Сент-Кітс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сент-Кітс
англ. Saint Kitts
Панарама ўзбярэжжа
Панарама ўзбярэжжа
Характарыстыкі
Плошча169 км²
Насельніцтва39 200 чал.
Шчыльнасць насельніцтва231,95 чал./км²
Размяшчэнне
17°15′ пн. ш. 62°40′ з. д.HGЯO
АрхіпелагМалыя Антыльскія астравы
АкваторыяКарыбскае мора
Краіна
Сент-Кітс (Вест-Індыя)
Сент-Кітс
Сент-Кітс
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сент-Кітс (англ.: Saint Kitts) або Сент-Крыстафер (англ.: Saint Christopher) — востраў у групе Паўночных Падветраных Малых Антыльскіх астравоў. Частка Федэрацыі Сент-Кітс і Невіс. На востраве размешчана сталіца дзяржавы — горад Бастэр. Плошча — 169 км². Насельніцтва — 39 200 чал. (2006 г.)

Геаграфія і прырода[правіць | правіць зыходнік]

Паўднёва-заходняя частка Сент-Кітс

Востраў Сент-Кітс знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Карыбскага басейна. Уяўляе сабою два кавалкі сушы, выцягнутыя з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, злучаныя перасмыкам (каля 610 м у шырыню). Паўночна-заходняя частка па плошчы значна пераўзыходзіць паўднёва-ўсходнюю. Агульная даўжыня — 31 км, найбольшая шырыня — 9,2 км. На паўднёвым усходзе Сент-Кітс аддзелены вузкім пралівам Нараўс (2,9 км) ад суседняга вострава Невіс.

Востраў уяўляе сабою ланцуг вулканаў. Найбольш старажытны месціцца на паўднёвым усходзе. Ён вывяргаўся прыкладна 2,5 млн гадоў таму. Перасмык, які злучае 2 часткі вострава, складаецца з 9 старажытных вулканаў, якія моцна пацярпелі ад эрозіі. У выніку пранікнення ў чашы іх кальдэр марской вады ўтварыліся салёныя лагуны. Найбольшай з іх з’яўляецца Грэйт-Солт-Понд (англ.: Great Salt Pond, літаральна «Вялікая Салёная сажалка»). Вулканы паўночна-заходняй часткі адносна маладыя (1 — 2 млн гадоў), а таму больш высокія. Гара Ліамуіга — найвышэйшы пункт вострава Сент-Кітс. Гэта стратавулкан вышынёй да 1156 м, маладзейшы за 1 млн гадоў. Геолагі мяркуюць, што апошнія сур’ёзныя вывяржэнні на паўночным захадзе адбыліся больш за 40 тысяч гадоў таму.

Клімат трапічны вільготны. Сярэднегадавая тэмпература — каля +24-27° C. Дзякуючы сталым вятрам, сапраўды спякотнае надвор’е здараецца рэдка. Горы паўночнага захаду затрымліваюць шмат вільгаці. Тут выпадае да 1524 мм дажджу ў год. На ўзбярэжжы — каля 406 мм. На паўднёвым захадзе пераважае пустынны ландшафт з ксерафітнымі хмызнякамі. У гарах растуць папарацевыя і шырокалісцевыя лясы. Бераг атачаюць пясчаныя пляжы і каралавыя рыфы.

Фаўна вострава прадстаўлена пераважна птушкамі, казуркамі, амфібіямі і паўзунамі. Асаблівую цікавасць для эколагаў маюць марскія чарапахі, якія размножваюцца на мясцовых пляжах.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Англіканскі касцёл Св. Георгія ў Бастэры

Каля 2100 гадоў таму Сент-Кітс быў населены індзейцамі, выхадцамі з Паўднёвай Амерыкі, якія займаліся рыбалоўствам і паляваннем і не ведалі керамікі. У канцы 1 тысячагоддзя н. э. іх выціснулі аравакі-ігнеры, культурна блізкія да таіна Вялікіх Антыльскіх астравоў. Яны развівалі сельскую гаспадарку. Незадоўга да прыходу еўрапейцаў Сент-Кітс заваявалі карыбы.

