Перайсці да зместу

Дзмітрый Валер’евіч Паўлічэнка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дзмітрый Валер’евіч Паўлічэнка
Дата нараджэння 1966
Месца нараджэння
Альма-матар
Грамадзянства
Званне
Палкоўнік
Палкоўнік
Узнагароды і званні
ордэн «За асабістую мужнасць»

Дзмі́трый Валер’евіч Паўлічэ́нка (нарадзіўся ў 1966, Віцебск) — беларускі вайсковы дзеяч, палкоўнік, камандзір брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС (да 6 кастрычніка 2008). Уваходзіць у Чорны спіс Еўрасаюза, спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША.

Пасля 8 класаў сярэдняй школы паступіў у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча. У 1983 годзе стаў курсантам Мінскага вышэйшага ваенна-палітычнага агульнавайсковага вучылішча. Служыў на розных афіцэрскіх пасадах ва Узброеных Сілах СССР.

У 1991 годзе ў сувязі з распадам СССР быў звольнены з войска па скарачэнні. Уладкаваўся рабочым на дрэваапрацоўчае прадпрыемства. Працаваў трэнерам па рукапашным боі і атлетычнай гімнастыцы ў дзіцяча-юнацкім спартыўным клубе. У 1994 годзе паступіў на службу ў Асобны батальён спецыяльнага прызначэння Унутраных войскаў МУС Беларусі на пасаду камандзіра ўзвода спецпрызначэння. Неўзабаве быў прызначаны камандзірам роты. 30 чэрвеня 1995 года мінуў кваліфікацыйныя выпрабаванні на права нашэння крапавага берэта. Быў абраны старшынёй Савета крапавых берэтаў Унутраных войскаў. Служыў у Галоўным упраўленні камандавалага Унутранымі войскамі МУС Беларусі на пасадзе начальніка Службы падрыхтоўкі падпадзяленняў спецыяльнага прызначэння. У 2000 годзе прызначаны на пасаду камандзіра 3-й АБрСП (в/ч 3214) Унутраных войскаў (в/ч 3214, Уручча, Мінск).

Падазраецца ў прыналежнасці і кіраўніцтве так званым «Швадронам смерці», створаным ў 1997 годзе на загад Віктара Шэймана. Яго падазраюць у арганізацыі забойстваў «злодзеяў у законе» Шчаўліка (сапраўднае імя — Уладзімір Клешч; знік 10 снежня 1997 года) і Маманцяня, экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі (знік 7 мая 1999 года), віцэ-спікера Вярхоўнага Савета Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага (зніклі 16 верасня 1999 года), журналіста Дзмітрыя Завадскага (знік 7 ліпеня 2000), кіраўніка беларускага аддзялення РНЕ Глеба Самойлава (забіты 5 жніўня 2000 года).

23 лістапада 2000 года быў арыштаваны на загад кіраўніка КДБ Уладзіміра Мацкевіча па падазрэнні ў арганізацыі забойстваў, але быў вызвалены на загад Аляксандра Лукашэнкі, а 27 лістапада 2000 года былі пазбаўленыя сваіх пасад Уладзімір Мацкевіч і генеральны пракурор Алег Бажэлка. Выйшаўшы са следчага ізалятару, Паўлічэнка заявіў перад тэлекамерамі, што «гатовы выканаць любы загад прэзідэнта».

Удзельнічаў у разгоне мітынгаў і акцый апазіцыі. У 2004 унесены ў «Чорны спіс ЕС», у 2006 — у спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША[1].

6 кастрычніка 2008 адхілены ад пасады камандзіра 3-й АБрСП і пераведзены ў распараджэнне камандуючага ўнутраных войскаў. Новым камандзірам 3-й АБрСП прызначаны палкоўнік міліцыі Юрый Караеў, які з канца ліпеня 2008 года камандаваў палком міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП) ГУУС Мінгарвыканкама. Матывы адстаўкі Паўлічэнкі не называліся.

13 кастрычніка 2008 года міністры замежных спраў краін ЕС на пасяджэнні ў Люксембургу прыпынілі на паўгода дзеянне забароны на ўезд у краіны саюза прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнка і некаторых яго набліжаных. Санкцыі супраць былога камандзіра 3-й АБрСП Паўлічэнкі засталіся ў сіле.

