Перайсці да зместу

Куплінскі аэрадром

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэшткі самалётаў 33-га знішчальнага авіяцыйнага палка на Пружанскім аэрадроме (1941)

Пружа́нскі аэрадро́м №207, таксама Ку́плінскі аэрадро́м[1] размяшчаўся ля вёскі Куплін за 3 км ад Пружан.

Аэрадром быў пабудаваны ў 1937 годзе, за польскім часам, на выкупленым у шляхцянкі Задарноўскай полі між Кулікамі і Купліном. Пасля нападу Савецкага Саюза на Польшчу прыстасаваны для патрэб Чырвонай арміі. Са снежня 1939 года на ім базіраваліся 33-і знішчальны авіяцыйны полк[2] (камандуючы — маёр А. І. Акулін) і 74-ы штурмавы авіяцыйны полк 10-й змяшанай авіяцыйнай дывізіі 4-й арміі. Перад пачаткам вайны з Германіяй у Пружанах і Купліне былі згрупіраваныя таксама 43-я зенітная батарэя супрацьпаветранай абароны, 197-ы, 198-ы і 199-ы батальёны аэрадромнага абслугоўвання, 159-я і 160-я аэрадромна-тэхнічныя роты, 74-ы хімузвод.

У 1941 годзе камандаванне Заходняй асобай ваеннай акругі (ЗахАВА) паведамляла аб нездавальняючым размяшчэнні аэрадрома, праблемах з палівам, будматэрыяламі, механізмамі, рабочымі. Яшчэ ўлетку 1940 года па выніках праверкі былі зробленыя высновы:

" У 33-м ЗАП (Пружаны) адсутнічае ўсялякая насцярожанасць, асабовы склад на чале з камандзірамі „супакоіўся“ і пра баявую падрыхтоўку не думае. Лётны састаў размешчаны ў горадзе на вялікай адлегласці ад аэрадрома, на збор па трывозе патрабуецца 1,5-2 гадзіны.
Трагедыя Куплінскага аэрадрома // Раённыя будні. — 16—20 ліпеня 2011. — № 55—56.
"

Увесну 1941 года для мясцовых сялян нават была ўведзеная платная працоўная і гужавая павіннасць з мэтай удзелу ў абаронным будаўніцтве. Была распачатая пабудова новае ўзлётнай паласы даўжынёй у 3 км і складу авіябомбаў ля ўрочышча Воўчы Лес. Планавалася абнаўленне матэрыяльнай часткі авіяпалкоў, самалёты якіх («І-16» і «І-153») саступалі апошнім мадыфікацыям нямецкіх машын. У 33-і ЗАП для азнаямлення паступілі 2 асобнікі знішчальнікаў «МіГ-3», а ў 74-ы ШАП — два штурмавікі «Іл-2». Для палётаў на іх, аднак, не было паліва.

Паколькі аэрадром размяшчаўся на месцы былога польскага, немцы ведалі пра яго з захопленых у верасні 1939 дакументаў польскага Генеральнага штаба. Акрамя таго, у пачатку 1941 года яны правялі здымку тэрыторыі, дзе назіралася вялікая згрупаванасць тэхнікі.

У 33-м зап у пачатку Вялікай Айчыннай вайны служылі м. інш. Сцяпан Гудзімаў, Герой Савецкага Саюза Іван Лавейкін[ru][3] і Фёдар Мачалаў.

Баявыя дзеянні

[правіць | правіць зыходнік]

15 чэрвеня 1941 года ў памежных вайсковых акругах пачалася выдача боепрыпасаў, водпускі былі скасаваныя. 21 чэрвеня была вучэбная трывога, адпрацоўка разгрупавання эскадрыллі і перахопу варожых самалётаў.

33-і знішчальны авіяполк меў 37 лётчыкаў, 44 самалёты «І-16» (7 з якіх не працавалі).

22 чэрвеня 1941 года паміж 1-й і 2-й гадзінамі ночы аэрадром быў абстраляны са «Шторха». Пасля беспаспяховай спробы звязацца са штабам у Кобрыні была абвешчаная трывога, 3 эскадрыллі накіраваліся ў кірунку Брэста. Прыкладна а 3-й ночы з’явіўся другі самалёт-разведчык. Мачалаў, Барынаў і Тарантаў узняліся ў паветра, каб пасадзіць яго. Каля Брэста адбыўся адзін з першых паветраных баёў, у якім камандзір звяна Фёдар Мачалаў збіў самалёт. Эскадрыллі, што вылецелі з Купліна раней, сутыкнуліся над Брэстам з трыма групамі нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў і знішчальнікаў, аднак не здолелі супрацьстаяць.

