Альфрэд Хічкак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Альфрэд Хічкак
англ.: Alfred Hitchcock
Дата нараджэння 13 жніўня 1899(1899-08-13)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 29 красавіка 1980(1980-04-29)[1][2][…] (80 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства  Вялікабрытанія
 ЗША
Бацька William Hitchcock[d]
Жонка Alma Reville[d][4]
Дзеці Pat Hitchcock[d]
Адукацыя
Прафесія кінарэжысёр, сцэнарыст, кінапрадзюсар, мантажор, тэлепрадзюсар, кінаакцёр, тэлерэжысёр, аператар-пастаноўшчык, рэжысёр, прадзюсар
Кірунак трылер, suspense film[d] і фільм жахаў
Узнагароды
IMDb ID 0000033
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Альфрэ́д Джо́зеф Хі́чкак[7] (англ.: Alfred Joseph Hitchcok; 13 жніўня 1899 — 29 красавіка 1980) — англійскі кінарэжысёр, прадзюсар і сцэнарыст. Працаваў у Вялікабрытаніі і ЗША. Яго імя звязваюць з станаўленнем жанру «трылер» і з паняццем «саспенс» у кіно. У сваіх фільмах Хічкак па-майстэрску ствараў атмасферу трывожнай няпэўнасці, напружанага чакання, прадчування чагосьці жудаснага.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вядома, што прадзед Альфрэда Хічкака Чарлз Хічкак жыў у Стратфардзе — прадмесці Лондана — і быў рыбаком. Яго сын Джозеф разам з бацькам, яго братамі і сябрамі таксама займаліся рыбным промыслам. У 1851 годзе ён ажаніўся з ірландкай Эн Махоні. Яна была каталічкай, як і большасць карэнных ірландцаў, але па замужжы перайшла на пратэстанцкую веру, каб не адрознівацца ад большасці англічан. Пасля жаніцьбы Джозеф Хічкак змяніў рыбны промысел на гандаль садавіной і гароднінай.

Джозеф і Эн мелі дзевяцёра дзяцей. Бацькаву справу перанялі толькі сыны Альфрэд і Уільям — будучы бацька Альфрэда Хічкака. У 1887 годзе Уільям Хічкак пабраўся шлюбам з ірландкай (а таму і каталічкай), дачкой стратфардскага паліцэйскага Эмай Джэйн Уілэн. Цяпер ужо ён змяніў сваю веру — вянчанне прайшло паводле абраду рымскай каталіцкай царквы, і Уільям Хічкак стаў католікам. Праз тры гады, у 1890 годзе, у іх нарадзіўся сын, якога назвалі ў гонар бацькі Уільямам, а яшчэ праз два гады — дачка Элен Кэтлін.

У 1896 годзе сям’я пераехала ў Лейтанстоўн, дзе Хічкакі нанялі ў колішняга гандляра гароднінай невялікі дом па адрасе The High Road 517. У той час Лейтанстоўн быў невялікім прадмесцем Лондана, які адносіўся да графства Эсэкс і месціўся за 5 міль на поўнач ад цэнтральнай часткі Лондана. У цяперашні час Лейтанстоўн увайшоў у склад ўсходняй часткі Лондана.

Альфрэд Хічкак нарадзіўся 13 жніўня 1899 года ў Лондане. Скончыў езуіцкую школу Святога Ігнація. Строгія парадкі ў школе зрабілі важкі ўплыў на будучае жыццё і творчасць. У 1920 годзе пачынае рабіць у кінастудыі электрыкам, потым — дызайнерам цітраў у кінакампаніі Famous Players-Lasky, куды праз год уладкоўваецца мантажоркай яго будучая жонка Альма Рэвіль. Сваю жонку Хічкак любіў усё жыццё, дармо што ён меў досыць няпросты характар, спецыфічнае пачуццё гумару і вялікую схільнасць да здзекаў з людзей.

У 1920 г. працуе над першым фільмам як рэжысёр — «Заўсёды гавары сваёй жонцы». У 1922 г. здымае свой першы трылер «Кватарант», а ў 1934 — першы з шасці сваіх знакамітых фільмаў — «Чалавек, які ведаў зашмат».

