Васіль Каваль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з В. Каваль)
Васіль Каваль
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 17 жніўня 1907(1907-08-17)
Месца нараджэння
Дата смерці 29 кастрычніка 1937(1937-10-29)[1] (30 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, перакладчык
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Васіль Каваль (сапр. Васіль Пятровіч Кавалёў, 17 жніўня 1907, в. Сава, Горацкі павет, Магілёўская губерня — 29 кастрычніка 1937) — беларускі пісьменнік, сябра Саюза пісьменнікаў СССР (1934).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Родная сястра пісьменніка, Марыя Пятроўна (1913 г. н.) успамінала: «Наша маці — Ульяна Піменаўна — родам з вёскі Халмы Горацкага раёна. Нарадзіла яна траіх дзяцей. Брат Фадзей (1911 г. н.) працаваў настаўнікам у вёсцы Шарыпы i Масалыкі Горацкага раёна. У час Вялікай Айчыннай вайны пайшоў у партызаны. Затым быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у 171 гвардзейскім палку 31 Віцебскай гвардзейскай стралковай дывізіі. 25 красавіка 1945 года памёр ад ран i пахаваны недалёка ад горада Пілаў»[2]. Бацька — Пётр Кліменцьевіч родам з вёскі Сава. У 1931 годзе быў арыштаваны першы раз i асуджаны на 5 гадоў зняволення за «шкодніцтва», «развал калгаснага ладу», а ў лістападзе 1937 года быў расстраляны ў Оршы і рэабілітаваны ў 1989 годзе.[3].

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Горацкая філія «Аршанскага Маладняка», 1926 год. Стаяць: (злева направа) Алесь Вечар, Рыгор Мурашка, Чыжонак, Уладзіслаў Прыбыткоўскі, Калядка. Сядзяць: Мятла, Сяргейчык, Міхась Ганчарык (кіраўнік філіі), Васіль Каваль, Юрка Гаўрук, Алесь Дземідовіч.

Васіль вучыўся ў вясковай школе, а пасля — у Шышаўскай II ступені i ў Горацкай, дзе скончыў у 1924 годзе 8 груп. У 1925 годзе быў залічаны студэнтам 1-га курса Магілёўскага педтэхнікума. Але вучыцца давялося нядоўга. «Цяжка захварэла маці, — успамінае яго сястра Марыя Пятроўна, — i як толькі аб гэтым даведаўся Васіль, ён пешшу прыйшоў з Магілёва». «Вырашыў пакінуць вучобу, — паведаміў ён родным. — Пабуду дома, пакуль маці хварэе. А вучыцца яшчэ паспею»[4]. З вясны да восені 1925 года ён вучыўся на агульнаадукацыйных курсах пры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. У Горках у 1926 годзе Каваль пазнаёміўся з Максімам Гарэцкім, які ў кнізе «„Маладняк“ за пяць гадоў» прысвяціў яго творчасці некалькі старонак. М. Гарэцкі сведчыць, што «…хадзіў Васіль Каваль, яшчэ ў сялянскай світцы, на зборкі беларускага літаратурнага гуртка ў акадэміі i на зборкі тутэйшых маладнякоўцаў»[5]. Жывучы са снежня 1925 года ў роднай вёсцы, В. Каваль займаўся сельскагаспадарчай працай, працаваў у сельскім выканкаме. У гэты час ён уступіў у камсамол, i Саўская ячэйка ЛКСМБ абрала яго сакратаром.

Вучоба і праца ў Менску[правіць | правіць зыходнік]

У ліпені 1926 года Васіль вырашае прадоўжыць адукацыю на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака БДУ. У першы перыяд навучання ў БДУ В. Каваль актыўна займаўся літаратурнай працай. У 1927 годзе яго творы можна было сустрэць у часопісах «Полымя», «Маладняк», газетах «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Чырвоны сейбіт» i іншых. Выйшла i першая кніга пісьменніка «Як вясну гукалі». Вядома, што вучыўся В. Каваль у БДУ нядоўга. Аб гэтым засталося дакументальнае пасведчанне: заява В. Каваля аб аднаўленні яго ў ліку студэнтаў у 1928 годзе. Вясной i летам 1927 года ён працуе сакратаром рэдакцыі «Маладняка». Восенню 1928 года В. Каваль зноў пачаў займацца ва ўніверсітэце, але пакінуў яго ў 1929 годзе «па ўласнаму жаданню». У 1928 годзе абраны членам Цэнтральнага Бюро аб’яднання «Маладняк» і ўведзены ў рэдакцыйную групу часопіса «Маладняк», дзе застаўся пасля ўтварэння БелАПП.

