Ёсіп Броз Ціта
Ё́сіп (Іосіп) Броз Ці́та ([jǒsip brôːz tîto]; Josip Broz Tito, Јосип Броз Тито; 7 мая 1892, Кумравец, Каралеўства Харватыя і Славонія, Аўстра-Венгрыя — 4 мая 1980, Любляна, Сацыялістычная Рэспубліка Славенія, СФРЮ) — югаслаўскі дзяржаўны, палітычны і ваенны дзеяч, кіраўнік Югаславіі ў 1945—1980 гадах. Узначальваў камуністычны партызанскі рух падчас Другой сусветнай вайны, атрымаў званне маршала Югаславіі ў 1943 годзе. Адзін з ініцыятараў стварэння Руху недалучэння.[1][2]
Псеўданім Ціта Броз пачаў ужываць у падпольнай партыйнай дзейнасці ў 1930-я гады. Пазней ён стаў неад’емнай часткай імя, пад якім палітык быў вядомы ў Югаславіі і за яе межамі.[3]
Раннія гады
[правіць | правіць зыходнік]Ёсіп Броз нарадзіўся ў вёсцы Кумравец у Харвацкім Загор’і.[заўв 1] Яго бацька Франьё Броз быў харватам, а маці Марыя Явэршэк — славенкай. Ёсіп быў адным з пятнаццаці дзяцей у сялянскай сям’і. У 1907 годзе скончыў пачатковую школу, пасля чаго навучаўся слясарнаму рамяству ў Сісаку. З 1910 года працаваў металістам у Заграбе і ўступіў у Сацыял-дэмакратычную партыю Харватыі і Славоніі. У 1911—1913 гадах працаваў на прадпрыемствах у Славеніі, Чэхіі, Германіі і Аўстрыі.[3]

У 1913 годзе яго прызвалі ў аўстра-венгерскую армію. Падчас Першай сусветнай вайны служыў на Сербскім, а пазней на Усходнім фронце. У сакавіку 1915 года быў цяжка паранены і трапіў у расійскі палон. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года пакінуў лагер ваеннапалонных, апынуўся ў Петраградзе, а затым у Сібіры. У Омску далучыўся да чырвонагвардзейцаў. Пазней у афіцыйнай югаслаўскай біяграфіі сцвярджалася, што ён удзельнічаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі, аднак дакладны характар яго ўдзелу застаецца не высветленым.[3][4]
У Расіі Броз пазнаёміўся з Пелагеяй Белавусавай, з якой узяў шлюб. У 1920 годзе яны пераехалі ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. У тым жа годзе Броз уступіў у Камуністычную партыю Югаславіі.[3]
Партыйная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Пасля забароны Камуністычнай партыі Югаславіі Броз працягваў падпольную дзейнасць. Працаваў на прадпрыемствах у розных гарадах, удзельнічаў у прафсаюзным руху і арганізоўваў забастоўкі. У 1928 годзе ён сіаў палітычным сакратаром заграбскай арганізацыі кампартыі. У жніўні 1928 года яго арыштавалі, а ў лістападзе асудзілі на пяць гадоў зняволення.[3]
Пасля вызвалення ў 1934 годзе Броз увайшоў у кіраўніцтва КПЮ і пачаў карыстацца псеўданімам Ціта. У 1935—1936 гадах працаваў у Маскве ў апараце Камуністычнага інтэрнацыянала, дзе быў вядомы таксама пад псеўданімам Вальтэр. Ён захаваў сваё становішча падчас рэпрэсій, якія закранулі значную частку югаслаўскага камуністычнага кіраўніцтва. Пасля арышту і расстрэлу ў СССР генеральнага сакратара КПЮ Мілана Горкіча Броз паступова ўзначаліў партыю. У 1939 годзе Камінтэрн зацвердзіў яго генеральным сакратаром КПЮ.[3][4]
Другая сусветная вайна
[правіць | правіць зыходнік]У красавіку 1941 года дзяржавы Восі напалі на Югаславію і падзялілі яе тэрыторыю. Пасля нападу Германіі на СССР Камуністычная партыя Югаславіі заклікала да ўзброенага паўстання. Ціта ўзначаліў Галоўны штаб народна-вызваленчых партызанскіх атрадаў, пазней пераўтвораны ў Вярхоўны штаб Народна-вызваленчай арміі і партызанскіх атрадаў Югаславіі.[5]