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны (1939) пераязджае ў ЗША, дзе супрацоўнічае з легендарным прадзюсарам Генры Сэлзнікам. Апошні вельмі часта ўмешваўся ў работу Хічкака, але забяспечваў яго ўсімі патрэбнымі сродкамі. Здымае фільм «Рэбека», які атрымлівае «Оскар» у катэгорыі «найлепшы фільм». У 1948 г. здымае свой першы каляровы фільм «Вяроўка»

У 1940-я гг. А. Хічкак здымаў прыкладна адзін фільм на год, а з 1948 г. сам жа з’яўляўся іх прадзюсарам. Яго ўлюбёнымі акцёрамі былі Кэры Грант, Джэймс Сцюарт, Грэйс Келі. Вяршыні сваёй кар’еры ён дасягнуў у 1950-я гг.

Пачынаючы з фільма «Марні» (1962) работы А. Хічкака ўспрымаліся публікай і крытыкамі даволі стрымана. Але, не зважаючы на крытычныя адносіны да камерцыйнага галівудскага кінематографа, на фільмы Хічкака станоўча адгукаліся крытыкі французскай «новай хвалі». Франсуа Труфо нават наследаваў яго стыль у некаторых сваіх стужках.

У 1976 годзе на экраны выходзіць апошні фільм, зняты Хічкакам, — «Сямейная змова». У 1979 годзе Амерыканскі інстытут кінамастацтва ўручыў Хічкаку прэмію «За дасягненні ўсяго жыцця»[8]. Незадоўга да сваёй смерці Хічкака ўганаравалі званнем [8].

На схіле свайго жыцця Хічкак разам са сцэнарыстамі Джэймсам Косціганам і Эрнестам Леманам працаваў над сцэнарыем да шпіёнскага трылера «Кароткая ноч». Тым не менш, фільм так і не быў зняты. Галоўным чынам да гэтага прычынілася рэжысёрава здароўе і праблемы, звязаныя са здароўем яго жонкі, якая перанесла інсульт. Сцэнарый быў надрукаваны пасмяротна.

Хічкак памёр ва ўзросце 80 гадоў у сябе дома, у Лос-Анджэлесе, ад нырачнай недастатковасці ў 09:17 29 красавіка 1980 года. Яго пахаванне праходзіла ў касцёле на Бэвэрлі-Хілз. Цела крэміравалі, а прах развеялі над Ціхім акіянам[9][10].

Унёсак у кінематограф[правіць | правіць зыходнік]

Натхнёны карцінамі нямецкіх экспрэсіяністаў, Хічкак пачаў працаваць у кіно — спачатку ў Англіі, а з 1939 года ў ЗША. Усяго ён стварыў 55 поўнаметражных стужак, шмат якія з іх сталі класікай сусветнага кінематографа. Акрамя таго, Альфрэд Хічкак зняў яшчэ і 21 тэлефільм для серыі «Альфрэд Хічкак прадстаўляе» і два дакументальныя фільмы (абодва ў 1944 годзе), яшчэ 2 кінаработы (адна з іх — «Нумар 13») засталіся незавершаныя. Альфрэд Хічкак і сёння з’яўляецца адным з самых шанаваных і папулярных кінарэжысёраў.

Хічкак вядомы таксама сваімі камеа. Ён любіў эпізадычна з'яўляцца ў сваіх фільмах: то як выпадковы мінак, то як пустацікавец. Часцей за ўсё яго ролі былі маленькія, без слоў, але ў некаторых ён завязвае кароткія дыялогі з галоўнымі героямі. Такім парадкам ён паяўляўся амаль ва ўсіх сваіх позніх фільмах. Хічкак, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, імкнуўся стварыць вакол сябе містычную атмасферу, акружаў сябе арэолам таямнічасці.

Рэжысёрскі почырк[правіць | правіць зыходнік]

Фільмы Хічкака заснаваныя на страху і саспенсе. Яго героі — людзі, які трапілі ў пастку акалічнасцей. Іншая агульная тэма яго фільмаў — узаеміны мужчыны і жанчыны, часта гэта даволі цынічны погляд на рамантыку.

Сярод упадабаных кінематаграфічных прыёмаў Хічкака варта адзначыць здымку з пункта гледжання персанажа, гэта значыць здымку камерай з такога аспекту, каб глядач бачыў сцэну як бы вачыма персанажа. Хічкаку таксама прыпісваюць вынаходства вельмі хуткага і дробавага мантажу, ярка прадэманстраванага ў знакамітай сцэне забойства ў душы ў фільме «Псіха». Цяпер гэту манеру мантажу часта завуць «эмтывішным мантажом», таму што ў 1990-х яе шырока адаптавалі рэжысёры музыкальных відэакліпаў, якія дэманстраваліся на тэлеканале MTV. Такі мантаж пачаў таксама часта выкарыстоўвацца ў трэйлерах.