Служба ў войску[правіць | правіць зыходнік]

Злева направа: Васіль Каваль, Сяргей Дарожны, Змітрок Астапенка, Юлій Таўбін. 1930—1935

У 1931 годзе В. Каваля прызываюць на службу ў Чырвоную Армію. Спачатку ён служыў камандзірам узвода 4-га стралковага палка ў г. Полацку. Актыўна супрацоўнічаў з газетай «Красноармейская правда». Рэдактар газеты А. Г. Самахвалаў дабіўся перавода В. Каваля на сталую працу ў рэдакцыю газеты, якая знаходзілася ў Смаленску. У гэты час выязджаў у Кранштат і Севастопаль, дзе служылі воіны-беларусы. Аднак служба ў арміі скончылася не вельмі ўдала. Пісьменнік «…быў выключаны з радоў камсамола i дэмабілізаваны як класава-чужы» за сувязь з бацькам, які ў гэты час быў выключаны з калгаса «за ўдзел у развале калгаса». У пачатку вясны 1933 года В. Каваль зноў жыве ў Менску і займаецца літаратурнай працай.

Арышт, расстрэл і рэабілітацыя[правіць | правіць зыходнік]

Творчы працэс пісьменніка быў прыпынены ў ноч на 2 лістапада 1936 года. У кватэру па адрасе Менск, вул. Маякоўскага, д. 32, кв. 4 пастукалі, i В. Каваль быў арыштаваны. З пастановы на арышт відаць, што Васіль Каваль «…з’яўляецца актыўным удзельнікам контррэвалюцыйнай арганізацыі, якая ставіла сваёй мэтай адарванне Беларусі ад Савецкага Саюза i ўтварэнне буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі i таму пастанавіў: Каваля Васіля Пятровіча, 1907 г. нараджэння, беларуса, беспартыйнага, з сям’i былога ўрадніка, асуджанага за шкодніцтва, пісьменніка, які жыве ў Менску — падвергнуць вобыску i арышту для прыцягнення да судовай адказнасці…». Леанід Маракоў у Архіве прэзідэнта Расійскай Федэрацыі (АПРФ, вопіс № 24, справа № 411) знайшоў «Список лиц, подлежащих суду военной коллегии Верховного суда Союза ССР». У спіс уключаны «ворагі народа» з усяго Савецкага Саюза. Спіс па Беларускай ССР датаваны 15 верасня 1937 і падпісаны І. Сталіным, В. Молатавым і начальнікам 8-га аддзела Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі СССР старшым маёрам дзяржаўнай бяспекі У. Цэсарскім. У спіс уключаны партыйныя, савецкія, гаспадарчыя кіраўнікі, выкладчыкі вышэйшых i сярэдніх навучальных установ, пісьменнікі i журналісты. Сярод 103 имён есць i імя: Каваль (Кавалёў) Васіль Пятровіч[6].

28 кастрычніка 1937 года бязвіннага чалавека прыгаварылі да расстрэлу. Расстралялі Васіля Каваля 29 кастрычніка 1937 года. Як вядома, у той жа дзень расстралялі яшчэ 9 пісьменнікаў: Анатоля Вольнага, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Валерыя Маракова, Васіля Сташэўскага, Ізі Харыка, Міхася Чарота, Зяму Піваварава i Платона Галавача.

Калі ў хрушчоўскую адлігу пачалі пераглядаць справы рэпрэсаваных, 19 снежня 1956 г. Саюз пісьменнікаў Беларусі звярнуўся ў Вярхоўны Суд БССР з лістом аб пераглядзе прыгавору адносна В. Каваля. 24 верасня 1957 года Ваенная калегія Вярхоўнага Суда СССР пастанавіла: «Прыгавор скасаваць i спыніць справу за адсутнасцю складу злачынства».