У 1493 г. востраў быў адкрыты Хрыстафорам Калумбам і атрымаў імя ў гонар Святога Хрыстафора. Фармальна Сент-Кітс быў далучаны да Іспаніі, але з-за супраціўлення карыбаў іспанцы не спяшаліся з каланізацыяй. У 1538 г. на востраве было створана французскае паселішча, аднак яно праіснавала вельмі кароткі час.

У 1623 г. англічане стварылі на Сент-Кітсе адну са сваіх першых калоній у Вест-Індыі. У 1625 г. французскія карсары са згоды англічан таксама заснавалі калонію. Аб’яднанне звычайна непрымірымых супернікаў было важным, паколькі яны сумесна ваявалі з карыбамі, што атакавалі еўрапейскія паселішчы з гор. У 1627 г. пасля вынішчэння значнай часткі індзейцаў каланісты заключылі паміж сабой пагадненне аб падзеле Сент-Кітса па горнай градзе. Але ў 1629 г. іспанцы разбурылі абедзве калоніі. Пасля 1630 г. англічане здолелі вярнуцца. Для абароны сваіх уладанняў яны пабудавалі магутныя ўмацаванні. Асаблівае значэнне мела крэпасць Брымстоўн-Хіл, ператвораная ў наш час у нацыянальны парк. Да 1782 г. востраў некалькі разоў пераходзіў у рукі французаў.

Брытанская калонія на Сент-Кітсе доўгі час заставалася адной з найбольш развітых у Вест-Індыі. У XVIII ст. асноўнай галіной эканомікі стала вырошчванне цукровага трыснягу і тытуню. На створаных англічанамі плантацыях працавалі афрыканскія чарнаскурыя рабы. У канцы XVIII ст. на Сент-Кітсе таксама мелася прамысловасць — вытворчасць цукру і рому, рамонт суднаў і драўляных бочак для транспартыроўкі грузаў. У 1783 г. было адкрыта першае месца для адпачынку турыстаў на геатэрмальных крыніцах.

Адмена рабства ў 1834 г. прывяла да крызісу вытворчасці цукру ў брытанскіх калоніях. Аднак насельнікі Сент-Кітса здолелі захаваць адносна добры ўзровень жыцця дзякуючы шырокаму гандлю. У 1882 г. улады метраполіі аб’ядналі Сент-Кітс, суседнія Невіс і Ангілью ў адзіную калонію, якая атрымала ў 1968 г. самакіраванне. У 1971 г. Ангілья аддзялілася і была пераўтворана ў самастойную заморскую тэрыторыю. 19 верасня 1983 г. Сент-Кітс і Невіс атрымалі незалежнасць.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнае насельніцтва Сент-Кітс складаюць кітсіанцы (англ.: Kittitians) — прамыя нашчадкі чарнаскурых рабоў і крэолаў, якія размаўляюць на мясцовым дыялекце англійскай мовы. Большасць вернікаў — пратэстанты, каля 10 % — каталікі.

Народная культура вострава Сент-Кітс мае крэольскі характар. Яна ўвабрала і перапрацавала еўрапейскую, афрыканскую і вест-індскую традыцыі. Асабліва яркім прыкладам гэтага з’яўляецца маляўнічы навагодні карнавал, які налічвае больш за 300 гадоў. Ён арганізуецца ў выглядзе шэсця, якое суправаджаецца танцамі еўрапейскага, афрыканскага і ўласна карыбскага паходжання. Карнавал звычайна пачынаецца з павольнай кадрылі, якая трапіла на востраў у XVIII ст. з Францыі, і скончваецца рытмічнымі танцамі тамагаўкаў і ўраджаю, запазычанымі з Афрыкі. Штогод у чэрвені арганізуецца музычны фестываль. Сярод кітсіанцаў шмат прыхільнікаў цыркавога мастацтва, акрабатаў і блазнаў. Папулярныя віды спорту — футбол і крыкет.

У 2002 г. на Сент-Кітсе быў адкрыт Нацыянальны музей. Найбольш вядомым помнікам ваеннай архітэктуры з’яўляецца крэпасць Брымстоўн-Хіл, унесеная ЮНЕСКА ў спіс сусветнай спадчыны.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]