Перайсці да зместу

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з БДЭУ)
Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт
(БДЭУ)
Міжнародная назва Belarusian State Economic University
Ранейшыя назвы Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава
Заснаваны 20 мая 1933[1]
Тып дзяржаўны
Рэктар Аляксей Уладзіміравіч Ягораў
Студэнты 16000
Дактары 60
Краіна
Размяшчэнне
Юрыдычны адрас 220070, Беларусь, Мінск, Партызанскі пр-т, 26
Узнагароды
ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга
Сайт bseu.by (руск.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт» (УА БДЭУ) — вышэйшая навучальная ўстанова ў Беларусі, ажыццяўляе навучанне спецыялістаў у галіне эканомікі, кіравання і права. Размешчаны ў Мінску, адрас галоўнага корпусу — Партызанскі праспект, 26

Інфраструктуру вучэбна-навуковага комплексу БДЭУ складаюць 11 факультэтаў, уключаючы «Вышэйшую школу кіравання і бізнесу», больш за 40 кафедр, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі эканамічных кадраў, Цэнтр даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі, філіялы: Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж; бібліятэку, вучэбныя і навуковыя лабараторыі, гандлёвы комплекс і службы забеспячэння.

Універсітэт ёсць членам міжнародных арганізацый і аб’яднанняў. Станам на 2024 год у БДЭУ заключана каля 130 дагавораў і пагадненняў пра супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі, навукова-даследчымі і адукацыйнымі арганізацыямі з 23 краін замежжа[2]. БДЭУ адным з першых сярод устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі сертыфікаваны па міжнароднай сістэме менеджменту якасці. У БДЭУ навучаюцца студэнты з больш як 27 краін. У БДЭУ рэалізуюцца праграмы «двайных дыпломаў»[3] з універсітэтамі Расіі.

З 2021 года рэктар БДЭУ — Аляксей Уладзіміравіч Ягораў, доктар юрыдычных навук, прафесар[4].

Гістарыяныя назвы

[правіць | правіць зыходнік]
  • з 20 мая 1933 — Інстытут народнай гаспадаркі
  • з канца 1933 — Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (БДІНГ)
  • з 20 студзеня 1935 — Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава (БДІНГ імя В. У. Куйбышава)
  • з 20 студзеня 1992 — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт
Галоўны корпус БДУ да 1941 года, дзе з 1925 года размяшчаўся факультэт права і гаспадаркі (цяпер вул. Савецкая, 18).

БДЭУ — адзін са старэйшых універсітэтаў Беларусі. У 1930 годзе створаны самастойны факультэт народнай гаспадаркі БДУ з пяццю аддзяленнямі: прамысловым, сельскагаспадарчым, планава-статыстычным, фінансавым і кааператыўным. У 1930 годзе на факультэце навучаліся 300 студэнтаў, у 1931 — ужо больш за 700.

На базе факультэта грамадскіх навук БДУ ў адпаведнасці з рэзалюцыяй пастановы СНК БССР № 215 ад 7 ліпеня 1931 г. былі створаны тры самастойныя інстытуты: Планава-эканамічны, Фінансава-эканамічны і Інстытут спажывецкай кааперацыі (Кааператыўны) рознага адміністрацыйнага падпарадкавання. Гэтыя інстытуты праіснавалі каля двух гадоў. Аднак дасведчаных эканамічных кадраў не хапала, таму што размеркаванне спецыялістаў ішло па ўсёй краіне (ад Брэста да Камчаткі і Далёкага Усходу). Выпускі склалі 335 чалавек.

Пастановай Савета народных камісараў БССР № 721 ад 20 мая 1933 года на базе трох вышэйназваных інстытутаў створаны Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (БДІНГ). Ён і рабочы факультэт пры ім былі зацверджаны да восені 1933 года Дзяржпланам БССР. 20 студзеня 1935 года ўрад БССР надаў інстытуту імя Валяр’яна Куйбышава.

Пасля пачатку 22 чэрвеня 1941 года Вялікая Айчынная вайна БДІНГ спыніў працу. Падчас вайны разбураны вучэбныя карпусы і знішчана абсталяванне, спалена і часткова вывезена за мяжу бібліятэка.

