Пыха і перадузятасць (міні-серыял, 1995)
«Пы́ха і перадузя́тасць» (англ.: Pride and Prejudice) — шасцісерыйны брытанскі міні-серыял 1995 года, пастаўлены па аднайменным рамане англійскай пісьменніцы Джэйн Осцін. Адаптацыяй кнігі займаўся сцэнарыст Эндру Дэвіс, рэжысёрскае крэсла заняў Сайман Лэнгтан, а спрадзюсіравала карціну Сью Біртвістл . Ролі Элізабэт Бэнэт і містэра Дарсі выканалі Джэніфер Эль і Колін Фёрт. Вытворчасцю міні-серыяла займалася карпарацыя BBC пры дадатковай фінансавай падтрымцы амерыканскай тэлесеткі A&E.
Міні-серыял 1995 года стаў сёмай экранізацыяй раману. Папярэднія адаптацыі для кіно і тэлебачання выходзілі ў 1938, 1940, 1952, 1958, 1967 і 1980 гадах. Восьмай стала пастаноўка 2005 года.
Прэм’ера міні-серыяла адбылася на канале BBC One, дзе ён трансліраваўся з 24 верасня па 29 кастрычніка 1995 года (па адной 55-хвіліннай серыі ў тыдзень). Сетка A&E ўпершыню паказала серыял з 14 па 16 студзеня 1996 года (тры дні па дзве серыі запар)[5].
Фільм атрымаў прызнанне крытыкаў і папулярнасць сярод гледачоў, а таксама быў адзначаны шэрагам узнагарод, сярод якіх тэлевізійная прэмія BAFTA за найлепшую жаночую ролю (Джэніфер Эль) і прэмія Эмі за найлепшыя касцюмы. Роля містэра Дарсі ўзвяла Коліна Фёрта ў статус зоркі. Сцэна з Дарсі ў мокрай пасля купання ў возеры рубашцы была прызнана «адным з самых незабыўных момантаў у гісторыі тэлебачання Брытаніі»[6]. Серыял натхніў Хелен Філдынг напісаць серыю кніг пра Брыджыт Джонс. Колін Фёрт зыграў ролю Марка Дарсі, каханага галоўнай гераіні, у фільмах серыі «Дзённік Брыджыт Джонс », «Брыджыт Джонс: Межы разумнага » і «Дзіцё Брыджыт Джонс ».
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Першая серыя
[правіць | правіць зыходнік]Містэр Чарлз Бінглі, багаты джэнтльмен з поўначы Англіі, арандуе маёнтак Нэзэрфілд у Хартфардшыры, непадалёк ад мястэчка Мэрытан. Місіс Бэнэт апантаная ідэяй выдаць за яго замуж адну са сваіх пяці дачок: Джэйн, Элізабэт, Мэры, Кіці або Лідыю. Бінглі з першага ж позірку ўлюбляецца ў Джэйн, адразу запрашае яе на танец і ўвесь вечар выдзяляе яе па-над астатнімі паненкамі. У той жа час яго сябар містэр Дарсі (гадавы даход якога, паводле чуткаў, у два разы перавышае даход Бінглі) адмаўляецца танцаваць з кім-небудзь і даволі няветліва адзываецца пра Элізабэт. Тая чуе яго заўвагу, і ў яе складаецца вельмі непрыхільнае першае ўражанне пра містэра Дарсі. Пазней, на прыёме ў Лукас-лодж і падчас яе двухдзённага прабывання ў Нэзэрфілдзе, дзе яна даглядала хворую Джэйн, яе непрыязнасць да Дарсі ўсё больш і больш узмацняецца.
Другая серыя
[правіць | правіць зыходнік]Бэнэтаў наведвае іх сваяк — містэр Колінз, святар з Кента. Паколькі у Бэнэтаў няма дзяцей мужчынскага полу, то па законе менавіта ён з’яўляецца спадкаемцам містэра Бэнэта і мусіць у будучым стаць гаспадаром іх маёнтка Лонгбарн. Каб выправіць гэтае становішча і захаваць дом для сям’і, містэр Колінз мае намер ажаніцца з адной з дачок містэра Бэнэта. Ён абірае Элізабэт і пачынае заляцацца да яе. Падчас прагулкі ў Мэрытан сёстры Бэнэт сустракаюць афіцэраў, раскватараваных у гэтым гарадку, сярод іх ёсць новы твар — лейтэнант Джордж Уікхэм. У той самы час міма праязджаюць Бінглі і Дарсі, і Элізабэт заўважае надзвычай халоднае прывітанне апошняга з Уікхэмам. Выбраўшы зручны момант, Элізабэт распытвае новага знаёмага, і ён распавядае ёй, як Дарсі падмануў яго, адмовіўшыся даць царкоўны прыход, абяцаны бацькам Дарсі. Цяпер у Уікхэма няма ні грошай, ні відаў на будучыню. Лізі пранікаецца да яго моцным спачуваннем. Неўзабаве ў Нэзэрфілдзе адбываецца баль. Элізабэт, захопленая Уікхэмам, збіраецца правесці гэты вечар у размовах і танцах з ім, аднак афіцэра на балі не аказваецца. Нечакана для Элізабэт, яе на танец запрашае містэр Дарсі. Не паспеўшы прыдумаць адгаворку, яна неахвотна згаджаецца. Назаўтра пасля балю містэр Колінз робіць Элізабэт прапанову, але яна адказвае адмовай. Місіс Бэнэт абурана паводзінамі дачкі і намагаецца прымусіць Лізі выйсці за Колінза, у той час як бацька бярэ бок дачкі. Зняважаны адмовай, містэр Колінз пакідае Лонгбарн і прымае запрашэнне Шарлоты Лукас, сяброўкі Элізабэт, пагасцяваць у Лукас Лодж.
