Вернер фон Сіменс
Эрнст Ве́рнер Сі́менс (больш правільна Зі́менс; 13 снежня 1816[1][2][…], Лентэ[d], Ніжняя Саксонія[3] — 6 снежня 1892[1][2][…], Шарлотэнбург[d], Каралеўства Прусія[4]) — нямецкі інжынер-электратэхнік і вынаходнік-прамысловец XIX стагоддзя.
Сябар Прускай акадэміі навук (1874), член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэміі навук (1882). У 1847 г. атрымаў патэнт на ўдасканалены тэлеграф, для якога вынайшаў бясшоўную гутаперчавую абалонку дрота. Вынаходства засцерагала кабель ад вільгаці пры пракладцы пад вадой, што дазволіла ў 1868—1870 гадах працягнуць тэлеграфную лінію з Лондана (Англія) ў Калькуту (Брытанская Індыя; цяпер Індыя) даўжынёй звыш 11 тыс. км і па дне Міжземнага мора.
У 1853—1856 гадах, падчас Крымскай вайны, праклаў тэлеграфную лінію ў Расійскай імперыі ад Пецярбурга да Севастопаля (Таўрыйская губерня; цяпер Крым, Украіна)[8]. Кіраваў стварэннем першай трамвайнай лініі на прамысловай выставе ў Берліне 1879 года.
Займаўся распрацоўкамі ў галіне моцнатокавай электратэхнікі (электрычнай асвятленне, трамвай, электрастанцыя). Стварыў іртутны эталон супраціўлення (ом) і селенавы фатометр . Заснаваў электратэхнічны канцэрн «Сіменс і Гальске». Яго імя атрымала адзінка электраправоднасці — сіменс[9].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сям'і землеарандатара Крысціяна-Фердынанда Сіменса (1787—1840) і Элеаноры-Генрыеты Дайхман (1792—1839). Быў старэйшым сынам і 4-м з 14 дзяцей. Меў 4 малодшых братоў. У 1823 г. пераехаў з бацькамі ў маёнтак Менцэндорф (Вялікае княства Мекленбург-Шверын , Нямецкі Саюз; цяпер зямля Мекленбург — Пярэдняя Памеранія, Германія). Год адвучыўся ў гарадской школе Шонберга (В.к. Мекленбург-Шверын; цяпер зямля Мекленбург — Пярэдняя Памеранія). Затым 3 гады браў хатнія ўрокі ў настаўніка. У 1834 г. у Любеку (Нямецкі Саюз; цяпер зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія) скончыў 3 класы гімназіі Катарынеюм .
Увосень 1835 г. паступіў курсантам у Артылерыйска-інжынерную школу Прускай ваеннай акадэміі (Берлін) на прапанову кіраўніка Інжынернага корпуса генерала Густава Раўха (1774—1841). У 1838 г. скончыў навучанне ў званне артылерыйскага лейтэнанта і паступіў на вайсковую службу ў Магдэбург (правінцыя Саксонія, Каралеўства Прусія, Нямецкі Саюз; цяпер зямля Саксонія-Ангальт, Германія). Пазней атрымаў накіраванне ў гарнізон Вітэнберга (правінцыя Саксонія; зямля Саксонія-Ангальт), дзе за секунданцтва на дуэлі атрымаў 5 гадоў зняволення.
У турэмнай цытадэлі Магдэбурга пачаў першыя доследы з пастаянным токам ад батарэі, у ходзе якіх у 1841 г. распрацаваў гальванізаванне золатам і серабром[8]. У 1842 г. атрымаў памілаванне і ўладкаваўся на працу ў гарматню ў Берліне. У 1843 г. у Лондане прадаў англійскаму ювеліру Джорджу Элкінгтана правы на сваё першае вынаходства гальванізавання каштоўнымі металамі. У 1844 г. паслаў 20-гадовага брата Карла-Вільгельма ў Англію для ўкаранення сваіх распрацовак.
Пры канцы 1846 г. удасканаліў тэлеграф іголкай для ўказання слушнай літары замест азбукі Морзэ. У пачатку 1847 г. вынайшаў бясшоўную гутаперчавую абалонку для дрота, якая засцерагала кабель ад вільгаці пры пракладцы пад вадой[8]. 1 кастрычніка 1847 г. у Берліне сумесна з механікам Ёганам Гальске (1814—1890) заснаваў тэлеграфна-будаўнічае прадпрыемства «Сіменс і Гальске» . 12 кастрычніка адчынілі ўласную майстэрню на грошы стрыечнага брата Ёгана Сіменса (1805—1879), які працаваў судовым саветнікам і пазычыў 6842,2 прускіх талераў за атрыманне 20% прыбыткаў цягам наступных 6 гадоў. У 1848 г., на пачатку 1-й Шлезвігскай вайны , вынайшаў для абароны порта Кіля марскія міны з электрычным прывядзеннем у дзеянне на адлегласці.