У адрозненне ад сербскіх манархічных чэтнікаў і харвацкіх усташоў, камуністычны рух дэклараваў супольную барацьбу ўсіх народаў Югаславіі супраць акупантаў і калабарацыяністаў. Партызанскія сілы вялі адначасова вайну супраць акупацыйных войскаў і грамадзянскую вайну з іншымі ўзброенымі фарміраваннямі. Да канца вайны яны кантралявалі значную частку краіны і сталі галоўнай унутранай ваенна-палітычнай сілай Югаславіі.[4][5]

У лістападзе 1942 года было створана Антыфашысцкае веча народнага вызвалення Югаславіі (АВНАЮ). На яго другой сесіі ў Яйцэ ў лістападзе 1943 года было абвешчана пра стварэнне федэратыўнай Югаславіі, а Ціта атрымаў званне маршала. У канцы 1943 года заходнія саюзнікі прызналі яго партызанскі рух галоўнай сілай супраціву ў Югаславіі. Паводле пагаднення Ціта — Шубашыча было прадугледжана стварэнне супольнага ўрада з прадстаўнікамі партызанскага руху і каралеўскага ўрада ў выгнанні.[3]
Увосень 1944 года Народна-вызваленчая армія сумесна з Чырвонай арміяй удзельнічала ў вызваленні Бялграда. Значную частку тэрыторыі краіны югаслаўскія партызаны занялі самастойна. Партызаны Ціта таксама дапамагалі камуністычнаму руху супраціву ў суседняй Албаніі.[2][5]
Кіраўнік Югаславіі
[правіць | правіць зыходнік]Усталяванне новага ладу
[правіць | правіць зыходнік]7 сакавіка 1945 года Ціта ўзначаліў Часовы ўрад Дэмакратычнай Федэратыўнай Югаславіі. У лістападзе 1945 года на выбарах удзельнічаў толькі кантраляваны камуністамі Народны фронт. Новая скупшчына ліквідавала манархію і абвясціла Федэратыўную Народную Рэспубліку Югаславія. Ціта застаўся кіраўніком урада і адначасова займаў пасаду міністра абароны.[3]
У першыя пасляваенныя гады ў краіне была ўсталявана аднапартыйная сістэма, нацыяналізавана прамысловасць і распачата калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Улады пераследавалі палітычных праціўнікаў, прадстаўнікоў разгромленых ваенных фарміраванняў і частку духавенства. Падчас і непасрэдна пасля заканчэння вайны адбыліся масавыя забойствы ваеннапалонных і цывільных асоб, якіх новыя ўлады лічылі калабарацыяністамі або ворагамі рэжыму. Як кіраўнік партыі, урада і ўзброеных сіл Ціта нёс палітычную адказнасць за дзейнасць створанай сістэмы.[3]
Канфлікт з СССР
[правіць | правіць зыходнік]Першапачаткова Югаславія арыентавалася на савецкую мадэль развіцця, але яе кіраўніцтва праводзіла больш самастойную палітыку на Балканах. Рознагалоссі датычыліся, сярод іншага, югаслаўскай прысутнасці ў Албаніі, дапамогі грэчаскім камуністам і планаў стварэння федэрацыі Югаславіі з Балгарыяй. У чэрвені 1948 года Камінфарм асудзіў кіраўніцтва КПЮ, пасля чаго Югаславія апынулася ў палітычнай і эканамічнай ізаляцыі ад СССР і яго саюзнікаў.[2][5]
Камуністаў і іншых грамадзян Югаславіі, якіх абвінавачвалі ў падтрымцы савецкай пазіцыі, арыштоўвалі і адпраўлялі ў турмы і лагеры. Найбольш вядомым месцам зняволення стаў лагер на востраве Галі-Отак, адкрыты ў 1949 годзе. Праз сістэму лагераў для прыхільнікаў Камінфарма і асоб, залічаных да іх, прайшлі тысячы чалавек. Вязняў прымушалі да цяжкай працы, унутры лагера падтрымлівалася сістэма ўзаемнага сачэння, даносаў і гвалту. У 1956 годзе Галі-Отак перастаў быць спецыяльным лагерам для прыхільнікаў Камінфарма і быў пераўтвораны ў турму, у якой пазней утрымлівалі таксама іншых палітычных апанентаў і асуджаных за крымінальныя злачынствы. Установа дзейнічала да 1988 года.[6]
