Беларусы ў Польшчы

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Генеральны кансулят Рэспублікі Беларусь у Беластоку


Згодна з перапісам 2002, у Польшчы пражывае 50 тысяч беларусаў, пераважна ў Падляскім ваяводстве (96,6%; найбольш у Беластоку — 7,5 тысяч). У той самы час паводле падлікаў Пятра Эбергарта ў 1992 іх колькасць складала 215 тысяч чалавек, а згодна з Маркам Галушкам колькасць беларусаў дасягае 230 тысяч.

На думку польскага даследчыка К.Падляскага, у канцы 1980-х у Польшчы жыло ад 250 да 400 тысяч беларусаў, паводле звестак Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы — 290 тысяч (1/3 ейных вернікаў). Паводле ж статыстыкі выбараў у сойм у 1989 на Беласточчыне беларусы складалі 30% насельніцтва (206,8 тысяч чалавек), у тым ліку ў Беластоку 25% (65,5 тыс. чал.), Бельску-Падляскім і Гайнаўцы па 65% (адпаведна 17,2 і 15,1 тысяч чалавек). Паводле перапісу беларускую мову ў штодзённых зносінах ужывае толькі 40,6 тысяч чалавек.

Абароне правоў і інтарэсаў беларускай дыяспары ў Польшчы спрыяюць Дэкларацыя аб беларуска-польскіх адносінах (кастрычнік 1990), пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі і Міністэрствам народнай адукацыі Польшчы (сакавік 1992), беларуска-польская Дамова аб добрасуседстве і супрацоўніцтве ад 23 чэрвеня 1992.

Тэрыторыя найшчыльнейшага пражыцця[правіць | правіць зыходнік]

Беларусы ёсць аўтахтонным насельніцтвам Падляскага ваяводства, тэрыторыя якога была перададзеная ў 1944 Польшчы. Беларусы афіцыйна пераважаюць колькасна ў чатырох гмінах ваяводства, адрозніваючыся такім чынам ад іншых нацыянальных меншасцяў Польшчы (апроч іх адно літоўцы ствараюць абсалютную большасць насельніцтва ў Пунскай гміне). У 12 гмінах ваяводства (у тым ліку ў гарадох Бельску-Падляскім і Гайнаўцы) беларусы складаюць больш за 20% насельніцтва, што, згодна з законам ад 6 студзеня 2005, дало ім права на ўжыванне двухмоўных назваў геаграфічных аб'ектаў і выкарыстанне беларускай мовы ў кантактах з урадам. 21 чэрвеня 2007 беларуская мова стала афіцыйнай у Гайнаўцы. Адпаведную ўхвалу на ўнёсак Беларуска-народнай фракцыі прыняла гарадская Рада.[1]

Колькасць беларускага насельніцтва ў 16 гмінах Падляскага ваяводства %
Чыская гміна 81,81
Гміна Дубічы Царкоўныя 81,33
Арлянская гміна 68,93
Гайнаўская гміна 64,91
Нараўская гміна 49,23
Бельская гміна 46,68
гміна Нараўка 47,27
Кляшчэльская гміна 41,83
Чаромхаўская гміна 28,71
Гайнаўка 26,41
Гарадоцкая гміна 23,07
Бельск-Падляскі 20,66
гміна Нурэц-Станцыя 16,36
Міхалоўская гміна 14,17
Мілейчыцкая гміна 13,09
Белавежская гміна 11,54

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Беларуска-польскія кантакты вядомыя ад часоў ранняга Сераднявечча (гандлёвыя стасункі, дынастычныя шлюбы, ваенныя сутыкненні і інш.). Беларуская прысутнасць у Польшчы і абмен насельніцтвам пачаліся ў часы ВКЛ. Ранейшыя беларусы траплялі на польскія землі як ваеннапалонныя. Прыкладам, калі ў 1325 вялікі князь літоўскі Гедзімін аддаў сваю дачку Альдону за Казіміра, сына Уладзіслава І Лакетка, з Польшчы былі вернутая пэўная колькасць ваеннапалонных, а ў складзе світы Альдоны ў Польшчу былі накіраваныя выхадцы з ВКЛ. Лічыцца, што ў сярэдзіне ХІV ст. у Польшчы жыло каля 40 тыс. беларусаў. У 1386, ажаніўшыся з польскай каралевай Ядзвігай, каралём Польшчы стаў вялікі князь ВКЛ Ягайла, які паклаў пачатак польскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў.

У выніку Люблінскай уніі 1569 беларусы і палякі амаль да канца XVIII ст. апынуліся ў складзе адзінай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пэўная колькасць беларусаў жыла на этнічна польскіх землях у складзе Расійскай імперыі. Паводле перапісу 1897 у Прывіслінскім краі беларусы складалі 6,7% насельніцтва (каля 30 тыс. чал.), найбольш у Сувалкаўскай (27 525 чал.) і Варшаўскай (1354 чал.) губернях.