Трэцяя серыя
[правіць | правіць зыходнік]Элізабэт уражана навінай: яе сяброўка Шарлота прыняла прапанову рукі і сэрца ад містэра Колінза. Тым часам містэр Бінглі нечакана пакідае Нэзэрфілд і адпраўляецца ў Лондан з намерам застацца там на ўсю зіму. Элізабэт не дае веры, што Бінглі можа быць такім раўнадушным да яе сястры, і прапануе Джэйн пагасцяваць у іх дзядзькі і цёткі, містэра і місіс Гардынер, якія жывуць у Лондане. Джэйн праводзіць у Лондане шмат месяцаў, але так і не сустракае Бінглі, яна спрабуе працягнуць сяброўства з яго сёстрамі, але тыя адкрыта яе ігнаруюць. Напачатку вясны Элізабэт адпраўляецца ў Кент, каб пагасцяваць у Шарлоты і яе мужа. Дом містэра Колінза знаходзіцца непадалёк ад Розінгза — рэзідэнцыі лэдзі Кэтрын дэ Бур. Так як лэдзі Кэтрын даводзіцца Дарсі цёткай, Лізі сустракаецца з ім некалькі разоў. У той жа дзень, калі Элізабэт даведваецца пра вырашальную ролю Дарсі ў расстанні Бінглі і яе сёстры, Дарсі нечакана робіць ёй прапанову, запэўніваючы, што горача кахае яе, нягледзячы на нізкае становішча і адсутнасць добрых манер у яе сям’і. Элізабэт са злосцю адхіляе прапанову, указваючы містэру Дарсі на яго пыху і пагарду да пачуццяў іншых. У эмацыйнай прамове яна вінаваціць яго ў нешчаслівым каханні Джэйн і безнадзейным становішчы Уікхэма.
Чацвёртая серыя
[правіць | правіць зыходнік]Дарсі піша Элізабэт ліст, дзе тлумачыць свае ўчынкі ў дачыненні да Джэйн і Уікхэма. Ён прызнае, што памыліўся ў пачуццях Джэйн, думаючы, што яна абыякавая да Бінглі, але апраўдваецца тым, што ў яго былі добрыя намеры. Што да гісторыі з Уікхэмам, то са слоў Дарсі ён з’яўляецца нягоднікам, які спрабаваў збегчы з яго 15-гадовай сястрой Джарджыянай, каб атрымаць належны ёй вялізны пасаг. Элізабэт бачыць, як яна памылялася, і паспытвае пачуццё віны за тое, што яна так груба гаварыла з Дарсі. Вярнуўшыся ў Лонгбарн, яна даведваецца, што містэр Бэнэт дазволіў Лідыі паехаць у Брайтан у якасці кампаньёнкі жонкі палкоўніка Форстэра. Элізабэт незадаволена рашэннем бацькі адпусціць Лідыю і перасцерагае яго, што паводзіны Лідыі могуць нашкодзіць рэпутацыі сям’і, аднак містэр Бэнэт не змяняе свайго рашэння. Неўзабаве сама Лізі з’язджае з дзядзькам і цёткай Гардынер у падарожжа па Пік-Дыстрыкце і наведвае Дэрбішыр. Калі яны аказваюцца непадалёк ад Пэмбэрлі , маёнтка містэра Дарсі, цётка ўгаворвае Лізі наведацца туды. Элізабэт згаджаецца, папярэдне даведаўшыся, што сям’я летам жыве ў Лондане. Пэмбэрлі выклікае ў Лізі шчырае захапленне, і яна з увагай слухае апавяданні аканомкі пра дабрыню і высакароднасць гаспадара маёнтка. Тым часам містэр Дарсі, нікога не папярэдзіўшы, вяртаецца ў маёнтак. Прыбыўшы, ён вырашае выкупацца ў возеры, і, ідучы да хаты ў мокрай кашулі, сутыкаецца з Элізабэт. Між імі адбываецца няёмкая гутарка. Наспех пераапрануўшыся, ён расшуквае Элізабэт і Гардынераў і прапаноўвае ім прабавіць больш часу ў яго маёнтку. Ён выказвае небывалую ветлівасць і прыязнасць як да самой Элізабэт, так і да яе родных, што нямала яе здзіўляе.
Пятая серыя
[правіць | правіць зыходнік]Гардынеры і Элізабэт атрымліваюць запрашэнне ў Пэмбэрлі, дзе Дарсі і Лізі абменьваюцца выразнымі позіркамі. На наступную раніцу Элізабэт атрымлівае ліст ад Джэйн, у якім гаворыцца пра ўцёкі Лідыі з містэрам Уікхэмам. У гэты самы момант з нечаканым візітам прыходзіць Дарсі і застае яе моцна расхваляванай. Ёй даводзіцца прызнацца яму ў прычынах свайго расстройства. Дарсі выслухоўвае яе, выказвае спачуванне, але спяшаецца сысці. Элізабэт са шкадаваннем думае, што, магчыма, больш ніколі яго не ўбачыць. Элізабэт разам з Гардынерамі спешна вяртаюцца ў Лонгбарн, спадзеючыся, што справу яшчэ можна неяк замяць. Містэр Гардынер адпраўляецца ў Лондан, каб аказаць дапамогу містэру Бэнэту ў пошуках уцекачоў. Зрэшты, іх намаганні застаюцца беспаспяховымі, і неўзабаве містэр Бэнэт вяртаецца ў Лонгбарн. Праз нейкі час ад містэра Гардынера прыходзіць ліст, у якім ён піша, што Лідыя і Уікхэм знойдзены і хутка пажэняцца. Містэр Бэнэт перажывае, што дзядзька заплаціў Уікхэму вялікую суму грошай, каб прымусіць яго жаніцца, а ён не зможа яму яе вярнуць.