У Чырвонай Арміі, партызанскіх атрадах і падпольных групах змагаліся былыя дырэктары БДІНГ П. А. Балабанаў, А. В. Гурло, І. Л. Сацункевіч, прафесар М. У. Дзямбінскі, дацэнты С. В. Елісон, Т. А. Зарубін, І. Ф. Крук, А. І. Петухоў і іншыя выкладчыкі і выпускнікі інстытута.[5]

У ліпені 1944 года Мінск быў вызвалены. 28 кастрычніка 1944 года, паводле пастановы Савета народных камісараў, ВНУ аднавіла дзейнасць. Першая пасляваенная прыёмная камісія БДІНГ пачала працаваць 25 студзеня 1945 года. У лютым 1945 года адбыўся першы пасляваенны набор студэнтаў — 58 чалавек. Рэгулярныя заняткі пачаліся 1 сакавіка 1945 у вячэрнюю змену ў будынку сярэдняй школы № 12 (зараз вул. Мяснікова і корпус філфаку БДУ). У 1945 было толькі 12 выкладчыкаў і 54 студэнты; у 1945/1946 навучальным годзе — 38 выкладчыкаў і 252 студэнты; бібліятэка налічвала 6 000 кніг. У 1945 годзе рашэннем навуковага савета 11 студэнтаў (выпуск 1941) атрымалі дыпломы. 2 сакавіка 1946 года адбыўся першы пасляваенны выпуск з 71 чалавека, сярод іх 22 — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, гэтыя выпускнікі пачыналі вучобу яшчэ даваенным часам.

Агулам за 1946—1950 гады падрыхтавана 455 спецыялістаў. 3 студзеня 1950 была здадзена ў эксплуатацыю першая частка вучэбнага корпуса па вул. Свярдлова, 7. Другая — у 1952, апошняя — у 1954.

20 студзеня 1992 года Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 21 пераўтвораны ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.

У 1995 годзе Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт упершыню прайшоў дзяржаўную атэстацыю і акрэдытацыю. У 1996 годзе пацвердзіў статус вядучай навучальнай установы ў нацыянальнай сістэме адукацыі па падрыхтоўцы эканамічных кадраў.[6]

Бібліятэка
Навучальный корпус 5
Навучальный корпус 2

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт — вядучая вышэйшая навучальная установай Беларусі эканамічнага профілю.

Ва ўніверсітэце ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў шырокага спектра спецыяльнасцей (АКРБ 011—2009, АКРБ 011—2022) у галіне эканомікі, бізнесу, кіравання і права, камунікацый, сацыяльных навук па наступных адукацыйных праграмах:

  • сярэдняй спецыяльнай адукацыі па 5 спецыяльнасцях (Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж);
  • агульнай вышэйшай адукацыі па 22 спецыяльнасцях і па 27 спецыяльнасцях 1 ступені вышэйшай адукацыі;
  • паглыбленай вышэйшай адукацыі па 10 спецыяльнасцях, у тым ліку на англійскай мове;
  • навукова-арыентаванай адукацыі па 15 спецыяльнасцях (падрыхтоўка ў аспірантуры ажыццяўляецца па 15 спецыяльнасцях, у дактарантуры — па 6 спецыяльнасцях);
  • перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, па 10 спецыяльнасцях;
  • павышэння кваліфікацыі па 5 профілях.

Універсітэт уключаны ў спіс устаноў адукацыі, на базе якіх ажыццяўляецца эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць з арганізацыяй падрыхтоўкі на англійскай мове па спецыяльнасцях агульнай вышэйшай адукацыі «Сусветная эканоміка», «Маркетынг», і «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт».

У БДЭУ прымяняюцца найноўшыя тэхналогіі адукацыі, у тым ліку дыстанцыйныя адукацыйныя праграмы, праектны метад, лічбавыя тэхналогіі. Ініцыяваны адукацыйныя праекты «Універсітэт 3.0» і «Лічбавы ўніверсітэт», накіраваныя на раскрыццё індывідуальных здольнасцей студэнта і яго асобы, выбар дысцыплін і пераход на індывідуальныя тэрміны вывучэння асобных курсаў, творчую самарэалізацыю студэнтаў, развіццё крытычнага мыслення і крэатыўных здольнасцей.