Разрыў з СССР прымусіў Югаславію шукаць эканамічную і ваенную дапамогу ў заходніх дзяржаў. Пры гэтым краіна захавала сацыялістычны лад і аднапартыйную сістэму. У 1950 годзе была распачата рэформа рабочага самакіравання: дзяржаўныя прадпрыемствы фармальна перадаваліся пад кіраванне выбарных рабочых саветаў. Адначасова паступова адмовіліся ад суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі, пашырылі магчымасці дробнай прыватнай гаспадаркі і ўвялі элементы рынку.[3][5]
Пасля смерці Іосіфа Сталіна адносіны з СССР пачалі паляпшацца. У 1955 годзе савецкая дэлегацыя на чале з Мікітам Хрушчовым наведала Бялград. Бакі прызналі права кожнай сацыялістычнай краіны самастойна вызначаць шлях развіцця. Аднак Югаславія не вярнулася ў савецкі блок і не ўступіла ў Арганізацыю Варшаўскага дагавора.[1][5]
Прэзідэнцтва і ўнутраная палітыка
[правіць | правіць зыходнік]14 студзеня 1953 года Ціта быў абраны прэзідэнтам Югаславіі. У 1963 годзе новая канстытуцыя перайменавала дзяржаву ў Сацыялістычную Федэратыўную Рэспубліку Югаславія і дазволіла яму заставацца прэзідэнтам без абмежавання колькасці тэрмінаў. Канстытуцыя 1974 года надала Ціта статус пажыццёвага прэзідэнта і адначасова пашырыла паўнамоцтвы саюзных рэспублік і аўтаномных краёў.[3]
Югаслаўскі лад адрозніваўся ад сістэм іншых еўрапейскіх сацыялістычных дзяржаў большай эканамічнай самастойнасцю прадпрыемстваў, магчымасцю для грамадзян выязджаць на працу за мяжу і адносна шырокімі культурнымі кантактамі з Захадам. Палітычная ўлада, аднак, заставалася ў руках Саюза камуністаў, а адкрытая апазіцыйная дзейнасць абмяжоўвалася. У 1954 годзе быў адхілены ад улады Мілаван Джылас, які выступаў за далейшую дэмакратызацыю. У 1966 годзе пасля Брыёнскага пленума сваіх пасад пазбавіўся кіраўнік службаў бяспекі Аляксандр Ранкавіч.[3]
У 1971—1972 гадах партыйнае кіраўніцтва спыніла рэфарматарскія рухі ў Харватыі, Сербіі і Славеніі. Удзельнікаў Харвацкай вясны, якія патрабавалі большай самастойнасці рэспублікі, звальнялі з пасад, выключалі з партыі і ў асобных выпадках асуджалі да зняволення. Адначасова Канстытуцыя 1974 года значна дэцэнтралізавала федэрацыю, стварыўшы сістэму калектыўнага кіраўніцтва, якая павінна была дзейнічаць пасля смерці Ціта.[3]
Знешняя палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Ціта імкнуўся захоўваць самастойнасць Югаславіі адносна абодвух ваенна-палітычных блокаў. Ён падтрымліваў адносіны як з СССР і іншымі сацыялістычнымі краінамі, так і з ЗША і дзяржавамі Заходняй Еўропы. Югаславія асудзіла увод войскаў краін Варшаўскага дагавора ў Чэхаславакію ў 1968 годзе. Пазіцыя Ціта падчас венгерскіх падзей 1956 года была больш складанай: першапачаткова ён пагаджаўся з неабходнасцю змены венгерскага кіраўніцтва, але пазней крытыкаваў савецкае ўмяшанне і пакаранне смерцю Імрэ Надзя.[3]

Разам з прэм’ер-міністрам Індыі Джавахарлалам Неру і прэзідэнтам Егіпта Гамалем Абдэлем Насэрам Ціта выступіў адным з галоўных ініцыятараў супрацоўніцтва дзяржаў, якія не жадалі далучацца ні да НАТА, ні да савецкага блока. У верасні 1961 года ў Бялградзе адбылася першая канферэнцыя кіраўнікоў 25 дзяржаў. Яе ўдзельнікі выступілі за недалучэнне да ваенных блокаў, падтрымку нацыянальна-вызваленчых рухаў, мірнае суіснаванне і раззбраенне.[2]
