Беластоцкая акруга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта Беластоцкай акругі
Пасведчанне асобы жыхара Беластоцкай акругі (1943)

Беласто́цкая акру́га (ням.: Bezirk Bialystok) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Трэцяга рэйху ў 1941—1945 гадах. Знаходзілася на паўднёвым усходзе Усходняй Прусіі і займала тэрыторыі сучасных паўночна-ўсходняй Польшчы, часткі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей Беларусі, а таксама часткі Літвы.

Акруга ўтворана 22 ліпеня 1941 года са з'яўленнем нямецкай цывільнай адміністрацыі (па-нямецку: Zivilverwaltungsgebiet), якая замяніла вайсковыя акупацыйныя ўлады, што дзейнічалі на акупаванай пасля нападу на СССР тэрыторыі. Пад нямецкай уладай знаходзілася да 1945 года, хоць фармальна так і не была ўключана ў склад Трэцяга рэйха.

Плошча акругі складала 31 426 км². У яе ўваходзілі сучасныя Ваўкавыскі, Зэльвенскі, Мастоўскі, Шчучынскі, Свіслацкі раёны Гродзенскай вобласці, частка Брэсцкай вобласці з Пружанамі, Камянцом і Ружанамі і прылеглая тэрыторыя Літвы з Друскенікамі і Марцінканцамі[1]. Колькасць насельніцтва дасягала 1382 тыс. чалавек, з іх 830 000 палякаў, 300 000 беларусаў, 200 000 украінцаў, 50 000 яўрэяў і 2000 немцаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя Беласточчыны была акупаваная ў першы дзень нямецкага ўварвання ў СССР. 17 ліпеня 1941 года быў выдадзены першы дэкрэт пра ўтварэнне на тэрыторыі Беластоцкай вобласць, Брэсцкай і часткі Баранавіцкай вобласці цывільнай адміністрацыі.

1 жніўня была ўтворана Беластоцкая акруга з адначасным выключэннем яе з аператыўнай зоны дзеяння Вермахту ў СССР. Цэнтр акругі знаходзіўся ў Беластоку, яна распасціралася ад паўднёва-ўсходняга выступу Усходняй Прусіі (без Сувальшчыны па лініі: Марцінканцы — Масты (уздоўж Нёмана, без Гродна) — РужаныПружаны (разам з Ваўкавыскам і Пружанамі) — Мельнік (уздоўж Бугу на захад ад Брэста) — Малкіня — Астраленка[2] (па граніцы Генеральнага губернатарства). Да 1 верасня 1941 года ўся тагачасная Брэсцкая вобласць БССР разам з Брэстам таксама адносілася да Усходняй Прусіі і Беластоцкай акругі[3]. На чале адміністрацыі стаяў гаўляйтар Усходняй Прусіі Эрых Кох.

1 лістапада 1941 тэрыторыя акругі ўзбуйненая за кошт выключанага з Остланда Гродна з ваколіцамі. У 1942 року Гродна было перайменавана ў Гартэн (па-нямецку: Garten)[4].

Улетку 1944 года, пасля таго, як тэрыторыя акругі ўздоўж лініі НараўБобра была акупаваная Чырвонай арміяй, штаб-кватэра цывільнай адміністрацыі пераехала ў Бартэнштайн. У студзені 1945 Чырвоная армія заняла рэшту акругі — Ломжынскі і Граеўскі паветы.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[правіць | правіць зыходнік]

Нямецкая карта Беластоцкай акругі, 1944 г.

Беластоцкая акруга падзялялася на 8 адміністрацыйных адзінак узроўню павета, г. зв. «крайскамісарыятаў» (па-нямецку: Kreisskomissariat): Беластоцкі (Kreisskomissariat Nikolaus), Бельска-Падляскі (Kreisskomissariat Tubenthal), Ваўкавыскі (Kreisskomissariat Pfeifer), Гродненскі (Kreisskomissariat Plötz), Граеўскі (Kreisskomissariat Piachor, пазней Knispel), Ломжынскі (Kreisskomissariat Gräben), Сакульскі (Kreisskomissariat Seiler) і горада Беласток[5]. Ніжэйшымі адзінкамі былі г. зв. «амцкамісарыяты» (па-нямецку: Amtskomissariat), або гміны, якіх налічвалася 114. Найніжэйшымі адміністрацыйнымі адзінкамі былі староствы.