Ва ўніверсітэце працуюць больш за 60 дактароў, прафесараў і 400 кандыдатаў навук, дацэнтаў, па падручніках і навучальных дапаможніках якіх навучаюцца студэнты Беларусі і блізкага замежжа.

На базе БДЭУ функцыянуе Вучэбна-метадычнае аб’яднанне па эканамічнай адукацыі, дзейнасць якога накіравана на выпрацоўку прапаноў па пытаннях удасканалення навукова-метадычнага забеспячэння эканамічнай адукацыі і падрыхтоўкі спецыялістаў з агульнай вышэйшай і паглыбленай вышэйшай адукацыяй.

Для ўдасканалення навукова-метадычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дарослых у 2023 годзе на базе Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта створана Вучэбна-метадычнае аб’яднанне ў сферы дадатковай адукацыі дарослых па групах спецыяльнасцей: Эканоміка, Бухгалтарскі ўлік, падаткаабкладанне, фінансы, банкаўская і страхавая справа, Менеджмент, лагістыка, маркетынг і рэклама.

Пры ўніверсітэце дзейнічаюць:

  • Бібліятэка БДЭУ
  • Музей гісторыі БДЭУ
  • Бізнес-інкубатар БДЭУ

Галіновыя лабараторыі

[правіць | правіць зыходнік]
  • Навукова-педагагічныя школы
  • Клуб выпускнікоў
  • Першасная арганізацыя ТВВОД
  • Першасная арганізацыя БРСМ
  • Першасная прафсаюзная арганізацыя работнікаў
  • Студэнцкі прафсаюз
  • Студэнцкі клуб
  • Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр
  • РГА «Белая Русь»
  • Цэнтр даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі
  • Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі эканамічных кадраў

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

БДЭУ — акрэдытаваны навуковы цэнтр Беларусі, які праводзіць эканамічныя фундаментальныя і прыкладныя сацыяльна-эканамічныя даследаванні. Пры ўніверсітэце працуюць 3 саветы па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Пад кіраўніцтвам вядучых выкладчыкаў БДЭУ працуюць 33 студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі, якія ўдзельнічаюць у дзяржбюджэтных і гаспадарча-дагаворных НДР. Для падтрымкі інавацыйнай актыўнасці вучнёўскай моладзі, рэалізацыі найлепшых навуковых праектаў і ідэй створаны студэнцкі даследчы цэнтр «Бізнес-інкубатар БДЭУ» на базе факультэта камерцыі і турыстычнай індустрыі і факультэта эканомікі і менеджменту. Функцыянуе 10 навукова-педагагічных школ, выдаюцца два часопісы і два зборнікі навуковых прац.

Навукова-педагагічныя школы[7]
«Веснік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта»[8]

Навукова-практычнае выданне, выдаецца з 1994 года, выходзіць 6 разоў на год (адзін раз на два месяцы). Часопіс уключаны Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй у Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў, а таксама ўключаны ў Расійскі індэкс навуковага цытавання (РІНЦ).

«Беларускі эканамічны часопіс»

Навукова-практычнае выданне, выдаецца з 1997 года, выходзіць штоквартальна. Часопіс уключаны Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй у Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў, а таксама ўключаны ў Расійскі індэкс навуковага цытавання (РІНЦ).

«Эканаміст»[9]

Газета, выдаецца больш за 30 гадоў, выходзіць 2 разы на месяц. Шматтыражнае выданне прызначана для публікацыі асноўных падзей і дасягненняў універсітэта і беларускай эканамічнай навукі.

«Навуковыя працы БДЭУ»[10]

Зборнік, выдаецца з 2008 года, выходзіць 1 раз на год. Зборнік уключаны ў Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў (галіна навукі — эканамічныя, юрыдычныя, сацыялагічныя, палітычныя).

«НДРС БДЭУ»[11]

Зборнік навуковых артыкулаў студэнтаў, выдаецца з 2011 года, выходзіць 1 раз на год. Выданне прызначана для публікацыі навуковых работ студэнтаў і магістрантаў універсітэта па актуальных праблемах эканомікі, права і сумежных галін ведаў.

Універсітэцкі кампус

[правіць | правіць зыходнік]

Універсітэцкі кампус — структурны комплекс, які ўключае 9 інтэрнатаў, размешчаных у Заводскім, Ленінскім, Першамайскім, Кастрычніцкім і Маскоўскім раёнах горада Мінска, з замацаванай тэрыторыяй, будынкамі і штатам кваліфікаваных супрацоўнікаў.