Пасля Першай сусветнай вайны, калі польская дзяржава была адноўлена, на ейных землях засталася частка этнічных беларусаў. У складзе Польшчы неўзабаве апынулася вялікая частка этнічна беларускіх земляў (г. зв. Заходняя Беларусь), што ўвайшлі ў склад Віленскага, Палескага, Наваградскага, Беластоцкага ваяводстваў. Паводле падлікаў статыстычных органаў СССР у Польшчы жыло 3250 тыс. чал. У верасні 1939 беларускія землі Польшчы ўвайшлі ў склад СССР. Падчас Другой сусветнай вайны беларусы служылі ў Войску Польскім, удзельнічалі ў абарончых баёў у 1939, уваходзілі ў склад Арміі Андэрса, Арміі Краёвай і Арміі Людовай.

Напрыканцы Другое сусветнай вайны паводле савецка-польскіх пагадненняў пра мяжу ад 26 ліпеня 1944 і 16 жніўня 1945 улады СССР перадалі Польшчы з складу БССР 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей, населеныя пераважна беларусамі. Падчас дэмаркацыі мяжы паміж БССР і Польшчай і ўзаемнае рэпатрыяцыі насельніцтваа з Белрусі ў Польшчу (пераважна на Беласточчыну) у 19441948 пераехалі больш за 270 тыс.-чалавек (беларусы-каталікі дэкларавалі сябе палякамі). Праз тэрор польскага нацыяналістычнага падполля, неспрыяльнае эканамічнае становішча на Беласточчыне частка беларусаў пасялілася ў Альштынскім краі, Памор’і (раёны Гданску і Шчэціну), Варшаве, Кракаве, Торуні і інш. гарадох.

Да 1948 улады Польшчы афіцыйна не прызнавалі наяўнасці беларускай нацыянальнай меншасці ў краіне. Арганізаваная нацыянальна-культурная дзейнасць беларусаў, што пачалася напрыканцы 1940-х з аднаўлення беларускага школьніцтва, актывізавалася ў 1956, калі ў Польшчы было створанае Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), кафедра беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце і інш. У 1956 пачала выдавацца газета «Ніва», у 1957 — «Беларускі каляндар», а ад 1958 дзейнічае літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Белавежа», створаныя беларускія ліцэі ў Бельску-Падляскім і Гайнаўцы. Паводле сацыяльнага статусу да канца 1950-х бальшыня беларусаў Польшчы была сялянамі.

У 1970-я і ў часе ваеннага становішча ў 19811983 праз абмежаванні з боку польскіх уладаў назіраўся спад грамадска-культурнай актыўнасці беларусаў. У 1980-я ўзніклі Беларускае аб’яднанне студэнтаў (1981, зарэгістраванае ў 1988), Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры, шэраг беларускіх выдавецтваў і пэрыяычных выданняў. У 1990-я былі зарэгістраваныя Рада беларускіх арганізацый у Польшчы, Саюз гмінаў усходняе Беласточчыны, Саюз беларускай моладзі, Беларускае гістарычнае таварыства (кірўнік Алег Латышонак), Асацыяцыя беларускіх журналістаў. Створаныя Згуртаванне варшаўскіх беларусаў, беларускае культурна-асветнае таварыства ў Гданьску «Хатка» (1992), беларускі гурток у Ольштыне. У 1997 у сойм быў абраны кіраўнік БГКТ Ян Сычэўскі.

Грамадска-культурнае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Да галоўных арганізацый беларускай меншасці ў Польшчы належаць Беларускае Грамадска-культурнае Таварыства ў Польшчы, Беларускі Саюз у РП, Саюз Беларускае Моладзі, Беларускае Літаратурнае Таварыства “Белавежа”, Беларускае Гістарычнае Таварыства, Асацыяцыя Беларускіх Журналістаў, Згуртаванне Беларускіх Студэнтаў. Імі выдаюцца штотыдзень газета «Ніва», штомесяц «Czasopis» і раз на паўгады «Białoruskie Zeszyty Historyczne». Да найгалаўнейшых культурных імпрэзаў беларусаў Польшчы належаць Фестываль Беларускай Моладзевай Музыкі «Басовішча», Фестываль «Беларуская Песенька» ў Беластоку, Бельская бардаўская восень, Свята беларускай культуры ў Беластоку, Свята «Купалле» ў Белавежы.

Бальшыня вернікаў належыць Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, што праз сваю дзейнасць спрыяе захаванню нацыянальнай адметнасці беларусаў: выдаецца штомесяц часопіс «Przegląd Prawosławny», дзейічаюць Брацтва Святых Кірыла і Мяфодзія, Моладзевае Праваслаўнае Брацтва.

