Рагнеда Рагвалодаўна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Рагнеда Рагвалодаўна
ст.-рус. Рогнѣдь
Rahvałod, Rahnieda (Połacak). Рагвалод, Рагнеда (Полацак).jpg
Сваты Уладзіміра Святаславіча ў Рагвалода (з левага боку); Рагвалод гутарыць з Рагнедай (з правага боку).
Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.
князёўна полацкая
Манарх: Рагвалод, да 980?
 
Веравызнанне: Хрысціянскі крыж хрысціянства, з 988
Нараджэнне: 966(0966)
Смерць: 1000(1000)
Заслаўе, Полацкае княства[1][2]
Дынастыя: Рагвалодавічы
Бацька: Рагвалод
Муж: Уладзімір Святаславіч, у 978—986
Дзеці: Ізяслаў

Рагнеда Рагвалодаўна, Гарыслава (ст.-рус. Рогнѣдь[3][4] ад стар.-сканд.[5][6][7] Ragnheiðr[8][9], 966 — 1000) — княжна полацкая, дачка першага летапіснага князя полацкага Рагвалода, адна з жонак вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча[10].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

На пачатку 978 года Рагнеда была прасватана за вял.кн. кіеўскага Яраполка, які шукаў саюзу з Рагвалодам супраць свайго брата Уладзіміра, кн. ноўгарадскага. Калі ў Полацк прыехалі і ўладзіміравы сваты, паводле летапісу, Рагвалод запытаўся дачку ці хоча яна замуж за Уладзіміра, а Рагнеда адмовілася ад шлюбу з сынам рабыні.[10]

Калі сваты паведамілі Уладзіміру і Дабрыні адказ Рагнеды, тыя з войскам з варагаў, наўгародцаў, чудзі і крывічоў (ізборска-пскоўскіх) прыйшлі пад Полацк, калі Рагнеду ўжо сабраліся везці да Яраполка. Рагвалод выйшаў супраць, але пацярпеў паразу ў бітве і зачыніўся ў горадзе. Полацк быў узяты вясною 978 года, Рагвалод з сынамі, жонкай і Рагнедай трапіў у палон. Дабрыня зневажаў Рагвалода і Рагнеду, нагадаў ёй словы пра рабыніча, і загадаў Уладзіміру згвалціць яе на вачах бацькі і маці. Пасля Рагвалод разам з жонкай і сынамі быў забіты.[11][12][13]

Няслушна лічыць, што абразлівыя Уладзіміру словы належаць самой 12-гадовай Рагнедзе і што менавіта яны былі прычынай вайны. Сапраўдная прычына ў тым, што Рагвалод уступіў у барацьбу Уладзіміра і Яраполка на баку аднаго з іх. Адказ Рагнеды сведчыў пра палітычны выбар Рагвалода на карысць Кіева, што немінуча вяло да вайны з Ноўгарадам.[14][15]

Рагвалодавічы — княжацкі род
(да падзелу на ўдзелы)
Рагвалод
1-ы сын Рагвалода (імя невядома)
2-і сын Рагвалода (імя невядома)
Рагнеда Рагвалодаўна
(муж: вялікі князь кіеўскі Уладзімір)
Ізяслаў Уладзіміравіч
Усяслаў Ізяславіч
Брачыслаў Ізяславіч
Усяслаў Брачыславіч

Неўзабаве, 11 чэрвеня 978 года, Уладзімір стаў вял. кн. кіеўскім і забіў свайго брата Яраполка. У Кіеве было спраўлена яго вяселле з Рагнедай, дзе ён даў сваёй новай, другой ужо, жонцы імя Гарыслава. Рагнеда-Гарыслава была паселеная ў сяльцы на р. Лыбедзі пад Кіевам[13][16]

Плануючы ажаніцца з візантыйскай прынцэсай Ганнай, а перад гэтым ахрысціцца, перад 986 годам Уладзімір мусіў развесціся з усімі сваімі паганскімі жонкамі, у т.л. з Рагнедай. Напэўна, да гэтага часу (985—986) трэба аднесці і замах Рагнеды на Уладзіміра.[13]