1 жніўня 1941 года цывільным камісарам (па-нямецку: Zivilkommissar) стаў Эрых Кох. Пазней пасада перайменавана ў шэфа цывільнай адміністрацыі (па-нямецку: Chef-der-Zivilverwaltung). Ёд адначасна з'яўляўся гаўляйтарам Усходняй Прусіі, рэйхскамісарам акупаванай Украіны і паслом у Рэйхстагу. З гэтай прычыны Кох не мог пастаянна жыць у Беластоку, таму прызначыў сабе намесніка, шэфа Нямецкага працоўнага фронта ў Караляўцы Вальдэмара Магунію. Апошні, аднак, неўзабаве трапіў у няміласць, і 1 лютага 1942 на ягонае месца быў прызначаны тыльзіцкі ландрат Фрыдрых дэ Брыкс.

Беластоцкая акруга фармальна так і не была ўключана ў склад Усходняй Прусіі, хоць фактычна ўсё мясцовае кіраўніцтва падпарадкоўвалася загадам з Караляўца. 16 ліпеня 1941 года Адольф Гітлер на таемнай нарадзе з удзелам Герынга, Кейтэля, Ламерса і Розенберга абвясціў пра далучэнне акругі да рэйха[6]. Адзіным падзелам паміж імі была паліцэйская граніца, дзеля пераходу якой неабходна было атрымаць адпаведны дазвол. Мытны пераход, наадварот, быў скасаваны ў лістападзе 1941 года[7]. На тэрыторыі акругі дзейнічалі не акупацыйныя грошы, а нямецкія маркі[8].

Школьніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Паводле сфармуляваных Гімлерам прынцыпаў «Колькі думак пра абыходжанне з іншародцамі на Усходзе» акупаваныя не нямецкія нацыі не мусілі атрымоўваць адукацыю вышэйшую за чатырохкласную[9]. Шэф цывільнай адміністрацыі Беластоцкай акругі Эрых Кох пайшоў яшчэ далей, разглядаючы падпарадкаваны абшар выключна як прадмет бесцырымоннай эканамічнай эксплуатацыі і таннай рабочай сілы. З гэтай прычыны ён супрацьстаяў стварэнню адукацыйных установаў на падначаленых яму тэрыторыях. Было забаронена выдаваць прэсу на польскай мове, а газета «Беларускі голас» была ліквідавана неўзабаве пасля выхаду ў верасні 1941 года.

У бальшасці паветаў акругі была забаронена дзейнасць школ, а парушэнне гэтых забаронаў пагражала суровымі рэпрэсіямі, нават да смяротнага пакарання. Аднак, у Беластоцкім павеце ў верасні 1941 года па ініцыятыве настаўнікаў і насельніцтва былі адкрытыя прынамсі 18 пачатковых школ на польскай і беларускай мовах навучання, хоць даследнік беларуска-польскіх дачыненняў Юры Туронак лічыць, што іх колькасць насамрэч была большая[10]. Тым не меней, усе гэтыя школы былі зачыненыя пад канец года загадам павятовага камісара.

Найлепшая сітуацыя склалася ў Бельскім павеце, дзе з пачаткам 1941—1942 навучальных гадоў пачалі працу прынамсі 122 пачатковыя (двухкласныя) школы, у тым ліку з польскай мовай навучання — 61, з беларускай — 58 і 3 двухмоўныя. Юры Туронак заўважае, што дзейнічалі таксама падпольныя школы, і пэўная частка школаў магла быць не задакументаваная[11]. Настаўнікі гэтых школ за працу напачатку нават атрымоўвалі заробкі ад ураду гмінаў (амцкамісарыятаў), а пазней, калі выплаты былі спыненая, на аплату працы складаліся бацькі навучэнцаў[12]. Па прычыне гэткіх цяжкасцяў, а таксама рэпрэсій паліцыі пасля першага года навучання, колькасць школ у павеце скарацілася, хоць і нязначна.

Беларускія настаўніцкія курсы, Беласток, 1943 г.

