Перайсці да зместу

Скандынаўскі паўвостраў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Скандынаўскі паўвостраў
Скандынаўскі паўвостраў узімку (19 лютага 2003)
Скандынаўскі паўвостраў узімку (19 лютага 2003)
63° пн. ш. 14° у. д.HGЯO
АкваторыяБалтыйскае мора
Плошчакаля 800 000 км²
Краіны
Скандынаўскі паўвостраў (Еўропа)
Скандынаўскі паўвостраў
Скандынаўскі паўвостраў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Скандынаўскі паўвостраў — паўвостраў, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Еўропы, амываецца Балтыйскім, Паўночным, Нарвежскім і Баранцавым морамі. Прасціраецца з поўначы на поўдзень на 1900 км. Шырыня паўвострава дасягае 800 км, плошча складае каля 800 тыс. км² (самы вялікі паўвостраў Еўропы). На паўвостраве размяшчаюцца Нарвегія, Швецыя і паўночна-заходняя частка Фінляндыі.

Заходнія і паўночныя берагі высокія, стромкія, фіёрдавага тыпу, усходнія і паўднёвыя — нізкія, пераважна скалістыя, шхернага тыпу, на асобных участках плоскія, пясчаныя; моцна парэзаныя. Уздоўж узбярэжжаў — шматлікія астравы і скалы.

Заходнюю і цэнтральную часткі паўвострава займаюць Скандынаўскія горы (г. Гальхёпіген, 2469 м), усходнія схілы якіх пераходзяць у плато Норланд вышынёю 400—700 м. Уздоўж Балтыйскага мора размешчана Сярэдняшведская нізіна з вялікімі азёрамі, марэннымі і озавымі падняццямі; на поўдні — купалападобнае ўзвышша Смоланд (выш. да 377 м), прыморскія нізіны.

У геалагічных адносінах Скандынаўскі паўвостраў належыць да Балтыйскага шчыта і зоны каледонскай складкавасці. У плейстацэне гэты рэгіён быў цэнтрам зледзянення Еўропы. Захаваліся шматлікія марэнныя грады, друмліны, озы і іншыя формы ледавіковага рэльефу, у высакагор'ях — ледавікі. Карысныя выкапні: жалезныя, малібдэнавыя, тытанавыя, медныя, уранавыя, марганцавыя руды, поліметалы.

Клімат Скандынавіі пераважна ўмераны, на поўначы — субарктычны; на яго ўздзейнічае Паўночна-Атлантычнае цёплае цячэнне. На захадзе клімат умераны марскі з мяккай зімой (сярэдняя тэмпература студзеня ад -4°С да 2°С на поўдні) і халаднаватым летам (ад 10°С на поўначы да 14°С на поўдні), вялікай вільготнасцю (1000—3000 мм за год). На ўсходзе клімат пераходны да кантынентальнага. Зіма марозная (-15°С на поўначы, -5°С на поўдні), лета ўмерана цёплае (да 17°С у ліпені на поўдні). Ападкаў ад 400 да 800 мм за год.

Рачная сетка паўвострава густая. Рэкі кароткія, з парогамі і вадаспадамі, багатыя гідраэнергетычнымі рэсурсамі; найбольш буйныя — Глома, Торніяёкі, Далельвен, Онгерманельвен, Кларэльвен. Шматлікія азёры тэктанічнага, ледавіковага і змешанага паходжання: Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн.

У раслінным покрыве пераважаюць хваёвыя лясы. На крайняй поўначы — зона тундраў; поўдзень паўвострава — у зоне мяшаных лясоў (пераважае бук). На заходнім узбярэжжы і схілах верасоўнікі і тарфянікі. У гарах вышынная пояснасць: хваёвыя лясы падымаюцца да 400 м на поўначы і 900 м на поўдні, ад 900 да 1100 м — пояс бярозавага крывалесся, вышэй — горная тундра. Жывёльны свет прадстаўлены тундравымі і ляснымі формамі. На ўзбярэжжах — птушыныя базары, прыбярэжныя воды багатыя рыбай.

Буйныя гарады: Стакгольм, Гётэбарг (Швецыя), Осла (Нарвегія).