Шостая серыя
[правіць | правіць зыходнік]Пасля вяселля Лідыя і Уікхэм прыязджаюць пагасціць у Лонгбарн. У адной з размоў Лідыя неасцярожна прагаворваецца пра тое, што на іх з Уікхэмам вяселлі быў містэр Дарсі. Элізабэт гэта моцна здзіўляе, і яна піша ліст цётцы, каб атрымаць тлумачэнні. Місіс Гардынер адказвае пляменніцы, што гэта Дарсі знайшоў Лідыю і аплаціў ўсе выдаткі, уключаючы даўгі Уікхэма. Пагасціўшы некаторы час у Лонгбарне, маладыя адпраўляюцца на поўнач, дзе Уікхэм атрымаў месца ў рэгулярнай арміі. Не паспявае жыццё сям’і Бэнэт увайсці ў звычайную каляіну, як ваколіцу аблятае навіна: Бінглі вяртаецца ў Нэзэрфілд. Пасля некалькіх візітаў у Лонгбарн, Дарсі пераконваецца ў пачуццях Джэйн і просіць прабачэння ў свайго сябра за ўмяшальніцтва. Той неадкладна едзе ў Лонгбарн і робіць Джэйн прапанову. У гэты час да лэдзі Кэтрын даходзяць чуткі, што яе пляменнік заручаны з Элізабэт. Раз’юшаная, яна наносіць нечаканы візіт у Лонгбарн, дзе ў гутарцы з Элізабэт дапытваецца пра яе заручыны з Дарсі. Яна настойвае, каб Элізабэт адмовілася ад сваіх намераў і абвяшчае, што Дарсі мусіць ажаніцца з яе дачкой Эн. Элізабэт адмаўляецца абяцаць, што яна не прыме прапанову Дарсі, калі ён яе зробіць, і дашчэнту раззлаваная лэдзі Кэтрын з’язджае. Падчас чарговага візіту Дарсі ў Лонгбарн Элізабэт дзякуе яму за дапамогу ў справе Лідыі. Ён жа, падбадзёраны тым, што распавяла яму лэдзі Кэтрын, прызнаецца Элізабэт, што яго пачуцці і намеры ў дачыненні да яе не змяніліся. Элізабэт згаджаецца выйсці за яго замуж. Неўзабаве адбываецца двайное вяселле Бінглі з Джэйн і Дарсі з Элізабэт.
Акцёрскі склад
[правіць | правіць зыходнік]Вытворчасць
[правіць | правіць зыходнік]Адаптацыя
[правіць | правіць зыходнік]Раман Джэйн Осцін «Пыха і перадузятасць» неаднаразова станавіўся прадметам тэле- і кінаадаптацый. Да сярэдзіны 1980-х гадоў існавала прынамсі 6 экранізацый рамана: тэлефільм 1938 года, фільм 1940 года і міні-серыялы 1952, 1958, 1967 і 1980 гадоў. Ідэя чарговай тэлеадаптацыі ўзнікла ў прадзюсара Сью Біртвістл восенню 1986 года падчас перадпаказу іншай экранізацыі Осцін — тэлефільма «Нортэнгерскае абацтва ». Біртвістл звярнулася з гэтай ідэяй да сцэнарыста Эндру Дэвіса, які таксама прысутнічаў на перадпаказе, і той пагадзіўся заняцца адаптацыяй рамана[7][8].
Мы ставіліся да рамана з вялікай павагай, але калі б мы хацелі перадаць усё слова ў слова, мы б нанялі некага прадэкламаваць яго па радыё. —Сайман Лэнгтан, рэжысёр фільма[9]
|
Не гледзячы на намер Біртвістл і Дэвіса прытрымлівацца тона і духа рамана[10], ім хацелася стварыць «свежую, жывую гісторыю пра сапраўдных людзей»[7], а не «старую студыйную драму ад BBC, якую будуць паказваць у нядзелю з пяці да сямі»[11]. Зрабіўшы акцэнт на сексе і грошах[7], Дэвіс пераключыў увагу з Элізабэт на Элізабэт і Дарсі, вызначыўшы наперад ролю апошняга ў зыходзе гэтай гісторыі. У мэтах надання чалавечнасці персанажам рамана, Дэвіс дадаў некалькі кароткіх сцэн, такіх як адзяванне дачок сямейства Бэнэт, якія намагаюцца выгадна зарэкамендаваць сябе на рынку нявест. Новыя сцэны, якія выяўляюць вольны час мужчын, згладзілі акцэнт рамана на жанчынах[10]. Найбольшай тэхнічнай складанасцю была адаптацыя доўгіх лістоў у другой частцы гісторыі. Дэвіс выкарыстоўваў такія тэхнікі як закадравы голас, успаміны, чытанне лістоў героямі ўслых адно аднаму. Было дададзена некалькі дыялогаў з мэтай паяснення некаторых нюансаў рамана сучаснай аўдыторыі, большая ж частка дыялогаў, аднак, засталася некранутай[10].
Каб пашырыць аўдыторыю серыяла, аўтары ідэі вырашылі не звяртацца да BBC, якая спецыялізуецца на «класічных драмах», але прапанаваць ідэю тэлевізійнай карпарацыі ITV, якая мае больш шырокую аўдыторыю. Ужо ў канцы 1986 года Біртвістл і Дэвіс прадставілі першыя тры сцэнарыі, і хоць іх версія выклікала зацікаўленасць, справу вырашылі адкласці ў «доўгую скрыню», бо з моманту папярэдняй тэлеадаптацыі прайшло ўсяго шэсць гадоў. Інтарэс ITV да гэтай тэлеадаптацыі ўзнавіўся ў 1993 годзе, аднак ініцыятыву перахапіла BBC. Ужо ў канцы года праекту было дадзена «зялёнае святло», а ў студзені 1994 года Сайман Лэнгтан быў зацверджаны рэжысёрам, і пачаўся этап прэпрадукцыі[7].
Агулам ад моманту ўзнікнення ідэі восенню 1986 года да выхаду міні-серыяла на экраны восенню 1995 года мінула 9 гадоў[7].
Кастынг
[правіць | правіць зыходнік]Падчас кастынгу на шматлікія ролі ў фільме, прадзюсар Сью Біртвістл і рэжысёр Сайман Лэнгтан шукалі дасціпных, абаяльных і харызматычных акцёраў, якія ў той жа час маглі б арганічна глядзецца ў гістарычным кантэксце фільма (эпоха регенцтва у Англіі ). Паколькі сцэнарый атрымаўся ўдалым, а праект сам па сабе даволі громкім, то жадаючых паспрабавацца на ролі было шмат. На першым этапе кастынгу зацікаўленых акцёраў і актрыс запрашалі на сустрэчу з прадзюсарам і рэжысёрам, дзе кандыдатам прапаноўвалася прачытаць некалькі сцэн. Тыя з іх, хто зрабіў найлепшае ўражанне, былі запрошаны на тэлестудыю, дзе мусілі сыграць некалькі загадзя падрыхтаваных сцэн у гістарычных касцюмах і грыме. Некаторым жа прызнаным акцёрам прапановы рабіліся без папярэдніх праслухоўванняў[12].
