Выдавецтва «Нашай Нівы»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Выдавецтва «Нашай нівы»
Краіна  Расійская імперыя
Заснавана 1907
Адрас Вільня

Выдаве́цтва «На́шай ні́вы» — беларускае выдавецтва, якое існавала ў Вільні ў 19071913 гадах пры газеце «Наша ніва». Выдавала мастацкую, навукова-папулярную і сельскагаспадарчую літаратуру, календары[1].

Спрычынілася да выдання больш 40 беларускіх кніг. Сцяпан Александровіч вызначае 33 выдання «Нашай нівы» і адначасова прыводзіць факты, што пры ўдзеле рэдакцыі газеты выйшлі яшчэ не менш за сем кніг: «Песні-жальбы» Якуба Коласа, «Снатворны мак» Кандрата Лейкі, «Чыжык беларускі» Гальяша Леўчыка, «Вянок» Максіма Багдановіча, «Калядная пісанка», «Ян Баршчэўскі — першы беларускі пісьменнік ХІХ стагоддзя» і «Адам Ганоры Кіркор» Рамуальда Зямкевіча. Выданні атрымлівалі паліграфічнае ўвасабленне ў друкарнях Марціна Кухты, «Прамень» і «Znicz»[2].

Асобнымі адбіткамі газетных артыкулаў былі перакладзеныя на беларускую мову выданні «Зямельная справа ў Новай Зеландыі» (1907, пералажыў з украінскай мовы А. Б.), «Гедалі» Э. Ажэшкі (1907), «Казка аб вадзе» Э. Беламі (1907), «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне» Д. Дарашэнкі (1909), «Гутаркі аб гаспадарцы» Семпалоўскага (1909, пералажыў з польскай мовы Антось Асіна (А. Карніцкі)) (выйшлі ў друкарні Марціна Кухты)[3].

У 1912 годзе выйшлі кірыліцай і лацінкай 2 зборнікі мастацкіх твораў, надрукаваных у газеце. За 1910, 1911, 1912 і 1913 гады выйшлі кірыліцай і лацінкай «Беларускія календары» аб’ёмам ад 86 да 120 старонак і тыражом ад 4000 да 8000 экземпляраў. Календары складаліся з раздзелаў: агульныя звесткі, важнейшыя кірмашы на Беларусі, статыстычны і юрыдычны раздзелы, парады для гаспадароў, бацькам і маткам. У 1911—1912 гадах у друкарні «Прамень» коштам Т. Г. выйшлі кнігі Т. Гушчы «Апавяданні», Ядвігіна Ш. «Бярозка», «Беларускія казкі», А. Амфітэатрава «Хілібертава пакута», Маліноўскага «Як багацеюць чэшскія сяляне»[4].

З 1912 года выдавала часопіс «Саха». Спыніла дзейнасць у сувязі з заснаваннем на яго базе Беларускага выдавецкага таварыства[5].

Зноскі

  1. А. С. Ліс. Выдавецтва «Нашай нівы» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 369.
  2. Л. І. Доўнар. Віленскія выдавецтвы // Роднае слова : часопіс. — 2006. — № 8. — С. 94.
  3. С. Александровіч. Пуцявіны роднага слова Архівавана 12 студзеня 2020. // Полымя. — 1967. — № 8. — С. 217.
  4. С. Александровіч. Пуцявіны роднага слова Архівавана 12 студзеня 2020. // Полымя. — 1967. — № 8. — С. 218.
  5. А. С. Ліс. Выдавецтва «Нашай нівы» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 305.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]