Перайсці да зместу

Івянецкая кераміка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Івяне́цкая кера́міка — традыцыйныя вырабы гаспадарчага і дэкаратыўнага прызначэння ганчароў з мястэчка Івянец Валожынскага раёна. Промысел вядомы з XVI ст.

Выраблялі кухонны і сталовы посуд (тэракотавы, чорназадымлены і паліваны): гаршчкі, міскі, глякі, слоікі, талеркі; тэракотавую і паліваную кафлю з рэльефнымі расліннымі і зааморфнымі, геральдычнымі выявамі. Посуд аздаблялі штампаваным, гравіраваным або ляпным геаметрычным арнаментам, паліваныя вырабы — ангобнай размалёўкай (вадкім растворам тонка змолатай гліны іншага колеру) у выглядзе кропак, завіткоў і галінак.

Найбольшага развіцця івянецкая кераміка дасягнула ў канцы XIX — пачатку XX стст. Працавалі майстэрні па вытворчасці посуду і кафлі, значна пашырыўся асартымент вырабаў (чайнікі, маслёнкі, вазы, падсвечнікі ды інш.). Выраблялі пераважна паліваны посуд з ангобнай размалёўкай карычневага ці белага колеру ў выглядзе прамых ці хвалістых паяскоў, хваёвых лапак, іншых геаметрычных ці раслінных матываў. Была пашыраная вытворчасць паліванай манахромнай (жоўтай, карычневай, белай, зялёнай) кафлі з рэльефнымі выявамі кветак, раслінаў, адвольных кампазіцый у стылі «мадэрн». Выраблялі таксама карнізы для печак і цацкі.

У 1960 г. на базе ганчарнай арцелі створана фабрыка мастацкай керамікі і вышыўкі, якая ў 1979 г. увайшла ў аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Сучасныя вырабы вызначаюцца акруглымі мяккімі абрысамі, геаметрычным узорам — гарызантальнымі гладкімі і расчасанымі палосамі, які пакрывае выраб накшталт тканіны. Такая тэхніка называецца фляндроўка — яна лічыцца характэрнай прыкметай мясцовых керамічных вырабаў: на сырыя (неабпаленыя) гліняныя вырабы наносяцца зялёны, белы і чорны пігменты, а затым іх «расчэсваюць» адмысловымі грабеньчыкамі[1].

Калекцыі Івянецкай керамікі зберагаюцца ў многіх музеях Беларусі, а таксама — у Дзяржаўным музеі этнаграфіі ў Санкт-Пецярбургу.

  • Івянецкая кераміка. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
  • Гісторыя беларускага мастацтва. Т, б, Мн., 1994;
  • Сахута, Я. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987;
  • Сахута, Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.