Ціта наведаў шматлікія краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі і ўдзельнічаў ва ўсіх канферэнцыях Руху недалучэння, якія прайшлі пры яго жыцці. Дзякуючы гэтай палітыцы Югаславія мела міжнародны ўплыў, большы за яе эканамічны і ваенны патэнцыял.[5][3]
Асабістае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]Ціта некалькі разоў быў жанаты. Ад шлюбу з Пелагеяй Белавусавай меў сына Жарку. Падчас Другой сусветнай вайны яго фактычнай жонкай была Давор’янка Паўнавіч. У 1952 годзе ён узяў шлюб з Ёванкай Будзісаўлевіч, якая суправаджала яго падчас афіцыйных паездак. У другой палове 1970-х гадоў сужэнцы жылі асобна, хоць афіцыйна не развяліся.[3]
У Югаславіі склаўся культ асобы Ціта. Яго афіцыйны дзень нараджэння 25 мая адзначаўся як Дзень моладзі; кульмінацыяй свята было ўручэнне Ціта сімвалічнай эстафетнай палачкі. Яго партрэты размяшчаліся ў дзяржаўных установах, школах і на прадпрыемствах, яго імя прысвойвалі гарадам, вуліцам і арганізацыям.[4]
Смерць і пахаванне
[правіць | правіць зыходнік]
У пачатку 1980 года стан здароўя Ціта рэзка пагоршыўся з прычыны парушэння кровазвароту ў левай назе. Пасля няўдалых спроб лячэння нагу ампутавалі. Ён памёр 4 мая 1980 года ў клінічным цэнтры ў Любляне, не дажыўшы трох дзён да 88-годдзя.[3]
Пахаванне адбылося 8 мая ў Бялградзе. На ім прысутнічалі прадстаўнікі больш як ста дзяржаў, у тым ліку дзясяткі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Ціта пахавалі ў зімовым садзе яго рэзідэнцыі, які пазней атрымаў назву Дом кветак.[7]
Пасля яго смерці пасада кіраўніка дзяржавы перайшла да калектыўнага Прэзідыума СФРЮ, старшыні якога змяняліся штогод. На працягу 1980-х гадоў абвастрыліся эканамічны крызіс, супярэчнасці паміж рэспублікамі і нацыянальныя канфлікты. У 1991—1992 гадах большая частка рэспублік выйшла са складу федэрацыі, што суправаджалася войнамі.[8]
Сувязі з Беларуссю
[правіць | правіць зыходнік]У чэрвені 1965 года падчас паездкі па Савецкім Саюзе Ціта наведаў Беларускую ССР. Ён пабываў у Мінску і Брэсцкай крэпасці. Гэта быў адзіны яго візіт у Беларусь.[1]
Ацэнкі і памяць
[правіць | правіць зыходнік]Ацэнкі дзейнасці Ціта істотна адрозніваюцца. З яго кіраўніцтвам звязваюць перамогу югаслаўскага партызанскага руху, захаванне незалежнасці краіны ад СССР, стварэнне адмысловай мадэлі сацыялістычнага самакіравання і значную ролю Югаславіі ў Руху недалучэння. Адначасова яго ўлада грунтавалася на манаполіі Саюза камуністаў, дзейнасці палітычнай паліцыі, цэнзуры і пераследзе сапраўдных або меркаваных праціўнікаў рэжыму.[3][5][6]
Пасля распаду Югаславіі стаўленне да Ціта ў былых саюзных рэспубліках засталося неадназначным. Яго імя і помнікі сталі прадметам палітычных і грамадскіх спрэчак. Адначасова ўзнікла з’ява юганастальгіі — станоўчай або ідэалізаванай памяці пра сацыялістычную Югаславію, яе сацыяльную стабільнасць, масавую культуру і міжнародны статус.[4][9]
Творы
[правіць | правіць зыходнік]- Тито И. Б. Избранные статьи и речи. Май 1941 — октябрь 1979 (руск.). — Москва: Политиздат, 1987.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- 1 2 3 4 Ціта, Броз Ціта Іосіп // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16)..
- 1 2 3 4 Філіпенка У. С. Гісторыя навейшага часу (бел.). — Наваполацк: ПДУ, 2012. — Т. 2. — С. 274, 336. — 356 с.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 Broz, Josip — Tito (харв.). Hrvatska enciklopedija. Leksikografski zavod Miroslav Krleža. Праверана 30 ліпеня 2026.