Зыходнай кропкай пры падборы акцёрскага складу стаў пошук выканаўцаў галоўных роляў — 20-гадовай Элізабэт Бэнэт і 28-гадовага містэра Дарсі. Пасля першага этапу праслухоўванняў, на ролю Элізабэт, любіміцы бацькі і самай разумнай з пяці сясцёр Бэнэт, разглядалася з паўтузіна сур’ёзных кандыдатак. У выніку роля дасталася 25-гадовай брытанска-амерыканскай актрысе Джэніфер Эль[12]. З усяго акцёрскага складу, яна была адзінай, хто быў задзейнічаны на працягу ўсяго перыяду здымкаў[13]. На ролю містэра Дарсі быў запрошаны адносна малавядомы ў той час брытанскі акцёр Колін Фёрт, з якім у сярэдзіне 1980-х Сью Біртвістл працавала над фільмам «Галандскія дзяўчаткі ». Акцёр неаднаразова адхіляў прапанову, бо лічыў, што тэматыка Джэйн Осцін яму няблізкая, і да таго ж баяўся, што можа не справіцца з роллю. Аднак угаворы прадзюсара і больш глыбокае асэнсаванне персанажа Дарсі ўрэшце пераканалі Фёрта ўзяцца за ролю[14]. Падчас здымкаў фільма паміж Фёртам і Эль пачаліся рамантычныя стасункі, пра якія стала вядома толькі пасля іх расстання[15].
Апроч Коліна Фёрта без папярэдняга адбора прапановы былі зробленыя Элісан Стэдман , якая сыграла місіс Бэнэт, і Барбары Лі-Хант — лэдзі Кэтрын дэ Бур[16].
Здымкі
[правіць | правіць зыходнік]Праца над міні-серыялам заняла 20 здымачных тыдняў[17]: з чэрвеня па лістапад 1994 года. Такі перыяд здымкаў дазволіў адлюстраваць у сюжэце змену пораў года[18]. Здымачны тыдзень складаўся з пяці працоўных дзён, кожны з якіх у сваю чаргу доўжыўся па 10,5 гадзін, не ўлічваючы часу на падрыхтоўчыя працы, такія як адзяванне акцёраў у касцюмы і налажэнне грыму. Таму для некаторых членаў каманды працоўны дзень мог складаць да 15 гадзін[17]. За два тыдні да здымкаў каля 70 % акцёраў і здымачнай групы сабраліся для чыткі сцэнарыя, рэпетыцый, танцавальных урокаў, верхавой язды, фехтавання і набыцця іншых неабходных навыкаў[19].
Падчас здымкаў было задзейнічана 24 лакацыі, большасць з якіх належыць Нацыянальнаму фонду Вялікабрытаніі , а таксама восем студыйных пляцовак[11][19]. Розніца ў матэрыяльным становішчы сем’яў галоўных персанажаў павінна была адлюстроўвацца ў месцы іх пражывання: так Лонгбарн, маёнтак Бэнэтаў, павінен быў быць прадстаўлены невялікім утульным домам, у той час як рэзідэнцыя містэра Дарсі ў Пэмбэрлі павінна была выглядаць як «найпрыгажэйшае месца», быць узорам добрага густу і арыстакратычнасці.
Першым месцам, якое зацвердзілі прадзюсары, стала вёсачка Лэкак у графстве Уілтшыр, якая стала правобразам вёскі Мэрытан. Асабняк у вёсцы Лукінгтан паслужыў адначасова і экстэр’ерам, і інтэр’ерам Лонгбарна. Маёнтак Лайм-парк у графстве Чэшыр быў абраны для стварэння вобразу Пэмбэрлі, аднак арганізацыйныя праблемы вымусілі перанесці здымкі інтэр’ераў у Садберы-хол , графства Дэрбішыр[20].
-
Эджкат-хаўс, Эджкат , Нартгемптаншыр — Нэзэрфілд.
-
Бэлтан-хаўс , Лінкальншыр — Розінгз-парк.
-
Садберы-хол , Дэрбішыр — інтэр’еры Пэмбэрлі.
-
Лорд Лейстэр Хоспітал , Уорык — вуліцы Лондана.
Касцюмы, грым і прычоскі
[правіць | правіць зыходнік]Паколькі «Пыха і перадузятасць» з’яўляецца гістарычным творам, патрабавалася грунтоўная прапрацоўка касцюмаў і знешняга выгляду персанажаў. Асабістыя якасці і дастатак героеў былі адлюстраваны ў іх уборах. Так, напрыклад, заможныя сёстры Бінглі ніколі не апраналі сукенак з прынтамі і заўсёды насілі вялікія пёры ў прычосках. Паколькі прыналежны BBC касцюмны фонд плаццяў XIX стагоддзя быў абмежаваны, мастачка па касцюмах Дзіна Колін сама стварыла большасць убораў, наведваючы для натхнення музеі адпаведнай тэматыкі. Колін намагалася зрабіць так, каб створаныя ёй мадэлі адпавядалі гістарычнаму перыяду, але ў той жа час былі прывабныя для сучаснай глядацкай аўдыторыі. У выніку толькі некаторыя з касцюмаў, у большасці сваёй касцюмы для масоўкі, былі запазычаны з больш ранніх пастановак або арандаваны, астатнія ж створаны непасрэдна для фільма.
Сукенкі Элізабэт былі вытрыманы ў зямлістых танах і пашыты такім чынам, каб у іх было лёгка рухацца. Гэта выдатна адпавядала жвавасці і жыццярадаснасці гераіні. Сукенкі ж астатніх сясцёр Бэнэт былі вытрыманы ў адценнях крэмавага колеру, каб падкрэсліць іх нявіннасць і прастату. Ва ўбраннях сясцёр Бінглі і лэдзі Кэтрын дэ Бур выкарыстоўваліся больш насычаныя колеры. Колін Фёрт, выканаўца ролі містэра Дарсі, актыўна ўдзельнічаў у абмеркаваннях сваіх касцюмаў, што нямала паспрыяла працоўнаму працэсу. Для сваіх касцюмаў акцёр прапанаваў аддаваць перавагу цёмным колерам, але пазбягаць чорнага. У выніку мастачка па касцюмах спынілася на цёмна-зялёных і шэрых танах. У супрацьвагу ўбранням містэра Дарсі, яго сябру, містэру Бінглі, дасталася адзенне цёплых таноў[21].
