Пралятаючы па-над гняздом зязюлі, фільм

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Пралятаючы па-над гняздом зязюлі
англ.: One Flew Over the Cuckoo’s Nest
Постар фільма
Жанр

драма

Рэжысёр

Мілаш Форман

Прадзюсар

Майкл Дуглас
Саул Зейнц

Аўтар
сцэнарыя

Лоўрэнс Хабен, Бо Голдмэн
Кен Кізі (раман)

У галоўных
ролях

Джэк Нікалсан
Луіза Флетчэр
Брэд Дурыф

Аператар

Хаскел Уэкслер

Кампазітар

Джэк Ніцшэ

Кінакампанія

Fantasy Films
United Artists (дыстрыб'ютар)

Працягласць

133 хвіл.

Бюджэт

4,4 млн $[1]

Зборы

108981275 $[1]

Краіна

Flag of the United States.svg ЗША

Мова

англійская

Год

1975

IMDb

ID 0073486

«Пралята́ючы па-над гняздо́м зязю́лі» (англ.: One Flew Over the Cuckoo’s Nest, сустракаецца пераклад «Палёт над гняздом зязюлі») — мастацкі фільм-драма кінарэжысёра Мілаша Формана, экранізацыя аднайменнага рамана Кена Кізі.
Прэм'ера фільма адбылася 19 лістапада 1975 г. на кінафестывалі ў Чыкага. Ён стаў другім фільмам у гісторыі сусветнага кінематографа, які атрымаў «Оскар» у пяці самых прэстыжных намінацыях, што раней атрымалася толькі ў карціны «Гэта здарылася аднойчы ноччу» (1934 г.)[2]. Такую ж «Вялікую пяцёрку» яму ўдалося атрымаць у пяці намінацыях на «Залаты глобус» — адзіны раз у гісторыі кіно.
Фільм, які распавядае пра драму ў псіхіятрычнай клініцы, здымаўся амаль цалкам у аддзяленні для душэўнахворых шпіталя штата Арэгон. Гледачы вельмі цёпла ўспрынялі карціну. Фільм сабраў больш за $100 млн у пракаце ў ЗША. Крытыка высока адзначыла рэжысуру і акцёрскую ігру, прызнаўшы «Пралятаючы па-над гняздом зязюлі» адною з найважнейшых падзей «новай хвалі» амерыканскага кінематографа 1970-х гадоў.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Дзеянне адбываецца ў 1963 годзе. Злачынца Рэндла Патрыка Мак-Мёрфі (Джэк Нікалсан) пераводзяць з турмы ў псіхіятрычную клініку для агляду.

Патрапіўшы ў аддзяленне, Рэндл Мак-Мёрфі адразу сутыкаецца з жорсткім распарадкам, устаноўленым старэйшай медсястрой Мілдрэд Рэтчэд (Луіза Флетчэр). Гэтыя строгасці, а таксама ўмяшанне ў асабістае жыццё хворых падчас сеансаў групавой тэрапіі выклікаюць пратэст у новага пацыента. Мак-Мёрфі не разумее, чаму мужчыны, хай нават і не зусім здаровыя, трываюць такое стаўленне з боку персаналу. Мак-Мёрфі ідзе ў заклад на тое, што ён зможа пераспаць з медсястрой на працягу тыдня. Рэндл спрачаецца з медперсаналам, арганізуе ў аддзяленні куток азартных гульняў, праводзіць галасаванне, каб атрымаць дазвол хворым няўрочна паглядзець Сусветную серыю па тэлевізары. Пасля няўдалага галасавання ён збліжаецца з хранічным хворым па мянушцы Правадыр — буйным індзейцам, якога ўсе лічаць глуханямым. Нарэшце, Мак-Мёрфі ажыццяўляе самавольную адлучку з лякарні, адправіўшыся з групай пацыентаў на рыбалку.

У ходзе кансіліуму ўрачы схіляюцца да таго, што Мак-Мёрфі сімулянт і яго неабходна адправіць назад у турму адбываць тэрмін. Аднак сястра Рэтчэд настойвае на тым, каб пакінуць яго ў аддзяленні. Затрыманы для прымусовага лячэння, Мак-Мёрфі нечакана для сябе даведваецца, што большасць пацыентаў у аддзяленні знаходзяцца добраахвотна, і яго спробы замахнуцца на ўладу медсястры цалкам бессэнсоўныя. Разумеючы, што яго могуць пакінуць у шпіталі на нявызначана доўгі тэрмін, Рэндл вырашае бегчы.

Падчас чарговага сеанса сацыяльнай тэрапіі хворы Чэсвік губляе кантроль над сабой, пачынае ашалела скандаліць з-за цыгарэт. Мак-Мёрфі і Правадыр спрабуюць абараніць яго перад санітарамі, але паўсталых хворых скручваюць і пазбаўляюць магчымасці рухацца. Затым усіх траіх адпраўляюць на сеансы электрашокавай тэрапіі. Перад працэдурай Рэндл даведваецца, што Правадыр размаўляе і чуе, але лічыць за лепшае захоўваць гэта ў тайне. Прыйшоўшы ў сябе і вярнуўшыся назад у аддзяленне, Мак-Мёрфі вырашае, што далей цягнуць нельга, і прапануе Правадыру ўцячы разам. Падкупіўшы ахоўніка, Рэндл запрашае ў аддзяленне сваіх знаёмых дзяўчат і арганізоўвае развітальную вечарыну. Калі Мак-Мёрфі ўжо збіраецца пакінуць бальніцу, Білі Бібіт намякае яму, што хацеў бы пераспаць з адной з дзяўчат. Маладыя людзі адасабляюцца. Не ўтрымаўшыся пасля выпітага спіртнога і бурнай ночы, Рэндл, як і ўсё ў аддзяленні, засынае.

Назаўтра медсястра Рэтчэд выяўляе пагром у аддзяленні, прыкметы спробы ўцёкаў і Білі Бібіта, страціўшага цнатлівасць. Рэтчэд пагражае Бібіту тым, што раскажа пра такія недастойныя паводзіны яго маці, чыёю блізкаю сяброўкай яна з'яўляецца, чым прыводзіць яго ў шокавы стан і змушае выдаць завадатара начной вечарыны. Бібіта ў мітусні пакідаюць ненадоўга аднаго, і ён забівае сябе, перарэзаўшы сабе сонную артэрыю. У лютасці ад таго[3], што Рэтчэд давяла да самагубства слабага і хворага Бібіта, Мак-Мёрфі накідваецца на медсястру і з сілай пачынае яе душыць, але яго ў апошні момант абясшкоджвае санітар, і Рэтчэд выжывае, атрымаўшы сур'ёзную траўму шыі.

Жыццё ў бальніцы працягваецца. Праз некаторы час Рэндл зноў з'яўляецца ў аддзяленні — Правадыр бачыць, як яго вядуць пад рукі санітары. Правадыр радуецца вяртанню свайго адзінага сябра і кажа яму, што адчувае сябе «вялікім, як гара» і гатовы здзейсніць уцёкі, але заўважае, што Мак-Мёрфі не рэагуе на гэтыя словы. Прыгледзеўшыся, ён выяўляе шнары з левага і правага бакоў ілба і разумее, што той перанёс лабатамію і зараз гэта ўжо не Мак-Мёрфі — сімулянт, а сапраўды хворы чалавек. Правадыр кажа яму, што не жадае сыходзіць без Мак-Мёрфі, але і не хоча пакідаць яго ў такім стане. Правадыр прамаўляе: «Пайшлі», — і душыць Мак-Мёрфі падушкай. Затым, выбіўшы краты на вокнах цяжкай мармуровай калонкай, выдранай з душавой, выбіраецца на свабоду і ўцякае.

У ролях[правіць | правіць зыходнік]

Стварэнне[правіць | правіць зыходнік]

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак 1970-х — час «новай галівудскай хвалі». Тэмы і настроі, якім яшчэ нядаўна не было месца на экранах (секс, гвалт, лаянка, хіпі), паступова становяцца мэйнстрымам. Такія карціны, як «МЭШ», «Выкрут-22» прыўносяць новыя павевы ў інтэлектуальнае кіно Галівуду. Тады ж на экранах з'яўляюцца карціны, якія пераадолелі мяжу выручкі ў $ 100 млн у амерыканскім пракаце: «Сківіцы» і «Экзарцыст» — першыя ластаўкі эпохі блакбастараў[4].