Спрэчныя пытанні[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць дзяцей[правіць | правіць зыходнік]

Паводле «Аповесці мінулых гадоў» у Рагнеды з Уладзімірам было 4 сыны і 2 дачкі — Ізяслаў, Яраслаў, Усевалад, Мсціслаў[17], Прадслава і Праміслава. Але пярэчанні паміж пералікамі ўладзіміравых жонак і адпаведна дзяцей у розных летапісах даюць падставу сцвярджаць, што гэтыя пералікі няпэўныя і рэдагаваліся ў пазнейшыя часы.[18] У Лаўрэнцеўскім летапісе і ў Маскоўскім зводзе 1479 года ў Рагнеды называецца толькі адзін сын — Ізяслаў[19]. Вядомы летапісны антаганізм паміж «Рагвалодавымі ўнукамі» і «Яраслававымі ўнукамі» не меў бы сэнсу, калі б Яраслаў быў рагнедавым сынам, бо і яго ўнукі былі б адначасова ўнукамі Рагвалода[19]. Таксама, непрацяглы шлюб — каля 7 гадоў (1-ая пал. 978 — да 986), статус жонкі выдаленнай ад вялікакняскага двара, тры пазнейшыя паганскія шлюбы Уладзіміра (з «грэкіняй», «чэхіняй» і «балгарыняй») і 800 наложніц (300 у Вышгарадзе, 300 у Белгарадзе і 200 у Берастове) дазваляюць сумнявацца ў верагоднасці звестак летапісаў.[18]

Асабліва супярэчлівым з'яўляецца прылічэнне да сыноў Рагнеды Яраслава, які нарадзіўся ў 978 і пры гэтым паводле летапісаў быў малодшы за Ізяслава, для таго каб зняць гэтую супярэчнасць некаторыя даследчыкі прапануюць унесці змены ў храналогію падзей на Русі ў 970-х і змясціць узяцце Полацка пад 976 або 975 годам. Магчыма, прылічэнне Яраслава, а таксама яго братоў і сёстраў да сыноў Рагнеды адбылося ў часы Уладзіміра Усеваладавіча або яго сына Мсціслава, якія імкнуліся да падпарадкавання сабе Полацкай зямлі. У іх час летапісанне была перададзенае з Кіева-Пячэрскага ў Выдубіцкі манастыр, запісы былі перапрацаваныя, прылічэнне свайго продка да сыноў Рагнеды давала Уладзіміру і Мсціславу болей правоў на Полацк. Верагодна, Ізяслаў быў адзіным дзіцём Рагнеды.[18] Гэта пацвярджаецца як словамі самой Рагнеды да Уладзіміра: «Ты бацьку майго забіў і зямлю яго паланіў дзеля мяне, а цяпер не любішь мяне з гэтым дзіцём», так і словамі Уладзіміравых баяраў: «Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе отчыну і дай ёй са сваім сынам». У некаторых спісках Ізяслаў названы не дзіцём, а «младзенцам», што свечыць пра яго ўзрост на той момант не болей за 7 гадоў[18] — значыць, калі тыя падзеі адбываліся перад 986, што праўдападобна, нарадзіцца ён мог не раней за 979.

Яраслаў, які нарадзіўся не пазней за 978, храналагічна не мог быць малодшым братам Ізяслава і сынам Рагнеды, а толькі сынам першай жонкі Уладзіміра — Аловы, т.б. быў другім яго сынам пасля Вышаслава. Алова вядомая з скандынаўскіх сагаў пад імем Алогія, у сагах яна выступае ўплывовай на Русі жанчынай, якая жыла ў сталіцы і ўдзельнічала ў палітыцы, прымала да двара скандынаваў, мела значныя грашовыя сродкі і ўласную дружыну. Падобны статус больш адпавядае тытулу «царыца», якім пазней назвала сябе маці Яраслава, чым статус Рагнеды — жыхаркі прыгараднага сяльца. Калі Яраслаў не сын Рангеды, то яго браты і сёстры таксама не яе дзеці. (Гл.падр.: #Прыняцце пострыгу)

Замах на Уладзіміра[правіць | правіць зыходнік]

Замах Рагнеды на Уладзіміра. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.
Уладзімір хоча покараць Рагнеду, але на яе абарону паўстае Ізяслаў. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.

