Льейда
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Лье́йда (катал.: Lleida [ˈʎɛjðə], мясц. [ˈʎejðɛ]), Ле́рыда (ісп.: Lérida [ˈleɾiða]) — горад і муніцыпалітэт на паўночным усходзе Іспаніі, сталіца правінцыі Льейда ў складзе аўтаномнай супольнасці Каталонія. Муніцыпалітэт знаходзіцца ў складзе раёна (камаркі) Сегрыя. Размешчаны на р. Сегрэ. Займае плошчу 211,7 км². Насельніцтва горада — 139 176 чалавек (шосты па колькасці насельніцтва горад Каталоніі). Скораснымі аўтамабільнымі і чыгуначнымі магістралямі звязаны з Мадрыдам і Барселонай.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Старажытны горад іберыйскага племя ілергетаў. З канца 3 ст. да н.э. Іле́рда (лац.: Ilerda) пад уладай рымлян, атрымала статус муніцыпія. У перыяд грамадзянскіх войнаў канца Рэспублікі ў 49 да н.э. захоплена Юліем Цэзарам[3].
З пачатку 6 ст. н.э. цэнтр біскупства. У 714 узята мусульманамі. У 1149 адваявана Рамонам Берэнгерам IV, увайшла ў склад каралеўства Арагон, у 1150 атрымала фуэра. З 1214 у Льейдзе неаднаразова збіраліся кортэсы Арагона і Каталоніі. Да канца 15 ст. у Льейдзе пражывала шматлікая іўдзейская абшчына[3].
У час Трыццацігадовай вайны 1618-48 некалькі разоў бралася ў аблогу французскімі сіламі. У перыяд вайны за Іспанскую спадчыну (1701—1714) падтрымлівала прэтэндэнта ад Габсбургаў. У 1707 захоплена Філіпам V Бурбонам абрабавана. У 1714 пазбаўлена фуэра і іншых прывілеяў. З 1822 сталіца аднайменнай правінцыі[3].
У час Грамадзянскай вайны 1936—1939 неаднаразова цярпела ад бамбардзіровак германскай авіяцыі, 3 красавіка 1938 узята войскамі Ф. Франка. З 1979 у складзе аўтаномнай супольнасці Каталонія[3].
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Руіны замка Суда (12-13 стст.; разбураны ўзрывамі ў 1812 і 1936)
- рамана-гатычны сабор Сеу-Вельа, пабудаваны па планах Перэ дэ Кома на месцы мячэці (1203-78). Захавалася 8-гранная званіца (кан. 14 ст. — 1431). У 1707 пераўтвораны ў крэпасць. Раманская скульптура парталаў часткова выдае маўрытанскі ўплыў. Захаваўся клуатр канца 13-14 стст. з разнымі капітэлямі і гатычная вежа.
- Фрагменты забудовы мусульманскага перыяду, напрыклад, т.зв. партал Магдаліны 10-12 стст.
- Царква Сан-Ільярэнс (неф кан. 12 ст.; капэлы і 8-гранная званіца 15 ст.),
- Царква Сан-Марці (Св. Марціна Турскага; 12 ст., перабудавана ў 15 ст.),
- Неагатычная царква Сан-Джаан (кан. 19 ст.),
- Ратуша (былы палац Паэрыя; раманскі фасад 13 ст.; на 1-м паверсе — Археалагічны музей),
- новы сабор у стылі класіцызму (1761—1781);
- Палац правасуддзя (1952)[3].
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Дзейнічаюць епархіяльны музей (1893; рэлігійнае мастацтва; у біскупскім палацы), мастацкі музей Жаўмэ Марэра (1917; жывапіс 20 ст.), гістарычны музей (у будынку шпіталя Св. Марыі 15 ст., рэнесанснае паціа) і інш[3].
У горадзе размешчаны адзін з найстарэйшых у Іспаніі Універсітэт Льейды, які быў заснаваны ў 1300. Закрыты ў 1717, ізноў адкрыты ў 1991. Дзейнічае Даследчы інстытут Льейды[3].
Маецца футбольны клуб «Льейда» (1939), які выступае на стадыёне «Кам д’эспортс» (1919, каля 13,5 тыс. месцаў). Штогод праводзіцца гарадское гастранамічнае свята слімакоў (у 2007 сабраў больш за 200 тыс. турыстаў)[3].
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]У эканоміцы горада дамінуе сфера паслуг (у т.л. адміністрацыйныя функцыі, гандаль, турызм). У індустрыяльным сектары вылучаецца вытворчасці будматэрыялаў і мінеральных угнаенняў; піўны завод[3].
Гарады-пабрацімы
[правіць | правіць зыходнік]Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Карлес Ак Мор — каталонскі пісьменнік.
- Саўль Кравіёта — алімпійскі чэмпіён (2008) у веславанні на байдарках.
Зноскі
- ↑ а б https://www.ccma.cat/324/dissabte-de-constitucio-dels-ajuntaments-barcelona-i-ripoll-principals-incognites/noticia/3235709/
- ↑ а б в г д е Cartographic and Geological Institute of Catalonia Mapa Topogràfic de Catalunya
- ↑ а б в г д е ё ж з Лерида // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
- ↑ https://www.elmundo.es/comunidad-valenciana/castellon/2017/07/28/597a648de2704efb588b45af.html
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Льейда
- Афіцыйная старонка