У студэнцкім гарадку праводзяцца спартыўныя і культурна-дасугавыя мерапрыемствы, якія ахопліваюць усе кірункі дзейнасці і розныя па форме арганізацыі і методыкам правядзення: творчыя конкурсы, тэматычныя вечары і гутаркі, ток-шоу, мультымедыйныя прэзентацыі, сустрэчы з грамадска-палітычнымі дзеячамі, дзеячамі ў сферы адукацыі, навукі і культуры, пешыя экскурсіі і г.д. На працягу года працуюць клубныя фарміраванні рознай скіраванасці, спартыўныя гурткі і секцыі.

У інтэрнатах функцыянуюць трэнажорныя залы, тэнісныя пакоі, залы для заняткаў фітнесам, канферэнц-залы і пакоі адпачынку, пакоі для самападрыхтоўкі і работы студэнцкага самакіравання. Працуе 31 спартыўная секцыя па 8 відах спорту — атлетызме, АФП, грацыя, міні-футболе, ёзе, більярдзе, настольным тэнісе, дартсе. Ва ўсіх будынках размешчаны пральні самаабслугоўвання, абсталяваныя пральнымі машынамі, сушыльныя і прасавальныя пакоі.

Вядомыя супрацоўнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя выпускнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод выпускнікоў універсітэта знакамітыя спартсмены, вучоныя, дзяржаўныя службоўцы і бізнесмены.

Вядомыя спартоўцы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Алена Барысаўна Альтшуль — пяціразовая чэмпіёнка свету па міжнародных шашках, чатырохразовая чэмпіёнка СССР па шашках.
  • Уладзімір Вацлававіч Раманоўскі — заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, алімпійскі чэмпіён па веславанні на байдарках і каноэ, 2-разовы чэмпіён свету, чэмпіён Еўропы сярод юніёраў 1975 г., чэмпіён VII летняй Спартакіяды народаў СССР 1979 г.
  • Дар’я Уладзіміраўна Домрачава — Герой Беларусі, першая жанчына ўзнагароджаная гэтым званнем. Біятланістка, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, двухразовая чэмпіёнка свету (2012 і 2013), уладальніца Кубка свету 2014/15, уладальніца 6 малых Крыштальных глобусаў Кубка свету па біятлоне.

Дзяржаўныя службоўцы

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя навукоўцы, акадэмікі, член-карэспандэнты, дактары навук, прафесары

[правіць | правіць зыходнік]
  • Аляксандр Мікалаевіч Зайцаў — беларускі прадпрымальнік, уладальнік шэрагу кампаній, а таксама футбольнага клубу «Дынама-Брэст» (2016—2020).
  • Яўген Анатольевіч Новікаў — камерцыйны дырэктар ТАА «БМВ Банк» прадстаўніцтва BMW Financial Services фінансавага падраздзялення BMW Group, міжнароднага пастаўшчыка паслуг па аўтакрэдытаванні ў Расіі.
  • Сяргей Уладзіміравіч Ізотаў — камерцыйны дырэктар офіса Групы кампаній X-Com у Санкт-Пецярбургу — сістэмнага інтэгратара, пастаўшчыка поўнага комплексу ІТ-паслуг (праектаванне, продаж, мантаж абсталявання, сэрвіснае абслугоўванне) па розных кірунках.
  • Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1983) за заслугі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў народнай гаспадаркі і развіццё навуковых даследаванняў Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ад 28.04.1983 г.[14]
  • Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь (2008) за шматгадовую плённую дзейнасць па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў і навуковых кадраў, асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-культурным развіцці і ў сувязі з 75-годдзем з дня заснавання Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 274 ад 15.05.2008 г.[14]

Міжнародныя кантакты

[правіць | правіць зыходнік]

Універсітэт актыўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва, асноўнымі кірункамі якога ёсць:

  • навучанне замежных грамадзян ва ўніверсітэце па кантракце на платнай аснове;
  • умацаванне і развіццё акадэмічных сувязяў з замежнымі ўніверсітэтамі;
  • праца ў рамках двухбаковых і шматбаковых акадэмічных праектаў з замежнымі ўніверсітэтамі, фондамі і арганізацыямі.