Бо Голдмэн і Майкл Дуглас падчас працы над фільмам.

Раман Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі» быў апублікаваны ў 1962 годзе і стаў бестселерам у ЗША. Кніга хутка стала класікай пакалення бітнікаў і ўжо да 1975 г. была перавыдадзена ў ЗША больш за дваццаць разоў[5]. Тады ж, у 1962-м, Кірк Дуглас за $ 47000 набыў правы на кіна- і тэатральную пастаноўку[6]. Сцэнічную версію рамана напісаў Дэйл Васерман, і ў 1963 г. Кірк Дуглас ажыццявіў інсцэніроўку ў тэатры «Cort» на Брадвеі. Ён сам і выконваў у ёй галоўную ролю Мак-Мёрфі [7]. Атрымаўшы даволі халодныя водгукі тэатральнай крытыкі, п'еса пратрымалася на сцэне ўсяго некалькі месяцаў. Праз год Дуглас па заданні дзярждэпартамента апынуўся ў Чэхаславакіі, дзе пазнаёміўся з маладым і перспектыўным рэжысёрам Мілашам Форманам. Яны пагутарылі, і Дуглас ўжо тады выявіў гатоўнасць абмеркаваць пачатак здымак. Ён выслаў раман Кена Кізі па пошце, але Форман кнігу так і не атрымаў — яе канфіскавалі на мытні[8].

Кірк Дуглас сам хацеў спрадзюсіраваць фільм па матывах спектакля і сыграць у ім, але розныя абставіны заміналі яго планам. Перашкаджаў судовы працэс з Дэйлам Васерманам, які нечакана прад'явіў правы на экранізацыю сваёй адаптаванай версіі кнігі[9][10]. Галоўная праблема была, аднак, у тым, што сцэнарый фільма пра псіхічнахворых не выклікаў цікавасці ў кінакампаній. Тэма лічылася калі не правальнай, то, ва ўсякім разе, камерцыйна бесперспектыўнай. Сцэнарый быў занадта наватарскім для таго часу. «Я прынёс ім сапраўдную класіку, а яны нават не зразумелі гэтага», — каменціраваў Кірк Дуглас свае шматлікія спробы зацікавіць кінакампаніі[11].

Цікавасць да сцэнарыя праяўлялі Джон Касаветыс і Пітэр Фонда, але па розных прычынах да здымак справа не дайшла[12]. У пачатку 1970-х да пастаноўкі рыхтаваўся Рычард Раш, якога кніга вельмі ўразіла. Ён таксама прапанаваў Джэку Нікалсану, свайму старому знаёмаму па малабюджэтных ранніх работах, галоўную ролю ў будучай карціне. Раш бачыў сцэнарый больш блізкім да кнігі, дзе апавяданне вядзецца і ад асобы Правадыра. Раш пасля двух гадоў беспаспяховых спроб быў вымушаны развітацца з надзеяй паставіць карціну па той жа прычыне — ён не знайшоў фінансавай падтрымкі для праекта[6]. Існуе версія, што правамі на экранізацыю першапачаткова валодаў ён і прадаў іх Кірку Дугласу пасля няўдачы з пастаноўкай[13][14].

У 1971 г. Кірк, канчаткова расчараваўшыся, ужо сабраўся прадаць правы на экранізацыю, калі яго сын Майкл угаварыў бацьку аддаць іх яму. Майкл вырашыў паспрабаваць зрушыць праект з мёртвага пункта, хоць вопыту прадзюсіравання ў яго не было. Падчас здымак серыяла «Вуліцы Сан-Францыска» Майкл пазнаёміўся з Саўлам Зейнцам — прадстаўніком невялікай незалежнай прадзюсерскай кампаніі Fantasy Films. Зейнц некалькімі гадамі раней таксама цікавіўся магчымасцю экранізацыі рамана Кена Кізі, і яны вырашылі сумесна пачаць працу над фільмам[11].

Падбор акцёраў[правіць | правіць зыходнік]

Адной з прычын, па якіх падрыхтоўка да здымак фільма моцна зацягнулася, быў вельмі старанны падбор акцёраў. Стваральнікі мелі абмежаваны бюджэт, але адначасова матэрыял абавязваў знайсці добрых выканаўцаў.

Пошукі акцёра на галоўную ролю занялі больш за год. Джэк Нікалсан быў першым кандыдатам у спісе. Разглядаліся варыянты з Марланам Бранда і Джынам Хэкмэнам, але толькі як магчымая замена, калі Джэк не зможа зняцца[15]. Нікалсан ўжо быў добра вядомы ў прафесійным асяроддзі дзякуючы такім працам, як «Бестурботны яздок» і «Пяць лёгкіх п'ес»[16]. Аднак гэта былі, хутчэй, артхаўсныя карціны, не настолькі добра знаёмыя шырокай аўдыторыі. Нікалсан тады меў імідж сапсаванага маладога інтэлектуала, адмоўнага персанажа — зусім не бунтара Мак-Мёрфі[17]. Пасля працы ў «Апошнім строі» Майкл Дуглас канчаткова пераканаўся ў тым, што Джэк Нікалсан падыходзіць на гэтую ролю. Акцёр быў вельмі запатрабаваны, прыйшлося чакаць, калі ён скончыць здымкі. У Нікалсана былі прывабныя прапановы на наступныя карціны ад Хэла Эшбі і Бернарда Берталучы, але ён абраў працу з Форманам[6].

Вядомыя актрысы Эн Бэнкрафт, Джэральдзін Пэйдж, Элен Бёрсцін запрашаліся для выканання галоўнай адмоўнай ролі медсястры, але паслядоўна адхілялі прапанову, прачытаўшы сцэнарый[18]. Імя Луізы Флетчэр было вядома толькі спецыялістам дзякуючы некалькім яе работам на тэлебачанні ў 1950-я гады, пасля якіх яна больш за дзесяць гадоў практычна не здымалася. Мілаш Форман заўважыў 40-гадовую актрысу, якая выконвала невялікую ролю ў фільме Роберта Олтмэна «Злодзеі як мы». Форман, пагутарыўшы з Луізай, вырашыў, што менавіта яна здольная рэалізаваць яго ідэю. Паводле задумкі, галоўная гераіня мусіць спачатку спадабацца гледачам, але развіццё сюжэта павінна паказаць, з якім увасобленым злом ім трэба будзе сутыкнуцца[17][19].

Асобнай задачай стаў пошук акцёра на другарадную, але вельмі важную ролю Правадыра. Як успамінаў Форман, само па сабе гэта было вельмі нялёгка, бо карэнныя жыхары Амерыкі па прыродзе не вельмі буйныя. Паводле задумы рэжысёра, Правадыр ў фільме, у адрозненні ад кнігі, больш не быў галоўным героем, але патрэбен быў менавіта велізарны «як дрэва» індзеец. Пасля доўгіх пошукаў практычна выпадкова знайшлі ураджэнца племя крыкі Уіла Сэмпсана — лесніка з Вашынгтона ростам 6 футаў 8 цаляў (203 см)[18][20].

Дэні Дэ Віта, Дэлас Сміт і Мімі Саркісян ігралі ролі пацыентаў і персаналу яшчэ ў брадвейскай пастаноўцы і выканалі іх у фільме паўторна[10]. Пры падборы астатніх акцёраў другога плана прадзюсары перабралі звыш 1700 кандыдатур. Ідэя стваральнікаў карціны заключалася ў тым, што гэтыя акцёры павінны былі быць невядомымі масаваму гледачу, а галоўны герой (Нікалсан), наадварот, быў бы добра вядомы: ён і прадстаўляе ў псіхіятрычнай клініцы наш звыклы свет, тады як іншыя пацыенты жывуць у аддзеленым ад рэальнасці маленькім сусвеце[16]. Акрамя гэтага, Форман дамагаўся таго, каб усе акцёры другога плана былі, па магчымасці, яркімі і запамінальнымі з аднаго позірку[17].

