Дзеянні Святых Апосталаў
Дзеянні Святых Апосталаў | |
---|---|
Лука, аўтар кнігі Дзеянняў Апосталаў, пэндзля Эль Грэка | |
Раздзел: | Новы Запавет |
Вікікрыніцы: | Дзе́яньні Сьвятых Апосталаў
Тэкст на Вікікрыніцах |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дзе́янні Святы́х Апо́сталаў[1], Дзе́і Святы́х Апо́сталаў[2][3] — адна з кніг Бібліі, якая ўвайшла ў спіс кніг Новага Запавету. Размяшчаецца пасля Евангелля паводле Яна. У заходняй традыцыі пасля кнігі стаіць Ліст да Рымлянаў, ва ўсходняй традыцыі пасля кнігі ідзе ліст апостала Якава.
Аўтарства
[правіць | правіць зыходнік]Кніга напісана тым жа чалавекам, што і трэцяе Евангелле. Аб гэтым сведчыць пралог, з якога можна даведацца, што гэта другая кніга, якая была напісана да невядомага хрысціяніна Феафіла. Такім чынам, аўтарам Дзеянняў з’яўляецца Лука, адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў апостала Паўла, які заставаўся з Паўлам нават тады, калі апошні знаходзіўся ў Рымскай турме. Лука быў сведкам многіх падзей, пра якія ён пазней напісаў у Дзеяннях. Магчыма, што Лука вёў дзённік, куды падрабязна запісваў усе акалічнасці і падзеі. У тэксце шмат урыўкаў, у якіх аўтар апавядае ад першай асобы множнага ліку: Дз. 16:10-17, 20:5-15, 21:1-18, 27:1-28:16.
Месца і час напісання
[правіць | правіць зыходнік]У творы апавядаецца пра амаль трыццацігадовы перыяд пасля ўзнікнення Царквы да часу, калі Павел знаходзіўся пад дамашнім арыштам. У кнізе нічога не паведамляецца пра смерць Паўла, аднак лічыцца, што кніга была напісана пасля смерці апостала, нават пасля ганенняў Нерона. Прыкладнай датай напісання Дзеянняў лічыцца 80—90 гг. Ёсць меркаванні, што Лука хацеў напісаць трылогію; у трэцяй частцы кнігі расказаць пра пакутніцкую смерць апосталаў Пятра і Паўла. Аднак іншыя даследчыкі лічаць, што Лука, пішучы Дзеянні, ставіў іншую мэту: паказаць, што ўратаванне, дадзенае Богам праз Свайго адзінага Сына, праз дзейнасць царквы стала магчымым для ўсіх народаў, пачынаючы ад Іерусаліма і да вялізнай сталіцы Рымскай імперыі. Пры гэтым распаўсюджанне веры вялося не шляхам зброі, але толькі на падставе адной веры.
Месца напісання невядома. Кніга магла быць напісана ў Грэцыі, Сірыі ці ў іншым месцы імперыі.
Асаблівасці кнігі
[правіць | правіць зыходнік]Унікальнасць кнігі ў тым, што гэта адзіная ў Новым Запавеце гістарычная кніга. У ёй апавядаецца пра станаўленне і развіццё першай Царквы. Дзякуючы ёй можна даведацца пра змест пропаведзі, пра саміх прапаведнікаў, пра кіраўнікоў Царквы. У ёй паведамляецца, як жылі першыя хрысціянскія суполкі, з якімі праблемамі і з якім супрацівам сутыкнуліся першыя вернікі. Аднак гэта не проста гістарычнае апавяданне, гэта творчасць багаслова. На думку Лукі, увесь час існавання чалавецтва падзяляецца на некалькі перыядаў. У першым перыядзе было панаванне Закону, гэты перыяд скончыўся са служэннем Яна Хрысціцеля. Другі перыяд — дзейнасць Ісуса, а трэці — дзейнасць Царквы. Таму Лука задумаў адзін твор, у першай частцы якога апавядалася пра дзейнасць Ісуса, а ў другой — пра тое, як гэтая дзейнасць была працягнута Царквой пад кіраўніцтвам Святога Духа. Дзякуючы Святому Духу, Які сышоў на вучняў падчас Пяцідзясятніцы, вучні змаглі працягнуць справу Хрыста. Такім чынам, кніга Дзеянняў апосталаў — гэта, перш за ўсё, гісторыя таго, як Бог дзейнічае ў свеце.
Пазней так атрымалася, што два творы Лукі апынуліся разарванымі, але і ў гэтым можна ўбачыць свае плюсы. Тое, што кніга Дзеянняў апосталаў апынулася паміж Евангеллямі і лістамі апосталаў, нават адлюстроўвае першапачатковую задуму аўтара, паводле якой кніга Дзеянняў павінна стаць аповедам пра служэнне царквы свету пасля ўзнясення Хрыста.
Мэта Лукі — паказаць, што хрысціянства, па задуме Бога, павінна стаць рэлігіяй усяго свету. Тым не менш, хоць кніга названа Дзеяннямі апосталаў (а ў некаторых рукапісах — Дзеяннямі ўсіх апосталаў), насамрэч яна апавядае практычна пра дзейнасць толькі двух з іх. Спачатку гэта Пётр, а пасля — Павел. Пётр — прызнаны лідар царквы, яго імя заўсёды стаіць у цэнтры спісаў пералічэнняў апосталаў у Евангеллях. Пётр аддана выконвае дадзены самім Ісусам загад: ён прапаведуе, вылечвае і нават уваскрашае, ён смела стаіць перад судом вышэйшага яўрэйскага Савета, ён без хістанняў сведчыць Радасную вестку былому язычніку Карнілію, а потым, не зважаючы на рэлігійныя перадузятасці былых іўдзеяў, крэсціць апошняга. Пасля турэмнага зняволення і цудоўнага вызвалення Ангелам Пётр, відаць, вымушаны пакінуць Іерусалім.