- 1 2 3 4 5 Касяк Канстанцін. У пекла з маршалам Ціта . Будзьма беларусамі! (16 верасня 2015). Праверана 30 ліпеня 2026.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Дракахруст Юры. Спадчына маршала Ціта . Радыё Свабода (4 мая 2010). Праверана 30 ліпеня 2026.
- 1 2 Варончык Сяргей. Галі Отак: югаслаўскі ГУЛАГ для сталіністаў . Новы Час (23 лістапада 2025). Праверана 30 ліпеня 2026.
- ↑ Жыццё Ёсіпа Броз Ціта . Радыё Свабода (4 мая 2010). Праверана 30 ліпеня 2026.
- ↑ Інкубатар народаў. Сто гадоў таму была створаная паўднёваславянская дзяржава . Радыё Свабода (1 снежня 2018). Праверана 30 ліпеня 2026.
- ↑ Umro je drug Tito (серб.). Muzej Jugoslavije. Праверана 30 ліпеня 2026.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
- Філіпенка У. С. Гісторыя навейшага часу (бел.). — Наваполацк: ПДУ, 2012. — Т. 2. — 356 с.
- West R. Tito and the Rise and Fall of Yugoslavia (англ.). — London: Sinclair-Stevenson, 1994. — ISBN 978-1-85619-438-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ёсіп Броз Ціта- Касяк Канстанцін. У пекла з маршалам Ціта . Будзьма беларусамі! (16 верасня 2015).
- Дракахруст Юры. Спадчына маршала Ціта . Радыё Свабода (4 мая 2010).
- Варончык Сяргей. Галі Отак: югаслаўскі ГУЛАГ для сталіністаў . Новы Час (23 лістапада 2025).
- Нарадзіліся 7 мая
- Нарадзіліся ў 1892 годзе
- Памерлі 4 мая
- Памерлі ў 1980 годзе
- Акадэмікі Сербскай акадэміі навук і мастацтваў
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Нідэрландскага льва
- Кавалеры ордэна «Перамога»
- Кавалеры ордэна «Зорка дружбы народаў» (ГДР)
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі
- Кавалеры ордэна Суворава I ступені
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Леапольда I
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Ганаровага легіёна
- Узнагароджаныя Ваенным медалём (Францыя)
- Кавалеры Вялікага Крыжа французскага Ордэна «За заслугі»
- Узнагароджаныя французскім Ваенным крыжам 1939—1945
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Збавіцеля
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Белага льва
- Кавалеры ордэна Чырвонага Сцяга (ВНР)
- Кавалеры ордэна Серафімаў
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Virtuti Militari
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Адраджэння Польшчы
- Узнагароджаныя польскім Партызанскім крыжам
- Кавалеры Вялікай Зоркі Пашаны за Заслугі перад Аўстрыйскай Рэспублікай
- Кавалеры Вялікага ланцуга ордэна Сант’яга (Партугалія)
- Кавалеры Вялікага ланцуга ордэна Інфанта дона Энрыке
- Кавалеры ордэна «Каралі Ніла»
- Кавалеры югаслаўскага ордэна Свабоды
- Народныя героі Югаславіі
- Кавалеры ордэна Героя Сацыялістычнай працы
- Кавалеры ордэна Нацыянальнага вызвалення
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Андскага арла
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Мано
- Кавалеры ордэна Карла Маркса
- Кавалеры чэхаславацкага Ваеннага крыжа 1939
- Кавалеры ордэна Югаслаўскай вялікай зоркі
- Кавалеры ордэна Белага льва «За Перамогу»
- Кавалеры ордэна Слана
- Кавалеры ордэна Георгія Дзімітрава
- Асобы
- Ёсіп Броз Ціта
- Нарадзіліся ў Харватыі
- Палітычныя псеўданімы
- Рэвалюцыянеры Югаславіі
- Палітыкі Югаславіі
- Югаслаўскія партызаны
- Старшыні Прэзідыума СФРЮ
- Прэм’ер-міністры Югаславіі
- Прэзідэнты Югаславіі
- Маршалы
- Ваеннапалонныя Першай сусветнай вайны (Аўстра-Венгрыя)
- Удзельнікі Другой сусветнай вайны
- Ганаровыя грамадзяне Заграба
- Міністры абароны Югаславіі
- Марксісты
- Дзеячы Камінтэрна
- Рух недалучэння