Для многіх вядомых галівудскіх акцёраў (Брэд Дурыф, Дэні Дэ Віта, Крыстафер Лойд, Уіл Сэмпсан) праца ў карціне Формана стала дэбютнай працай на кінаэкране, найістотнейшым чынам паўплывала на іх кінакар'еру[21]. Для Вільяма Рэдфілда, які меў вялікі вопыт працы на тэлебачанні, наадварот, здымкі ў фільме сталі апошнімі ў жыцці. Усяго праз некалькі месяцаў пасля выхаду карціны на экраны ён памёр ад лейкеміі[20].

У карціне некалькі запамінальных камеа-роляў. Доктара Співі сыграў сапраўдны галоўны ўрач шпіталя ў Арэгоне доктар Дын Брукс. Эпізадычную ролю капітана на прычале сыграў Саул Зейнц. У масоўцы карціны былі занятыя пацыенты і персанал шпіталя.

Здымкі[правіць | правіць зыходнік]

Шпіталь штата Арэгон (англ.), у якім адбываліся здымкі фільма (фота 2007 года)

Вельмі працяглы час дуэт прадзюсараў шукаў рэжысёра, здольнага справіцца з незвычайнай задумай. Перабраўшы мноства кандыдатур, яны спыніліся на Мілашу Формане. Як іранічна ўспамінаў рэжысёр, яго выбралі, бо ён меў добрую рэпутацыю прафесіянала і нядорага браў за свае паслугі. У 1968 г. Форман эміграваў у ЗША і паспеў зняць фільм «Адрыў», які праваліўся ў пракаце. Форман тады зусім «хварэў на кішэнь» і думаў, ці не вярнуцца яму ў Чэхаславакію, калі Дуглас і Зейнц нечакана прапанавалі яму працу[10]. Майкл Дуглас каменціраваў прычыну выбару так: Форман быў адзіным, хто ўжо на першай сустрэчы з прадзюсарамі дэталёва апісаў план здымак. Як сцвярджае Майкл Дуглас, ён і паняцця не меў на той момант, што яго бацька 10 гадоў таму ўжо абмяркоўваў падобную магчымасць з Форманам[17].

Першы варыянт сцэнарыя быў напісаны самім Кенам Кізі, але не задаволіў прадзюсараў і рэжысёра. У сцэнарыі Кізі засталіся атмасфера і стыль кнігі, перададзенай пацыентам псіхічнай лякарні апавядальнікам Правадыром, што не задаволіла Формана[22]. Дуглас звярнуўся да Лоўрэнса Хабена, затым — да Бо Голдмэна — тады малавядомага пісьменніка, які толькі пачынаў свой творчы шлях. Праца над сцэнарыем заняла каля васьмі тыдняў. Кен Кізі пасля саслужыў нядобрую службу стваральнікам карціны, вельмі негатыўна адгукнуўшыся пра сцэнарый фільма і ўвогуле не ухваліўшы яго[23][24]. Калі здымкі ўжо пачаліся, у адным з інтэрв'ю яго спыталі, ці будзе ён удзельнічаць у працэсе. Кізі адказаў: «Вы пытаецеся, ці стане будучая маці сама сабе рабіць аборт?»[11][15].

Тым часам прадзюсары працягвалі абіваць парогі кінастудый, але так і не змаглі нікога зацікавіць. У выніку, 4000000 долараў на здымкі Зейнц і Дуглас сабралі з уласных сродкаў. Эканоміць прыйшлося на ўсім, але толькі не на акцёры, які грае галоўную ролю. На яе вырашылі запрасіць тады ўжо цалкам сталага, у акцёрскім разуменні, Джэка Нікалсана. Толькі яго Форман бачыў у якасці патрэбнага выканаўцы. Ганарар Нікалсана склаў $ 1 млн плюс працэнт ад пракату[6][11].

Здымачная група

Форман вырашыў, што для праўдзівасці здымкі павінны прайсці ў сапраўднай псіхіятрычнай клініцы. Паводле першапачатковай задумы ўвесь фільм неабходна было зняць у бальнічных інтэр'ерах і толькі пачатак і канцоўку на натуры. Акрамя таго, аддзяленне было ўжо гатовай дэкарацыяй, і гэта дазволіла дадаткова зэканоміць сродкі. Рэжысёр і прадзюсары фільма наведалі некалькі лячэбных устаноў і спыніліся на шпіталі штата Арэгон (Сейлем). Толькі ў гэтым шпіталі, як высветлілася, лекары чыталі раман Кізі. Пісьменнік жыў недалёка ад гэтых месцаў, і яго добра ведалі ў мястэчку[24]. Галоўны ўрач шпіталя доктар Дын Брукс, пазнаёміўшыся са сцэнарыем, даў згоду на вытворчасць стужкі. У памяшканні шпіталя пуставала цэлае аддзяленне. Як успамінаў Брукс, яму было цікава прыняць удзел у працэсе працы над карцінай, паглядзець на рэакцыю пацыентаў, і, галоўнае, ён лічыў, што здымкі могуць мець дабратворны тэрапеўтычны эфект. Брукс зняўся ў ролі доктара Співі і стаў таксама кансультантам карціны[7].

Здымкі пачаліся ў студзені 1975 года і занялі каля 14 тыдняў. Сцэны фільма былі знятыя строга ў тым парадку, у якім яны і з'яўляюцца на экране. Толькі сцэна рыбалкі аказалася па часе апошняй[18]. Форман спачатку не хацеў яе здымаць, лічачы, што яна выпадае з кантэксту, але потым усё ж вярнуўся да яе[25]. Здымкі прайшлі дастаткова гладка, за выключэннем невялікага непрыемнага інцыдэнту. Адзін з хворых не звярнуў увагу на экран, які засланяў адчыненае акно, куды ўваходзіў электрычны кабель, выпаў з трэцяга паверха і зламаў плячо[17].

Некаторыя цяжкасці ўзніклі з заключнай сцэнай уцёкаў Правадыра, які павінен быў выбіць акно. Сцэна была настолькі эмацыянальная, што рэжысёр здымаў яе адным дублем з некалькіх камер — цяжка было б яшчэ раз трапна злавіць неабходны стан Уіла Сэмпсана. Бо Голдмэн таксама ўспамінаў, што вельмі доўга падбіраў апошнія словы Правадыра, звернутыя да ўжо мёртвага Мак-Мёрфі (let's go — «пайшлі», гэтых слоў няма ў рамане)[15][17].

У перыяд рэпетыцый каля двух тыдняў акцёры, "ужываючыся" ў ролі, знаходзіліся ў аддзяленні, мелі зносіны з хворымі і лекарамі, удзельнічалі ў сеансах сацыяльнай тэрапіі, харчаваліся разам з пацыентамі. Нікалсан, які прыбыў на здымкі пазней астатніх акцёраў, успамінаў, што яго ўразіла тое, як акцёры "ўжыліся" ў свае ролі, і што ён не змог з першага погляду адрозніць, хто сапраўдны хворы, а хто грае. Доктар Брукс даваў парады, як акцёрам можна найбольш дакладна перадаць асаблівасці таго ці іншага захворвання. Пітэр Брокен (выканаўца ролі палкоўніка Матэрсана) запазычыў свой вобраз у пацыента шпіталя, які хварэў на паранаідальную шызафрэнію[24]. Пад канец здымак акцёры практычна перасяліліся ў аддзяленне, не выходзілі з вобраза і нават спалі на тых жа ложках, што і іх персанажы[17].

Форман даваў поўную волю імправізацыі, і акцёры часта не ведалі, калі іх здымаюць, думаючы, што, магчыма, гэта толькі рэпетыцыя і камера не ўключана. Як ўспамінала Луіза Флетчэр, рэжысёр ніколі не абмяркоўваў з ёю інтэрпрэтацыю ролі, а толькі заклікаў яе выглядаць больш натуральнай. Паказальна сцэна першай гутаркі Мак-Мёрфі і доктара Співі. Багатая міміка, трывожныя паводзіны і жэстыкуляцыя Джэка Нікалсана цалкам з'яўляюцца імправізацыяй[16]. Акцёры ў фільме (у прыватнасці, выканаўца адной з роляў Сідні Лэсік) настолькі ўжыліся ў ролю псіхічнахворых, што прадзюсары пачалі турбавацца аб іх ментальным здароўі[17].