Была заўважана і фірменная прыхільнасць Хічкака здымаць у галоўных ролях халодных бландзінак (Грэйс Келі, Вера Майлз, Кім Новак, Джанет Лі, Ціпі Хэдрэн, Клод Жад).

Асабістыя якасці[правіць | правіць зыходнік]

Сучаснікі Хічкака кажуць, што на першым часе ён здаваўся мілым чалавекам, але доўга трываць яго ў якасці суразмоўцы было немагчыма[11]. У дзяцінстве Хічкак быў даволі нелюдзімы[11]. Аўтар кнігі «Цёмны бок генія» біёграф Хічкака Дональд Спота паказвае яго як жорсткага, баязлівага чалавека[12].

Хічкак быў педантам: напрыклад, біяграфіі сваіх герояў ён распрацоўваў з асаблівай дбайнасцю, не прапускаючы ніводнай дробнай дэталі[13]. Таксама рэжысёр страшэнна любіў чысціню. Пасля карыстання ракавінай ён выціраў саму ракавіну і кран трыма ручнікамі[14].

Хічкак меў досыць спецыфічнае пачуццё гумару. Ён мог паднесці чатырыста вэнджаных рыбін чалавеку, якога нудзіла ад аднаго паху рыбы[15]. Пры здымцы фільма «39 прыступак» галоўным героям прыйшлося хадзіць праз увесь дзень у наручніках, бо рэжысёр, паводле яго сцвярджэння, згубіў ад іх ключ[15]. Вядома таксама пра выпадак, калі Хічкак падараваў Мелані Грыфіт, калі той было 5 год, ляльку з тварам яе маці актрысы Тыпі Хэдрэн, якая ляжала ў цацачнай труне. Прычына гэтага падарунка была ў тым, што паміж Хэдрэн і Хічкакам адбыўся канфлікт на пляцоўцы[15]. Хічкак таксама любіў рассаджваць гасцей на спецыяльныя падушкі, якія робяць непрыстойныя гукі[15]. Аднойчы ён пажартаваў з бацькі пісьменніцы Дафны дзю Мар’ё — акцёрам Джэралдам дзю Мар’ё, запрасіўшы яго ў госці на маскарад. Рэшце запрошаных ён сказаў, што гэта будзе афіцыйны вечар. У выніку ўвесь вечар Мар'ё правёў сярод смокінгаў ў касцюме турэцкага султана[16].

Хічкак на працягу ўсяго жыцця баяўся паліцэйскіх і ні разу не сеў за руль аўтамабіля, бо аднаго разу ў дзяцінстве паліцэйскія за невялікую правіннасць па просьбе Альфрэдавага бацькі замкнулі яго на дзесяць хвілін у камеры[8]. Пасля таго, як яго выпусцілі, паліцэйскі сказаў яму, што менавіта так караюць благіх людзей[17]. У далейшым праз боязь паліцэйскіх шмат якія яго фільмы былі пабудаваны на падсвядомым страху перад несправядлівым абвінавачаннем і пераследам[8].

Хічкак пакутаваў ад авафобіі (або яйцафобіі) — боязі прадметаў авальнай формы[16][18][19][20]. Хічкак пачаў нервавацца, калі афіцыянт прынёс курынае яйка[21].

Альфрэд Хічкак на памяць ведаў назвы і размяшчэнне нью-ёркскіх вуліц, а таксама графік руху цягнікоў у большасці штатаў[14].

Калі ў жонкі Хічкака здарыўся інсульт, ён праз увесь час, пакуль яго жонцы рабілі медыцынскія працэдуры, праседзеў у рэстаранчыку насупраць. У далейшым ён ніколі не набліжаўся да гэтага рэстарана, бо помніў усе тыя пачуцці, якія ён зведаў, калі яго жонка трапіла ў бальніцу[16].

