Брыгітполле
Вёска
Брыгітполле
| ||||||||||||||||||||
Брыгітпо́лле[1] (трансліт.: Bryhitpollie, руск.: Бригитполье) — вёска ў Віцебскім раёне Віцебскай вобласці, на аўтадарозе Р112 Віцебск – ДППП «Стайкі» (мяжа з Расійскай Федэрацыяй). Уваходзіць у склад Суражскага сельсавета.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ў складзе Расійскай імперыі, у Віцебскім павеце Пскоўскай, з 1776 года Полацкай губерняў, з 1777 года ў Суражскім павеце. З 1796 года ў Веліжскім павеце Беларускай, з 1802 года ў Суражскім павеце Віцебскай губерняў. У 1834 годзе ў маёнтку 545 рэвізскіх сялянскіх душ. Гаспадарскі дом быў драўляны, меліся 3 флігелі, лядоўня, у якой лёд захоўваўся круглы год. Вінакурня вырабляла да 2500 вёдзер віна, якое пастаўлялася ў корчмы, адна з іх размяшчалася каля вёскі Пярно, на Вялікім тракце, і яе гадавы даход складаў 170 рублёў, другая — каля вёскі Будзішча, даход ад яе складаў 160 рублёў. Вадзяны млын даваў 150 рублёў гадавога даходу. У склад маёнтка ўваходзілі фальварак Антонава, Зацішша і 12 вёсак. У 1846 годзе маёнтак належаў прадвадзіцелю дваранства Рафаілу Багдановічу, які меў 4448 дзесяцін зямлі. У 1847 годзе ў маёнтку паводле інвентара 505 сялянскіх душ. Асноўным заняткам сялян было земляробства, якое яны спалучалі з адыходніцтвам — выраблялі з лёну розныя рэчы на продаж. У 1865 годзе на вадзяным млыне выраблялася 100 пудоў мукі для патрэб уладальніка. З 1866 года ў Веліжскім павеце. У пачатку 20 стагоддзя Брыгітполле ў Казакоўскай воласці. У 1905 годзе маёнтак (1 двор, 4 жыхары) належаў двараніну Ф.Кольку, які меў 592 дзесяціны зямлі. У сакавіку 1924 года вернута ў склад БССР. З 20 жніўня 1924 года вёска ў Суражскім сельсавеце Суражскага раёна. З 20 лютага 1938 года ў Віцебскай вобласці. У гады Другой сусветнай вайны з сярэдзіны ліпеня 1941 года да канца кастрычніка 1943 года акупіравана нацысцкімі войскамі, якія ў верасні 1943 года знішчылі ў вёсцы 40 двароў і 52 мірных жыхароў. Вывезены ў Германію 36 чалавек, вярнуліся 12. На франтах загінулі 10 вяскоўцаў, 12 у партызанскай барацьбе. Пасля вайны вёска адбудавалася. З 16 ліпеня 1954 года вёска ў Балашоўскім сельсавеце. З 20 студзеня 1960 года ў Віцебскім раёне, з 1962 года ў Лёзненскім, з 1965 года зноў у Віцебскім раёнах. З 20 чэрвеня 2013 года ў Суражскім сельсавеце.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 22 двары, 112 жыхароў (1926)
- 40 двароў, 102 жыхары (1941)
- 31 двор, 60 жыхароў (1969)
- 20 гаспадарак, 36 жыхароў (2003)
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Сядзіба
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 10: Віцебская вобласць, кн. 2 / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2019. — 728 с.: іл. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-11-1126-4.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Брыгітполле
- Брыгітполле на сайце Глобус Беларусі (руск.)