Пасля заканчэння здымак правы на пракат былі прададзеныя кампаніі United Artists. Прадстаўнікі кампаніі палічылі, што поспехам будзе, калі карціна акупіць свой бюджэт, і заключылі з прадзюсарамі нявыгадны для сябе кантракт. Вялікі касавы поспех карціны стаў поўнай нечаканасцю. Прэм'ерны паказ адбыўся ў лістападзе 1975 года на кінафестывалі ў Чыкага. Роджэр Эберт, які прысутнічаў на прэм'еры, успамінаў, што ён ніколі не бачыў больш трыумфальнага ўспрымання гледачамі фільма за тое, якое выклікала стужка «Пралятаючы па-над гняздом зязюлі»[26].

Ацэнка і ўспрыманне[правіць | правіць зыходнік]

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Карціна была станоўча ўспрынята большасцю крытыкаў і яе стварэнне было прызнана значнай падзеяй у сусветным і амерыканскім кінематографе.

Вінцэнт Кэнбі (New York Times) напісаў, што карціна не дае ні на каліва ўсумніцца ў бездакорным гусце рэжысёра. Сяргей Кудраўцаў прывёў работу Формана ў якасці рэдкага прыкладу таго, як фільм атрымаў высокія ацэнкі і з боку масавай аўдыторыі, і, адначасова, ад самых патрабавальных спецыялістаў[27]. Роджэр Эберт паставіў ёй тры зоркі з чатырох па сваёй шкале, застаўшыся не зусім задаволеным некаторымі сцэнамі. Паездку на рыбалку ён знайшоў занадта надуманай і сімвалічнай, якая выдае задуму рэжысёра не замыкаць ўсю інтрыгу між чатырох сцен. Самагубства Білі Бібіта таксама выпадае з агульнага настрою і рытму. «Фільм настолькі добры, што хочацца яму дараваць, калі нешта не так», — напісаў аглядальнік Chicago Sun[28].

Жанравая прыналежнасць карціны спрэчная: у ёй можна назіраць вельмі свабоднае змешванне многіх стыляў[16], ад меладрамы да трагікамедыі[25][27][29]. Кэнбі назваў жанр карціны чыстай камедыяй[30].

Сцэна у канцы вечарыны ў аддзяленні. Галоўны герой засынае перад адчыненым акном, якое вядзе на волю. Пра што задумаўся Мак-Мёрфі? Гэтая таямніца і ёсць таямніца ўсяго фільма (Роджэр Эберт)[28].

У цэнтры сюжэта карціны прамы выклік істэблішменту героя-адзіночкі, які ўвасабляе сабой бунтарскі дух Амерыкі 1960-х. Джэк Нікалсан паспяхова працягнуў распрацоўваць матыў нонканфармісцкага канфлікту, закрануты ім у папярэдняй працы «Пяць лёгкіх п'ес»[31]. Ва ўлюбёнай тэме Формана — контркультуры, сутыкненні індывіда і сістэмы, супрацьпастаўленні знешняй і ўнутранай свабоды — ён знаходзіць новы падыход. Здавалася б, у псіхіятрычнай клініцы ізгой грамадства можа знайсці супакой і прытулак, але, на жаль, нават тут яго няўхільна наганяе «калектыўнае вар'яцтва»[27]. Галоўнаму герою ўдаецца падбіць сваіх таварышаў на невялікі бунт, але Правадыр нездарма папярэджвае Мак-Мёрфі, успамінаючы пра свайго бацьку: «Яны папрацавалі над ім, як працуюць над табой»[31]. Канцоўка адлюстроўвае непазбежнае — сістэма пераадольвае супраціўленне адзіночкі.

Сістэма не здольная вылечыць пацыентаў і толькі пагаршае іх стан. Выхадкі ж Мак-Мёрфі парадаксальным чынам дабратворна ўплываюць на вязняў «гнязда зязюлі»: напрыклад, ён вылечвае Білі ад заікання. Роджэр Эберт ацаніў як адзін з найбольш важных для ўспрымання карціны эпізодаў той, у якім Мак-Мёрфі, адклаўшы ўцёкі, чакае, прываліўшыся да сцяны, сваю сяброўку і Білі Бібіта. Загадкавая ўсмешка Мак-Мёрфі — ключ да ўсёй таямніцы фільма[26]. Бунтар, які паўстаў супраць сістэмы, не сыходзіць, а застаецца і сустракае свой ​​лёс і смерць як нешта непазбежнае — тое, да чаго ён ішоў[32].

Вінцэнт Кэнбі, зрэшты, прапаноўваў гледачу празмерна не факусіраваць увагу на ідэалагічных клішэ і кан'юнктурных спасылках на амерыканскую гісторыю 1960-х, сцвярджаючы, што ў фільма ёсць і іншыя, не настолькі відавочныя і імгненныя перавагі. Фільм прапаведуе не класічны для амерыканскага грамадства поспех, а, хутчэй, спробу поспеху[30].

Прыкладам традыцыйнага амерыканскага сямейнага дзейства была ў свой час прызнана карціна «Забіць перасмешніка», якая стала свайго роду знакам кінематографа 1960-х. «Гняздо зязюлі» становіцца яго дыялектычнай супрацьлегласцю і асновай для традыцый новай хвалі 1970-х[33]. Па меркаванні крытыка Метца, тут можна назіраць адмаўленне ад мінулых традыцый і своеасаблівую «квазісям'ю». Задзірлівая сексуальнасць «альфа-самца» Мак-Мёрфі, лідара ў групе хворых, супрацьпастаўлена пазбаўленай эмоцый бясполай істоце ў белым халаце — медсястры[25]. Аднак два яскравыя антыподы дзіўным чынам прыцягваюцца адно да аднаго. Сястра Рэтчэд прапануе пакінуць Мак-Мёрфі ў аддзяленні нават пасля такіх абуральных выхадак, як «тэлевізійны бунт» і рыбалка. Мак-Мёрфі, маючы некалькі выдатных магчымасцей збегчы з аддзялення, не спяшаецца яго пакінуць. Гэтая ж ідэя прыцягвання процілегласцей пазней абыграна ў іншай не менш вядомай карціне «Чалавек дажджу»[33].

Візуальны складнік карціны таксама вельмі цікавы, хоць ён вырашаны пераважна ў камерным стылі. Большасць сцэн пастаўлены ўнутры аддзялення. Пачатак і канцоўка замыкаюць сюжэт у кола. У пачатку карціны з навакольнага свету паліцэйскія прывозяць Мак-Мёрфі, і ў канцоўцы туды — у гэты свет, які так страшыць насельнікаў аддзялення — адпраўляецца Правадыр[25][34]. Сцэны на адкрытым паветры — рыбалка і баскетбольны матч — візуальна эфектна супрацьпастаўленыя падзеям у сценах аддзялення[31]. Іншы прыём, выгадна абыграны стваральнікамі, заключаны ў тым, што канфлікт пацыентаў і персаналу бальніцы падкрэслены падборам касцюмаў. Цёмна-шэрыя бальнічныя піжамы і чорнае адзенне Мак-Мёрфі побач са снежна-белай уніформай медсясцёр і персаналу падзяляюць герояў[31]. Глен Хет (Slant Magazine) прыцягвае ўвагу гледача да майстэрства аператара і вытанчанасці візуальнага рашэння. Часам праскоквае лёгкая нядбайнасць ў пабудове кадра, што нагадвае аналагічны падыход Роберта Олтмэна з яго асаблівай магіяй мізансцэны[35]. У выніку, сцэны сацыяльнай тэрапіі ствараюць для гледача высокі эфект прысутнасці[36].

Дастойным завяршэннем карціны становіцца фінальная сцэна. Нягледзячы на тое, што канцоўка, на першы погляд, глыбока трагічная, у гледачоў застаецца ўражанне ачышчэння і вызвалення. Правадыр, да якога вярнуліся сілы, які пазбавіўся сваіх дэманаў, адпраўляецца з стэрыльнай чысціні аддзялення назад на сваю радзіму разам з сябрам[25][34].

