Карыйцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Карыйцы
Statue Maussollos BM Sc1000.jpg
Прадстаўнік дынастыі Гекатомна (магчыма, Маўзол II)
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Карыя
Мова карыйская
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы хеты, лідыйцы, лікійцы

Кары́йцы (стар.-грэч.: Κάρες)  — старажытны індаеўрапейскі народ, карэнныя насельнікі малаазіяцкай вобласці Карыя і некаторых астравоў Эгейскага мора.

Паходжанне і рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

Дзякуючы дадзеным лінгвістыкі, вядома, што карыйцы размаўлялі на індаеўрапейскай мове лувійскай групы і такім чынам былі блізкія да іншых індаеўрапейскіх народаў Малой Азіі. Археолагі высветлілі, што да канца 3 тысячагоддзя да н.э. Карыя была амаль ненаселена. Карыйцы з'явіліся на паўднёвым захадзе Малой Азіі верагодна толькі ў 2 тысячагоддзі да н.э. Яны таксама займалі паўднёвую частку Іоніі, а таксама некалькі астравоў у Эгейскім моры, найбольшым з якіх быў Родас.

З пачатку 1 тысячагоддзя частку эгейскага карыйскага ўзбярэжжа захапілі грэкі-іанійцы, якія паводле Герадота часткова змяшаліся с тубыльцамі і размаўлялі на карыйскай гаворцы грэчаскай мовы[1]. Каланізацыя грэкамі Эоліі і Іоніі выклікала перасяленне ў Карыю лелегаў. Некалькі пазней паўднёва-заходняе ўзбярэжжа Карыі і Родас занялі грэкі-дарыйцы. Найбуйнейшымі грэчаскімі гарадамі на землях карыйцаў былі Мілет і Галікарнас.

Са спасылкай на жыхароў Крыта, Герадот паведамляў, што раней карыйцы зваліся лелегамі, насялялі эгейскія астравы, пакуль не былі выціснуты ў Малую Азію грэкамі. «Аднак самі карыйцы, — заўважае ён, — лічаць сябе спрадвечнымі жыхарамі мацерыка і сцвярджаюць, што заўсёды мелі адное і тое ж імя»[2]. Тое, што да 1 тысячагоддзя н.э. карыйцы ўжо насялялі захад Малой Азіі, кажуць шматлікія ўзгадкі народа з падобнай назвай у дакументах хетаў. У грэчаскай міфалогіі продкам карыйцаў з'яўляўся Кар, родны брат малаазіяцкіх лідыйцаў і лікійцаў.

Сучасныя даследчыкі атаесамляюць карыйцаў з народам, які пазначаўся ў хетаў, персаў і семіцкіх народаў гукамі К-Р-К.

Антычнасць[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне VI ст. да н.э. карыйцы трапілі пад кантроль спачатку манархаў Лідыі, а потым Персіі. Разам з грэкамі, яны вялі барацьбу супраць персаў, выявілі сябе як адважныя воіны[3]. Пасля заканчэння войнаў паміж грэкамі і персамі ў V ст. да н.э. карыйскія гарады знаходзіліся пад уплывам Афін. У пачатку IV ст. да н.э. афінян з Малой Азіі адсунулі спартанцы. У 386 г. яны зноў перадалі ўладу персам.

На тэрыторыі Карыі была створана персідская сатрапія, дзе ўладу захапіў карыйскі род Гекатомна. Найбольш выбітным яго прадстаўніком быў Маўзол (377 — 353 гг. да н.э.). У 334 г. да н.э. Карыя была далучана да Македоніі. У 133 г. да н.э. — да Рымскай дзяржавы.

Ужо ў 1 тысячагоддзі да н.э. карыйцы былі значна элінізаваны, аднак захоўвалі сваю адметнасць ад суседзяў. У наш час карыйцы не існуюць як самастойная этнічная супольнасць, але вылучаюцца сярод іншых жыхароў Турцыі сваім дыялектам і асаблівасцямі матэрыяльнай культуры.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Згодна археалагічным дадзеным, насельніцтва Карыі ў 1 тысячагоддзі да н.э. матэрыяльна не вельмі адрознівалася ад грэкаў, асабліва жыхароў Іоніі і дарыйскіх полісаў Паўднёва-Заходняй Малой Азіі і Родаса. Аднак пісьмовыя крыніцы сведчаць пра тое, што ўплыў быў узаемным. Так, Герадот паведамляў, што грэкі перанялі ў карыйцаў звычай упрыгожваць шлемы пер'ем, прыладжваць да шчытоў дзяржальні і маляваць на паверхні шчыта выявы[2]. У апавяданні пра распаўсюджанне ў Атыцы іанійскага тыпу жаночай вопраткі без шпілек ён заўважаў: «Першапачаткова гэта вопратка была не іанійскай, а карыйскай»[4].

Галоўнымі заняткамі карыйцаў былі земляробства і жывёлагадоўля. Прыродныя асаблівасці Карыі не дазвалялі мець з іх вялікіх прыбыткаў, таму мясцовае насельніцтва было вымушана шукаць і іншыя магчымасці для жыцця. Карыйцы лічыліся добрымі воінамі, служылі наёмнікамі, а таксама не грэбавалі пірацтвам. Ваенныя пахаванні карыйцаў антычнага перыяду знойдзены ў Лідыі, Іране і на востраве Родас. Калі ў 425 г. да н.э. афіняне выдалялі з Дэласа магільні, то знайшлі шмат долаў, якія належылі ваенным карыйцам[5]. Герадот апавядаў, пра карыйскіх і іанійскіх піратаў, якія перасяліліся ў Егіпет і служылі там наёмнікамі[6]. Яны працягвалі падтрымліваць сувязі з радзімай. Частка карыйцаў, якая перасялялася ў грэчаскія гарады, прымала грэчаскую мову і культуру. Сярод найбольш вядомых дзеячаў карыйскага паходжання з'яўляліся лідыйскі валадар Кроз (па маці), Арцемісія з Галікарнаса і Герадот. Яго бацька Лікс і дзядзька, паэт Паніасід, мелі карыйскія імёны. Значна элінізаваным быў род Гекатомна.

Нягледзячы на моцны культурны ўплыў з боку грэкаў, карыйцы ніколі не прымаліся імі за сваіх. Заўсёды падкрэслівалася, што тубыльцы Карыі — гэта варвары. Адрозненне карыйцаў перш за ўсё вызначалася іх мовай. Карыйцы не толькі захоўвалі родныя гутарковыя дыялекты, але таксама распрацавалі пісьмо на аснове фінікійскага алфавіта. Другім важным элементам адрозненняў была рэлігія — культ ваяўнічага бога, якога грэкі называлі Зеўсам Карыйскім, багіні, якую вызначалі як Афіну (у момант вялікай небяспекі ў яе жрыцы расла барада[7]), а таксама Эндыміёна, якога шанавалі ў наваколлі Мілета. Магчыма, што з Карыі ў Грэцыю прыйшоў культ багіні Гекаты.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Герадот, I:142
  2. 2,0 2,1 Герадот, I:171
  3. Герадот, V:118 — 119
  4. Герадот, V:88
  5. Фукідыд, I:4 — 8
  6. Герадот, II:152-54
  7. Герадот, I:175

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]