У 1943 годзе стаўленне мясцовай адміністрацыі да легальнага школьніцтва пачало змяняцца, найперш гэта выяўлялася ў імкненні да змяншэння колькасці школ з польскай мовай навучання ці пераводзе іх на беларускую. Было дазволена адкрываць беларускамоўныя школы нават у іншых паветах. Дзеля ажыццяўлення арганізацыйнага і педагагічнага кантролю над школьніцтвам пры Беларускім камітэце ў Беластоку быў створаны Галоўны школьны інспектарат, кіраўніком якога стаў Аляксей Грыцук[13]. Інспектарат, змагаючыся з недахопам беларускамоўных настаўніцкіх кадраў, улетку 1943 года зладзіў у Беластоку трохтыднёвыя педагагічныя курсы. У іх узялі ўдзел каля 80 настаўнікаў. У выніку захадаў інспектарата былі адкрытыя 18 школ у Беластоцкім, 8 школ у Сакольскім і Ваўкавыскім паветах, павялічаная колькасць беларускіх школ у Бельскім павеце. Пад канец 1943—1944 гг. на тэрыторыі былога Беластоцкага ваяводства колькасць беларускіх школ складала каля 70%[14]. Тым не менш, большасць з іх складалі двухкласныя школы, толькі ў Беластоку, Гайнаўцы, Белавежы, Нараўцы[15] ды Пружанах[16] дзейнічалі поўныя сямігодкі. 7-класная школа існавала таксама ў Свіслачы[17].

Зноскі

  1. Виктор Саяпин. (13 ліпеня 2010) Немецкая таможня в оккупированном Гродно(рас.) Архітэктура Гродна Праверана 15 траўня 2012 г.
  2. Волаціч Мікола. Лінія Кэрзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Эўропе // Спадчына. — 1993. — № 6. — С. 16—33.
  3. Владимир Золотарев, Евгений Кульков. Генеральный план «Ост» // Международная жизнь. — МИД РФ, 2011. — № 6.
  4. Барыс Пракопчык. «Калі я на пошце служыў ямшчыком…» // Звязда. — 28 студзеня 2003. — № 20 (24704).
  5. Sz. Datner. Niemiecki okupacyjny aparat bezpieczeństwa w Okręgu Białostockim (1941—1944) w świetle materiałów niemieckich (opracowania Waldemara Macholla) // Biuletyn Głównej Komisji Badania Zbrodni Hitlerowskich w Polsce. — Т. XV С. 7
  6. Cz. Madajczyk. Polityka III Rzeszy w okupowanej Polsce. — Warszawa: 1970 Т. 1. — С. 132, 138.
  7. Cz. Madajczyk. Polityka III Rzeszy w okupowanej Polsce. — Warszawa: 1970 Т. 1. — С. 212.
  8. Данилов И. П. Немецкий «политрук» // Записки западного белоруса. — 2-е изд., дораб. и доп. — Менск: В. Хурсик, 2007. — С. 180. — 300 ас. — ISBN 978-985-6718-86-4
  9. Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 772. — ISBN 978-80-86961-13-2.
  10. Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 774. — ISBN 978-80-86961-13-2.
  11. Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 776. — ISBN 978-80-86961-13-2.
  12. Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 778. — ISBN 978-80-86961-13-2.
  13. Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 780. — ISBN 978-80-86961-13-2.
  14. Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 781. — ISBN 978-80-86961-13-2.
  15. Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 782. — ISBN 978-80-86961-13-2.
  16. Лявон Юрэвіч. Юры Жывіца. Маё паходжаньне // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. — Нью-Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, 1999.
  17. Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — С. 781—782. — ISBN 978-80-86961-13-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Gnatowski M. Białostockie Zgrupowanie Partyzanckie. — Białystok: 1994.
  • Marcin Markiewicz. Represje hitlerowskie wobec wsi Białostockiej // Biuletyn Instytutu pamięci narodowej. — Warszawa: Dom Wydawniczy Bellona, 2003—2004. — № 12—1 (35—36). — ISSN 1641-9561.
  • Юры Туронак. Акупацыйная школьная палітыка ў Беластоцкай акрузе (1941—1944) // Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — ISBN 978-80-86961-13-2