У канцы кастрычніка 2008 года прызначаны намеснікам камандзіра корпуса аховы грамадскага парадку ўнутраных войскаў МУС па баявой падрыхтоўцы. Загад аб прызначэнні Паўлічэнкі на новую пасаду падпісаў міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў. Новая пасада фармальна з’яўляецца больш высокай, чым камандзір брыгады. У новыя абавязкі Дзмітрыя Паўлічэнкі ўваходзіць арганізацыя падрыхтоўкі міліцэйскіх частак па пытаннях баявой службы і выхаваўчая праца з асабістым складам. Ён падпарадкоўваецца начальніку — камандзіру корпуса палкоўніку Васілю Аляксеянка.

У сакавіку 2009 года Паўлічэнка быў звольнены з ваеннай службы па хваробе.

У снежні 2019 года Deutsche Welle апублікавала дакументальны фільм, у якім былы супрацоўнік спецпадраздзялення МУС Беларусі Юрый Гараўскі пацвердзіў, што менавіта яго падраздзяленне затрымала, увезла Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага і што гэта Паўлічэнка ўласнаручна застрэліў іх[2].

У жніўні 2020 года быў заўважаны камандуючым атрадам АМАПу на акцыях пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў[3][4][5].

У чэрвені 2022 года Паўлічэнка трапіў у санкцыйны спіс Канады[6]. Таксама ён знаходзіцца ў санкцыйных спісах Вялікабрытаніі[7] і Швейцарыі[8].

Узнагароджаны баявым ордэнам «За асабістую мужнасць». Мае некалькі медалёў.

Жанаты тройчы. Першая жонка з’ехала за мяжу, жыве ці то ў Канадзе, ці то ў ЗША. Ад першага шлюбу ў Паўлічэнкі ёсць дарослая дачка. Аднак з бацькам яна практычна не мае зносін. Другая жонка працавала ў частцы 3214 на пасадзе фельчара медыцынскай службы. Ад гэтага шлюбу ў палкоўніка ёсць сын Арцём. Часам Паўлічэнка браў яго з сабой на розныя акцыі, якія ўладкоўвала апазіцыя. Трэцяй жонкай Паўлічэнкі з’яўляецца выпускніца БДЭУ Ірына, якая працавала ў Беларускай асацыяцыі ветэранаў спецназу МУС «Гонар». Ад яе Паўлічэнка мае яшчэ адну дачку.

Зноскі

  1. Executive Order: Blocking Property of Certain Persons Undermining Democratic Processes or Institutions in Belarus (англ.). georgewbush-whitehouse.archives.gov (19 чэрвеня 2006). Архівавана з першакрыніцы 20 кастрычніка 2011. Праверана 1 кастрычніка 2021.
  2. Belarus: How death squads targeted opposition politicians
  3. СМИ рассказали, как командир «эскадрона смерти» разгонял демонстрантов в Минске (англ.). gordonua.com  (укр.). Праверана 15 верасня 2020.
  4. Каратель по вызову (руск.). Новая газета  (укр.). Праверана 15 верасня 2020.
  5. СМИ узнали, кто руководил жестоким разгоном демонстрантов в Минске (руск.). Украінская праўда. Праверана 15 верасня 2020.
  6. Regulations Amending the Special Economic Measures (Belarus) Regulations: SOR/2022-167 (англ.). Canada Gazette (25 чэрвеня 2022). Праверана 10 красавіка 2023.
  7. CONSOLIDATED LIST OF FINANCIAL SANCTIONS TARGETS IN THE UK (англ.). gov.uk  (англ.). Праверана 25 снежня 2020.
  8. Sanctions program: Belarus: Verordnung vom 11. Dezember 2020 über Massnahmen gegenüber Belarus (SR 946.231.116.9), Anhang 1 Origin: EU Sanctions: Art. 2 Abs. 1 (Finanzsanktionen) und Art. 3 Abs. 1 (Ein- und Durchreiseverbot) (англ.). Staatssekretariat für Wirtschaft (7 ліпеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 7 ліпеня 2021. Праверана 10 ліпеня 2021.