Горад Беласток

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Горад
Беласток
Białystok
Сцяг Герб
Сцяг
Герб
Rynek Kościuszki, Białystok (2).jpg

Каардынаты: 53°07′00″ пн. ш. 23°10′00″ у. д. / 53.116667° пн. ш. 23.166667° у. д. (G) (O) (Я)53°07′00″ пн. ш. 23°10′00″ у. д. / 53.116667° пн. ш. 23.166667° у. д. (G) (O) (Я)

Краіна
Ваяводства
Першае згадванне
Горад з
Плошча
102 км²
Насельніцтва (2006)
295 тыс. чалавек
Шчыльнасць
2892 чал./км²
Нацыянальны склад
Часавы пояс
Тэлефонны код
+ (48) 85
Паштовы індэкс
15-001
Афіцыйны сайт

Беласток (Польшча)
Беласток
Беласток

БЕЛАСТО́К (польск. Białystok), горад у Польшчы, адміністрацыйны цэнтр Падляскага ваяводства. Знаходзіцца на захадзе этнічнай тэрыторыі беларусаў, у цэнтры Падляскага ваяводства, за 174 км ад Варшавы; адлегласць ад Беластока да Гродна – 82 км. Горад размешчаны на невялікай рацэ Белай, прытоку Супраслі.

Беласток - самы вялікі горад усёй паўночна-ўсходняй Польшчы. У Беластоку жыве 292 тыс. чалавек (2005 г.).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

‎ Беласток паводле летапісных звестак быў заснаваны князем Гедзімінам у 1320. У XIV ст. ён узгадваецца як паселішча на гандлёвым шляху з Мазовіі на Гродна. Затым Беласток доўгі час быў прыватным уладаннем. Сярод яго ўласнікаў памяць аб сабе захавалі, у першую чаргу, Браніцкія.

Буйнешым жа і найбольш важным горадам Падляшша Беласток стаў у XVIII ст. У першай палове XVIII ст. тут была пабудавана ратуша i іншыя мураваныя будынкі, палац магнатаў Браніцкіх з тэатрам, садам, аранжарэямі; горад быў умацаваны мураванай сцяной з вежамі-брамамі.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 Беласток i Падляшскія землі былі ўключаны ў склад Прусіі. Беласток стаў цэнтрам аднаго з прускіх дэпартаментаў, у гэты час у горадзе пачала развівацца прамысловасць, адкрылася першая спецыяльная медыцынская навучальная ўстанова.

Пасля паражэння Прусіі ў вайне з Францыяй паводле Тыльзіцкага міру Беласток увайшоў у склад Расійскай імперыі.

Беласток заставаўся найбольш значным гаспадарчым цэнтрам рэгіёну і на працягу ХІХ ст. У 1857 г. ў Беластоку жыло 13,8 тыс. чалавек. У 1862 г. праз горад быў пракладзены ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1882 г. колькасць насельніцтва горада склала ўжо 56,6 тыс. чалавек, на заводах i фабрыках было занята больш за 3 тыс. рабочых. Прамысловыя прадпрыемствы выпускалі сукно, корт, шаўковыя тканіны, капялюшы, развівалася кравецтва. У Беластоку працавалі школы i вучылішчы, 2 тэатры, 2 бальніцы, шпіталь, аптэкі, магазіны, штогод праводзіўся кірмаш. Тут дзейнічалі праваслаўная i лютэран¬ская цэрквы, касцёл, 2 сінагогі. Вялікае значэнне меў Беласток як вузел чыгунак i шасейных дарог, гандлёвы цэнтр.

Напачатку ХХ ст. колькасць насельніцтва Беластока наблізілася да 100 тыс. чал. (з іх каля 2/3 складалі яўрэі), горад працягваў развівацца як прамысловы цэнтр. Галоўнай галіной з'яўлялася суконна-кортавая прамысловасць, працавалі таксама гарбарні, шаўковыя i тытунёвыя фабрыкі, машынабудаўнічы, мылаварныя заводы, лесапільні, млыны i інш. На прадпрыемствах горада было занята каля 6 тыс. чалавек. Вытворчасць тканін служыла базай для развіцця кравецтва.

У 1915 пад час І сусветнай вайны горад акупіраваны германскімі войскамі. Затым у выніку польска-савецкай вайны гэты край паводле Рыжскага міру ў 1921 ўвайшоў у склад Польшчы.

У верасні 1939, пасля пачатку II сусветнай вайны на Беласточчыну ўступілі войскі Чырвонай Арміі. У Беластоку быў скліканы Народны сход Заходняй Беларусі, які абвясціў яе далучэнне да Беларускй ССР; 4 снежня 1939 года ў складзе БССР была ўтворана Беластоцкая вобласць.

