Андрэй Валер’евіч Аляксандраў

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Андрэй Аляксандраў)
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Андрэй Валер’евіч Аляксандраў
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 27 студзеня 1978(1978-01-27) (44 гады)
Месца нараджэння
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці журналіст, медыямэнэджэр, палітычны вязень
Узнагароды

Андрэй Валер’евіч Аляксандраў (нар. 27 студзеня 1978) — беларускі журналіст і медыяменеджар, палітычны зняволены, абвінавачаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 27 студзеня 1978 года ў Ніжнім Тагіле, ягоны бацька служыў у розных вайсковых структурах. Дзяцінства правёў у Паставах, пазней жыў у Наваполацку. Скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта[1].

Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку, у незалежнай гарадской газеце «Хімік» і на мясцовым гарадскім тэлебачанні, супрацоўнічаў з інфармагенцтвам БелаПАН, стварыў партал «himik.info»[2].

У 2009—2012 гадах з’яўляўся намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, адказваў за міжнародныя дачыненні. На гэтай пасадзе выступаў 12 студзеня 2011 у Еўрапарламенце, дзе прадстаўляў праграму Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці ў межах праграмы «Усходняе партнёрства»[3].

У 2011 годзе Андрэй выйграў конкурс і атрымаў прэстыжную стыпендыю Chevening Міністэрства замежных справаў і міжнароднага развіцця Вялікабрытаніі. Для навучання ён абраў магістратуру ў Уэстмінстэрскім універсітэце ў Лондане, дзе атрымаў ступень магістра медыяменеджменту, пасля вучобы працаваў у лонданскіх офісах праваабарончых арганізацыяў Index on Censorship і Article 19[4]. Быў сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі і актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай дыяспары[1].

У 2014 годзе здымаў дакументальны фільм пра падзеі на Данбасе, пасля атрымаў ад Алеся Ліпая запрашэнне далучыцца да каманды БелаПАН і вырашыў вярнуцца ў Беларусь. У 2015—2018 гадах быў намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, пасля 2018-га працаваў у агенцтве медыякансультантам і займаўся развіццём беларускай медыяпрасторы. Адукоўваў менеджараў і рэдактараў разнастайных медыяў, стварыў онлайн-выданне «Беларускі часопіс»[1].

Грае на фартэпіяна, піша вершы, захапляецца фотамастацтвам, заўзятар футбольнага клубу «Ліверпуль». У 2016 годзе на словы аднаго з вершаў Аляксандрава — «Пакіньце мне права» — украінскі гурт «Колір» склаў і запісаў песню, таксама зняты кліп з назвай «Застацца сабой»[2].

Палітычны пераслед[правіць | правіць зыходнік]

Андрэя Аляксандрава і яго дзяўчыну Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 году па абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Навучанне ці іншае падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фінансаванне і іншае забеспячэнне такой дзейнасці»), яны былі змешчаны на Акрэсціна. Падставай для абвінавачвання, паводле Міністэрства ўнутраных справаў, сталі аплаты 250 штрафаў, якія Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна аплацілі з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году, па спісах, якія Аляксандраву перадаваў фонд «BY_help»[5]. Супраць людзей, якія атрымлівалі дапамогу, таксама завялі крымінальную справу, а таксама пракуратура запатрабавала, каб людзі выплацілі штрафы ў другі раз[6].

18 студзеня 2021 года сумеснаю заяваю беларускіх праваабарончых арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў, Аляксандраў і Злобіна былі прызнаны палітычнымі зняволенымі. У заяве адзначаецца, што «збор добраахвотных ахвяраванняў грамадзян, а таксама прадстаўнікоў беларускай замежнай дыяспары і дапамога ў аплаце штрафаў асобам, якія былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці толькі за факт удзелу ў мірных сходах і рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй Беларусі і міжнароднымі нормамі права … мірных сходаў і выказвання меркавання, не мае нічога агульнага з фінансаваннем якой бы ні было супрацьпраўнай дзейнасці і, адпаведна, не з’яўляецца злачынствам. У дадзеным кантэксце дзейнасьць Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай зьяўляецца добраахвотнай і дабрачыннай дзейнасцю па аказанню дапамогі ахвярам масавых палітычных рэпрэсій ў краіне і па сутнасці сваёй зьяўляецца правабарончай»[7].

26 красавіка 2021 года сімвалічным хросным Андрэя Аляксандрава стала дэпутатка брытанскай Палаты абшчын Крысцін Джардзін(англ.) бел.[8][9].

30 чэрвеня 2021 года Аляксандраву было выстаўлена новае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»), які прадугледжвае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі[10]. Агулам Андрэю Аляксандраву ставяць у віну чатыры артыкулы КК: «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.2 арт.342), «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім» (ч.1, арт.361), «Ухіленне ад аплаты падаткаў» па справе БелаПАН (ч.2, арт.243), «Здрада дзяржаве» (ч.1, арт.356)[11].

Андрэй Аляксандраў утрымліваецца ў СІЗА № 1 г. Мінска, адкуль дасылае вершы[12].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

15 лістапада 2021 года Аляксандраў разам з Аляксандрам Васілевічам, Максімам Знакам, Вольгай Калацкай, Святланай Купрэевай, Міколам Папекам і Андрэем Скурко быў узнагароджаны літаратурнай прэміяй імя Францішка Аляхновіча за свае вершы з-за кратаў [13].

12 снежня 2021 года быў узнагароджаны статуэткай «Надзея свабоды» ад Літоўскага саюза журналістаў[14].

Міжнародная рэакцыя на затрыманьне[правіць | правіць зыходнік]

15 студзеня 2021 года міжнародная арганізацыя Index on Censorship(бел. (тар.)) бел. асудзіла затрыманне і звярнулася да Міністра замежных справаў Вялікабрытаніі Дамініка Рааба(укр.) бел. і беларускага амбасадара ў Вялікабрытаніі  Максіма Ермаловіча з заклікам садзейнічаць вызваленню Аляксандрава[15].

Міжнародныя арганізацыя Article 19(руск.) бел. таксама асудзіла затрыманне Аляксандрава і Злобінай[16].

Платформа грамадзянскай салідарнасці «Civic Solidarity Platform» запатрабавала безадкладнага вызвалення зняволеных Аляксандрава і Злобінай, адпаведную заяву платформы падтрымалі 48 праваабарончых арганізацый розных краінаў свету[17].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]