А 3:40 нямецкія бамбардзіроўшчыкі «He-111» пад прыкрыццём «Ме-109» нанеслі ўдары па 26 аэрадромах, у тым ліку Куплінскім. Пры заходзе на другі круг нямецкім самалётам давялося ўступіць у бой з падаспелымі эскадрыллямі, што вярнуліся з-пад Брэста. Яшчэ двойчы былі адбітыя атакі «He-111» на падыходах да аэрадрома.

Калі савецкія самалёты селі на зямлю для запраўкі і папаўнення боепрыпасаў, былі нанесеныя далейшыя бомбавыя ўдары дванаццаццю «Ju-88», цягам гадзіны аэрадром вынішчаўся кулямётным і гарматным агнём «Ме-109», дробнакалібернымі касетнымі асколачнымі бомбамі, г. зв. «чортавымі яйкамі». Узняцца ў паветра не здолеў ніводны самалёт 33-га зап, акрамя дзяжурнай пары Цімашэнка — Гудзімаў. У гэтым баі Сцяпан Гудзімаў здзейсніў паветраны таран і загінуў. Матэрыяльная частка 33-га авіяпалка была знішчаная[4]. Нямецкія экіпажы дакладвалі, што «на савецкіх аэрадромах самалёты стаялі як на парадзе, у лінію, не пацэліць па іх было немагчыма».

Да 10-й гадзіны раніцы не засталося ніводнага самалёта, здольнага падняцца ў паветра[5]. Асобавы склад палка атрымаў загад перабазіравацца на аэрадром у Пінску. 24 чэрвеня адтуль яны таварнымі эшалонамі былі накіраваныя ў Маскву.

23 чэрвеня на аэрадром, які спрабавалі абараніць некалькі параненых, увайшлі танкі. Салдаты 17-й танкавай дывізіі вермахта зафіксавалі разбурэнні Куплінскага аэрадрома на фатаздымках.

Звестак пра падзеі ў 74-м штурмавым авіяпалку вельмі мала. Напрыканцы мая[6] ці ў пачатку чэрвеня[7] ён быў перадыслакаваны на аэрадром у Малыя Зводы за 12 км ад граніцы. Верагодна, частка самалётаў (пятнаццаць «І-153» і два Іл-2) засталіся ў Купліне.

Падчас нападу на аэрадром нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў усе самалёты 74-га шап знаходзіліся на зямлі без паліва і былі знішчаныя, не паспеўшы падняцца ў паветра. Асабовы склад забраў дакументы, сцяг і пешшу і на роварах адышоў на ўсход. Капітан М. І. Белавусаў пасля ўсіх падарваў склад і адышоў у бок Івацэвічаў, але трапіў у палон.

Нямецкія войскі

[правіць | правіць зыходнік]

Праз тыдзень пасля пачатку вайны Пружанскі аэрадром быў выкарыстаны для нямецкіх самалётаў. Тутэйшых ваенных прымусілі наводзіць парадак.

У 1971 годзе ў гонар лётчыкаў 33-га знішчальнага авіяпалка быў пастаўлены помнік ля гарадскога возера.

У 1972 годзе быў усталяваны помнік Сцяпану Гудзімаву ў гарадскім скверы на вуліцы Чырвонаармейскай.

Зноскі

  1. К.Б.Стрельбицкий.. Шифры аэродромов ЗОВО 1941г. (руск.). Музей авиационной техники-Боровая (22 студзеня 2012).
  2. 33-й истребительный авиационный полк ПВО (руск.). Авиаторы второй мировой (4 мая 2011).
  3. skw.. Аэродром Пружаны 1978-1980 гг. (руск.). Форум вертолетчиков (14 снежня 2011).
  4. Марк Солонин.. На мирно спящих аэродромах… (руск.) (4 мая 2011).
  5. skw.. Аэродром Пружаны 1978-1980 гг. (руск.). Форум вертолетчиков (14 снежня 2011).
  6. Дмитрий Дьяков. В огненном небе войны // Белорусская военная газета. — 22 чэрвеня 2011. — № 111. Архівавана з першакрыніцы 3 жніўня 2016.
  7. Николай Качук. Они разбили аэродромы, но не сломили сердца! // Беларусь сегодня. — 23 чэрвеня 2001.
  • Наталля Пракаповіч. Трагедыя Куплінскага аэрадрома // Раённыя будні. — 16—20 ліпеня 2011. — № 55—56.