23 чэрвеня 1941 Беласток акупіраваны войскамі фашысцкай Германіі. Фашысцкая акупацыя прынесла вялізарны ўрон края, асабліва жорстка фашысты вынішчалі яўрэйскае насельніцтва Беласточчыны. За гады акупацыі было знішчана 55% насельніцтва, 80% жылой забудовы Беластока. 27 ліпеня 1944 Беласток быў вызвалены войскамі 2-га Беларускага фронту.

У 1944-45 паводле пагаднення паміж савецкім i польскім урадамі Беласточчына зноў перададзена Польшчы, у складзе якой было адноўлена Беластоцкае ваяводства. У 1999 ў Польшчы ўведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, згодна з якім Беластоцкае ваяводства скасавана і ўвайшло ў склад Падляскага ваяводства з цэнтрам у Беластоку.

Палац Браніцкіх (XVII-XVIII ст.)
Царква Святога Мікалая Цудатворцы

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Да сённяшняга дня захаваўся палац Браніцкіх XVII—XVIII стст., так званы «Падляскі Версаль» (спалены ў 1944, затым рэканструяваны). Гэта вялікая барочная рэзідэнцыя з галерэямі, павільёнамі, дзядзінцамі, брамай-вежай, рэгулярным паркам з каналамі і скульптурамі. Зараз тут размяшчаецца сядзіба Медыцынскай акадэміі. Сярод іншых помнікаў: Фарны касцёл (XVII—XІХ стст.), ратуша з гадзіннікавай вежай, камяніцы XVIII—XIX стст., «дом Напалеона», царква Мікалая Цудатворцы (XIX ст.), касцёл Святога Роха (пач. ХХ ст.).

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

Беласток – вялікі прамысловы цэнтр. У прамысловасці Беластока было занята ў 2003 г. 16,5 тыс. чал. Найбольшую ўдзельную вагу ў прамысловай прадукцыі маюць харчовая і тэкстыльная прамысловасць, машынабудаванне, а таксама энергетыка, газа- і водазабеспячэнне.

У Беластоку працуе завод стальных канструцый, які выпускае абсталяванне для чыгункі: элементы для мастоў, тунэляў, вакзалаў. Беластоцкі камбінат "Bison-Bial" належыць да інструментальнай прамысловасці. Аб'яднанне "Biawar" – вытворца вядомых у Польшчы і за мяжой награвальнікаў вады. Адно з буйнейшых прадпрыемстваў Беластока – баваўняны камбінат “Fasty”. Iснуюць у Беластоку прадпрыемствы хімічнай, гарбарнай, шкляной прамысловасці, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, працуе дывановая фабрыка і іншыя прамысловыя прадпрыемствы.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Беласток – буйны транспартны вузел. Чыгункі ідуць адсюль у пяці напрамках: на Гродна, Варшаву, Баранавічы, Брэст, Граева. Аўтамабільныя магістралі злучаюць Беласток з Гроднам, Ваўкавыскам, Варшавай, Сувалкамі, Ломжай, Люблінам.

Адукацыя і культура[правіць | правіць зыходнік]

Беласток з'яўляецца важным культурным, навуковым, турыстычным цэнтрам.

Тут працуюць: універсітэт, політэхнічны інстытут, медыцынская акадэмія, духоўная семінарыя, шэраг іншых ВНУ.

Дзейнічаюць драматычны і лялечны тэатры, філармонія, шматлікія галерэі, музеі, заапарк. У Беластоку выдаюцца рэгіянальныя газеты і часопісы, выходзяць у эфір радыё- і тэлеперадачы мясцовай студыі.

Беларусы ў Беластоку[правіць | правіць зыходнік]

Як паказаў перапіс насельніцтва 2002, сярод усіх гарадоў Польшчы найбольшая колькасць беларусаў жыве ў Беластоку.

У горадзе створаны i дзейнічаюць нацыянальныя беларускія арганізацыі (Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Беларускі саюз у Польшчы, Беларускае аб'яднанне студэнтаў і інш.). Тут па-беларуску выдаецца тыднёвік «Ніва», выходзіць месячнік "Czasopis" з матэрыяламі на польскай і беларускай мовах, іншыя выданні, прысвечаныя беларускай тэматыцы. Штогод адбываюцца Дні беларускай культуры, Фестываль беларускай песні і іншыя акцыі, якія прапагандуюць беларускую культуру.

Ёсць у горадзе пачатковая школа і гімназія, дзе (як дадатковы прадмет) вывучаецца беларуская мова, дзейнічае дзіцячы садок, у якім выхаваўцы размаўляюць па-беларуску.

У Беластоцкім універсітэце плённа працуе кафедра беларускай культуры.

Беластоцкае радыё штодзённа транслюе перадачы на беларускай мове, мае сваіх карэспандэнтаў на Беларусі. Незалежнае "Радыё Рацыя" транслюе таксама перадачы на Беларусь.

У Беластоку знаходзіцца Генеральнае Консульства Рэспублікі Беларусь, якое сярод іншага спрыяе пашырэнню кантактаў Беласточчыны з Беларуссю.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]