Прадзюсары бачылі містэра Дарсі брунетам, хаця ніякіх прамых указанняў на гэта ў рамане не было, і Фёрту прапанавалі перафарбаваць у чорны колер валасы, бровы і вейкі. Усім акцёрам-мужчынам было загадана адпусціць валасы перад здымкамі і згаліць вусы. Для Джэніфер Эль было зроблена тры чорныя парыкі, каб прыкрыць яе кароткія светлыя валасы, яшчэ адзін парык быў зроблены для Элісан Стэдман (місіс Бэнэт), так як яе валасы былі занадта густыя і цяжкія. Валасы Сюзаны Харкер (Джэйн) былі крыху высветлены для стварэння большага кантрасту з Элізабэт і ўкладзены ў класічным грэчаскім стылі, каб падкрэсліць прыгажосць гераіні. Прастата Мэры была дасягнута пры дапамозе плямак, нанесеных на твар Люсі Брырс , яе валасы былі прамаслены для стварэння эфекту нямытасці і ўкладзены такім чынам, каб падкрэсліць крыху адтапыраныя вушы актрысы. Паколькі Лідзія і Кіці былі занадта маладыя і свавольныя, каб іх прычоскі ўкладала прыслуга, валасы актрыс моцна не змянялі. Што тычыцца містэра Колінза, мастачка па грыме Кэралайн Нобл заўсёды ўяўляла яго сабе потным персанажам з вільготнай верхняй губой. Яна таксама прамасліла валасы Дэвіда Бамбера і зрабіла яму касы прабор, каб намякнуць на наяўнасць лысіны[21].
Музычнае суправаджэнне
[правіць | правіць зыходнік]Амерыканска-брытанскі кампазітар Карл Дэвіс пісаў саўндтрэкі для адаптацый класічных літаратурных твораў канала BBC з сярэдзіны 1970-х гадоў. Ён пазнаёміўся са Сью Біртвістл на этапе прэпрадукцыі міні-серыяла. Праз напісаныя ім для міні-серыяла музычныя тэмы ён хацеў падкрэсліць дасціпнасць і жывасць рамана, а таксама закрануць тэму замужжа і кахання ў невялікім мястэчку ў пачатку XIX стагоддзя. У сваёй працы ён натхняўся класічнымі музычнымі творамі, папулярнымі ў той час, у прыватнасці септэтам Бетховена[22]. Галоўная тэма серыяла пераклікаецца з фінальнай часткай «Канцэрта для фартэпіяна з аркестрам № 5 ».
Саўндтрэк быў запісаны ў перыяд з 7 лютага па 21 красавіка 1995 года[23] і выдадзены лэйблам EMI[24] 21 мая 1996 года[23].
Пыха і перадузятасць | |
---|---|
Саўндтрэк Карла Дэвіса | |
Дата выпуску | 1995[24] або 1996[23] |
Запісаны | 7 лютага — 21 красавіка 1995 года[23] |
Жанр | Саўндтрэк |
Працягласць | 54:32[23] |
Краіна | |
Лэйбл | EMI[24] |
|
|
№ | Назва | Працягласць |
---|---|---|
1. | «Pride And Prejudice (Opening Titles)» | 03:30 |
2. | «Dance Montage» | 00:48 |
3. | «Elizabeth Observed» | 01:10 |
4. | «Piano Summary (Episode One)» | 02:02 |
5. | «Canon Collins» | 02:12 |
6. | «Piano Summary (Episode Two)» | 02:01 |
7. | «The Gardiners» | 01:05 |
8. | «Winter Into Spring» | 03:29 |
9. | «Parting» | 01:37 |
10. | «Rosings» | 01:21 |
11. | «Piano Summary (Episode Three)» | 02:13 |
12. | «Telling The Truth» | 04:28 |
13. | «Farewell To The Regiment» | 02:20 |
14. | «Pemberley» | 02:10 |
15. | «Darcy Returns» | 03:09 |
16. | «Piano Summary (Episode Four)» | 02:11 |
17. | «Thinking About Lizzy» | 01:29 |
18. | «Lydia's Elopement» | 02:52 |
19. | «Piano Summary (Episode Five)» | 02:40 |
20. | «Lydia's Wedding» | 02:40 |
21. | «Return Of Bingley» | 02:58 |
22. | «Darcy's Second Proposal» | 01:48 |
23. | «Double Wedding» | 02:43 |
24. | «Finale» | 01:38 |
Выхад і прызнанне
[правіць | правіць зыходнік]Выхад на экраны
[правіць | правіць зыходнік]Прэм’ера міні-серыяла адбылася на канале BBC One, дзе ён трансліраваўся нядзельнымі вечарамі з 24 верасня па 29 кастрычніка 1995 года (па адной 55-хвіліннай серыі раз на тыдзень). Паводле розных вытокаў трансляцыю паглядзела ад 10 да 11 мільёнаў гледачоў[25][26]. Кожную новую серыю на тым жа тыдні паўтараў канал BBC Two[17]. Амерыканская сетка A&E ўпершыню паказала серыял з 14 па 16 студзеня 1996 года (тры дні па дзве серыі запар)[27]. Трансляцыю паглядзелі 3,7 мільёнаў чалавек[25]. У 1996 годзе прэм’еры міні-серыяла адбыліся яшчэ ў шэрагу краін, сярод якіх Аўстралія (2 сакавіка), Фінляндыя (17 сакавіка), Нідэрланды (3 верасня), Японія (22 лістапада). Прэм’ера ў Германіі адбылася 28 сакавіка 1997 года[5].
