Дзісенская кераміка
Дзісенская кераміка — ганчарныя вырабы майстроў з Дзісны. У 18 стагоддзі кераміку выраблялі і майстры гаршэчна-мулярнага цэха. У 1936 годзе працавала каля 25 чалавек. Выраблялі гаршкі, збаны, глякі, слаі, міскі, спарышы і іншы посуд, які ў залежнасці ад ёмістасці меў розныя назвы (глядзіце Ганчарная сістэма мер). Значнае пашырэнне мела дэкаратыўная кераміка і гліняныя цацкі пераважна анімалістычнага характару (фігуркі бараноў, пеўнікаў, мядзведзяў і інш.).
Посуд вызначаўся плаўнымі мяккімі абрысамі, што былі характэрны промыслам Паўночна-Заходняй Беларусі. Яго выраблялі спосабам выцягвання на нажным ганчарным крузе, выкарыстоўваючы фармовачную масу звычайна з гліны аднаго гатунку, зрэдку з дадаткам жарствы (для гаршкоў). У канцы 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважала вытворчасць паліванай керамікі (паліва на свінцовай аснове, празрыстая бясколерная, часам зялёная альбо карычневая). Аздаблялі традыцыйным лінейна — хвалістым контррэльефным арнаментам і расліннай або геаметрызаванай падпаліўнай ангобнай размалёўкай, нанесенай па чырвоным, часам белым фоне ў 2 — 3 колеры (белы, зялёны, карычневы). У наш час промысел не існуе.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Я. М. Сахута // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- С. А. Мілючэнкаў, У. В. Угрыновіч: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 375 с.