Паводле легенды, Уладзімір прыехаў аднойчы ў сяльцо на Лыбедзі дзе жыла Рагнеда, і ўначы, калі ён спаў, яна хацела закалоць яго, але князь прачнуўся і паспеў адвесці ўдар. Спроба Рагнеды забіць мужа разглядаецца некаторымі даследчыкамі як праяўленне рэўнасці, а некаторымі як помста забойцу яе бацкоў. Уладзімір хацеў пакараць Рагнеду смерцю, але за маці ўступіўся сын Ізяслаў. Тады Уладзімір саслаў жонку і сына ў Ізяслаўль ці Полацк.

Сярэдневяковае гарадзішча Заслаўя — месца жыхарства Рагнеды і Ізяслава. Помнік 1000-годдзю хрысціянства ў Беларусі.

Прыняцце пострыгу[правіць | правіць зыходнік]

У Цвярскім летапісе (1534) змешчана легенда аб тым што перад прыняццем хрысціянства Уладзімір Святаcлавіч прапанаваў сваёй жонцы — маці Ярасалава развод і замужжа з любым са сваіх баяраў. Аднак маці Яраслава адмовілася адказаўшы: «Царыцай была, а рабыняй быць не хачу», а выказала жаданне прыняць пострыг, што пазней і зрабіла пад імем Анастасія, гэтае рашэнне нібыта настолькі ўразіла Яраслава, які прысутнічаў пры размове, што ён вылечыўся ад паралічу ног. Аўтар Цвярскога летапісу (1534), якія ведаў гэтую легенду аб маці Яраслава, але не ведаў яе імя, гледзячы ў рэдагаваныя ўжо ў 12 ст. летапісныя спісы жонак і сыноў Уладзіміра Святаcлавіча ўпісаў у легенду Рагнеду[18]. Адсюль пайшлі яшчэ больш пазнейшыя легенды аб тым, что Рагнеда пад імем Анастасія жыла ў Ізяслаўлі дзе нібыта для яе быў заснаваны манастыр, але гэтыя звесткі выключна гіпатэтычныя і не маюць пацверджання ў крыніцах. Некаторыя даследчыкі ўсёж-такі звязваюць дзве легенды (аб замахе і аб пострыге) і лічаць, што непасрэдна пасля адмовы выйсці замуж за баярына маці Яраслава (атрымліваецца, Рагнеда) і зрабіла ўначы замах на жыццё Уладзіміра, праўда ў такім выпадку дзеянні маці Яраслава выглядаюць даволі не паслядоўнымі. Да таго ж, Рагнеда наўрадці магла лічыць сябе «царыцай», такі статус хутчэй пасуе першай жонцы Уладзіміра — Алове. (Гл.падр.: #Колькасць дзяцей)

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Паштовая марка. Беларусь, 1993.
Манета. Беларусь, 2006.
  • Помнік Рагнедзе і Ізяславу, г. Заслаўе Мінскага раёна Мінскай вобласці (1993, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1998 г. калектыву аўтараў).
  • Паштовая марка «Рагнеда — князёўна Полацкая», 1993.
  • Памятныя манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь «Рагвалод Полацкі. Рагнеда» (з серыі «Умацаванне і абарона дзяржавы»). Наміналы: 1 рубель (медна-нікелевая), 20 рублёў (срэбная); дызайн: С. Заскевіч (Беларусь); чаканка: ЗАТ «Літоўскі манетны двор», Вільнюс, Літва; выпуск у зварот: 9 лістапада 2006[20].

