Інтха

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Інтха
(အင်း)
Агульная колькасць 104 000 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання  М’янма
Мова інтха-дану
Рэлігія будызм
Блізкія этнічныя групы бірманцы, дану

Інтха (саманазва: အင်း, літаральна азёрныя людзі) — тыбета-бірманскі народ, які насяляе ўзбярэжжа возера Інле ў М’янме. Агульная колькасць (2022 г.) — 104 000 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Інтха вераць у тое, што паходзяць з поўдню М’янмы. Меркавана ў XIV ст. яны былі вымушаны пад ціскам монаў мігрыраваць на Шанскае нагор’е. Правадыры шанаў забаранілі ім сяліцца на зямлі, таму яны ўпадабалі для жыцця возера Інле і толькі пазней сталі сяліцца на яго берагах. З іншага боку, інтха размаўляюць на супольнай мове з дану, якую часам пазіцыянуюць як архаічны дыялект бірманскай мовы.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Інтха селяцца як на плыткаводдзі возера Інле, так і на яго берагах. Асноўныя традыцыйныя заняткі — рыбалоўства і земляробства. Воды Інле пакрыты плаваючай расліннасцю, што абцяжарвае выяўленне рыбы. Таму інтха вынайшлі асобы спосаб лову, калі адна нага выкарыстоўваецца для грэблі. На берагах возера вырошчваюць рыс, тэхнічныя культуры і гародніну. Зямлю апрацоўваюць з дапамогай буйвалаў, мяса і малако якіх не ўжываюць. Інтха знакаміты «плывучымі агародамі», што ладзяцца на скрутках трыснягу, засыпаных торфам. «Агароды» знаходзяцца на плыткаводдзі, вырошчваемыя расліны жывяцца вадою з возера метадам натуральнай гідрапонікі. Старыя агароды часцяком урастаюць у дно, што складае пэўную праблему. З 1960-х гг., калі плошча «плывучых агародаў» рэзка павялічылася, паверхня возера скарацілася амаль на трэць. Акрамя таго, выкарыстанне ўгнаенняў прывяло да забруджвання вады фасфатамі і арганічнымі рэчывамі.

Традыцыйная ежа — вараны рыс, рысавыя аладкі, розныя супы, кары з рыбы і гародніны. Папулярны напой — зялёная гарбата з соллю.

У нашы дні важнымі заняткамі сталі абслугоўванне турыстаў, праца ў прамысловасці ў буйных гарадах, дробныя рамёствы, у тым ліку ткацтва, рамонт лодак, што застаюцца галоўным транспартным сродкам, ювелірная справа.

Аснову народнай вопраткі складаюць саронг і камізэлька. У мінулым яны вырабляліся з тканіны з валокнаў лотасу. У наш час такую тканіну робяць у якасці сувеніру, мужчыны аддаюць перавагу штанам, шортам і кашулям, а жанчыны — спадніцам з бавоўны.

Для паселішчаў інтха характэрна раскіданая планіроўка. Жытлы звычайна знаходзяцца ў атачэнні агародаў. Вельмі важны доступ да вады, паколькі транспартыроўка адбываецца на лодках. Хаціны каркаснага тыпу месцяцца на па́лях. У мінулым яны былі аднакамернымі, зараз жа будуюцца жытлы з некалькімі пакоямі або нават з некалькімі паверхамі. Пад хацінамі трымаюць лодкі, запасы дроваў і г. д.

Асновай грамадства з’яўляецца малая нуклеарная сям'я. Маладыя самі абіраюць сабе пару. Шлюбы з блізкімі і стрыечнымі сваякамі забаронены. Бацькі жаніха бяруць на сябе выдаткі на вяселле, падарункі і часам — будаўніцтва хаціны для новай сям'і. Немаўляты не маюць імён, завуцца традыцыйнымі мянушкамі. Ініцыяцыяй для хлопчыкаў можа лічыцца часовае прыняцце манаства. Яно суправаджаецца асобым святам і ўрачыстым пострыгам валасоў. Юнакі праводзяць у будысцкіх кляштарах некалькі гадоў, дзе атрымоўваюць адукацыю.

У сувязі з развіццём турызму інтха старанна захоўваюць музычную культуру, вельмі падобную на музычную культуру шанаў. Асабліва вылучаюцца групавыя мужчынскія танцы, якія суправаджаюць пахаванні і сустрэчы сваякоў.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў спавядаюць будызм напрамку Тхеравада.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]