Сіна-Тыбецкія горы
| Сіна-Тыбецкія горы | |
Гара Хабасюэшань |
|
| Каардынаты: | |
|---|---|
|
|
Сіна-Тыбецкія горы, Сычуаньскія Альпы, Хуандуаньшань — горы ў Кітаі.
Даўжыня каля 750 км, шырыня да 400 км. Вышыня ад 5000 — 6500 м на захадзе да 1000 — 1200 м на ўсходзе, найбольшая вышыня 7590 м (гара Гунгашань).
Утвараюць усходні ўступ Тыбецкага нагор'я, на мяжы з раўнінамі і нізкагор'ямі Усходняга Кітая, з'яўляюцца мяжой Сычуаньскай катлавіны. Падзяляюцца на шэраг субмерыдыянальных хрыбтоў, парэзаных глыбокімі падоўжнымі цяснінамі рэк Салуін, Меконг, Янцзы ў іх верхніх цячэннях (глыбыня ўрэзу да 3000 м). Хрыбты пераважна стромкасхілыя, з рэзкімі скалістымі водападзельнымі грабянямі. Ледавікі.
Горы — частка старажытнай платформы, якая актывізавалася мезазойскімі рухамі; расчлянёна разломамі на шэраг блокаў, складзеных з гнейсаў, крышталічных сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў. Перыферыйныя грады, якія далучаюцца да Сычуаньскай катлавіны, складзены з базальтаў і асадкавых тоўшчаў. Горы сейсмічныя. Радовішчы жалеўнай руды, золата, медзі.
Субтрапічны клімат заходняй ускраіны Сычуаньскай катлавіны з вышынёй рэзка пераходзіць да кантынентальнага клімату Тыбецкага нагор'я. Каля паўднёвых падножжаў гор — 1200 мм ападкаў (максімум летам), на наветраных схілах — больш за 2000 мм, па меры набліжэння да Тыбецкага нагор'я — да 600 мм за год.
Да вышыні 2000 м субтрапічныя вечназялёныя лясы з эндэмікамі, якія з вышынёй пераходзяць у мяшаныя лясы; у адкрытых на паўднёвых далінах трапляецца ціс. На вышыні 2000 — 4000 м пераважаюць хвойныя (гал.ч. піхтавыя, радзей яловыя) лясы, вышэй за 4000 м размешчаны альпійскія лугі і стэпы.
| Няма спасылак на крыніцы.
Адсутнасць спасылак на крыніцы выклікае недавер да інфармацыі.
Калі ласка, калі ведаеце крыніцы змешчанай у артыкуле інфармацыі, пазначце іх. |