Беларусы ў Адэлаідзе

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларусы ў Адэлаідзе пачалі сяліцца ў 1949 годзе. Многія беларускія эмігранты паваеннай хвалі траплялі ў Аўстраліі ў пераходны лагер Вудсайд, які знаходзіўся каля Адэлаіды. Адначасова ў лагеры магло знаходзіцца да 3000 чалавек з розных краінаў Еўропы. З гэтага і пачынаецца гісторыя беларускага руху ў Адэлаідзе[1].

Тутэйшыя беларусы таксама актыўна супрацоўнічалі з украінцамі і харватамі[2]. Гэты асяродак беларускай эміграцыі змог унікнуць канфлікту прыхільнікаў Рады БНР і БЦР, які тут быў незаўважны[3]. Тутэйшы беларускі асяродак гуртаваўся, дзякуючы царкве[4]. Выдавецкая справа тут была дрэнна наладжаная, але добра выконвалася рэпрэзентацыя беларусаў[4].

Вудсайд[правіць | правіць зыходнік]

22 кастрычніка 1949 года ў порт Адэлаіды прыбыў айцец Міхал (Шчурко) разам са сваёй сям’ёй. Айцец стаў галоўным ініцыятарам арганізацыі тутэйшых беларусаў[1].

У лютым 1950 года адбыўся першы неафіцыйны сход беларускай грамады, а дакладней сустрэча святара з беларусамі Уладзімірам Міленцэвічам, Парфірыем Трысмаковым, Н. Дзітманам і Альбертам Кадняком у справе стварэння нацыянальнага асяродку. Па сустрэчы ў Вудсайдзе хутка адбылося першае набажэнства айца Міхала[1].

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

1950-я[правіць | правіць зыходнік]

У сакавіку 1952 года, паводле часопіса «Łučnik», ў Адэлаідзе быў заснаваны аддзел Задзіночання Беларускіх Ветэранаў, які ў сакавіку 1953 арганізаваў святкаванне 25 Сакавіка. У тым жа часопісе згадваецца дзейнасць Брацтва Святой Жыровіцкай Божай Маці ў Адэлаідзе ў 1953 годзе, аднак іншых звестак пра гэтае Брацтва няма[1].

З сярэдзіны 1950-х гадоў гісторыя тутэйшай грамады цесна звязаная з арганізацыяй тутэйшай парафіі БАПЦ[1]. Таксама з гэтага часу на беларускіх службах спяваў уласны хор пад кіраўніцтвам Міхася Бурноса, які выступаў і на свецкіх частках святкавання[5].

Беларускія святы (25 Сакавіка, Слуцкі збройны чын) тут святкаваліся ў адзінстве рэлігійнай і свецкай частак[2]. Часам лік прысутных на святах дасягаў 200 чалавек[2].

1960-я[правіць | правіць зыходнік]

З канца 1950-х гадоў на беларускіх святах абавязкова спяваў хор ды рабіліся драматычныя пастаноўкі. З 1968 года цягам некалькіх гадоў пад кіраўніцтвам Міхася Бурноса выступала танцавальная трупа «Лявоніха»[2].

Доўгі час беларускія набажэнствы праходзілі ў памяшканнях метадысцкіх цэркваў, пакуль у 1958 годзе значна павялічаная беларуская грамада не набыла сваю дзялянку зямлі і не пачала на ёй будаваць храм. 29 снежня 1963 года царква, будаваная ўласнымі намаганнямі прыхаджанаў, была асвечаная архіяпіскапам Сяргеем. Пазней будынку дадалі чатыры купалы і вялікую прыцаркоўную залу. Гэта быў першы беларускі храм у Аўстраліі, які стаў надоўга цэнтрам рэлігійнага і грамадскага жыцця тутэйшых беларусаў[5].

