Ката (індзейцы)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Ката
(Tlokyáhan)
Cahto woman curtis.jpg
1923 г.
Агульная колькасць 259 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання Каліфорнія
Мова ката
Рэлігія політэізм, анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы атабаскі Вугровай ракі, талова, тутутні

Ка́та (саманазва: Tlokyáhan, літаральна "людзі травы"; англ.: Cahto, Kato) — атабаскі народ, карэнныя жыхары поўначы Каліфорніі (ЗША). Агульная колькасць (2010 г.) - 259 чал.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Продкі ката перасяліліся ў Каліфорнію з Аляскі або поўначы Канады ў 1 тысячагоддзі н. э. Яны займалі найбольш паўднёвыя тэрыторыі адносна іншых ціхаакіянскіх атабаскаў. Назву ката (літаральна "азёрныя людзі") атрымалі ад паўночных пома. Ката размаўлялі на супольнай мове, аднак не мелі палітычнага адзінства. Падзяляліся на 17 тэрытарыяльных аб'яднанняў.

Нерэгулярныя кантакты з еўрапейцамі пачаліся з пачатку XIX ст. Ката моцна пацярпелі ад эпідэмій воспы і малярыі, занесеных еўрапейскімі вандроўнікамі. З канца 1840-х гг. на землі ката пачалі перасяляцца амерыканскія мігранты. Некаторыя ката інтэграваліся ў іх супольнасць, працавалі ў якасці таннай працоўнай сілы на фермах і прадпрыемствах, але большасць апынулася ў складаным стане, пакутвала ад інфекцыйных хвароб і скарачэння рэсурсаў.

У 1908 г. амерыканскія місіянеры вылучылі для ката 200 акраў зямлі, што сталі асновай для іх рэзервацыі. У 1967 г. ката былі прызнаны федэральным урадам у якасці аўтаномнай нацыі. Яны маюць свой урад і законы, аднак большасць чальцоў жыве за межамі рэзервацыі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Ката насялялі тры даліны на тэрыторыі засушлівых перадгор'яў, для якіх быў характэрны стэп з невялікімі дубовымі гаямі і рэкі з імклівымі плынямі. Асноўнымі заняткамі з'яўляліся збіральніцтва і рыбалоўства. Аснову харчу складалі жалуды і ласось, якія сезонна назапашвалі на год. Паляванне адыгрывала другасную ролю. Важнымі традыцыйнымі рамёствамі былі пляценне і апрацоўка косці.

Ката моцна залежылі ад гандлю з прыбярэжнымі юкі, ад якіх атрымоўвалі соль, водарасці, марскую рыбу. Наўзамен прапаноўвалі крамянёвыя прылады і магнезіт.

Карысталіся скураной вопраткай у выглядзе фартухаў. Упрыгожваліся скуранымі бранзалетамі, праколкамі для вушэй і носа, ракавінамі, часам рабілі татуіроўкі. Валасы не галілі, фіксавалі іх сеткай са сцяблін касачоў.

Асноўным відам паселішча была вёска, якая будавалася каля ракі і ўяўляла сабою замкнёную тэрытарыяльную абшчыну на чале выбранага правадыра. У некаторых вёсках было 2 і болей правадыра. Найбольш важныя пытанні вырашала мужчынская рада. Ката ўзводзілі каркасныя хаціны, якія пакрывалі карою і галінамі. У адной хаціне магло жыць некалькі сваяцкіх сем'яў. На чале сям'і заўсёды стаяў мужчына. Шлюбы заключаліся са згоды маладых. Былі шырока распаўсюджаны дашлюбныя адносіны.

Ката вядомы рытуальнымі танцамі, якія ў мінулым арганізоўваліся некалькі разоў на год і цягнуліся тыдзень або болей.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова ката належыць да ціхаакіянскай групы атабаскіх моў. Алфавіт на аснове лацінкі. Дзейнічае праграма адраджэння мовы, у тым ліку праз выкарыстанне электронных прылад.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтральнымі постацямі, якія шанаваліся ката, былі багі Chénĕśh і Nághai-cho. Chénĕśh лічыўся стваральнікам сусвету і атаесамляўся з маланкай. Nághai-cho з'яўляўся яго братам, меў тыповыя рысы трыкстэра, які імкнуўся пераўзыйсці бога Chénĕśh. Разам з гэтым, ката верылі ў шматлікіх духаў.

З канца XIX - пачатку XX ст. шырока распаўсюджана хрысціянства.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]