Іван Мікалаевіч Пташнікаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з І. Пташнікаў)
Jump to navigation Jump to search
Іван Пташнікаў
Ivan Ptašnikaŭ.jpg
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння: 7 кастрычніка 1932(1932-10-07)[1]
Месца нараджэння:
Дата смерці: 28 ліпеня 2016(2016-07-28)[2][3][4] (83 гады)
Месца смерці:
Пахаванне:
Грамадзянства: СССРБеларусь
Альма-матар:
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці: пісьменнік, паэт
Жанр: апавяданне, аповесць, раман
Мова твораў: беларуская
Дэбют: верш «На полі родным» (1952)
Грамадская дзейнасць
Член у
Узнагароды:
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Іва́н Мікала́евіч Пта́шнікаў (7 кастрычніка 1932, в. Задроздзе, Плешчаніцкі раён, цяпер у Лагойскім раёне — 28 ліпеня 2016[5]) — беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1978) за аповесць «Найдорф»

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Да вайны скончыў 3-ы класы Задроздзенскай пачатковай школы. Пасля вайны — Крайскую сямігодку (1948), Плешчаніцкую беларускую сярэднюю школу (1951). Працаваў у рэдакцыі плешчаніцкай раённай газеты «Ленінец», настаўнікам Лонваўскай пачатковай школы. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ (1957). Рэдактар мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1957—1958), рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1958—1962), з 1962 — рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». Член СП БССР (з 1959).

У 2005 годзе І. Пташнікаў перажыў інсульт, пасля гэтага не мог сам хадзіць і з дому яго выводзілі толькі ў шпіталь. Меў творчыя задумы, даваў інтэрв'ю, але, з уласных словаў, не меў сіл пісаць. Памёр 28 ліпеня 2016 года ў сваёй кватэры ў Мінску[6]. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска[7].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Дэбютаваў з вершам «На полі родным» у 1952. Першы празаічны твор — аповесць «Чачык» апублікаваў у 1957 (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Зерне падае не на камень» (1959) і «Сцяпан Жыхар са Сцешыц» (1966), аповесцей «Лонва» (1965, 1982), «Тартак» (1968, паводле сцэнарыя аўтара пастаўлены ў 1973 г. аднайменны тэлефільм), «Найдорф» (1976), раманаў «Чакай у далёкіх Грынях» (1962), «Мсціжы» (1972), «Алімпіяда» (1985, пастаўлены аднайменны тэлеспектакль, 1989). У 1980 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1990—1992 — Збору твораў у 4 тамах. Многія творы пісьменніка перакладзены на замежныя мовы. Па аповесці «Тартак» на беларускім тэлебачанні ў 1974 пастаўлены аднайменны тэлефільм (сцэнарый аўтара), а ў 1989 па раману «Алімпіяда» — аднайменны тэлеспектакль.

Творчая прыхільнасць І. Пташнікава-празаіка — вясковая тэматыка, веданне паўсядзённага побыту, звычаяў, псіхалогіі вяскоўцаў, здольнасць аўтара грунтоўна і ўсебакова паказаць дыялектыку характараў, праўду рэальных абставін. У яго апавяданнях («Алёшка», «Алені», «Бежанка»), аповесці «Лонва» упершыню пачала праяўляцца асаблівая ўвага да ўнутранага стану чалавека, загучаў матыў вайны ў лёсах людзей. Тэма вайны займае ў творчасці пісьменніка значнае месца. Трагедыі спаленых разам з людзьмі вёсак, такіх, як Дальва (аповесць «Тартак», 1968), барацьба партызан і жыхароў акупіраванай Беларусі супраць акупантаў (аповесць «Найдорф», 1976), антываенны пафас многіх апавяданняў сведчаць пра тое, што вайна ў І. Пташнікава свая, перажытая ў дзяцінстве.[8]

Прызнанне[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978) за аповесць «Найдорф».

Выбраная бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Тартак / Пташнікаў І. — Мн.:, Мастацкая літаратура, 2000.
  • У зб.: Сена на асфальце. — Мн.: Літаратура і мастацтва, 2016. — («Бібліятэка выбраных твораў»).

Зноскі

  1. Пташников Иван Николаевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  2. http://nn.by/?c=ar&i=174470
  3. Наша Ніва — 1991. — ISSN 1819-1614
  4. (unspecified title) Праверана 29 ліпеня 2016.
  5. Памёр пісьменнік Іван Пташнікаў — nn.by, 29.07.2016, 10:14
  6. Памёр пісьменьнік Іван Пташнікаў — svaboda.org, 29.7.2016
  7. Каго страціла Беларусь у 2016 годзе
  8. Пташнікаў І. Тартак…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Андраюк С. Чалавек на зямлі: Нарыс творчасці І. Пташнікава. — Мн., 1987.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Пташнікаў Іван // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]