" Эмацыйнае спусташэнне не адпускае Вас нават праз 35 гадоў пасля першага прагляду. У фільме бездань абаяння і харызмы, але галавакружная канцоўка зноў і зноў збівае гледача з ног. Назіраць энергію і энтузіязм персанажа Нікалсана — найвышэйшая асалода. Зноў станавіцца сведкам таго, як растаецца ён з жыццёвай сілай, зноў і зноў, становіцца найвялікшай трагедыяй.
Глен Хет, аглядальнік «Slant Magazine»[31]
"

Кен Кізі быў вельмі незадаволены экранізацыяй сваёй кнігі, у асноўным ганіў выбар апавядальніка дадзенай гісторыі (у кнізе ім выступае Правадыр, у фільме яго няма ўвогуле)[37]. Гэта пацвердзіў і Чак Паланік, сказаўшы:

" Упершыню я пачуў гэту гісторыю пасля поспеху фільма з Джэкам Нікалсанам у галоўнай ролі. Фільм, як прызнаўся мне Кізі, ён не любіў.
Прадмова да рамана, выдавецтва Penguin Books, 2007 год[38]
"

Пасля пісьменнік прызнаваўся, што ніколі не глядзеў фільм і сваё меркаванне пра яго склаў выключна на тым, што чуў ад знаёмых[37]. Характэрна, што на цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар» Мілаш Форман не сказаў ніякіх слоў падзякі ў адрас Кена Кізі[39]. Да канца жыцця Кізі пагарджаў экранізацыяй свайго твора і ніколі больш не меў зносін з членамі здымачнай групы[40].

Акцёрская ігра[правіць | правіць зыходнік]

Сястра Рэтчэд (Луіза Флетчэр) і Білі Бібіт (Брэд Дурыф). Ігра гэтых акцёраў была асабліва адзначана крытыкамі.

Карціна — у першую чаргу бенефіс акцёраў і іх ігра — заслужана атрымала найвышэйшыя адзнакі крытыкаў. Перш за ўсё, варта адзначыць выканальніцкае майстэрства акцёраў, якія адыгралі галоўныя ролі. Вінцэнт Кэнбі назваў ігру Джэка Нікалсана «бліскучай», адзначыўшы, што акцёр пры гэтым зусім не цягне на сябе коўдру, даючы калегам па сцэне магчымасць праявіць сябе. Олівер Паркер адазваўся пра персанажа Нікалсана як пра аднаго з лепшых «рэальных» герояў за ўсю гісторыю кінематографа, параўнаўшы яго з Марлонам Брандо з «Трамвая «Жаданне»[41].

Адкрыццём для кінааглядальнікаў стала праца Луізы Флетчэр, якая ўдыхнула ў персанажа кнігі Кена Кізі новае жыццё[30]. Палін Кейл (штотыднёвік Нью Ёркер) напісала, што Флетчэр дэманструе сапраўдны майстар-клас акцёрскай ігры. Медсястра Рэтчэд ў яе выкананні выглядае абсалютна праўдападобнай ў сваім жаданні дапамагчы пацыентам. Шчыра мяркуючы, што яе сацыяльная тэрапія лечыць пацыентаў, Рэтчэд адначасова знішчае ў іх рэшткі чалавечай годнасці[30]. Экранны вобраз — твар інжэню без ўзросту, халодная ўсмешка і шапачка, якую насілі ваенныя медсёстры, — падкрэслівае бесперспектыўнасць спробы супраціўлення[19]. Згодна са спісам AFI, гераіня Флетчэр займае пятае месца сярод самых вядомых злачынцаў сусветнага кінаэкрана усіх часоў.

" Яна жудасная, але не пачвара. Агідная, але не гратэскавая. Узорны грамадзянін, які знішчальна добра выконвае абавязкі. Аслеплая ў сваім гневе і любові да ўлады, яна выціскае з пацыентаў апошнія рэшткі чалавечнасці з жахлівай усмешкай на твары.
"

Другарадныя персанажы не ў меншай ступені спрыялі поспеху[11]. Вінцэнт Ск'явэлі, Уіл Сэмпсан, Сідні Лэсік і іншыя вельмі пераканаўча ўвасобілі рэжысёрскую задуму. Крытыкі асабліва адзначылі ўклад маладога дэбютанта Брэда Дурыфа. Абвостраная і ранімая эмацыйнасць яго персанажа, асабліва ў фінальнай сцэне, вельмі ўпрыгожыла карціну. Выяўленне вар'ятаў — заўсёды вельмі складаная артыстычна задача — тут магло б вельмі лёгка скаціцца ў пошласць[30]. Між тым, выканаўцам удалося не толькі сыграць з пачуццём меры і з густам, але і перадаць розныя адценні ментальных разладаў і непадобныя характары. Форман шмат у чым даверыўся імправізацыі, вольнай мове жэстаў і багатай міміцы акцёраў[16][31]. Рэалізму карціне дадалі здымкі ў сапраўднай псіхіятрычнай клініцы і ўдзел сапраўдных яе пацыентаў. Вельмі выразная ў гэтым сэнсе сцэна чакання перад электрашокавай тэрапіяй. У ёй толькі трое — акцёры (Нікалсан, Сэмпсан і Лэсік), астатнія ж хворыя — сапраўдныя[17].

Прызнанне і значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Nuvola apps kview.svg Вонкавыя выявы
Searchtool.svg Цырымонія ўручэння прэміі «Оскар» стваральнікам карціны

Карціна «Пралятаючы па-над гняздом зязюлі» стала адной з важнейшых падзей у гісторыі амерыканскага кіно 1970-х. Акрамя багатага ўраджаю кінапрэмій яна была таксама вельмі паспяховая ў фінансавым плане, сабраўшы больш за $ 100 млн толькі ў пракаце ўнутры ЗША і заняўшы трэцяе месца ў гадавым пракаце. Тым самым фільм наблізіўся па касавых паказчыках да лідараў забаўляльнага кіно таго перыяду: трылера «Сківіцы» і містычнай драмы «Экзарцыст». У сусветным пракаце, па некаторых ацэнках, зборы склалі каля $ 300 млн[18].

Стаўшы галоўнай падзеяй кінематаграфічнай восені 1975 года, фільм атрымаў добрае асвятленне ў прэсе і вельмі спрыяльныя водгукі крытыкі. Пасля таго, як у студзені 1976 года «Пралятаючы па-над гняздом зязюлі» выйграў «Вялікую пяцёрку» «Залатога глобуса» (адзіны раз у гісторыі гэтай прэміі), ён стаў фаварытам і ў гонцы за «Оскарамі»[43]. Галоўнымі канкурэнтамі лічыліся «Бары Ліндан» і «Сабачы поўдзень», але падчас 48-й цырымоніі ўручэння залатых статуэтак фільм Формана другі раз у гісторыі заваяваў пяцёрку найбольш значных «Оскараў». На цырымонію ўручэння «Оскара» адпусцілі сыноў Формана, якіх ён не бачыў з часу ад'езду з Чэхаславакіі[17][44].

Практычна для ўсёй каманды, якая працавала над фільмам, ён стаў найважнейшым дасягненнем у кар'еры. Джэк Нікалсан пасля чатырох намінацый, нарэшце, атрымаў свой першы «Оскар». Для многіх вядучых акцёраў Галівуда — Дэні Дэ Віта, Вінцэнта Ск'явэлі, Брэда Дурыфа, Крыстафера Лойда — карціна стала дэбютнай. Для Луізы Флетчэр гэтая роля засталася фактычна адзінай зорнай на творчым шляху, і гэта была яе адзіная намінацыя на «Оскар»[15].