Тэматычныя трылогіі[правіць | правіць зыходнік]

Разглядаючы творчасць Хічкака з пазіцый лаканаўскага псіхааналізу, Славой Жыжэк падзяляе яго самыя славутыя фільмы на тэматычныя трылогіі[22]:

  • «Не той чалавек» (1956), «Галавакружэнне» (1958), «На поўнач праз паўночны захад» (1959) — тры фільмы, у якіх галоўных герояў маюць не за тых, кім яны сапраўды з’яўляюцца.
  • «Галавакружэнне», «На поўнач праз паўночны захад» і «Псіха» (1960) — галоўныя героі намагаюцца штучна запоўніць пустэчу, выкліканую смерцю каханай жанчыны («Галавакружэнне»), загадкавай фігурай чалавека, якога не існуе («На поўнач праз паўночны захад») і смерцю маці («Псіха»), прычым у апошнім выпадку Норман Бэйтс спрабуе ўваскрасіць матку, заняўшы яе месца ў рэальнасці.
  • «На поўнач праз паўночны захад», «Псіха» і «Птушкі» (1963) утвараюць трылогію аб пустаце і дысбалансе ў сямейных стасунках: адсутнасць фігуры бацькі кампенсуецца хваравіта раздзьмутым матчыным суперэга. Уладарная маці галоўнага героя ва ўсіх трох фільмах ставіцца да яго як да сваёй уласнасці і сваім умяшаннем руйнуе яго спробы займець паўнавартасныя стасункі з іншымі жанчынамі.

Фільмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Хічкак стварыў 55 поўнаметражных кінафільмаў, шмат якія з іх сталі класікай сусветнага кінематографа. Апрача таго, Альфрэд Хічкак зняў яшчэ 21 тэлефільм для серыі «Альфрэд Хічкак прадстаўляе» і два дакументальныя фільмы (абодва ў 1944 годзе), яшчэ 2 працы засталіся незавершанымі.

Хічкак купіў права на экранізацыю рамана Дэвіда Бэці «Вёска зорак», пасля таго, як яго папярэдні фільм («Сляпы») скасавалі[23]. Сюжэт апавядаў пра тое, як пілоты вайскова-паветраных сіл транспартуюць атамную бомбу, а пасля паломкі выбуховага механізму становяцца смяротнікамі [24]. Але фільм не быў спрадзюсаваны і быў скасаваны ў 1962 годзе.

Фільмаграфію Хічкака можна ўмоўна падзяліць на некалькі перыядаў: Ціхія гады, Брытанская класіка, Марачны Галівуд, Ваенныя гады, Удасканаленне стылю, Чацвёртае дзесяцігоддзе, Майстар саспэнсу, Вялікі пажылы чалавек, Вяртанне дадому[25].

«Брытанскі перыяд». Раннія працы да 1925 года[правіць | правіць зыходнік]

Год

Назва

Вытворчасць

Рэлізы

Дадатковая інфармацыя

1920 Кліч юнацкасці / The Call of Youth студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Дызайнер інтэрцітраў

(рэжысёр Hugh Ford)

1920 Вялікі дзень / The Great Day студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Дызайнер інтэрцітраў

(рэжысёр Hugh Ford)

1921 З’яўленні / Appearances студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Дызайнер інтэрцітраў

(рэжысёр Donald Crisp)

1921 Карчма Боні Брыр / The Bonnie Brier Bush студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Дызайнер інтэрцітраў

(рэжысёр Donald Crisp)

1921 Небяспечная хлусня / Dangerous Lies студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Дызайнер інтэрцітраў

(рэжысёр Paul Powell)

1921 Таямнічая дарога / The Mystery Road студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Дызайнер інтэрцітраў

(рэжысёр Paul Powell)

1921 Прынцэса Нью-Ёрка / The Princess of New-York студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Дызайнер інтэрцітраў

(рэжысёр Donald Crisp)

1922 Заўсёды расказвай сваёй жонцы / Always Tell Your Wife студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Сурэжысёр (рэжысёр Hugh Croise).

Фільм незавершаны.