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Рэйтынгі | |
---|---|
Выданне | Адзнака |
AllMovie | [28] |
AlloCiné | [29] |
FilmAffinity | [30] |
Internet Movie Database | [31] |
Rotten Tomatoes | [32] |
TV.com | [33] |
КиноПоиск | [34] |
Паводле дадзеных папулярнага агрэгатара крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» сярод 17 прафесійных крытыкаў 15 далі станоўчую ацэнку фільму, што складае 88 %. Глядацкі рэйтынг міні-серыяла дасягнуў 95 %[32]. Абагуленае меркаванне крытыкаў сфармулявана наступным чынам:
Колін Фёрт узорна тлее ў пакутлівай Пысе містэра Дарсі, а Джэніфер Эль увасабляе жорсткую Перадузятасць Элізабэт Бэнэт у гэтай любоўна перададзенай — і, магчыма, канчатковай — адаптацыі класікі Джэйн Осцін.[32] |
На іншых папулярных сайтах, прысвечаных кіно, міні-серыял таксама ўдастоіўся высокіх ацэнак гледачоў: 4.5/5 на сайце «AllMovie»[28], 4.0/5 на сайце «AlloCiné»[29], 7.8/10 на сайце «FilmAffinity»[30], 8.8/10 на сайце «IMDb»[31], 8.7/10 на сайце «TV.com»[33], 8.8/10 на сайце «КиноПоиск»[34].
Рэакцыя крытыкаў
[правіць | правіць зыходнік]Пераважная большасць крытыкаў станоўча ацаніла новую экранізацыю «Пыхі і перадузятасці»[35]. Так, яшчэ за дзень да брытанскай прэм’еры Джэрард Гілберт з газеты «The Independent» парэкамендаваў да прагляду першы эпізод серыяла, заявіўшы, што новая тэлевізійная адаптацыя настолькі ўдалая, наколькі гэта толькі магчыма ў выпадку літаратурнай класікі. Гілберт адзначыў, што, у прыватнасці, акцёрскі склад заслугоўвае вылучэння на прэмію BAFTA: «Фёрт ні ў якай ступені не мяккі і пушысты, а Джэніфер Эль дэманструе выдатны ўзор жывога розуму ў вобразе Элізабэт». Аглядальнік таксама адзначыў, што містэр Бэнэт у выкананні Бенджаміна Уітроў літаральна крадзе ўсе свае сцэны, аднак выказаў сумненні наконт вобразу місіс Бэнэт у выкананні Элісан Стэдман[36]. Аглядаючы першую серыю на наступны дзень пасля прэм’еры, Джым Уайт пахваліў сцэнарыста Эндру Дэвіса за тое, што ён «надаў падзеям тэмп і энергію, якія, нарэшце, ствараюць візуальнае асяроддзе, каб аддаць належнае дасціпнасці кнігі»[37].
За некалькі дзён да амерыканскай прэм’еры Говард Розенберг з «Los Angeles Times» назваў новую адаптацыю «відавочна прымальнай», нягледзячы на некаторыя вольнасці па адносіне да тэксту рамана[38]. Джон О’Конар з «The New York Times» прызнаў серыял «цудоўнай адаптацыяй з надзвычай дакладным і далікатна прапрацаваным сцэнарыем». Паводле яго меркавання, Джэніфер Эль здолела зрабіць Элізабэт «надзіва разумнай і аўтарытэтнай, аднак не фанабэрлівай», а Колін Фёрт «бліскуча перадаў снабісцкую пыху містэра Дарсі, у той жа час паказваючы, у асноўным праз пільныя позіркі, што ён міжволі ўлюбляецца». О’Конар таксама пахваліў Барбару Лі-Хант за яе вобраз лэдзі Кэтрын дэ Бур, гэтай «дзівосна ўладнай вядзьмаркі», і назваў яе сцэны з Дэвідам Бамберам (містэрам Колінзам) «пацешнымі»[39].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Паводле інфармацыі сайта «Internet Movie Database» міні-серыял быў адзначаны 9 прэміямі і 13 намінацыямі[40].
Уплыў і спадчына
[правіць | правіць зыходнік]Міні-серыял «Пыха і перадузятасць» заняў пачэснае месца ў шэрагу найбольш папулярных праектаў BBC і A&E[26][52] і стаў «культурным феноменам, які паслужыў натхненнем для соцень газетных артыкулаў і зрабіў раман улюбёным чытвом пасажыраў прыгарадных цягнікоў»[53]. Выйшаўшы на экраны ў канцы 1995 года, серыял выдатна ўпісаўся ў хвалю кіна- і тэлеадаптацый Джэйн Осцін. У тым жа годзе BBC выпусціла яшчэ адзін тэлевізійны праект — «Перакананне », апроч таго адбылася прэм’ера аскараноснай кінастужкі «Розум і пачуцці». Наступны, 1996 год адзначыўся адразу дзвюма экранізацыямі рамана «Эма» — кінафільмам студыі «Miramax» і брытанскай тэлеадаптацыяй ад «ITV». Надзвычайны ўздым увагі да твораў пісменніцы прывёў да таго, што колькасць сяброў Таварыства Джэйн Осцін у Паўночнай Амерыцы ўзрасла на пяцьдзясят працэнтаў у 1996 годзе і перавысіла 4000 чалавек увосень 1997 года[54]. Некаторыя газеты, такія як «The Wall Street Journal », тлумачылі гэтую «осцінаманію» камерцыйным ходам тэле- і кінаіндустрыі, у той час як іншыя бачылі прычыны папулярнасці Осцін у эскапізме[55].
Тым часам, як Джэніфер Эль адмовілася скарыстацца поспехам серыяла і далучылася да Каралеўскай шэкспіраўскай трупы ў Стратфард-он-Эйване[56], Колін Фёрт раптоўна ўзнёсся на вяршыню славы[15]. Вобраз містэра Дарсі прымацаваў да акцёра ярлык «рамантычнага куміра»[57] і «афіцыйна пераўтварыў яго ў сэрцаеда»[58], і хаця ён не супраціўляўся гэтаму, аднак выказваў жаданне ў далейшым не асацыявацца з адной толькі «Пыхай і перадузятасцю»[59] і адмаўляўся ад падобных роляў. Сярод наступных яго акцёрскіх прац былі такія вядомыя фільмы, як «Англійскі пацыент» (1996), «Закаханы Шэкспір» (1998), «Дзённік Брыджыт Джонс » (2001), «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» (2003), «Любоў насамрэч» (2003) і іншыя.
Брыджыт Джонс
[правіць | правіць зыходнік]У 1995 годзе журналістку Хелен Філдынг запрасілі весці аўтарскую калонку ў газеце «The Independent». Ёй прапаноўвалася ад свайго імя апісваць спосаб жыцця 37-гадовай незамужняй забяспечанай жыхаркі Лондана. Ідэя аўтаіяграфічнасці, аднак, не спадабалася журналістцы, і яна вырашыла стварыць выдуманага, камічна-гіпербалізаванага персанажа, ад імя якога і весці сваю калонку. Такім персанажам стала Брыджыт Джонс .