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

У 1936 годзе ў Менску Васіль Каваль пабраўся шлюбам з Палінай Басінкевіч, артысткай Беларускага тэтра юнага гледача. Пасля смерці В. Каваля яна ажанілася з Анатолем Сапетко, які ўдачарыў дачку Аліну. У перыяд нямецкай акупацыі яўрэйка Паліна ў гета не перасялілася. Калі па даносе суседзяў паліцаі і немцы прыйшлі за Палінай, яна схавала дачку пад стол, накрыты доўгім абрусам. Дзяўчынку знайсці не змаглі, і Аліну праз вакно вынес Анатоль Сапетко. Ён забраў дзяўчынку да сваіх бацькоў. Неўзабаве Сапетко арыштавалі за сувязь з партызанамі. Тады знаёмая сям’і Алена Смольская прапанавала бацьку Сапетко прывезці дзяўчынку ў Слонім да яе родных. Сюды ж яна прывезла свайго сына, прадставіўшы дзяўчынку і хлопчыка блізнятамі. Пасля вайны Алена Смольская выйшла замуж за Сапетко, і яны працягвалі выхоўваць Аліну разам. Только ў 1957 годзе, калі В. Каваля рэабілітавалі, новыя бацькі расказалі ёй аб тым, хто яе родныя бацька і маці. У 1998 годзе музей Яд ва-Шэм у Ізраілі прысвоіў Алене Сапетко званне Праведнік міру[7].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Васіль Каваль пачаў пісаць вершы ў час вучобы ў тэхнікуме, падаў там заяву для ўступлення ў філію Магілёўскага «Маладняка» і быў прыняты 18 кастрычніка 1925 года кандыдатам філіі. А неўзабаве ён стаў членам «Маладняка». Калі вярнуўся з Магілёва і жыў у в. Сава, браў удзел у працы Горацкай філіі Аршанскага «Маладняка», які адыграў вялікую ролю ў станаўленні В. Каваля як пісьменніка. Успамінаючы пра гэтыя пасяджэнні, В. Каваль, як сведчыў М. Гарэцкі, сказаў: «Быццам свет мне адчыніўся». У нумарах «Аршанскага маладняка», што ў 1926 годзе выходзіў у Горках, друкаваліся творы пачынаючага пісьменніка. У гэтым годзе яго творы друкаваліся таксама ў газетах «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска», часопісе «Маладняк» і іншых выданнях. У гэты час, не адыходзячы ад паэзіі, В. Каваль пачынае пісаць празаічныя творы. Яго творы «Жніўнае свята», «Маёвым вечарам», «Сярод збожжа», «Як вясну гукалі…», «Iвашка Буй-Вецер» і іншыя, надрукаваныя ў 1926 годзе, былі кароткія або разгорнутыя абразкі, лірычныя замалёўкі, стылізаваныя пад фальклорныя творы.

Асабліва ўдалым было яго апавяданне «Як вясну гукалі», надрукаванае ў чэрвені 1926 года ў газеце «Савецкая Беларусь». Многія літаратуразнаўцы лічаць гэта апавяданне пачаткам сталай літаратурнай працы Васіля Каваля. Яно дала назву першаму зборніку празаіка i затым перадрукоўвалася ў іншых яго кнігах. Перакладалася яно і на іншыя мовы.

У 1928 годзе выйшла яго другая кніга «На загонах. Апавяданні», якую таксама прыхільна сустрэла крытыка. Пісаў ён у сваіх творах аб вёсцы, аб жыцці селяніна i яго вечных клопатах, аб тых сацыяльных зменах, што адбыліся пасля лютаўскай i кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года. З цягам часу, пазбаўляючыся ад метафарычнасці, фальклорна-паэтычнай стылізацыі, В. Каваль ішоў да паглыбленага псіхалагізму, рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці, канкрэтна-рэалістычнай лепкі характараў (апавяданні «Шчасце Сілівея Зязюлі», «Ноч на моры» і інш.).

У 1929 годзе выйшла чарговая кніга пісьменніка — «Крыніца», у якую ўвайшло некалькі апавяданняў В. Каваля, у тым ліку «Iлька», дзе ён апавядае аб жыцці цыган, аб іх імкненні пакінуць жыццё на калёсах і пачаць працаваць на зямлі.

Па матэрыялах армейскага жыцця пісьменнік стварыў аповесць «Дзень палымнее» і аповесць для дзяцей «Санька-сігналіст» (выйшла асобнай кнігай у 1936 годзе). Для дзяцей напісаў аповесці «Санька-сігналіст» (1934), «Следапыты» (1936).

У час службы ў арміі ў дзяржаўным выдавецтве Беларусі выйшлі «Выбраныя творы» пісьменніка. Яны былі надрукаваны ў серыі «Беларускія пісьменнікі ў школе», бо яго творы вывучалі ў школе. У гэты час яго асобныя творы былі перакладзены на рускую, украінскую і яўрэйскую мовы.

Займаўся перакладамі, асобнымі творамі ў 1930—1936 гг. у часопісах і кнігамі выйшлі пераклады на беларускую мову паасобныя творы А. Чэхава, М. Горкага, Б. Лаўранёва, К. Станюковіча, І. Мікітэнкі, І. Лэ, М. Канапніцкай і іншых пісьменнікаў. У 1933—1936 гадах ён друкуецца ў газетах і часопісах.

Пасля яго рэабілітацыі, у 1959 годзе была выдадзена кніга «Выбранае: Аповесці і апавяданні», у 1961 годзе надрукаваны асобнай кнігай аповесці «Следапыт», «Санька-сігналіст», а ў 1966 годзе ўрывак з аповесці «Следапыт» увайшоў у хрэстаматыю па беларускай савецкай літаратуры. У 1967 годзе выйшла «Анталогія беларускага апавядання» (том 1), дзе было змешчана апавяданне «Ілька». Гэта апавяданне ўключана ў зборнікі, што выйшлі ў Балгарыі і ў Германіі (ГДР). У 1975 годзе з яго творчасцю азнаёміўся рускамоўны чытач. Тыражом больш як 200 тыс. экзэмпляраў выйшлі выбраныя творы на рускай мове.