Фільм аказаў значны ўплыў на кінематограф і на многіх дзеячаў кіно. Олівер Паркер успамінаў, што па гэтым фільме ён вучыўся здымаць[41]. Георгій Данелія ўзгадваў пра тое, што «Пралятаючы…» — яго любы фільм у Формана, падкрэсліваючы, што гэта менавіта ўсходнееўрапейская, а не амерыканская карціна[45]. Праца Формана шматразова цытавалася і ўзгадвалася, даследчык Ціна Батлер нават напісала, што ў кожным фільме пра псіхічнахворых ёсць свая сястра Рэтчэд і свой Мак-Мёрфі[25]. Даследчыкі выявілі значны ўплыў, аказаны карцінай на такія стужкі, як «Навостранае лязо», «Абуджэнне»[33]. Вядомы баскетбаліст NBA Роберт Пэрыш у памяць аб персанажы карціны атрымаў мянушку «Правадыр»[18].

Выяўленне псіхіятрычных клінік[правіць | правіць зыходнік]

Тэма выяўлення псіхічнахворых мае даўнія традыцыі ў амерыканскім кінематографе. Фільм Формана не першы, зняты ў рэальнай клініцы. Карціна «Змяіная яма» (1948 г.), якая заклала традыцыі ў дадзенай тэме, была знята ў адной з каліфарнійскіх лякарняў[46].

Санітары гвалтоўна вядуць Чэсвіка (Сідні Лэсік) на працэдуру электрашокавай тэрапіі. Сцэна здымалася ў рэальным аддзяленні, і за ёй назіраюць пацыенты шпіталя[47].

Пол Мазурскі ў цэлым шэрагу сваіх карцін зняў сапраўдных урачоў-псіхіятраў[48]. Шмат агульнага ў «Пралятаючы па-над гняздом зязюлі» з фільмам «Чыстае вар'яцтва» (1966 г.), у якім свабодалюбнаму галоўнаму герою — паэту і дон-жуану — прапісваюць лабатамію, нібыта з лепшых памкненняў[49].

Цэлы шэраг падобных карцін выпрацаваў ўстойлівы стэрэатып у свядомасці гледача пра псіхіятрычную лякарню як пра дом смутку і пра хворых — сацыяльна небяспечных стварэнняў, якія маюць патрэбу ў прымусовым утрыманні пад вартай[50][51]. Карціна Формана заняла асаблівае месца, бо трапіла ў шырокі пракат і яе ўбачылі мільёны гледачоў. Нават нягледзячы на ​​ладную долю гумару ў выяўленні тэмы і цалкам выдуманы сюжэт, яна падверглася масавай крытыцы[25].

«Пралятаючы па-над гняздом зязюлі» ў значнай ступені дэманізуе псіхіятрычныя клінікі[18][49]. Аддзяленне бальніцы малюецца часткаю антыўтапічнага свету. Сацыяльная тэрапія выглядае садысцкім здзекам, а сеансы сумеснага абмеркавання праблем хворых бесцырымонна пасягаюць на асабістае жыццё. Агульная палата, падзеленая на дзённае і начное аддзяленні, прывязванне хворых да ложкаў на ноч, сумеснае знаходжанне ў адным аддзяленні лёгка- і цяжкахворых. Нават музыка становіцца элементам гвалту. Псіхіятрычная клініка ў фільме, — піша даследчык Ціна Батлер, — паказваецца як ўстанова, дзе не могуць вылечыць хворых, але ў той жа час абмяжоўваюць іх свабоду[25].

Асаблівую ўвагу заслужылі сцэны медыцынскіх працэдур, якія падаюцца гледачу карціны як катаванні пацыентаў[49]. Гэта таксама старая традыцыя: у фільме «Змяіная яма» жанчыну, якая трапіла «з волі» ў клініку, падвяргаюць шокавай тэрапіі[46]. Працягваючы тэму «Пралятаючы па-над гняздом зязюлі», у фільме «Прага смерці 2» электрашокавая тэрапія прадстаўляецца так, нібыта гэта пакаранне за іншадумства[48].

Фільм, на думку спецыялістаў, вярнуў гледача з 1970-х у 1940-я. На самай справе яшчэ ў 1960-я ў амерыканскіх клініках пачаліся працэсы дэінстытуцыяналізацыі і поўнай змены падыходу да лячэння псіхічна хворых. Электрашок і лабатамія дастаткова масава ўжываліся ў 1930-1950-я гады, але былі выключаныя з паўсюднай практыкі псіхіятрычных клінік ЗША яшчэ ў 1950-х гадах. Доктар Брукс успамінаў, што ў Арэгонскім шпіталі (дзе праходзілі здымкі фільма Формана) лабатамія ў апошні раз праводзілася ў 1958 годзе[24]. Нават калі ў выключных выпадках электрашокавая тэрапія была паказана пацыентам, яна ўжывалася пад наркозам і з выкарыстаннем спецыяльных расслабляльных прэпаратаў[52][53].

Карціна ўспрымалася многімі спецыялістамі ў сферы псіхіятрыі рэзка адмоўна. Калега Дына Брукса па Арэгонскім шпіталі — доктар Ёнас Робічэр — выказаўся пра тое, што спецыялісту прыходзіцца разглядаць фільм як нападкі на дзяржаўную сістэму лячэння псіхічнахворых[52]. Доктар Марцін Андэрсан у артыкуле выказваецца, што многія фільмы, разам з «Пралятаючы па-над гняздом зязюлі», ствараюць негатыўна афарбаваны міф аб сістэме лячэння. Асноўная праблема ў тым, што вельмі эмацыйны і прыватны пункт гледжання пачынае фарміраваць грамадскую думку па гэтым пытанні[54]. Доктар Брукс, аднак, палемізуючы з калегамі, казаў пра тое, што фільм — перш за ўсё выдумка і не варта яго ўспрымаць настолькі сур'ёзна[52].

Прэміі і ўзнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагарода Каму прысуджана
1976 Перамога: прэмія «Оскар»
Найлепшая мужчынская роля Джэк Нікалсан
Найлепшая жаночая роля Луіза Флетчэр
Найлепшая рэжысура Мілаш Форман
Найлепшы фільм Майкл Дуглас, Саул Зейнц
Найлепшы адаптаваны сцэнарый Лоўрэнс Хабен, Бо Голдмэн
Намінацыя:
Найлепшая мужчынская роля другога плана Брэд Дурыф
Найлепшая музыка Джэк Ніцшэ
Найлепшы мантаж Шэлдан Кан, Лінзі Кінгмэн
Найлепшая аператарская праца Хаскел Уэкслер, Біл Батлер
1976 Перамога: прэмія BAFTA
Найлепшая мужчынская роля Джэк Нікалсан
Найлепшая жаночая роля Луіза Флетчэр
Найлепшая рэжысура Мілаш Форман
Найлепшы фільм Мілаш Форман
Найлепшы мантаж Шэлдан Кан, Лінзі Кінгмэн
Найлепшая мужчынская роля другога плана Брэд Дурыф
Намінацыя:
Найлепшы адаптаваны сцэнарый Лоўрэнс Хабен, Бо Голдмэн
Найлепшая аператарская праца Хаскел Уэкслер, Біл Батлер
Найлепшая музыка Джэк Ніцшэ
Найлепшы гук
Узнагарода Каму прысуджана
1976 Перамога: прэмія «Залаты глобус»
Найлепшая мужчынская роля Джэк Нікалсан
Найлепшая жаночая роля Луіза Флетчэр
Найлепшая рэжысура Мілаш Форман
Найлепшы фільм Мілаш Форман
Найлепшы адаптаваны сцэнарый Лоўрэнс Хабен, Бо Голдмэн
Найлепшы дэбют у мужчынскай ролі Брэд Дурыф
1976 Перамога: прэмія «Бадзіль»
Найлепшы нееўрапейскі фільм
1976 Намінацыя: прэмія «Сезар»
Найлепшы замежны фільм Мілаш Форман
1977 Намінацыя: «Грэмі»
Найлепшы альбом на аснове саўндтрэка да фільма Джэк Ніцшэ
1976 Перамога: «Срэбная стужка» — італьянскі сіндыкат кінажурналістаў
Найлепшы рэжысёр замежнага фільма Мілаш Форман
1975 Пермога: прэмія Нацыянальнай рады кінакрытыкаў ЗША
Найлепшы акцёр Джэк Нікалсін
1976 Перамога: гільдыя кінасцэнарыстаў ЗША
Найлепшая драма па адаптаваным сцэнарыі
1976 Перамога: прэмія «Давід дзі Данатэла»
Найлепшы рэжысёр замежнага фільма Мілаш Форман
Найлепшы акцёр замежнага фільма Джэк Нікалсан
1977 Перамога: прэмія «People's Choice Awards»
Найлепшы фільм Мілаш Форман


Інфармацыя па прэміях і намінацыях прадстаўлена ў адпаведнасці з дадзенымі сайта imdb.com[55].