Украіна[правіць | правіць зыходнік]

  • Вуліца Рагнідыньска (укр.: Рогнідинська), з 1869, у Пячэрскім раёне г. Кіева.

Вобраз у літаратуры і мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Лёс і асоба Рагнеды здаўна цікавілі мастакоў, паэтаў і музыкантаў. Пра Рагнеду пісалі свае паэмы і вершы К. Рылееў, Т. Шаўчэнка, Я. Купала. Мастакі А. Ласенка і С. Грыбкоў напісалі палотны «Уладзімір і Рагнеда» і «Рэўнасць Рагнеды». Кампазітар А. Сероў напісаў оперу «Рагнеда», прэм'ера якой з вялікім поспехам адбылася ў Марыінскім тэатры (1865).

У мастацкай літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

  • Бондар, Т. Рагнеда: паэма // Чырвоны месяц года. — Мінск, 1985. — С.84—125.
  • Вольскі, А. В. Выгнанне Рагнеды: паэма // Наваселле дрэў. — Мінск, 1990. — С. 99—123.
  • Іпатава, В. Рагнеда: верш // Крыніца. — 1997. — № 9. — С. 22—23.
  • Крэчэўскі, П. Рагнеда: гістарычная драма Х ст. у 4 актах з пралогам // Спадчына. — 1993. — № 3. — С. 16—30.
  • Рылеев, К. Ф. Рогнеда: поэма // Полоцкій летописец. — 1992. — № 1. — С. 87—89.
  • Случанін, Л. Рагнеда: паэма. — Вільня, 1944; Сідней, 1958; Спадчына, 1991, № 1.
  • Тарасаў, К. Тры жыцці княгіні Рагнеды: аповесць.
  • Дудараў, А. Палачанка: вершаваная драма. — 1998.

У выяўленчым мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Уладзімір і Рагнеда. А. П. Ласенка. 1770. Алей. Дзяржаўны рускі музей, г. Санкт-Пецярбург, Расія.
  • выявы на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, ХV стагоддзе (верагодна — копіі з больш ранніх, якія ўзыходзяць, магчыма, да ХІ ст.);
  • карціна «Уладзімір і Рагнеда», А. Ласенка (1770);
  • гравюра «Замах Рагнеды на Уладзіміра», Б. А. Чорыкаў (1836);
  • карціна «Уладзімір і Рагнеда», А. І. Транкоўскі (XIX ст.);
  • карціна-трыпціх «Лёс Рагнеды, або Сцяна памяці», Ф. І. Янушкевіч (1986).

У тэатры[правіць | правіць зыходнік]

У кіно[правіць | правіць зыходнік]

У ролі Рагнеды — А. Борціч. «Вікінг».

