Гараднянская кераміка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Гараднянская кераміка — ганчарныя вырабы майстроў з в. Гарадная Столінскага раёна. Як ганчарны асяродак вёска вядома э XV ст. У XIX — пачатку XX ст. лічылася буйнейшым цэнтрам ганчарства, рамяством тут займалася каля 200 сем’яў, у 1920—1930-я гг. — каля 500. Посуд мясцовай вытворчасці быў вядомы па ўсім Палессі, трапляў у Панямонне, на Валынь (Украіна), пад Вільню і Варшаву.

Выраблялі гаршкі (круглякі), глякі (бунькі), збанкі (глечыкі), цёрлы (макотры), гладышы, вазоны, слоікі, міскі, кубкі і інш. Гаршкі ў залежнасці ад аб’ёму мелі назвы: мамзель (умяшчаў 1 кг збожжа), злівач (2 кг), адзінец (8—16 кг), паляк (больш за 16 кг).

Традыцыя гараднянскай керамікі — белагліняная, непаліваная. У XV—XVII ст. аздаблялася выціснутым дэкорам у выглядзе паяскоў, у XVIII — пач. XX ст. — хвалістымі і роўнымі паяскамі і косымі рыскамі чырвона-карычневага колеру (рубежыкамі), нанесенымі жалезістай глінай у 2—3 рады на верхнюю частку вырабу ў працэсе вытворчасці. Посуд вызначаўся буйнымі, ёмістымі шарападобнымі формамі.

3 1930-х гг. пашырылася глазураванне бясколернай і каляровай палівай, ангобны дэкор знік, памеры посуду зменшыліся. Выраблялі таксама дробную пластыку наіўна-рэалістычнага характару (жанравыя сцэнкі, фігуркі жывёл).

3 2003 тут арганізаваны цэнтр ганчарства, дзе рамяству навучаюць моладзь.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]