Адрозненні паміж фільмам і кнігай[правіць | правіць зыходнік]

Фільм Мілаша Формана кардынальна адрозніваецца ад рамана Кена Кізі[56]. Канфлікт паміж стваральнікамі карціны і аўтарам рамана, які скончыўся ўзаемнымі нападкамі і судовым працэсам, ініцыяваным Кізі, прыцягнуў увагу крытыкаў і журналістаў. Неадназначнае рэжысёрскае тлумачэнне ідэй пісьменніка атрымала падрабязнае асвятленне. Прычыны былі не толькі ў тым, што сцэнарый вымушана купіраваны ў параўнанні з кнігай у сувязі з неабходнасцю змясціць сюжэт у абмежаваны кінематаграфічны фармат[22] : 31. Розны час стварэння кнігі і сцэнарыя (1960-я і 1970-я — розныя эпохі) і прынцыпова рознае светаадчуванне мастакоў прывялі да такога выніку[29].

" Фільм Формана — выдатная з'ява, і ён застанецца ззяць ў стагоддзях, але ў вышэйшым сэнсе карціна не дацягвае да палкасці, глыбіні і спасціжэння кнігі. Раман Кізі прапушчаны скрозь паранаідальную свядомасць апавядальніка — Правадыра Бромдэна. Выбраўшы стыль камічнага рэалізму, Форман страціў непаўторнае адценне кашмару, які ператварае кнігу ў вывернутую алегорыю хворай рэальнасці.
Джэк Крол. Newsweek[22]
"

Крытык Салі Хоўксфард адзначыла, што ідэі, закладзеныя ў кнізе, не сумяшчальныя з чыста камедыйным падыходам, абраным Форманам[40]. У карціне няма і уласцівай кнізе значнай долі сімвалізму, які намякае на трагічную канцоўку. У кнізе Мак-Мёрфі ў чаканні электрашокавай тэрапіі кажа: «А цярновы вянок дадуць?» У карціне гэтая рэпліка адсутнічае[29][57]. Кінематаграфічная трактоўка ключавых эпізодаў апавядання моцна адрозніваецца ад кніжнай. Паказальна, што ў рамане рыбалка — старанна спланаваная і дазволеная адміністрацыяй падзея: Мак-Мёрфі давялося прайсці па бюракратычных інстанцыях шпіталя. У фільме рыбалка — самавольная адлучка пацыентаў і выглядае як спантаннае рашэнне[22].

Выздараўленне і вызваленне, якія прыносіць Мак-Мёрфі пацыентам аддзялення, не такія відавочныя, як у кнізе. У канцоўцы рамана большасць хворых пакідае аддзяленне, тады як у фільме гэта робіць толькі Правадыр. Крытык Барбара Лупак ўгледзела тут аналогію з падыходам, які вызнаваў Майк Нікалс ў карціне «Выкрут-22». Гэтак жа, як і Мак-Мёрфі, капітан Ёсарыян не прыносіць вызвалення астатнім героям. Пазітыўная канцоўка рамана Кізі была характэрная для ідэалістычных 1960-х, тады як у 1970-х «песімізм» Формана выглядае больш верагодна[22].

У ліку асноўных адрозненняў называлася змена апавядальніка, Правадыра Бромдэна, якая пацягнула за сабой змену галоўнага героя[58]. У аснове кнігі — супрацьстаянне мужчынскага і жаночага пачатку. Медсястра Рэтчэд у ёй выступае як вялікае пустое спараджэнне сістэмы (Камбіната, як яе называў Правадыр) з гіпертрафіраванымі жаночымі палавымі прыкметамі[19]. У фільме гэта сутыкненне спрашчаецца да меладрамы. Знікае Камбінат, заменены істэблішментам, які супрацьстаіць галоўнаму герою[29]. Канфлікт становіцца больш зямным і не нясе настолькі ярка выяўленага абсурдна-шызафрэнічнага пачатку, характэрнага для кнігі. Чытач кнігі адчувае ірацыянальны страх здаровага чалавека, які апынуўся сярод псіхічнахворых, які не можа даказаць сваю нармальную свядомасць. У фільме ж псіхіятрычная лякарня становіцца метафарычнай выявай грамадства[25][29][59].

Лічбавыя выданні і саўндтрэк[правіць | правіць зыходнік]

  • DVD-дыск выдання Warner Brothers (2002 г.) - 2 дыскі
  • Anamorphic widescreen 1,85:1
  • Dolby Digital 5.1 (англійская дарожка)

Першае выданне фільма на лазерным дыску, выпушчанае ў 1997 г., было раскрытыкавана за нізкую якасць карцінкі. Тады ж, у 1997 годзе, кампанія Warner Brothers выпусціла DVD-дыск, які змяшчае сам фільм, аднак без дадатковых матэрыялаў з лазернага дыска. Двухдыскавае выданне з дадатковымі матэрыяламі працягласцю 87 хвілін выйшла ў 2002 годзе. Яно ўключала ў сябе дакументальны фільм «Completely Cuckoo» і падборку васьмі сцэн, якія не ўвайшлі ў канчатковую рэдакцыю, агульнай працягласцю 13 хвілін[31].

З матэрыялу, які не ўвайшоў у фінальны варыянт, можна адзначыць сцэну, у якой Мак-Мёрфі з'яўляецца ў сталовай у трусах. Гэтая сцэна была адной з цэнтральных у брадвейскай пастаноўцы, дзе граў Кірк Дуглас. Але Форман ўсё ж вырашыў не ўключаць яе ў сваю карціну. Дакументальны фільм апавядае пра гісторыю стварэння стужкі і змяшчае інтэрв'ю са стваральнікамі і акцёрамі. На жаль, у вытворчасці гэтага фільма не прыняў удзел Джэк Нікалсан — яго меркаванне пра падзеі і здымкі можна пачуць толькі са слоў іншых стваральнікаў карціны. З недахопаў DVD-выдання крытыкі адзначылі адсутнасць арыгінальнай гукавой мана-дарожкі[36].

Blu-Ray-выданне (1080p/VC-1) было выпушчана ў 2008 годзе. На думку спецыялістаў рэсурсу highdefdigest.com, дадзенае выданне можна разглядаць як прыклад добрага пераносу кінаматэрыялу 1970-х гадоў у сучасны лічбавы фармат[36].