25 кастрычніка 1995 года падчас прэм’ерных трансляцый «Пыхі і перадузятасці» ў Вялікабрытаніі Брыджыт Джонс напісала, што захапляецца серыялам. У калонцы яна згадала пра сваю «простую чалавечую неабходнасць, каб Дарсі сышоўся з Элізабэт» і назвала гэтую пару сваімі «выбраннымі прадстаўнікамі ў сферы сэксу, а дакладней заляцанняў»[60]. У 1996 годзе Філдынг вольна перапрацавала сюжэт «Пыхі і перадузятасці» ў рамане «Дзённік Брыджыт Джонс », заснаваным на сваіх публікацыях ад імя выдуманай журналісткі. Герой рамана, які стаў любоўным інтарэсам Брыджыт, атрымаў імя Марк Дарсі і быў апісаны ў дакладнасці як Колін Фёрт.
Поспех кнігі паспрыяў хуткаму з’яўленню яе кінаадаптацыі , якая выйшла на экраны ў 2001 годзе. Самарэферэнцыйная сувязь праектаў пераканала Коліна Фёрта ўзяцца за ролю Марка Дарсі[15], паколькі гэта давала яму магчымасць высмеяць свайго культавага персанажа і такім чынам раз і назаўсёды вызваліцца з-пад яго ўплыву[61]. Апроча Фёрта ў праекце прыняў удзел сцэнарыст серыяла Эндру Дэвіс, а ў другапланавых ролях з’явіліся Крыспін Бонэм-Картэр (містэр Бінглі) і Люсі Робінсан (місіс Хёрст).
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Aleph
- ↑ а б Screenonline
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг ад ае аё Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 27 мая 2019.
- ↑ BBC Genome
- ↑ а б Pride and Prejudice — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 20 красавіка 2020.
- ↑ Fiachra Gibbons.. Universally acknowledged hunk vetoed nude scene (англ.). Сайт «The Guardian» (2 чэрвеня 2003). Праверана 8 студзеня 2020.
- ↑ а б в г д S. Birtwistle, S. Conklin. «The Making of Pride and Prejudice» 1995, pp. v–viii.
- ↑ Bart Mills.. The Courtship of Jane Austen’s Characters : COLIN FIRTH TALKS ABOUT ‘PRIDE AND PREJUDICE’ IN THE 20TH CENTURY (англ.). Сайт «The Los Angeles Times» (14 студзеня 1996). Праверана 28 красавіка 2020.
- ↑ а б в S. Birtwistle, S. Conklin. «The Making of Pride and Prejudice» 1995, pp. 1–13.
- ↑ а б S. Birtwistle, S. Conklin. «The Making of Pride and Prejudice» 1995, pp. 35–43.
- ↑ а б S. Birtwistle, S. Conklin. «The Making of Pride and Prejudice» 1995, pp. 15–21.
- ↑ S. Birtwistle, S. Conklin. «The Making of Pride and Prejudice» 1995, p. 29.
- ↑ William Grimes.. COVER STORY;An Austen Tale of Sex and Money In Which Girls Kick Up Their Heels (англ.). Сайт «The New York Times» (14 студзеня 1996). Праверана 28 красавіка 2020.
- ↑ а б в Susie Steiner.. Twice Shy (англ.). Сайт «The Guardian» (31 сакавіка 2001). Праверана 28 красавіка 2020.
- ↑ S. Birtwistle, S. Conklin. «The Making of Pride and Prejudice» 1995, p. 20.
- ↑ а б в S. Birtwistle, S. Conklin. «The Making of Pride and Prejudice» 1995, pp. 27–34.
- ↑ S. Birtwistle, S. Conklin. «The Making of Pride and Prejudice» 1995, pp. 79–87.
- ↑ а б S. Birtwistle, S. Conklin. «The Making of Pride and Prejudice» 1995, pp. 73–78.
- ↑ S. Birtwistle, S. Conklin. «The Making of Pride and Prejudice» 1995, pp. 22–26.
- ↑ а б S. Birtwistle, S. Conklin. «The Making of Pride and Prejudice» 1995, pp. 47–60.
- ↑ S. Birtwistle, S. Conklin. «The Making of Pride and Prejudice» 1995, pp. 61–66.
- ↑ а б в г д Pride & Prejudice [1995 Television Soundtrack — Carl Davis] (англ.). Сайт «AllMusic». Праверана 20 красавіка 2020.
- ↑ а б в Carl Davis (5) – Pride And Prejudice - Original BBC Soundtrack (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 20 красавіка 2020.
- ↑ а б R. J. Sokol. «The Importance of Being Married — Adapting Pride and Prejudice» 1999, p. 78.
- ↑ а б Siegfried Helm.. Ein 182 Jahre alter Fernseh-Straßenfeger (ням.). Сайт «Die Welt» (23 лістапада 1995). Праверана 30 красавіка 2020.
- ↑ John Carman.. Austen's `Pride' Glows / Enchanting evenings in A&E series (англ.). Сайт «San Francisco Chronicle» (12 студзеня 1996). Праверана 30 красавіка 2020.
- ↑ а б Pride and Prejudice (1995) — Simon Langton (англ.). Сайт «AllMovie». Праверана 20 красавіка 2020.
- ↑ а б Orgueil et préjugés — film 1995 (фр.). Сайт «AlloCiné». Праверана 6 студзеня 2021.
- ↑ а б Pride and Prejudice (TV Miniseries) (1995) — FilmAffinity (англ.). Сайт «FilmAffinity». Праверана 20 красавіка 2020.
- ↑ а б Pride and Prejudice (TV Mini-Series 1995) — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 20 красавіка 2020.
- ↑ а б в Pride and Prejudice — Rotten Tomatoes (англ.). Сайт «Rotten Tomatoes». Праверана 20 красавіка 2020.
- ↑ а б Pride and Prejudice — TV.com (англ.)(недаступная спасылка). Сайт «TV.com». Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2020. Праверана 20 красавіка 2020.