Узімку з 1848 на 1849 г. «Сіменс і Гальске» пабудавала першую ў Германіі тэлеграфную лінію з Берліна ў Франкфурт-на-Майне (цяпер зямля Гесэн, Германія), дзе тым часам засядаў Нацыянальны сход . У выніку прускі кароль Фрыдрых Вільгельм IV за тыдзень да прыезду ў Берлін імператарскага пасольства Нацыянальнага сходу даведаўся аб прывезенай яму прапанове стаць нямецкім імператарам.
У 1852 г. «Сіменс і Гальске» ўдалося атрымаць кантракт на будаўніцтва тэлеграфных ліній ад Пецярбурга (Расійская імперыя) да Варшавы (Царства Польскае; цяпер Польшча) і Масквы. У 1853—1856 гадах, падчас Крымскай вайны, праклаў тэлеграфную лінію ў Расійскай імперыі ад Пецярбурга да Севастопаля (Таўрыйская губерня; цяпер Крым, Украіна)[8]. Таксама пры дапамозе брата Карла Сіменса (1829—1906), які з 1853 г. загадваў прадстаўніцтвам «Сіменс і Гальске» ў Пецярбургу, ажыццявілі пракладку тэлеграфных ліній ад расійскай сталіцы ў Гельсінгфорс (Вялікае княства Фінляндскае; цяпер Фінляндыя), Кранштат, Рыгу і Рэвель (Эстляндская губерня, цяпер Эстонія).
У 1863—1866 гадах уваходзіў у Прускую Палату дэпутатаў ад Нямецкай партыі прагрэсу , сузаснавальнікам якой з'яўляўся. У 1867 г. атрымаў на Сусветнай выставе ў Парыжы ордэн Ганаровага легіёна. У 1868—1870 гадах кіраваў пракладкай тэлеграфнай лініі з Лондана (Англія) ў Калькуту (Брытанская Індыя; цяпер Індыя) даўжынёй звыш 11 тыс. км[9]. У 1880 г. пабудаваў першы ў свеце электрычны ліфт. У 1888 г. атрымаў дваранства. У 1890 г. сышоў у адстаўку з «Сіменс» за 2 гады да смерці.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]У 1852 г. ажаніўся з Матыльдай Дзюман, ад якой меў 2 сыноў: Арнольда Сіменса (1853—1918) і Георга-Вільгельма Сіменса (1855—1919). Аўдавеў у 1867 годзе.
У 1869 г. ажаніўся з Антоніяй Сіменс (1840—1900), ад якой меў сына Карла-Фрыдрыха Сіменса (1872—1941) і дачку Герту (1870—1939).
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г Werner von Siemens // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в г Ernst Werner Siemens // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #118614088 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 28 верасня 2021.
- ↑ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #118614088 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
- ↑ LIBRIS — Каралеўская бібліятэка Швецыі, 2018. Праверана 24 жніўня 2018.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о Deutsche Biographie — München BSB, Historische Kommission bei der Bayerischen Akademie der Wissenschaften, 2001. Праверана 28 верасня 2021.
- ↑ Biographisches Lexikon der Münzmeister und Wardeine, Stempelschneider und Medailleure Праверана 2 красавіка 2022.
- ↑ а б в г Дзве даты // Звязда : газета. — 13 снежня 2011. — № 237 (27101). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ↑ а б Сіменс Эрнст Вернер // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 386. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5. Архівавана 10 снежня 2015.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вернер фон Сіменс
- Нарадзіліся 13 снежня
- Нарадзіліся ў 1816 годзе
- Нарадзіліся ў Ніжняй Саксоніі
- Памерлі 6 снежня
- Памерлі ў 1892 годзе
- Памерлі ў Каралеўстве Прусія
- Пахаваныя на Паўднёва-Заходніх могілках (Штансдорф)
- Члены Прускай акадэміі навук
- Члены Леапальдзіны
- Члены РАН
- Члены Нямецкага фізічнага таварыства
- Кавалеры камандорскага крыжа ордэна Франца Іосіфа
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Вынаходнікі Германіі
- Siemens
- Ваенныя інжынеры Германіі
- Прадпрымальнікі Германіі
- Палітыкі Германіі
- Ваенныя Германіі