У 1960-х гадах, у выніку міжасабовых узаемадачыненняў беларускага святарства і адмовы архіяпіскапа Сяргея высвяціць Васіля Чычэліса, падтрыманага парафіяльнай радай, Парафія Святых Апосталаў Пятра і Паўла БАПЦ перайшла пад юрысдыкцыю УАПЦ, пад якой была да 1971 года, калі прыбылы на пахаванне архіяпіскапа Сяргея ўладыка Мікалай (Мацукевіч) не вярнуў парафію БАПЦ[3]. У парафіі пасля смерці айца Васіля (Чычэліса) быў настаяцель серб айцец Георг (Джонліч).

1970-я[правіць | правіць зыходнік]

Парафія Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Адэлаідзе на чале з айцом Міхалам і парафіяльнай радай была ініцыятарам амаль усіх мерапрыемстваў да канца 1970-х гадоў[5].

З пачаткам 1970-х гадоў свецкая частка святкаванняў праходзіла на вуліцы[3].

У снежні 1976—студзені 1977 года тутэйшыя беларусы ўдзельнічалі ў Першай Сустрэчы Беларусаў Аўстраліі ў Мельбурне. Надалей кожная трэцяя сустрэча праводзілася ў Адэлаідзе.

У 1977 годзе з ініцытывы Янкі Ролсана было заснаванае Беларускае Аб’яднанне ў Паўднёвай Аўстраліі (БАПА). Гэтая арганізацыя пераняла на сябе шмат працы ў правядзенні нацыянальных мерапрыемстваў, рэпрэзентацыі беларусаў, распаўсюджванні ведаў пра Беларусь. Янка Ролсан, працягваючы ранейшую дзейнасць у выданні невялікіх кніжак з уласнымі творамі ў 1980-х гадах, акрамя паэтычных зборнікаў і ўспамінаў, надрукаваў ад імя Аб’яднання брашуру пра Беларусь «Беларусь: зямля й людзі»[3].

З канца 1970-х гадоў беларускія мерапрыемствы ладзіліся сумесна Аб’яднаннем і парафіяльнай радай. Працягвалася дзейнасць беларускага мяшанага хора на чале з Міхасём Бурносам[6].

У верасні 1979 года танцавальная трупа «Лявоніха» выступіла ў межах перадачы, прысвечанай Беларусі, на аўстралійскім тэлебачанні[6].

1980-я[правіць | правіць зыходнік]

Аб’яднанне ўдзельнічала ў адкрыцці Этнічага музея ў Адэлаіне і ў мерапрыемствах з нагоды 150-годдзя Паўднёвай Аўстраліі. Так 21 траўня 1986 года беларусы пасадзілі блізу 20 дрэваў па вуліцы Порт Роўд у раёне Гайнмарш, недалёка ад сваёй царквы[6].

1990-я[правіць | правіць зыходнік]

У 1990-я гады тутэйшая беларуская грамада цярпела крызіс, як і шмат іншых аналагічных у Аўстраліі[6].

У 1993 годзе для сталых беларусаў, украінцаў і харватаў быў пабудаваны хастэль Святой Ганны, на ўрачыстым адкрыцці якога прысутнічаў кіраўнік Беларускага аб’яднання ў Паўднёвай Аўстраліі[6].

З сярэдзіны 1990-х гадоў у працу Аб’яднання і парафіі ўліваюцца новыя эмігранты з Беларусі[4].

У 1999 годзе ў Адэлаідзе было створанае Беларускае Гістарычнае Згуртаванне ў Аўстраліі на чале з айцом Міхасём (Бурносам) і з удзелам прадстаўніка новай іміграцыі Віктара Кавалеўскага. Апошні актыўна заняўся збіраннем дакументаў пра тутэйшых беларусаў і іх публікацыю[4].

2000-я[правіць | правіць зыходнік]

На канец 2001 года ў Беларускім Аб’яднанні ў Паўднёвай Аўстраліі налічваліся 22 асобы[4].

Зноскі

  1. а б в г д Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 77.
  2. а б в г Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 79.
  3. а б в г Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 80.
  4. а б в г д Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 82.
  5. а б в Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 78.
  6. а б в г д Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі (бел. (тар.)). — 2004. — С. 81.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]