1922 Бумеранг кахання/Вечны рух / Love’s Boomerang/Perpetua студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Дызайнер інтэрцітраў

(рэжысёр John S. Robertson)

1922 Чалавек з радзімы / The Man From Home студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Дызайнер інтэрцітраў

(рэжысёр George Fitzmaurice)

1922 Іспанскі камень / Spanish Jade студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Дызайнер інтэрцітраў

(рэжысёр John S. Robertson)

1922 Раскажыце сваім дзецям / Tell Your Children студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Дызайнер інтэрцітраў

(рэжысёр Donald Crisp)

1922 Тры жывых здані / Three Live Ghosts Студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Дызайнер інтэрцітраў

(рэжысёр George Fitzmaurice)

1922 Нумар 13 / Number 13 Студыя ў Іслінгтане, кампанія Famous Players-Lasky Прадзюсар, рэжысёр (фільм застаўся няскончаны)
1923 Белы цень / The White Shadow Студыя ў Іслінгтане, арэнда незалежнымі прадзюсарамі Бэлканам і Вілкаксам Асістэнт рэжысёра, суаўтар сцэнарыя, мантажор, мастак-пастаноўшчык.

(рэжысёр Graham Cutts)

1923 Кабета — кабеце / Woman to Woman Студыя ў Іслінгтане, арэнда незалежнымі прадзюсарамі Белканам і Вілкаксам Асістэнт рэжысёра, суаўтар сцэнарыя, мастак-пастаноўшчык

(рэжысёр Graham Cutts)

1924 Гарачая прыгода / The Passionate Adventure Студыя ў Іслінгтане, кампанія Gainsborough Pictures Асістэнт рэжысёра, сцэнарый, мастак-пастаноўшчык

(рэжысёр Graham Cutts)

1925 Нягоднік / The Blackajard Студыя UFA, Берлін, Германія Асістэнт рэжысёра, сцэнарыст, мастак-пастаноўшчык

(рэжысёр Graham Cutts)

1925 Грэхападзенне ханжы / The Prude’s Fall Студыя ў Іслінгтане, арэнда незалежнымі прадзюсарамі Белканам і Вілкаксам Асістэнт рэжысёра, сцэнарыст, мастак-пастаноўшчык

(рэжысёр Graham Cutts)

«Брытанскі перыяд». Нямыя фільмы (1925—1929)[правіць | правіць зыходнік]

Год

Назва

Вытворчасць

Рэлізы

Дадатковая інфармацыя

1925 Сад уцех / Pleasure Garden
1926 Горны арол / The Mountain Eagle
1926 Кватарант / The Lodger
1927 Уніз па схіле / Downhill
1927 Лёгкія паводзіны / Easy Virtue
1927 Рынг / The Ring
1927 Фермерава жонка / The Farmer’s Wife
1928 Шампанскае / Champagne
1929 Чалавек з вострава Мэн / The Manxman
1929 Шантаж (нямая версія) / Blackmail (silent version)

«Першы галівудскі перыяд» (1940—1947)[правіць | правіць зыходнік]

Год

Назва

Вытворчасць

Рэлізы

Дадатковая інфармацыя

1940 Рэбека / Rebecca
1940 Замежны карэспандэнт / Foreign Correspondent
1941 Містар і місіс Сміт / Mr. & Mrs. Smith
1941 Падазрэнне / Suspicion
1942 Дыверсант / Saboteur
1943 Цень сумніву / Shadow of a Doubt
1944 Ратавальная лодка / Lifeboat
1944 Шчаслівай дарогі / Bon Voyage (кароткаметражны фільм)
1944 Прыгода на Мадагаскары / Aventure malgache (кароткаметражны фільм)
1945 Зачараваны / Spellbound
1946 Благая слава / Notorious
1947 Справа Парадайна / The Paradine Case

«Другі галівудскі перыяд» (1948—1957)[правіць | правіць зыходнік]

Год

Назва

Вытворчасць

Рэлізы

Дадатковая інфармацыя

1948 Вяроўка / Rope
1949 Пад знакам казярога / Under Capricorn
1950 Страх перад сцэнай / Stage Fright
1951 Незнаёмцы ў цягніку / Strangers on a Train
1952 Я спавядаюся / I Confess
1954 У выпадку забойства набірайце «М» / Dial M for Murder
1954 Акно на двор / Rear Window
1955 Злавіць злодзея / To Catch a Thief
1955 Непрыемнасці з Гары / The Trouble with Harry
1956 Чалавек, які зашмат ведаў / The Man Who Knew Too Much
1957 Не той чалавек / The Wrong Man

«Хічкокаўскія бестселеры» (1958—1964)[правіць | правіць зыходнік]