- ↑ а б Гордость и предубеждение (мини–сериал) — КиноПоиск (руск.). Сайт «КиноПоиск». Праверана 20 красавіка 2020.
- ↑ R. J. Sokol. «The Importance of Being Married — Adapting Pride and Prejudice» 1999.
- ↑ Gerard Gilbert. Preview – Recommended Viewing This Weekend(англ.) // The Independent. — 1995-09-23. — P. 28.
- ↑ Jim White . Television review(англ.) // The Independent. — 1995-09-25. — P. 24.
- ↑ Howard Rosenberg .. The Latest Chapter in the Austen Renaissance (англ.). Сайт «The Los Angeles Times» (12 студзеня 1996). Праверана 8 студзеня 2021.
- ↑ John J. O'Connor .. TELEVISION REVIEW;An England Where Heart and Purse Are Romantically United (англ.). Сайт «The New York Times» (13 студзеня 1996). Праверана 8 студзеня 2021.
- ↑ Pride and Prejudice — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 20 красавіка 2020.
- ↑ а б BAFTA Awards — Television — Actor in 1996
- ↑ BAFTA Awards — Television — Actress in 1996
- ↑ BAFTA Awards — Television — Drama Serial in 1996
- ↑ BAFTA Awards — Television Craft — Costume Design in 1996
- ↑ BAFTA Awards — Television Craft — Make-up in 1996
- ↑ TCA Awards Архівавана 23 студзеня 2016.
- ↑ Outstanding Miniseries Or Movie Nominees — Winners 1996 Emmy Awards
- ↑ Outstanding Writing In A Miniseries Or A Special Nominees — Winners 1996 Emmy Awards
- ↑ Outstanding Choreography Nominees — Winners 1996 Emmy Awards
- ↑ Outstanding Costumes For A Miniseries Movie Or A Special Nominees — Winners 1996 Emmy Awards
- ↑ 1997 — Categories — International Press Academy
- ↑ Liz Stevens.. For fortysomethings, a Firth-rate fantasy (англ.). Сайт «The Boston Globe» (26 лістапада 2004). Праверана 10 студзеня 2021.
- ↑ Louise Watson.. Pride and Prejudice (1995) (англ.). Сайт «Screenonline». Праверана 10 студзеня 2021.
- ↑ H. E. Ellington. «"The Correct Taste in Landscape" — Pemberley as Fetish and Commodity» 1998, p. 2.
- ↑ D. Looser. «Feminist Implications of the Silver Screen Austen» 1998, pp. 160–161.
- ↑ Justine Picardie.. What Lizzie did next (англ.). Сайт «The Age» (23 красавіка 2005). Праверана 10 студзеня 2021.
- ↑ Caryn James.. Austen Powers: Making Jane Sexy (англ.). Сайт «The New York Times» (29 ліпеня 2007). Праверана 10 студзеня 2021.
- ↑ Tom Ryan.. Renaissance man (англ.). Сайт «The Age» (6 сакавіка 2004). Праверана 10 студзеня 2021.
- ↑ Kathy Passero. Pride, Prejudice and a Little Persuasion(англ.) // A&E Monthly Magazine. — December 1996.
- ↑ Bridget Jones (Хелен Філдынг). Bridget Jones's Diary(англ.) // The Independent. — 1995-10-25. — P. 5.
- ↑ Sara Faillaci.. Me Sexy? (англ.)(недаступная спасылка). Сайт «Firth.com» (16 кастрычніка 2003). Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2010. Праверана 13 студзеня 2021.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Sue Birtwistle, Susie Conklin. The Making of Pride and Prejudice. — Penguin Books, 1995. — 117 p. — (BBC Books). — ISBN 0-14-025157-X.
- H. Elisabeth Ellington. "The Correct Taste in Landscape" — Pemberley as Fetish and Commodity // Jane Austen in Hollywood / Eds. Linda Troost, Sayre Greenfield. — University Press of Kentucky, 1998. — ISBN 0-8131-9006-1.
- Lisa Hopkins. Mr. Darcy's Body — Privileging the Female Gaze // Jane Austen in Hollywood / Eds. Linda Troost, Sayre Greenfield. — University Press of Kentucky, 1998. — ISBN 0-8131-9006-1.
- Devoney Looser. Feminist Implications of the Silver Screen Austen // Jane Austen in Hollywood / Eds. Linda Troost, Sayre Greenfield. — University Press of Kentucky, 1998. — ISBN 0-8131-9006-1.
- Cheryl L. Nixon. Balancing the Courtship Hero — Masculine Emotional Display in Film Adaptations in Austen's Novels // Jane Austen in Hollywood / Eds. Linda Troost, Sayre Greenfield. — University Press of Kentucky, 1998. — ISBN 0-8131-9006-1.
- Ronnie Jo Sokol. The Importance of Being Married — Adapting Pride and Prejudice // Nineteenth-century Women at the Movies: Adapting Classic Women's Fiction to Film / Ed. Barbara Tepa Lupack. — University of Wisconsin Press, 1999. — ISBN 0-87972-805-1.
- Linda Troost, Sayre Greenfield. Introduction — Watching Ourselves Watching // Jane Austen in Hollywood / Eds. Linda Troost, Sayre Greenfield. — University Press of Kentucky, 1998. — ISBN 0-8131-9006-1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Пыха і перадузятасць (міні-серыял, 1995)
- Пыха і перадузятасць (англ.) на сайце BBC
- Плэйліст фрагментаў серыялу на YouTube-канале «BBC Studios»
- Пыха і перадузятасць на сайце «AllMovie» (англ.) (на 06.01.2021)
- Пыха і перадузятасць на сайце «AlloCiné» (фр.) (на 06.01.2021)
- Пыха і перадузятасць на сайце «FilmAffinity» (англ.) (на 06.01.2021)
- Пыха і перадузятасць на сайце «Internet Movie Database» (англ.) (на 06.01.2021)
- Пыха і перадузятасць на сайце «Rotten Tomatoes» (англ.) (на 06.01.2021)
- Пыха і перадузятасць Архівавана 20 лютага 2020. на сайце «TV.com» (англ.) (на 06.01.2021)
- Пыха і перадузятасць на сайце «КиноПоиск» (руск.) (на 06.01.2021)
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |
Гэта артыкул 2020 года Беларускай Вікіпедыі. |