У другой частцы Дзеянняў (пачынаючы з 13 раздзела) апавядаецца амаль цалкам пра дзейнасць Паўла. Сам яго прыход у хрысціянства з’явіўся цудам: некалі яры праціўнік «назарэйскай ерасі» і актыўны ганіцель маладой царквы, Павел, пасля сустрэчы з паўсталым з памерлых Ісусам Хрыстом на шляху ў Дамаск, стаў адданым і пладатворным служкам Евангелля. Павел атрымаў даручэнне самога Госпада несці Радасную вестку язычнікам, і ён пачынае свае місіянерскія вандроўкі. Разам са сваімі спутнікамі ён абыходзіць усю Малую Азію, потым даходзіць да Еўропы, засноўваючы цэрквы ў Македоніі і Грэцыі. Да 20 раздзела голас хрысціянскіх прапаведнікаў гучаў па ўсім Міжземнамор’і, распаўсюджваючыся ўсё далей углыб Рымскай імперыі. Падчас паломніцтва ў Іерусалім Павел быў арыштаваны, і пасля некалькіх год няволі ў Кесарыі яго адпраўляюць у Рым на суд імператара. Але, знаходзячыся ў Рыме ў чаканні суда пад дамашнім арыштам, Павел таксама прапаведуе пра ўкрыжаванага і паўсталага з памерлых Ісуса Хрыста. Гэтак у асобе Паўла Евангелле дасягае сталіцы цывілізацыі — Рыму.
Структура кнігі
[правіць | правіць зыходнік]Кніга падзелена на 28 раздзелаў. Яна пачынаецца, гэтак жа як і Евангелле паводле Лукі, кароткім пралогам да невядомага верніка Феафіла. Пасля кнігу можна структурна падзяліць на дзве часткі. У першай частцы (раздзелы 1-12) апавядаецца пра дзейнасць Пятра, другая (раздзелы 13-28) прысвечана пераважна дзейнасці Паўла. Лука расказвае пра тое, як хрысціянства паслядоўна пашыралася ад Іерусаліма па Іўдзеі і Галілеі, а потым і Самарыі. Услед за гэтым Радасная вестка пашыраецца і за межы Палесціны. Своеасаблівым цэнтрам хрысціянства становіцца Антыёхія Сірыйская, дзе, паводле сведчання Лукі, новая рэлігія і атрымала цяперашняе імя — хрысціянства. Адгэтуль місіянеры накіроўваюцца ў тры місіянерскія вандроўкі: спачатку ў Малую Азію, потым у Еўропу. Новымі хрысціянскімі цэнтрамі становяцца Карынф і Эфес. Чацвёртай місіянерскай вандроўкай, якую Павел ажыццяўляе ў няволі, стаў шлях у Рым. Евангелле дасягае апагея свайга распаўсюджвання.
Сціслы план кнігі
[правіць | правіць зыходнік]- Пралог (1:1-5)
- Пачатак дзейнасці Царквы (1:6-2:47)
- Супрацьдзеянне яўрэйскіх уладаў новай Царкве (3:1-5:42)
- Дзейнасць сямі дыяканаў (6:1-8:25)
- Зварот Саўла (Паўла) (9:1-31)
- Пачатак пропаведзі сярод язычнікаў (9:32-12:25)
- Першая місіянерская вандроўка Паўла (13:1-15:35)
- Другая місіянерская вандроўка Паўла (15:36-18:23)
- Трэцяя місіянерская вандроўка Паўла (18:24-20:38)
- Арышт Паўла, турэмнае зняволенне і шлях у Рым (21:1-28:31)
Пераклады
[правіць | правіць зыходнік]- Апостал (Скарына)
- Дзеі сьвятых апосталаў у перакладзе Васіля Сёмухі
- Дзеянні Святых Апосталаў ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы
- Дзеі Апосталаў Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
- Дзеі Апосталаў ў перакладзе Антонія Бокуна
- Дзеі сьвятых апосталаў Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Яна Станкевіча
- Дзеяньні сьв. апосталаў Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Лукаша Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча
- Апостальскія Дзеі Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Вінцэнта Гадлеўскага
- Дзеяньні апосталаў Архівавана 2 чэрвеня 2021. ў перакладзе Уладзіслава Чарняўскага
- Дзеянні Святых Апосталаў у перакладзе А. К. Клышкі
- Дзеі Апосталаў у перакладзе Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь
- Дзеі сьвятых Апосталаў у перакладзе Э. К. Сабілы, С. А. Малахава
Зноскі
- ↑ Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
- ↑ Уладзіслаў Чарняўскі. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. — 1127 с. — 4 000 экз. — ISBN 978-985-6183-14-6.
- ↑ альтэрн.: Дзе́і Сьвяты́х Апо́сталаў згодна з Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Новый завет. Комментарий к Библии под ред. А. П. Лопухина. 2006. ISBN 978-5-9989-18087.