ў Пецярбургскую Акадэмію навук і прачытаў пра гэта публічны даклад у Віленскім універсітэце. Аднак у 1808 годзе французскі Інстытут навукі заявіў, што такога металу не існуе. Пазней высветлілася, што апісаныя Анджэем Снядзецкім уласцівасці «вестыя» супадаюць з уласцівасцямі рутэнія, паўторна адкрытага ў 1844 годзе прафесарам Казанскага ўніверсітэта К. К. Клаўсам (1796—1864)[3].

Снядэцкі першым здагадаўся, што прычына рахіту гэта перад усім нястача сонечнага святла, і ў 1822 годзе апісаў метад лячэння рахіту павелічэннем уздзеяння сонечнага святла (што, паводле сучасных ведаў, выклікае эндагенную выпрацоўку вітаміна D у скуры).

Аддзяленне медыцынскіх навук Польскай акадэміі навук штогод надае прэмію імя Анджэя Снядэцкага, заснаваную ў 1972 годзе. Прэмія надаецца асобным навукоўцам і групам навукоўцаў за найбольш выдатныя дасягненні ў развіцці медыцынскіх навук. З 1979 года прэмія надаецца разам з бронзавым медалём Анджэя Снядэцкага.[4] Узнагарода, разам з прэміямі Фонду польскай навукі, належыць да найбольш прэстыжных навуковых узнагарод Польшчы.[4] Імем Снядэцкага названы ліцэі ў Быдгашчы, Кельцах, Лодзі, Ольштыне і іншых гарадах Польшчы.[5][6]

У лістападзе 2008 года на хімічным факультэце Віленскага ўніверсітэта па вуліцы Наўгардука (Naugarduko g. 24) адкрыта спецыяльна абсталяваная аўдыторыя Анджэя Снядэцкага[7].

Імем Анджэя Снядэцкага названа вуліца ў Ашмянах.

  1. Dobrosława Świerczyńska. Pseudonimy «Wiadomości Brukowych» // Rocznik Towarzystwa Literackiego imienia Adama Mickiewicza 7, 1972. S. 137—166.
  2. Bibliografia Literatury Polskiej — Nowy Korbut, T. 6, cz. 1, Oświecenie, Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1970, s. 302.
  3. WebElements Periodic Table » Ruthenium » historical information. www.webelements.com. Праверана 21 снежня 2025.
  4. а б Nagroda im. Śniadeckiego dla łodzian (польск.). Gazeta.pl Łódź. Agora SA (9 снежня 2003). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 10 лютага 2009.
  5. Atidaroma chemiko A. Sniadeckio auditorija (літ.). Naujienos. Vilniaus universitetas (26 лістапада 2008). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 10 лютага 2009.
  6. Chemijos fakultete atidaroma Andriaus Sniadeckio auditorija (літ.). Universitas Vilnensis. Vilniaus universitetas (28 лістапада 2008). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 10 лютага 2009.
  7. Binkauskienė, Liana. Chemijos fakultete atidaroma Andriaus Sniadeckio auditorija(нявызн.). www.vilnensis.vu.lt. Праверана 21 снежня 2025.