Год

Назва

Вытворчасць

Рэлізы

Дадатковая інфармацыя

1958 Галавакружэнне / Vertigo
1959 На поўнач праз паўночны захад / North by Northwest
1960 Псіха / Psycho
1963 Птушкі / The Birds
1964 Марні / Marnie

«Позні перыяд» (1966—1976)[правіць | правіць зыходнік]

Год

Назва

Вытворчасць

Рэлізы

Дадатковая інфармацыя

1966 Разарваная заслона / Torn Curtain
1969 Тапаз / Topaz
1972 Ашалеласць / Frenzy
1976 Сямейная змова / Family Plot

Цытаты[правіць | правіць зыходнік]

    • «Я цвёрда перакананы, што атмасферу страху ў фільме трэба ствараць выключна кінематаграфічнымі метадамі».
    • «Каб зрабіць вялікі фільм, патрэбны тры рэчы — сцэнарый, сцэнарый і яшчэ раз сцэнарый».
    • «У мастацкім кіно рэжысёр з’яўляецца богам, у дакументальным — Бог з’яўляецца рэжысёрам».

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Alfred Hitchcock
  2. а б Alfred Hitchcock // Nationalencyklopedin — 1999. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. http://news.bbc.co.uk/2/hi/uk_news/england/london/8006735.stm
  4. а б Oxford Dictionary of National Biography / C. MatthewOxford: OUP, 2004.
  5. http://www.findadeath.com/Deceased/h/Alfred%20Hitchcock/alfred_hitchcock.htm
  6. http://www.contactmusic.com/alfred-hitchcock
  7. БелЭн 2003, с. 28.
  8. а б в г Альфред Хичкок (руск.). Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2012. Праверана 13 мая 2012.
  9. "Alfred Hitchcock Dies; A Master of Suspense; Alfred Hitchcock, Master of Suspense and Celebrated Film Director, Dies at 80 Increasingly Pessimistic Sought Exotic Settings Technical Challenges Became a Draftsman Lured to Hollywood". The New York Times. 30 April 1980, Wednesday. {{cite news}}: |access-date= патрабуе |url= (даведка); Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка); Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |coauthors= (даведка)
  10. Alfred Hitchcock Dies; A Master of Suspense; Alfred Hitchcock, Master of Suspense and Celebrated Film Director, Dies at 80 Increasingly Pessimistic Sought Exotic Settings Technical Challenges Became a Draftsman Lured to Hollywood. The New York Times (30 красавіка 1980). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 7 March 2008.
  11. а б Обратная сторона гения (руск.). Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2012. Праверана 13 мая 2012.
  12. Какой он, Альфред Хичкок? (руск.). Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2012. Праверана 13 мая 2012.
  13. Какой он, Альфред Хичкок? » Педант (руск.). Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2012. Праверана 13 мая 2012.
  14. а б Биография (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 24 красавіка 2015. Праверана 13 мая 2012.
  15. а б в г Какой он, Альфред Хичкок? » Специфический юмор Альфреда Хичкока (руск.). Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2012. Праверана 13 мая 2012.
  16. а б в Семенович боится пауков, Малиновская — темноты, а Донцова — самолётов (руск.)(недаступная спасылка). Комсомольская правда. Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2016. Праверана 14 мая 2012.
  17. Биография Альфреда Хичкока (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 студзеня 2013. Праверана 13 мая 2012.
  18. Фобии и неврозы великих людей всех времён и народов (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 снежня 2014. Праверана 14 мая 2012.
  19. 10 знаменитых людей и их фобии(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2015. Праверана 14 мая 2012.
  20. Alfred Hitchcock (англ.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 красавіка 2008. Праверана 14 мая 2012.
  21. "Тараканы в голове, или Я не трус, но я боюсь" [руская]. Вокруг Света. 11 ноября 2010 года. p. 11. {{cite news}}: |access-date= патрабуе |url= (даведка); Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  22. Slavoj Žižek. Looking Awry: An Introduction to Jacques Lacan Through Popular Culture. 2nd ed. Massachusetts Institute of Technology Press, 1992. ISBN 978-0-262-74015-9. Pages 87-107
  23. Chris Gore, The 50 Greatest Movies Never Made (New York: St. Martin's Press, 1999), pg. 36
  24. Paul Stanton (David Beaty) Village of Stars, London: Michael Joseph, 1960
  25. Filmography (англ.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 лютага 2015. Праверана 14 мая 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]