Перайсці да зместу

Непакойчыцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Непакойчыцы
Размяшчэнне
Дата заснавання 1955

Непакойчыцы — біялагічны заказнік мясцовага значэння ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі, размешчаны ў выглядзе двух тэрытарыяльна разнастайных сектараў уздоўж р. Мухавец.

Створаны ў 1955 г. паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асоба ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» для захавання рэдкіх і знікаючых відаў флоры і фаўны, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

Межы заказніка мясцовага значэння «Непакойчыцы» на землях Пятровіцкага лясніцтва Кобрынскага лясгаса і саўгаса «Жабінкаўскі» — агульнай плошчай 96,8 гектара. Уся плошча заказніка — 368,8 гектара. Буферная зона вызначаецца з разліку 500 метраў ад асноўнай мяжы на сумежныя сельскагаспадарчыя і лясныя ўгоддзі.

Экалагічная значнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя заказніка мае выключна важнае значэнне для захавання занальнай біялагічнай разнастайнасці ва ўмовах рэгіёна. На тэрыторыі заказніка зарэгістраваны месцы росту рэдкіх і знікаючых відаў флоры, фаўны, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу РБ.

Натуральная расліннасць заказніка выконвае выключна важную санітарна-экалагічную функцыю па аздараўленні паветранага басейна і вадасцёкаў. Вадаёмы заказніка — прадукцыйныя станцыі для нагулу, нерасту і зімоўкі каштоўных відаў рыбы. Тут ёсць перспектыўныя месцазнаходжанні бабра і іншых гаспадарчакаштоўных відаў фаўны.

На тэрыторыі заказніка расце больш за 50 відаў лекавых раслін.

Рэжым заказніка не выключае выкарыстання яго тэрыторыі для ашчадных форм прыродакарыстання: спартыўнага палявання і рыбалкі, збору ягад, грыбоў і адпачынку.

У лясной расліннасці заказніка дамінуюць сасновыя лясы. Сярод тыпаў саснякоў пераважаюць саснякі імшыстыя. Найбольшы ўзрост асобных насаджэнняў — 60-80 гадоў. Тут растуць бяроза павіслая, дуб чарэшчаты, радзей — альшына чорная, клён вастралісты. У падлеску характэрны ляшчына, рабіна, ліпа драбналістая, ядловец, граб, ракітнік рускі. Сустракаецца таксама і вастракіліца чарнеючая. Гэтая расліна на паўднёвым захадзе Беларусі кваліфікуецца як рэдкая.

У жывым надглебавым покрыве дамінуюць зялёныя мхі, мар’яннік лугавы і брусніцы. У мікрапаніжэннях сустракаюцца чарніцы. Расце таксама аўсяніца авечая, грушанка буйналістая, маліна, ажына.

Другім тыпам па значнасці з’яўляецца сасняк верасовы. Жывы надглебавы покрыў гэтага сасняку прадстаўлены верасам звычайным, брусніцамі, ястрабінкай валасістай, вейнікам наземным, чаборам, сустракаюцца зялёныя мхі.

Радзей прадстаўлены ясна выражаныя саснякі-чарнічнікі. У іх пастаянна прысутнічае бяроза барадаўчатая, а ў падлеску — граб, крушына ломкая, ракітнік рускі, жаўтазель фарбавальны, свідзіна, брызгліна еўрапейская.

На тэрыторыі заказніка растуць і беразнякі. Яны прадстаўлены двума тыпамі: беразняком імшыстым і беразняком чарнічным. У дрэвавым ярусе беразнякоў прысутнічаюць сасна, вольха чорная, дуб і граб. Паўсюдна сустракаецца асіна.

Расліннасць адкрытых месцаў прадстаўлена лугамі і балотамі. Балоты ўнутры ляснога масіву — нізінныя, асаковыя. Глыбіня тарфянога пласта — адзін метр. Асаблівай разнастайнасцю адрозніваецца расліннасць у межах поймы, раздзеленай невялікімі сухадольнымі ўчасткамі.

Расліннасць заказніка прадстаўлена амаль паўтарастамі відамі.

У затоках і азёрах паўсюдна сустракаецца сальвінія плывучая (Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь). У асобных месцах яна ўтварае суцэльны дыван.

Сярод буйных жывёл адзначаны лось, казуля, дзік, ліса. Зарэгістраваны гнёзды арэшнікавай соні (Чырвоная кніга РБ), а таксама паселішчы рачнога бабра і андатры — каштоўных відаў паляўнічай фаўны.

Сярод пазванковых жывёл найбольшай відавой разнастайнасцю адзначаецца насельніцтва птушак. Асноўную групу складаюць віды вераб’інападобных, характэрных для лясных і водна-балотных біяцэнозаў: берасцянка, пеначка-веснічка, пеначка-цянькоўка, пеначка-трашчотка, садовая слаўка, чарацянка-барсучок, лясны і лугавы конікі, звычайная аўсянка, палявы жаўрук.

У паўночнай і паўднёвай частках заказніка зарэгістраваны тры пары рэмеза звычайнага (Чырвоная кніга РБ). Водныя біяцэнозы выкарыстоўваюцца чайкай серабрыстай (Чырвоная кніга РБ). На пералёце сустракаецца лебедзь-шыпун (Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь).

Адносна поўна прадстаўлена група драпежных птушак: канюк звычайны, асаед звычайны, каршуны (цецеравятнік і перапялятнік), балотны, лугавы і палявы мышаловы.

Паляўнічая арнітафауна прадстаўлена чырком-траскунком, крыжанкай, бакасам, дупелем, вялікім вераценнікам, чарнышом, шэрай курапаткай, рабчыкам, вехіром. На пералётах сустракаюцца і іншыя віды водна-балотнай дзічыны.

Герпетафауна прадстаўляе амаль усе віды рэптылій і амфібій Беларусі (за выключэннем мядзянкі і чаротавай жабы). Асаблівую цікавасць уяўляе рэгістрацыя ў паўднёвай частцы заказніка балотнай чарапахі (Чырвоная кніга РБ).

Іхціяфауна рэчышча ракі і іншых вадаёмаў заказніка прадстаўляе не менш чым 30 відаў рыбы. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да павелічэння як яе запасаў, так і разнастайнасці. Найбольш тыповымі аб’ектамі рыбнай лоўлі з’яўляюцца лешч, гусцяра, карась серабрысты, акунь, шчупак, плотка, краснапёрка. Сустракаюцца і такія каштоўныя віды, адчувальныя да забруджвання вады, як сом звычайны, судак, жэрах.

Беспазваночныя жывёлы адзначаны многімі сотнямі відаў. Варта лічыць звычайным відам красотку бліскучую і махаона (Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь).

  • Кніга «Памяць. Жабінкаўскі раён», Мінск, 1999