Ва ўніверсітэце паводле міжурадавых дагавораў пра акадэмічнае супрацоўніцтва навучаюць слухачоў з 16 краін СНД, Балтыі, Азіі, Афрыкі, Еўропы.

БДЭУ стала пашырае сферу супрацоўніцтва з замежнымі ўніверсітэтамі. У дадзены момант БДЭУ мае дагаворы з 36 універсітэтамі СНД, Азіі, Еўропы, ЗША, Канады. Асабліва дынамічная праца праводзіцца ў рамках сумесных праектаў БДЭУ з Інстытутам кіравання прадпрыемствамі пры Парыжскім універсітэце (Францыя) і Універсітэтам Сэры (Вялікабрытанія).

БДЭУ актыўна прыцягвае для чытання лекцый замежных прафесараў і спецыялістаў у межах Фулбрайт, «Грамадзянская адукацыя», «Лідар», «REAP» і інш.

Універсітэт праводзіць сталую працу ў якасці члена Асацыяцыі Еўрапейскіх Універсітэтаў, шукае новыя шляхі і магчымасці пашырэння замежных кантактаў і праграм, падтрымлівае цесныя кантакты з замежнымі пасольствамі і арганізацыямі ў Мінску, такімі як: Інфармацыйная служба Амбасады ЗША (РАО), Амерыканская Рада па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі (ACCELS), Рада па міжнародных даследаваннях і абменах (IREX), Брытанская Рада, Нямецкая служба акадэмічных абменаў (DAAD).

  1. http://bseu.by/russian/general/history.htm
  2. ИРНИТУ и Белорусский государственный экономический университет запускают программу бакалавриата в сфере маркетинга и рекламы (руск.). Иркутский национальный исследовательский технический университет (4 ліпеня 2023). — «Ректор Иркутского политеха Михаил Корняков и первый проректор БГЭУ Елена Киреева поздравили выпускников магистерской программы двойного дипломирования, а также подписали соглашение о запуске совместной программы бакалавриата в сфере маркетинга и рекламы.»  Праверана 14 кастрычніка 2024.
  3. Программа совместного обучения в магистратуре (руск.). БДЭУ. Праверана 10 верасня 2024.
  4. а б Лукашенко согласовал назначение ректоров в трех вузах (руск.). БЕЛТА (29 ліпеня 2021). Праверана 14 кастрычніка 2024.
  5. Гісторыя БДЭУ (бел.). БДЭУ. Праверана 10 верасня 2024.
  6. Полетаева Н.П. Белорусский государственный экономический университет, 1933-2018 (руск.) / пад рэд. В.Н. Шимава (галоўны рэдактар), В.Н. Голубовича, Г.А. Каралёнка, В.В. Садовскага. — Мінск: Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, 2018. — 175 с. — ISBN 978-985-564-198-9.
  7. Научно-педагогические школы БГЭУ (руск.). Научные исследования и подготовка научных кадров. Праверана 10 верасня 2024.
  8. Веснік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (руск.). БДЭУ. Праверана 10 верасня 2024.
  9. Газета «Эканаміст» (руск.). БДЭУ. Праверана 10 верасня 2024.
  10. Зборнік «Навуковыя працы БДЭУ» (руск.). Научные исследования и подготовка научных кадров. Праверана 10 верасня 2024.
  11. Зборнік навуковых артыкулаў студэнтаў «НДРС БДЭУ» (руск.). Научные исследования и подготовка научных кадров. Праверана 10 верасня 2024.
  12. Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні(нявызн.). blr.belta.by (16 мая 2019). Праверана 14 кастрычніка 2024.
  13. Хто ёсць хто. Кандрат Церах Архівавана 24 верасня 2015. // «Рэгіянальная газета»
  14. а б Н.П. Полетаева. Белорусский государственный экономический университет, 1933-2018 (руск.) / Редакционная коллегия: В.Н. Шимов (главный редактор), В.Н. Голубович, Г А Королёнок, В.В. Садовский, Н.П. Полетаева — автор-составитель. — Минск: Белорусский государственный экономический университет, 2018. — С. 4. — 175 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-564-198-9.

Сацыяльныя сеткі

[правіць | правіць зыходнік]