Гісторыю, культуру, побыт беларускае дыяспары ў Польшчы даследуюць Алена Глагоўская, Аўген і Ян Мірановічы, Юрый Туронак і іншыя польскія гісторыкі беларускага паходжання. Выдаюцца літаратурныя творы А.Барскага (А.Баршчэўскага), М.Гайдука, Сакрата Яновіча, В.Шведа і іншых беларускіх пісьменнікаў Польшчы.

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Беларуская мова выкладаецца ў 39 пачатковых навучальных установах (у 23 школах, 14 гімназыях, 2 ліцэях), яе вывучае 8 тысяч дзяцей і падлеткаў беларускай нацыянальнасці. Ад 1997 у Беластоку існуе ўніверсітэт (былы філіял Варшаўскага ўніверсітэта), дзе ёсць кафедра беларускай культуры.

Палітычнае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнікі беларускай меншасці ўваходзяць у мясцовае кіраўніцтва Падляскага ваяводства. На парламенцкіх выбарах 2001 беларускія арганізацыі здолелі правесці двух паслоў — Аўгена Чыквіна і Аляксандра Чужа — і аднаго сенатара Сяргея Плеву (утрох — прадстаўнікі Саюза Дэмакратычнай Лявіцы-Уніі Працы). У выбарах у Падляскі ваяводскі соймік у 2002 за Беларускі Выбарчы Камітэт было аддадзена 15.544 галосаў (4,11%). Найбольшую колькасць галасоў атрымалі Сакрат Яновіч (1736), Ян Чыквін (4846) і Яўген Вапа (5134). Такая малая колькасць галасоў звязаная з тым, што паветы з беларускай меншасцю былі злучаныя з этнічна польскімі, дзе моцныя нацыяналістычныя сымпатыі (гэтак Сямятыцкі і Бельскі паветы былі злучаныя з Высокакмазавецкім і Замброўскім).

На парламенцкіх выбарах 2005 дэпутацкі мандат здолеў атрымаць толькі Яўген Чыквін, набраўшы 14481 голас.

Шырокай падтрымкай Падляскіх беларусаў карыстаецца Уладзімір Цімашэвіч, кандыдат у прэзідэнты Польшчы ў 2005. Найбольш яго падтрымліваюць у Бельскім, Гайнаўскім і Сямятыцкім паветах. Для большасці польскіх беларусаў Цімашэвіч быў нацыянальным кандыдатам, хоць ён ніколі не казаў пра свае беларускае паходжанне. Дзякуючы Цімашэвічу вялікай падтрымкай карыстаецца і яго партыя Саюз Дэмакратычнай Лявіцы. У той самы час беларускае паходжанне кандыдата было скарыстана яго супернікамі, якія выкарысталі нелюбоў да беларусаў ці да праваслаўных, што існуе ў некаторых мясцовасцях. Яны таксама акцэнтавалі ўвагу на аўтарытарным рэжыме Аляксандра Лукашэнкі ў самой Беларусі. На выбарах у Падляскі ваяводскі соймік у 2006 за Беларускі Выбарчы Камітэт было аддадзена 7914 галасоў (2.05%), найбольш — за Яна Чыквіна (2405), Аўгена Вапу (1669) і Аўгена Мірановіча (1119). Хоць БВК не атрымаў аніводнага мандату, у складзе сойміку апынуліся тры беларусы. Аднак прадстаўнікі беларускай меншасці атрымалі шмат месцаў у гарадскіх радах. У Беластоку 4 мандаты атрымалі кандыдаты ад Форуму Меншасці Падляшша, якія супрацоўнічалі з Грамадзянскай платформай. У Бельску-Падляскім 7 мандатаў з 21 атрымала Бельская Кааліцыя, што складалася з беларускіх арганізацый. У Гайнаўцы 6 з 21 мандату былі аддадзеныя Беларускі Выбарчаму Камітэту. На выбарах у Падляскі соймік у 20 мая 2007 Беларускі Выбарчы Камітэт атрымаў 2,19% галасоў. Разам з беларусамі па спісе БВК праходзілі ўпершыню і прадстаўнікі літоўскай меншасці.

Меншасць і электронныя смі[правіць | правіць зыходнік]

Першая праграма па-беларуску з'явілася на «Радыё Беласток» у 1956 годзе. На радыё існуюць наступныя беларускамоўныя праграмы і перадачы: «Пад знакам Пагоні», «Пажадальная песня», «Духоўныя сустрэчы» і «Перад выхадам у царкву». На TVP3 Białystok штотыдзень ідзе інфармацыйна-публіцыстычная перадача «Беларускі тыдзень», прысвечаная жыццю беларусаў Польшчы. Ад 2002 выходзяць беларускія праграмы і на Радыё Рацыя.

Вядомыя беларусы Польшчы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Hajnówka: Obsłużą po polsku i białorusku Gazeta Współczesna 22.06.2007 [1]