Ацэнка творчасці[правіць | правіць зыходнік]

М. Гарэцкі ў кнізе «„Маладняк“ за пяць гадоў 1923—1928» пісаў, што «літаратурная крытыка вельмі прыхільна сустрэла з’яўленне твораў Васіля Каваля. Усе аўтары рэцензій на зборнік „Як вясну гукалі“ аднагалосна адзначалі Васіля Каваля за новую выдатную сілу ў беларускай літаратуры паслякастрычнічкага перыяду. Яго галоўную асаблівасць бачылі ў моцнай сувязі з зямлёй, з вёскаю, з сялянствам, а таксама ў асаблівай паэтычнасці стылю і блізкасці да стылістычных прыёмаў народнай творчасці»[5].

У 1957 годзе пісьменнікі Пятрусь Броўка i Міхась Калачынскі звярнуліся ў Вярхоўны Суд БССР з лістом, у якім гаварылася, што В. Каваль быў «…адным з таленавітых беларускіх празаікаў».

Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхась Мушынскі, адказваючы на пытанні, што ўдалося зрабіць В. Кавалю ў галіне мастацкай прозы і ў чым адметнасць і каштоўнасць яго твораў, адзначаў: «Перш за ўсё — у пранікнёным і тонкім лірызме, з якім малады пісьменнік распавядаў пра сучаснае яму жыццё, у глыбокім даверы да сваіх герояў, ва ўменні шчыра спачуваць чалавечаму гору і разумець пакуты чалавека. …па-мастацку пераканаўча перанесці на старонкі твора багатыя жыццёвыя назіранні, стварыць адпаведны эмацыянальны настрой, цікава расказаць пра пэўнага чалавека, раскрыць яго ўнутраны свет, думкі і перажыванні»[8].

Сябра творчых літаратурных абяднаняў[правіць | правіць зыходнік]

  • сябра літаратурнай арганізацыі «Маладняк» (1926), у 1928 годзе абраны членам Цэнтральнага бюро арганізацыі
  • сябра Беларускага літаратурнага аб’яднання Чырвонай Арміі і Флоту (1931)
  • сябра Беларускага аб’яднання пралетарска-калгасных пісьменнікаў (1931)
  • cябра Саюза пісьменнікаў СССР (1934)

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

На беларускай мове[правіць | правіць зыходнік]

  • Як вясну гукалі: Апавяданні. — Мн., 1927.
  • На загонах: Апавяданні. — Мн., 1928.
  • Крыніца: Апавяданні. — Мн., 1929.
  • Выбр. тв. — Мн., 1932.
  • Санька-сігналіст: Апoвесць. — Мн., 1936.
  • Выбранае: Аповесці і апавяданні. — Мн., 1959.
  • Следапыты: Санька-сігналіст. — Мн., 1961.

На рускай мове[правіць | правіць зыходнік]

  • Избранное: Рассказы и повести. — Мн., 1975.

На ўкраінскай мове[правіць | правіць зыходнік]

  • Жнива. — Харків, 1930.

На яўрэйскай мове[удакладніць][правіць | правіць зыходнік]

  • Ілька. — М., Харкіў, Мн., 1931.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

  • Імем Васіля Каваля названы вуліцы ў Магілёве і аграгарадку Сава Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.
  • У бібліятэцы ў аграгарадку Сава зроблены мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці Васіля Каваля.
  • 30 кастрычніка 2019 года ў аграгарадку Сава адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Васіля Каваля[9].

Зноскі

  1. Коваль Василий Петрович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 25 лютага 2017.
  2. Ліўшыц, Уладзімір. Сын вёскі. Кароткі нарыс аб жыцці і дзейнасці пісьменніка Васіля Каваля. — Орша, 1998. — С. 8.
  3. Памяць. Горацкі раён. — Мн., 1996. — С. 345.
  4. Ліўшыц, Уладзімір. Сын вёскі. Кароткі нарыс аб жыцці і дзейнасці пісьменніка Васіля Каваля. — Орша, 1998. — С. 12.
  5. а б Гарэцкі, Максім. Успаміны. Артыкулы. Дакументы. — Мн., 1984. — С. 275.
  6. Маракоў, Леанід. Ахвяры i карнікі.
  7. Праведники мира Беларуси. — Мн., 2015. — С. 181.
  8. Мушынскі, Міхась. Пясняр працы і хараства зямлі / Прадмова ў брашуры: У. Ліфшыц. Сын вёскі. Кароткі нарыс аб жыцці і дзейнасці пісьменніка Васіля Каваля. — Орша, 1998. — С. 3-4.
  9. У Саве з’явіўся помнік расстралянаму пісьменніку — фота

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]