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Рогнеда Рогволодовна // Энциклопедический словарь СПб.: Брокгауз—Ефрон, 1899. — Т. XXVIа. — С. 883.
  2. Н. М. Рогнеда Рогволодовна // Русский биографический словарь СПб.: 1913. — Т. 16. — С. 275—276.
  3. Лаўр., 56;
  4. Іпац., 53;
  5. Рыдзевская Е. А. Древняя Русь и Скандинавия IX—XIV вв. / Отв. ред. И. П. Шаскольский // Древнейшие государства на территории СССР. Материалы и исследования. 1978 г. — М.: Наука, 1978. — 240 с.
  6. Джаксон Т. Н. Глава 8. «Palteskja ok þat ríki allt, er þar liggr til» // Austr í Görðum: древнерусские топонимы в древнескандинавских источниках. — М.: Языки русской культуры, 2001.
  7. Duczko W. Ruś Wikingów. Historia obecności Skandynawów we wczesnośredniowiecznej Europie Wschodniej. — Warszawa, 2007. — S. 108.
  8. Рогнедь // Этимологический словарь русского языка / М. Р. Фасмер. — М.: Прогресс, 1964—1973.
  9. Михеев С. М. Легенда о Владимире и Рогнеде и скандинавская традиция (к параллели с легендой о сыновьях Хейдрека) // Именослов. История языка. История культуры. — СПб., 2010. (Труды Центра славяно-германских исследований. I.) — С. 169—179.
  10. 10,0 10,1 БЭ у 18 т. Т. 13. — С. 200.
  11. Іпац. 63-64: «Рогъволодъ же вбеже в городъ; и приступивъше к городу, и взяшa город и сaмого яшa и жену его, и дщерь его; и Добрынa поноси ему и дщери его, нaрекъ ей робичицa, и повеле Володимеру быти с нею пред отцемь ея и мaтерью; потом отцa ея оуби, a сaму поя жене, и нaрекошa ей имя Горислaвa».
  12. Карпов А. Ю. Владимир Святой. — М.: Молод. гвардия, 2004. — С. 92—93.
  13. 13,0 13,1 13,2 БЭ у 18 т. Т. 13. — С. 201.
  14. Литвина, Успенский… С. 335—357.
  15. Самонова М. Н. Полоцкое княжество в системе… С. 6;
  16. Пазней вядома пад назвай Прадславіна ад імя ўладзіміравай дачкі Прадславы, якая жыла там пасля Рагнеды (цяпер мясцовасць у межах Кіева).
  17. У пераліках уладзіміравых сыноў два Мсціслава, першы прыпісваецца Рагнедзе і, калі існаваў, а не з'яўляецца памылкай перапісчыкаў, памёр у маленстве. Другі Мсціслаў — сын іншай уладзіміравай жонкі, верагодней за ўсё Адэльі.
  18. 18,0 18,1 18,2 18,3 18,4 Заяц Ю. А. Заславль в… С. 112.
  19. 19,0 19,1 Рукавишников А. В. Почему полоцкие… С. 105.
  20. Памятныя манеты «Рагвалод Полацкі і Рагнеда» // Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Бацькаўшчына: Зб. гіст. літ.: (Зб. прысвечаны Рагнедзе, дачцэ першага полац. князя Рагвалода). — Мн.: Юнацтва, 1999. — 367 с.: іл.
  • Заяц Ю. А. Заславль в эпоху феодализма. —Мн.: Навука і тэхніка, 1995. —207 с.: іл. ISBN 5-343-01350-3
  • Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв. Династическая история сквозь призму антропонимики. — М.: «Индрик», 2006. — 904 с. — 1000 экз. — ISBN 5-85759-339-5
  • Рагнеда Рагвалодаўна // Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. даведнік. -Мн., 2001. — С.337-338.
  • Рагнеда Рагвалодаўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.13. -Мн., 2001. — С.200-201.
  • Рагнеда Рагвалодаўна // Беларусь: Энцыкл. даведнік. — Мн., 1995. — С.613-614.
  • Рагнеда Рагвалодаўна // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка. -Мн., 2002. — С.101.
  • Рукавишников А. В. Почему полоцкие князья были сосланы в Византию: Свидетельства источников // Древняя Русь: Вопросы медиевистики. 2003. № 2 (12). С. 99-111.
  • Самонова М. Н. Полоцкое княжество в системе династических связей и политических взаимоотношений Руси со Скандинавией и Польшей в XI — начале XIII в. // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. Вып. 5. — Минск: РИВШ, 2012. — 244 с. — С. 6-24;
  • Самонова М. Н. Рогволод и Рогнеда: скандинавские корни династии // Alba Ruscia: белорусские земли на перекрестке культур и цивилизаций (X—XVI вв.) / Отв. ред. А. В. Мартынюк. — М.: Квадрига, 2015. — С. 8-26.
  • Фількова А. Дачка я волі…: (Вобраз Рагнеды ў бел. літ.) // Першацвет. −1995. № 1. -С.111-120.
  • Чамярыцкі В. Летапісныя рэдакцыі падання пра Рагнеду // Беларусіка — Albaruthenica. Кн. 9. 480 год беларускага кнігадрукавання: Матэрыялы Трэціх Скарынаўскіх чытанняў / Гал. рэд. А. Мальдзіс і інш. Мн., 1998. С. 163—169.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]