У 1975 годзе быў выпушчаны LP-дыск з саўндтрэкам фільма, і ў 1996 г. выйшаў аўдыё-CD з 12 кампазіцыямі, якія прайшлі рэмастэрынг. Крытык рэсурсу allmusic Стывен Макдональд адзначыў, што музычнае суправаджэнне, створанае Джэкам Ніцшэ, адрознівае дакладная адпаведнасць сэнсу таго, што адбываецца на экране. Фільм даследуе памежны стан герояў, і менавіта так і падабрана музыка. Часам гукавое суправаджэнне нібы «знікае», і глядач карціны перастае яго заўважаць. Пры гэтым у фінальнай сцэне вызвалення Правадыра музыка зноў дае пра сябе ведаць[60][61].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 One Flew Over the Cuckoo’s Nest
  2. Лепшыя фільмы на filmsite.org
  3. Encyclopedia of American Cinema for Smartphones and Mobile Devices
  4. The Last Golden Age of American Cinema (the American "New Wave") (eng). filmsite.org.
  5. Marie Brenner Flying High (eng) // Texas Monthly. — 1976. — Т. 4. — № 1. — P. 32. — ISSN 0148-7736
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 Dennis McDougal Five easy decades: how Jack Nicholson became the biggest movie star in modern times. — John Wiley and Sons, 2008. — P. 484. — ISBN 0471722464
  7. 7,0 7,1 A.D. Murphy. 'One Flew Over the Cuckoo's Nest' review (англ.). variety (Nov. 18, 1975).
  8. Almar Haflidason. One Flew over the Cuckoo's Nest SE DVD
  9. Dale Wasserman. Playwright who adapted 'One Flew Over the Cuckoo's Nest' for the stage (англ.). The Independent (7 January 2009).
  10. 10,0 10,1 10,2 Glenn Heath Jr. One Flew over the Cuckoo's Nest / Saul Zaentz Company, history of film
  11. 11,0 11,1 11,2 11,3 11,4 Chris Nashawaty Oscar Goes Cuckoo (англ.) // Entertainment Weekly. — Feb 23, 2001. — P. 78
  12. Which one of you nuts has got any guts?
  13. Paul Tatara. The Stunt Man (eng). tcm.com
  14. Paul Hupfield. Interview with Richard Rush (eng). biggerboat-filmquiz.co.uk.
  15. 15,0 15,1 15,2 15,3 James Berardinelli. One Flew over the Cuckoo's Nest / Saul Zaentz Company, history of film (англ.) reelviews.net
  16. 16,0 16,1 16,2 16,3 16,4 John Nesbit. 'One Flew Over the Cuckoo's Nest' Old school review (англ.)
  17. 17,0 17,1 17,2 17,3 17,4 17,5 17,6 17,7 17,8 17,9 One Flew Over the Cuckoo’s Nest / дадатковыя матэрыялы да DVD-выдання
  18. 18,0 18,1 18,2 18,3 18,4 18,5 Tim Dirks. One Flew Over The Cuckoo's Nest (1975) (англ.). filmsite.org
  19. 19,0 19,1 19,2 Aljean Harmetz. The Nurse Who Rules The 'Cuckoo's Nest' (англ.). New York Times
  20. 20,0 20,1 Greg Orypeck. One Flew Over the Cuckoo’s Nest (1975) (англ.). classicfilmfreak.com (September 9, 2010)
  21. Лютова С.Н. Над гнездом кукушки... Путь мужчины (рус.)
  22. 22,0 22,1 22,2 22,3 22,4 Barbara Tepa Lupack Take two: adapting the contemporary American novel to film. — Popular Press, 1994. — P. 191. — ISBN 0879726423
  23. Kirk Douglas bio (англ.) (March 7, 2010).
  24. 24,0 24,1 24,2 24,3 Richard Levine A Real Mental Ward becomes A Movie 'Cuckoo's Nest' (англ.). New York Times (Apr 13, 1975).
  25. 25,0 25,1 25,2 25,3 25,4 25,5 25,6 25,7 25,8 Tina Butler. The Methods of Madness (англ.). mongabay.com (May 6, 2005)
  26. 26,0 26,1 Роджэр Эберт. One Flew Over the Cuckoo's Nest (англ.). Chicago Sun-Times (Feb 2, 2003)
  27. 27,0 27,1 27,2 Сяргей Кудраўцаў. Рэцэнзія на фільм (рус.). kinopoisk.ru
  28. 28,0 28,1 Роджэр Эберт. One Flew Over the Cuckoo's Nest (англ.). Chicago Sun-Times (Jan 1, 1975)
  29. 29,0 29,1 29,2 29,3 29,4 Pauline Kael. One Flew Over The Cuckoo's Nest from abbreviated review in 5001 Nights (англ.). Henry Holt (1991)
  30. 30,0 30,1 30,2 30,3 30,4 Вінцэнт Кэнбі. One Flew Over the Cuckoo's Nest (англ.). New York Times (Nov 20, 1975)
  31. 31,0 31,1 31,2 31,3 31,4 31,5 31,6 Glenn Heath Jr. 'One Flew Over the Cuckoo's Nest' review (англ.). Slant Magazine (September 21, 2010)
  32. Doc JTR. 'One Flew Over the Cuckoo's Nest' review (англ.). efilmcritic (9-May-2003)
  33. 33,0 33,1 33,2 Walter Metz Engaging film criticism: film history and contemporary American cinema. — Peter Lang, 2004. — Т. 2. — 226 p. — ISBN 0820474037
  34. 34,0 34,1 Ian Bialostocki Forman's Cuckoo's Nest, Its Composition and Symbolism (англ.) // Artibus et Historiae. — 1981. — Т. 2. — № 3.
  35. Bill Chambers. One Flew over the Cuckoo's Nest (англ.). filmfreakcentral.net (Dec 7, 2010)
  36. 36,0 36,1 36,2 M. Enois Duarte. One Flew Over the Cuckoo's Nest: 35th Anniversary Ultimate Collector's Edition (англ.). bluray.highdefdigest.com (Sep 15, 2010)
  37. 37,0 37,1 Paul R. Betz, Mark Christopher Carnes American National Biography / Mark Christopher Carnes. — Oxford University Press, 2005. — Vol. 2. — 848 p. — ISBN 0195222024
  38. One Flew Over the Cuckoo’s Nest (англ.)
  39. Paul Hanson Kesey Agonistes: Did Hollywood Cuckoo's Ken (eng) // Mother Jones. — 1976. — Т. 1. — № 7. — P. 60. — ISSN 0362-8841
  40. 40,0 40,1 Салі Хоўксфард. One Flew Over the Cuckoo's Nest by Ken Kesey/Milos Forman (англ.) (лістапад 2005 г.)
  41. 41,0 41,1 Sarah Donaldson. Oliver Parker on Milos Forman's One Flew Over the Cuckoo's Nest. (англ.). The Daily Telegraph (31 Aug 2002)
  42. Safer, Elaine B. It's the Truth Even if it Didn't Happen: Ken Kesey's One Flew Over the Cuckoo's Nest. — Spring, 1977. — Т. 3. — P. 132—141. — ISBN 5-09-002630-0
  43. The Year in Film: 1975 (англ.)
  44. The History of the Academy Awards: Best Picture — 1975 (англ.)
  45. Кинематограф Восточной Европы — прощание с прошлым (рус.) // Киноведческие записки. — 2005. — № 71
  46. 46,0 46,1 Camarillo State mental hospital. 1936—1937 (англ.)
  47. Brad Cain. One last flight over the cuckoo's nest before hospital falls (англ.). Associated Press
  48. 48,0 48,1 By Glen O. Gabbard, Krin Gabbard Psychiatry and the cinema (англ.)
  49. 49,0 49,1 49,2 Glen O. Gabbard, Krin Gabbard Psychiatry and the cinema. — American Psychiatric Pub, 1999. — Т. 2. — 408 с. — ISBN 9780880489645
  50. Ty Burr, Mary Feeney and Wesley Morris. Cuckoo's nests (англ.). The Boston Globe (Feb 14, 2010)
  51. Michael Fleming, Roger Manvell «Through a lens, darkly.» (mental illness and psychiatry in motion pictures) (англ.) // Psychology Today. — 1987. — Vol. 21. — P. 26.
  52. 52,0 52,1 52,2 Barbara Armstrong. Dean Brooks superintendant and actor, Talks about cuckoo’s nest (англ.). Oregon State hospital (Nov-1975)
  53. Regulation of electroconvulsive therapy. — Michigan Law Review, 1976. — Vol. 3. — P. 363—385. — ISBN 5-09-002630-0
  54. Anderson P. 'One flew over the psychiatric unit': mental illness and the media. // Journal of Psychiatric and Mental Health Nursing. — 2003. — В. 10. — P. 297—306.
  55. "One Flew Over The Cuckoo's Nest" awards. (англ.)
  56. Sparknotes 101 literature. — Spark Educational Publishing, 2004. — P. 960. — ISBN 1411400267
  57. Кен Кізі Пралятаючы па-над гняздом зязюлі ў перакладзе. У.Голышава (рус.)
  58. William Lawlor Beat culture: lifestyles, icons, and impact. — ABC-CLIO, 2005. — P. 392. — ISBN 1851094008
  59. Яўген Няфёдаў. Рэцэнзія на фільм (рус.)
  60. Steven McDonald. One Flew Over the Cuckoo's Nest (Original Soundtrack) (англ.). allmusic
  61. Stuart Fernie. Reflections on "One Flew Over The Cuckoo's Nest" (англ.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]